падслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Употай прыслухоўваючыся, пачуць што‑н. (сказанае другім, для другіх). [Буднік:] — Дужа часта соваў.. [Мікіта] не ў сваю справу нос, любіў падслухаць, дзе хто што гаворыць, паглядаў, хто куды пайшоў. Галавач. / у вобразным ужыванні. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і неба ніжай нахіляецца да зямлі, каб падслухаць яе адвечную скаргу. Колас. // перан. Улавіць, зразумець чые‑н. пачуцці, думкі і пад. Фурсу здалося, што Вронісь падслухаў яго думкі. Баранавых. Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.
1. Асвяціўшы, надаць чаму‑н. залацісты колер, адценне. Сонца к небасхілу Паспяшала рупна на спакой начны І у раз апошні лес азалаціла... Гурло. // Зрабіць пажоўклым; пазалаціць. Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу. Чорны.
2. Разм. Шчодра ўзнагародзіць. [Лазука:] — Дык я ж і кажу, што гэты лён азалаціў і наш калгас, і нас саміх. Сабаленка. [Парторг:] — Тут у аднаго дзядзькі ёсць у садку з паўдзесятка дрэў, дык яны яго азалацілі. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спако́йнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць спакойнага. Свежасць твару, кругласць шчок, спакойнасць вачэй, зграбнасць стану, сілу — усё тое, што яна з гадамі непрыкметна, паволі траціла на сваёй дарозе жыцця, усё гэта да крупінкі, да крошачкі знаходзіла ў сваіх дзецях. Дамашэвіч.
2. Адсутнасць шуму, спакой, цішыня. Гарадскі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасць бяспечнага прытулку. Гартны.
3. Спакойны стан чалавека, адсутнасць хвалявання, трывогі. У маці знікла ранейшая спакойнасць, самавітасць. Асіпенка. Збліжала яго з Быстровым спакойнасць і вытрымка ў баі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Патрывожыць, патурбаваць каго‑н. Каб не стрывожыць .. [немца],.. [жанчына] ціхом адышлася, пасля пабегла. Чорны.
2. перан. Парушыць, перапыніць звычайны ход чаго‑н. Калі ж напад стрывожыць Жыццё маёй краіны — Ад ярых куль варожых Я марна не загіну. Глебка. // Парушыць спакой. Не стрывожыць цішы ліха. Гора сэрца не пратне. Жылка. / у паэт. ужыв. Калі сівым святлом стрывожыць крышталь-рубін, то ўспыхне ў ім прамень, які адразу можа граніт ператварыць у дым. Русецкі.
3. Разм. Зрушыць з месца. Стрывожыць сустаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апаві́ць, апаўю, апаўеш, апаўе; апаўём, апаўяце; зак., што.
1. Абматаць, абкруціць што‑н. чым‑н. Апавіць галаву стужкай. // Размясціць вакол чаго‑н., абкружыць. Здаецца, недарэчным было да гэтых вочак-васількоў, да льняных кудзеркаў, што вянком апавілі твар яе [Ганнін] белы, браўнінг пры поясе, маленькая карабінка за плячыма, кулямётная стужка цераз плячо... Нікановіч. // Аплесці сабой (аб раслінах).
2. перан. Пакрыць з усіх бакоў, ахугаць; заслаць (дымам, туманам). Лісце алае засыпае роў, Пушчу чорную апавіў туман. Караткевіч. Ціхі ночы спакой усё наўкол апавіў. Гурло. // Ахапіць, абняць (пра пачуцці). Невыразна лёгкі, як дымок, сум апавіў сэрца. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкадава́нне, ‑я, н.
1. Пачуццё смутку аб чым‑н. (страчаным, непапраўным і пад.), засмучэнне з прычыны чаго‑н. непажаданага. На .. твары.. [Аксінні] ціхі шчаслівы спакой, а ў светлых, даўно палінялых вачах — туга і шкадаванне. Ракітны.
2. Спагада, спачуванне да каго‑н. Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Мележ. Раптам каментатар з нейкім жалем, з нейкім унутраным шкадаваннем паведаміў, што над стадыёнам пайшоў заліўны дождж. Сабаленка. [Марыя Хведараўна] пранікаецца да .. [хлопчыка] нейкай незвычайнай любасцю і шкадаваннем. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успокое́ние ср.
1. (действие) заспакае́нне, -ння ср., супакае́нне, -ння ср.; неоконч. супако́йванне, -ння ср., заспако́йванне, -ння ср.; сці́шванне, -ння ср., суці́шванне, -ння ср.; уціхамі́ранне, -ння ср.; неоконч. уціхамі́рванне, -ння ср.; см. успока́ивать;
2. (состояние) заспакае́нне, -ння ср., супако́й, -ко́ю м., спако́й, -ко́ю м.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
калатня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Сварка, звычайна з пабоямі (у хаце, у сям’і). — Мір і спакой гэтаму дому. А то ў другую хату зойдзеш, ідзе такая калатня, што хоць ты вушы затыкай. Гурскі.
2. перан. Бойка, вайна. Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў.. і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Чорны. Глядзела сонца ў засмучэнні На калатню варожых станаў. — Не вырваць злу ад зла кайданаў. Колас. // Мітусня, неразбярыха, перапалох. Учора ў гэтай самай цырульні была калатня: цэлы дзень дэфензіўшчыкі затрымлівалі і абшуквалі ўсіх. Сабаленка.
3. Дзеянне паводле дзеясл. калаціць (у 1 знач.); хістанне, дрыжанне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́ўніцца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць поўным, запоўніцца да верху. Дарога стала слізкай, каляіны і лагчынкі напоўніліся вадой. Мележ. Калі коўш напоўніўся, высокі смуглы плавільшчык.. кінуў у коўш пакецік. Карпаў. // Насыціцца, запоўніцца (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. Шамякін. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.
2. перан. Стаць поўнасцю занятым якімі‑н. думкамі, пачуццямі і пад. Сэрца напоўнілася гонарам за сына. □ Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны. Шамякін. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Зварухнуць, зрушыць, загайдаць, захістаць. Лёгкі ветрык павеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісцё, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі... Шахавец. Гром пракаціўся яшчэ раз і ціха скалыхнуў паветра. Колас. І хваля катэр скалыхне, Ачнецца ён — і ўдаль, як чайка, кінецца. Лось. // Гайдануць з боку ў бок або зверху ўніз; злёгку калыхнуць. Скалыхнуць калыску.
2. перан. Усхваляваць, узрушыць; парушыць спакой, цішыню. Бо, як песню заспяваю, Жаль вам душу скалыхне. Колас. Ёсць слава ў яго [хлопца], аж да Брэста Яна скалыхнула ўвесь край. Калачынскі. Вераснёвы вецер песціцца, скалыхнуў начную ціш. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)