фізі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.

2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.

3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.

4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.

5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.

•••

Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.

Фізічная культура гл. культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кале́на1 ’частка нагі, дзе злучаюцца бядровыя і галёначныя косці; месца згібу нагі’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., КЭС; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Сержп. Грам., Радч., Сл. паўн.-зах., Сцяшк. МГ, ТС, Шат., Яруш.), ’частка адзення, якая прыкрывае гэту частку нагі’ (ТСБМ, Нас.), калені ’нага ад каленнага сустава да таза’ (ТСБМ), ’сустаў пальца рукі’ (Сл. паўн.-зах.), ’вугал згібу, павароту ракі’ (ТСБМ; віц., Нар. сл.; ТС, Яшк.), ’лука’ (Сл. паўн.-зах.; дэфініцыя выклікае сумненне, параўн. ілюстрацыю: «Калена ля ракі, там коні ходзяць», с. 373, відавочна, што тут хутчэй ’паварот’, ’месца на павароце’), ’вір, глыбокае месца на павароце ракі’ (там жа), ’патаўшчэнне на чароціне ці саломіне’ (КЭС, лаг., Мат. Гом., Сцяшк. МГ), каленца ’тс’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), каленка ’тс’ (Нас.), ’сустаў на пальцы рукі’ (рас., Шатал.), калена ’асобная частка, закончаны матыў у музычным творы’ (ТСБМ, Шат.), ’фігура кадрылі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’пакаленне ў радаслоўнай’ (ТСБМ), ’род, саслоўе’ (Сл. паўн.-зах.). Сюды таксама выразы лысы, як калена (Сл. паўн.-зах.), даць каленца ’ўдарыць каленам ззаду’, сесці на каленцах ’сесці, сагнуўшы ногі ў каленях’ (ТС). Укр. коліно ’каленны сустаў’, ’род’, ’пакаленне’, ’згіб (ракі і да т. п.)’, ’пераход голаса ў песні’, харк. колінце ’патаўшчэнне, каленца ў сцябліне’, у лемкаў яшчэ колінця ’суставы пальцаў’, звяртае на сябе ўвагу і колінчити ’біць (каленам?), рус. смал. коленки ’патаўшчэнні саломіны’, арханг. коленко ’каленца, згіб’, літар. і дыял. колено ’каленны сустаў’, ’паварот ракі і да т. п.’, як спецыфічна дыялектныя СРНГ адзначае ’змяненне матыву, пераход (у песні), куплет; асобная частка ў танцы «лайце»’, ’сям’я, род’. Зах.-слав.: польск. kolano ’каленны сустаў’, ’паварот ракі’, ’згіб грубы’, ’каленца ў сцябліне травы’ (звычайна kolanko, з XVI ст.; Слаўскі (2, 342) звяртае ўвагу па дакладны семантычны адпаведнік у лац. мове: geniculum ’тс’, genú ’калена’ і літ.: kelùkas ’каленца’, kelỹs ’калена’), н.-луж. kóleno ’каленны сустаў’, в.-луж. koleno ’тс’, ’згіб’, палаб. tʼülʼón ’каленны сустаў’, чэш. koleno ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’каленца (саломіны)’, ’пакаленне, род’, славац. koleno (у падобных значэннях), славен. kolę́no ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’пакаленне’, ’каленца (саломіны)’, серб.-харв. ко̀лено ’каленны сустаў’, ’род, пакаленне’, ’парод’, ёсць і значэнне, адэкватнае рус. колено жаночае і мужчынскае ’пол, жаночае і мужчынскае пакаленне’, ’каленца (у саломіне)’ koljence, макед. колено ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’род’, ’пакаленне’, коленце ’згіб’, балг. коляно ’каленны сустаў’, ’род’, ’абшчына’, ’патоўшчаная частка сцябліны’, дыял. коленце ’каленца (у саломіне)’. Слав. адпаведнікі дазваляюць рэканструяваць прасл. kolěno, наконт значэння цяжка меркаваць, якія з прыведзеных славянскіх сапраўды даўнія, якія вынік натуральнага развіцця значэння. Даўнія семантычныя паралелі (лац. genu ’каленны сустаў’ і ’род, племя’, адпаведна с.-грэч. γόνυ и γένος) дазваляюць сцвярджаць, што такое значэнне можа быць старым. Што датычыць словаўтварэння, відаць, можна выдзеліць суфікс ‑ěno (Слаўскі, 2, 342, прыводзіць як структурны адпаведнік прасл. polěno і як паралель да kolěno літ. kelénas ’калена’). Аснову слав. лексемы параўноўваюць з літ. kelỹs ’калена’, лат. celis ’тс’. Не выключана, што з іншых і.-е. адпаведнікаў сюды сапраўды адносіцца грэч. κῶλον ’член’, κωλήν ’сцегнавая косць; плечавая косць’, κώληψ ’каленны сустаў’ гл. Слаўскі, там жа; Фасмер, 2, 289. Далей сюды ж адносяць і член (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хі́ба 1, ‑ы, ж.

