сузіра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не цікавіцца тым, што яго акружае; бяздзейны, пасіўны. [Селянін] — не пасіўная, сузіральная асоба і далёка не абыякава ўспрымае ўсё тое, што пасылае яму лёс. Навуменка. // Уласцівы такому чалавеку. Сузіральныя адносіны да рэчаіснасці. // Звязаны з працэсам сузірання (у 1 знач.). Пісьменнік паступова падымаецца ад сузіральнага чалавекалюбства «Сястры» да гуманізму актыўнага. Адамовіч.
2. Схільны да сузірання (у 2 знач.). Сузіральная натура. // Уласцівы такому чалавеку. Тут прыемна пасядзець, адпачыць у духмяным цяньку, падумаць аб мінулым, настроіцца на сузіральны лад. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
матэ́рыя, ‑і, ж.
1. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе паміма і незалежна ад свядомасці чалавека. Матэрыя ёсць філасофская катэгорыя для абазначэння аб’ектыўнай рэальнасці, якая дадзена чалавеку ў адчуваннях яго, якая капіруецца, фатаграфуецца, адлюстроўваецца нашымі адчуваннямі, існуючымі незалежна ад іх. Ленін.
2. Спец. Рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды. Будова матэрыі.
3. Разм. Тканіна; матэрыял. Чысценькае, хоць і з простай матэрыі, адзенне [дзяўчыны] гэтак прыемна кідалася ў вочы. Нікановіч.
4. перан. Разм. Прадмет размовы; тэма. [Валасны пісар:] — Ну што, гаспадзін настаўнік, аб высокай матэрыі з мужыкамі гутарыце?.. Чарот.
[Лац. materia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хао́с, ‑у, м.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — бязмерная прастора, бязмежная першабытная маса, з якой утварылася пасля ўсё існуючае.
2. перан. Беспарадак, неразбярыха. Залп у цэнтры абозу падняў яшчэ большы перапалох і хаос. Колас. На падаконніку — хаос кніг, газет, канспектаў лекцый, на спінцы крэсла — мой гарнітур. Дуброўскі. // Бязладнае змяшэнне чаго‑н., блытаніна. Была.. [сцежка] не дужа прыкметная ў гэтым хаосе скал, але ўсё ж абое [Іван і Джулія] ураз заўважылі яе і прыемна здзівілася. Быкаў. Маладому паэту наогул цяжка было разабрацца ў хаосе групак і школ польскай літаратуры. У. Калеснік.
[Грэч. cháos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.
2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрух, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл., зрушваць — зрушыць (у 1 знач.) і зрушвацца — зрушыцца.
2. Прыметныя змены ў чым‑н. Сіла таленту Бядулі і заключалася ва ўменні перадаць тонкія зрухі душы і багацце пачуццяў. Каваленка. // Значныя змены да лепшага ў чым‑н., значны рух наперад; прагрэс. Прыемна і радасна бачыць вялікія зрухі, што адбываюцца ва ўсёй краіне. Шынклер. 1905 год прынёс велізарныя зрухі ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі. Казека.
3. Спец. Гарызантальнае змяшчэнне горных парод.
4. Дэфармацыя пругкага цела, пры якой слаі яго змяшчаюцца адзін адносна другога.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.
2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мёд, мёду, М мёдзе, м.
1. Салодкае сіропападобнае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы з нектару кветак. Ліпавы мёд. □ Але як весела і міла Тут пчолка ў вуллях гаманіла! І як прыемна пахла мёдам! Колас. Ануфрэіха прыносіць мне вялікую міску з мёдам. Бядуля. // Пра саладкаватую духмянасць кветак, травы і г. д. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.
2. Напітак, прыгатаваны з гэтага рэчыва. Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. І я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў. Якімовіч.
•••
Падзевы мёд — мёд, які вырабляецца пчоламі з падзі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцішыць.
2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; прыціхлы; супакоены, ціхі. Гукі плылі ў сцішаным жнівеньскім вечары, як няпэўны ўспамін аб страчанай радасці. Радкевіч. Жанчына шастала паперкамі, і ў сцішаным аўтобусе гэтае шастанне грымела, як выбух. Скрыган. [Кіра] дыхала роўна, амаль нячутна, і на яе было прыемна глядзець — спакойную, сцішаную, без трывог. Карпаў.
3. у знач. прым. Прыглушаны, ціхі. Раптам да .. вуха [Лабановіча] даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Колас. Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяго́нняшні і сённяшні, ‑яя, ‑яе.
1. Які мае адносіны да гэтага дня. Колькі год чакала [Вольга] сённяшняга запаветнага вечара! Кулакоўскі. // Які мае адносіны да цяперашняга часу; цяперашні, сучасны. Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі, І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі. Панчанка.
2. у знач. наз. сяго́нняшняе і сённяшняе, ‑яга, н. Тое, што было сягоння; што маецца цяпер. А мне сягонняшняе вітаць прыемна, Схіліўшы стан на сочную траву. Трус. Паэт разгортвае перад намі мінулае і сённяшняе роднай краіны. «Маладосць».
•••
Жыць сягонняшнім (сённяшнім) днём гл. жыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уту́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўтульнасцю, упарадкаванасцю; такі, у якім прыемна знаходзіцца, жыць. Паваротны акінуў вачыма ўтульны пакой з круглым сталом пасярэдзіне, .. піяніна і карцінамі на сценах. Гурскі. Домік быў невялікі, але чысты, утульны, акружаны гародам і садзікам. Машара. Пасля ўтульнай і цёплай машыны надвор’е здавалася асабліва золкім і непрыветным. Савіцкі. // Выгодны, зручны. У вялікім утульным крэсле драмаў вартаўнік. Грахоўскі.
2. Зацішны, укрыты ад каго‑, чаго‑н. Вера. Алексіч доўга хадзіла па адхоннаму берагу Віцьбы, шукала ўтульнае месца. Асіпенка. Дробных [галаўнёў] лёгка знайсці ў ціхіх утульных завадзях, асабліва ў вусцях ручаёў і рэчак. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)