1. Памылка, промах, недахоп. Агульная хіба мовы нашых газет.. вось у чым. Мы абавязкова хочам слова ў слова перакласці кожны сказ з рускай мовы. Лужанін. Доўга пасля таго Аўсееў самотна перажываў свае жыццёвыя хібы. Быкаў. Юнацтва! Гарачае, поўнае запалу, у каго з людзей ты праходзіла без хібаў? Сіняўскі.

2. Пра фізічны недахоп. — Калі ў чалавека ёсць якая-небудзь хіба з вокам, то за гэтае няшчасце нават і хуліган не будзе чалавека абсмейваць. Чорны.

хі́ба 2, часціца.

1. Ужываецца ў пытальных сказах, якія выражаюць сумненне ў чым‑н., недавер да чаго‑н., здзіўленне чым‑н., і па значэнню вельмі блізкія да слоў: «няўжо», «можа быць». — Хіба гэта мячык? — здзівілася бабка, калі дзед вярнуўся дамоў з магазіна. Юрэвіч. [Рабочы:] Мая дачушка вывучыла чатыры [мовы].. Трэба ж і мне не вельмі адстаць ад яе. Хіба я няправільна разважаю? Дубоўка. — А вы хіба бачылі Уладзіміра Ільіча? — спытаў я. — Як жа. І не адзін раз! — адказаў камбрыг. Дзенісевіч. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «можна», «магчыма» і асабовымі формамі дзеясл. «магчы»). Ужываецца ў рытарычным пытанні, якое заключае адмоўны адказ. Хіба можна так рабіць? □ Пасля снедання Івана пахіліла да сну. Ён цэлую ноч быў на начлезе, а хіба там заснеш! Чарнышэвіч.

2. Ужываецца ў пытальных сказах для выражэння няўпэўненасці ў неабходнасці якога‑н. дзеяння і блізка па значэнню словам: «можа быць», «не варта». Хіба схадзіць мне да доктара? □ Хіба можна пісьменніка падганяць? Розныя фактары могуць уплываць на плённасць яго працы. «ЛіМ».

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі «толькі», «што»). Ужываецца для надання адцення абмежаванасці, дапушчэння, магчымасці чаго‑н. Там ніхто не пройдзе, хіба толькі звер прабярэцца. □ Конь ішоў памалу, хіба толькі з горкі прыбаўляў ходу. Колас. Выдавалі хіба толькі вочы — праніклівыя, пільныя, гарачыя, у іх палаў агонь, і яго цяжка было прыхаваць. «Звязда». Дзед развёў рукамі: — Якая ў мяне зброя, пан гарадавы. Хіба што адна папруга на штанах... Якімовіч.

хі́ба 3, злучн.

1. уступальна-абмежавальны. Ужываецца ў спалучэнні са словамі «толькі», «што» і без іх для выражэння абмежавання ў значэнні: «акрамя таго, што...»; «можа быць, толькі...». Рэдка, хіба толькі ў штучных пасадках, убачыш тут піхту, лістоўніцу, кедр, з хвойных парод абжыліся ў гэтых мясцінах толькі сасна ды елка. Гавеман. Хіба што дзяцел па сухадрэвіне застукоча, дык мы [сяляне] з такім лёскатам звыкліся. Новікаў.

2. умоўны. Ужываецца для выражэння супрацьпастаўлення з адценнем умоўнасці ў значэнні: «калі не...», «калі толькі не...». Абавязкова прыйду, хіба толькі затрымаюць.

хі́ба 4, выкл.

Ужываецца з пытальнай інтанацыяй і выражае сумненне, недавер. [Алесь:] — Ты робіш мне балюча. А я помню цябе. [Майка:] — Хіба? Караткевіч.

хіба́ 1, часціца.

Тое, што і хі́ба ​2.

хіба́ 2, злучн.

Тое, што і хі́ба ​3.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сістэ́ма, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і пад.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства. Сістэма галактык. // Сукупнасць прынцыпаў, якія з’яўляюцца асновай якога‑н. вучэння. Філасофская сістэма класікаў марксізма-ленінізма. Педагагічная сістэма Макаранкі. // Сукупнасць метадаў, правіл ажыццяўлення чаго‑н. Сістэма кантролю. Сістэма планавання. // Сукупнасць якіх‑н. элементаў, адзінак, якія аб’ядноўваюцца па агульнай прыкмеце, прызначэння). Сістэма гукаў беларускай мовы. □ Нанава наладзіць падпольную сувязь пры дапамозе сістэмы троек было нялёгка. Машара.

2. Парадак, абумоўлены правільным размяшчэннем і ўзаемнай сувяззю частак чаго‑н. Даводзілася ўсе свае веды прыводзяць у сістэму, многа чаго чытаць. Шахавец. // Прадуманы план. Падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя вучылішчы ішла адпаведна намі ж распрацаванай сістэме. Навуменка. // Звычайны, устаноўлены распарадак чаго‑н. [Дыспетчарскія] даклады.. увайшлі ў сістэму, праводзяцца штодзённа. Шынклер. // Прынятае ўстанаўленне, парадак; закон. Сістэма атэстацыі працаўнікоў. Сістэма падаткаў. Сістэма водпускаў. □ [Шыковіч:] — Міна Азаравіч, скажыце, калі ласка, якая ў вас сістэма падбору дакументаў? Шамякін.

3. Форма арганізацыі, будова чаго‑н. (дзяржаўных, палітычных, гаспадарчых адзінак, устаноў і пад.). Дзяржаўная сістэма. Выбарчая сістэма. // Форма грамадскага ладу; фармацыя. Сацыялістычная сістэма. Капіталістычная сістэма. □ Там крызіс лютуе, Там крык безрабоцця — Сістэма старая згніла. Колас.

4. Сукупнасць гаспадарчых адзінак, блізкіх па сваіх задачах і арганізацыйна аб’яднаных у адзінае цэлае. Сістэма аховы здароўя. Сістэма органаў народнай асветы. Працаваць у сістэме ўстаноў Акадэміі навук БССР. □ К гэтаму часу атрад пачаў дзейнічаць ужо ў сістэме часцей Чырвонай Арміі. Чорны.

5. Структура, якая складае адзінства ўзаемна звязаных частак. Сардэчна-сасудзістая сістэма. Каранёвая сістэма расліны. □ Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы. Маўр. // Тэхнічнае адзінства, сукупнасць узаемна звязаных збудаванняў, механізмаў і пад., якія дзейнічаюць узгоднена. Вартавыя сістэмы касмічнага карабля. □ Над капустай шэрым алавяным бляскам адсвечвалі трубы арашальнай сістэмы. Ракітны. // Марка, канструкцыя якіх‑н. машын, іх частак. Вінтоўка сістэмы Бердана. □ У калгасе лепш ураблялася зямля, у калгасе былі трактары, плугі навейшай сістэмы. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. прадметаў, прыстасаванняў і пад. аднаго прызначэння. Сістэма штучных спадарожнікаў. □ Ілья Ільіч устаў, паслухмяна падаўся ў сенцы і хоць марудна, але абмацаў сістэму запорак, адчыніў дзверы. Кулакоўскі.

6. У батаніцы і заалогіі — класіфікацыя, групаванне. Сістэма Лінея.

7. У геалогіі — сукупнасць пластоў горных парод, якая характарызуецца пэўнымі выкапнямі, фаунай і флорай.

•••

Вегетатыўная нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы, якая рэгулюе дзейнасць унутраных органаў і абмен рэчываў у арганізмах.

Геацэнтрычная сістэма свету — абвергнутае навукай уяўленне, што Зямля з’яўляецца нерухомым цэнтрам сусвету, вакол якога рухаюцца ўсе планеты і зоркі.

Геліяцэнтрычная сістэма свету — вучэнне, якое даказвае, што Зямля і іншыя планеты рухаюцца вакол Сонца.

Дзесятковая сістэма класіфікацыі — класіфікацыя кніг у бібліятэках, заснаваная на падзеле кніг па зместу на дзесяць асноўных раздзелаў, кожны з якіх у сваю чаргу дзеліцца па дзесяткі.

Другая сігнальная сістэма — гукавая мова як уласцівая чалавеку сістэма ўмоўнарэфлекторных сувязей, што ўзнікаюць пры ўздзеянні моўных сігналаў і служаць асновай абстрактнага мыслення.

Дысперсная сістэма — рэчыва ў выглядзе дробных часцінак разам з тым асяроддзем, у якім яно рассеяна, напрыклад: туман, дым.

Дэцымальная сістэма класіфікацыі — тое, што і дзесятковая сістэма класіфікацыі.

Калідорная сістэма — сістэма размяшчэння пакояў у будынку, калі дзверы з усіх пакояў выходзяць у адзін вялікі калідор.

Картачная сістэма — парадак размеркавання прадуктаў харчавання, тавараў па картачках.

Ланкастэрская сістэма навучання — арганізацыя ўзаемнага навучання, калі старэйшыя вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вучаць малодшых вучняў.

Мажарытарная сістэма — антыдэмакратычная сістэма выбараў у некаторых капіталістычных краінах, пры якой лічацца толькі галасы, пададзеныя за кандыдата партыі, атрымаўшай большасць галасоў у дадзенай акрузе.

Метрычная сістэма мер — міжнародная сістэма адзінак вымярэння, у аснову якой пакладзены адзінка даўжыні — метр і адзінка масы — кілаграм.

Перыядычная сістэма (элементаў) — класіфікацыя хімічных элементаў, створаная Д.І. Мендзялеевым на аснове суадносін паміж іх атамнай вагой і ўласцівасцю рэчываў, якія ўтвараюцца гэтымі элементамі.

Прадметная сістэма навучання — сістэма навучання, пры якой кожны прадмет выкладаецца асобным выкладчыкам.

Прапарцыянальная сістэма выбараў — у буржуазных дзяржавах — парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што вылучылі сваіх кандыдатаў у прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з колькасцю атрыманых імі галасоў.

Рачная сістэма — а) рака са сваімі прытокамі; б) сукупнасць рэк якой‑н. краіны, мясцовасці, часткі свету.

Сістэма роднасці — сукупнасць тэрмінаў для абазначэння розных ступеней роднасці (па крыві і па шлюбу).

Сонечная сістэма — сукупнасць нябесных цел, якая складаецца з Сонца і планет, што рухаюцца вакол яго.

Сусветная сістэма сацыялізма — сацыяльная, эканамічная і палітычная садружнасць свабодных, суверэнных народаў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі пабудовы камуністычнага грамадства.

Цэнтральная нервовая сістэма — асноўная частка нервовай сістэмы, якая складаецца з галаўнога і спіннога мозга.

Эндакрынная сістэма — сістэма эндакрынных залоз, залоз унутранай сакрэцыі.

[Грэч. systēma — цэлае, складзенае з частак, злучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)