насміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з каго-чаго, над кім-чым і без дап.

Здзекліва смяяцца з каго‑, чаго‑н. [Лабановіч] нават пачаў сам сябе лаяць, кпіць і насміхацца з сябе. Колас. Любе здалося, што сястра насміхаецца з яе няўдачы. Шамякін. [Аніс:] — [Лёнька] з цябе насміхаецца, а ты верыш яму. Гроднеў. Лёс насміхаўся над .. [Максам]. Гамолка. Ён яшчэ будзе насміхацца, — губляючы нядаўнюю раўнавагу, абурылася на Лёньку Прося. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аплаці́ць, аплачу, аплаціш, аплаціць; зак., што.

Аддаць грошы за што‑н., у замен чаго‑н.; пакрыць якія‑н. выдаткі. Аплаціць працу. // Пагасіць што‑н., заплаціўшы адпаведную суму грошай. Аплаціць рахунак. // Даць плён, аддзячыць. [Кукуруза] добра аплаціла хлебаробам за іх працу. «Звязда». // перан. Страціць што‑н. (жыццё, шчасце і пад.) у імя чаго‑н. [Зарэччы:] Зарына! Ты лёс мой адзіны!.. Гатоў за цябе я памерці, Каханне жыццём аплачу! Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крутаве́рць, ‑і, ж.

Разм.

1. Пра дрэннае надвор’е з мяцеліцай, завірухай. Нас «злыгаў» лёс на доўгія гады і пагнаў далёка ад родных мясцін у снежную крутаверць каржанскіх лясоў. Грахоўскі. Іду, крутаверцю белай Засыпаны да галавы. Цвірка. / у перан. ужыв. Расой чырвонай апаліў траву Хтось за мяне ў той чорнай крутаверці. Зуёнак.

2. Пра вірлівую ваду, паводку. Падмываючы жвір, глыбока ў бераг уразалася пляскотная крутаверць. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пнасць, ‑і, ж.

Тое, што і руплівасць. Бацька заўважыў: усё, за што б сын ні ўзяўся, робіць без ахвоты, без цікавасці, без той рупнасці, якая так яму ў Міці падабалася. Навуменка. Можна з пэўнасцю сказаць, што ніколі дасюль у паэзіі не ўзнікала столькі рупнасці за лёс чалавека і чалавецтва, столькі хваляванняў аб сягонняшнім і заўтрашнім, столькі думак, якія прыходзяць ад ведання жыцця Радзімы і планеты. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плані́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Разм. уст. Доля, лёс. Клопікаў зноў з’явіўся быў на родных гарызонтах, але, як сам гаварыў ён, яго ўласная планіда пакацілася ўніз. Лынькоў.

2. Тое, што і планета (у 1 знач.). — Усё з зямлі жыве. Усё за яе трымаецца, і лішні ты чалавек на зямлі, калі не маеш свайго ўласнага месца на ёй, ці калі, скажам, цесна табе на такой вялікай планідзе. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

энтузія́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Чалавек, ахоплены энтузіязмам, натхнёны чым‑н. Няхай мне даруе лёс мой учынак, але я адразу надумаў выкарыстаць энергію гэтых юных энтузіястаў на карысць агульнае справы. Дубоўка. // чаго. Чалавек, які ўсе сілы аддае якой‑н. справе, шчыры прыхільнік чаго‑н. Будучы сапраўдным энтузіястам навукі, ён [Скарына] імкнуўся асвоіць яе ў самых розных галінах. Алексютовіч. Адным з кіраўнікоў тэатра быў юны літаратар і энтузіяст аматарскай сцэны Юрый Тарых. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жре́бий м.

1. жэ́рабя, -бя ср.;

ки́нуть жре́бий кі́нуць жэ́рабя;

доста́лось по жре́бию даста́лася па жэ́рабю;

2. (судьба, участь) перен., поэт., уст. лёс, род. лёсу м., до́ля, -лі ж.;

жре́бий бро́шен вы́бар зро́блены, рашэ́нне прыня́та.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зо́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

1. Нябеснае цела, якое можна бачыць простым вокам у форме ззяючай кропкі на начным небе.

Палярная з.

З. першай велічыні (таксама перан.: пра выдатнага дзеяча мастацтва, навукі). Узыходзячая з. (таксама перан. пра чалавека: новая славутасць). Зорак з неба не хапае (перан.: пра звычайнага, нічым не прыметнага чалавека). Верыць у сваю зорку (перан.: у свой лёс).

2. перан. Пра дзеяча мастацтва, навукі, спартсмена.

3. Фігура, а таксама прадмет з трохвугольнымі выступамі па акружнасці.

Пяціканцовая з.

Марская з. (жывёліна).

|| прым. зо́рны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

Зорная карта.

Зорная ноч (з добра бачнымі зоркамі).

Зорная часіна для каго — момант найвышэйшага ўздыму, напружання і выпрабавання сіл, вялікі поспех, трыумф.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

хіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Прыводзіць у хістальны рух; ківаць з боку ў бок. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Бяганская. Хістае вецер спелае палессе, І хваля хвалю гоніць — не кране. Тарас. // безас. Кідаць з боку ў бок (пры хваробе, стомленасці і пад.). Ад стомы яе [Надзю] хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга. Бураўкін. Ледзь дачакалася [Ніна] раніцы. Трэба ісці на работу, а галава як волавам налітая, хістае ў бакі. Лобан. // Ківаючы, рабіць хісткім; расхістваць. Маладая дужая рука хістала крыж. Пташнікаў.

2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым‑н. На голых, спаленых дзялянках Хвоі хістаюць задымленым веццем. Куляшоў. Бор наш сумнай хістаў галавой. Броўка.

3. перан.; што. Рабіць няўстойлівым; падрываць. Хістаць аўтарытэт. □ Моладзь несла вялікія страты заўжды — Ад асілкаў з далёкіх паданняў, былін, Што мячом і шчытом нашых продкаў былі, Да паўстанцаў, што трон самаўладдзя хісталі І свой лёс — на падбрэхічаў лёс не змянялі. Грачанікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нарок ’прадвызначэнне, наканаванне’ (Гарэц.), ’прызначэнне, лёс’ (Др.), а таксама нарокам ’спецыяльна, наўмысна’ (Чач., Нас., Гарэц., Бяльк.), ’жартам’ (Чач., Нас., Яруш.), наракава́ць ’прадвызначыць лёсам’ (Нас.); рус. нарок ’зарок, клятва; намер, мэта’, ’паклёп, нагавор; няпраўда, ілжа; хвароба ад дрэнных вачэй’, польск. narok ’бачнасць’, ’намер’, ’абавязак пэўных паслуг для сярэднявечнага горада’, чэш. nárok ’прэтэнзія (юрыдычны тэрмін)’, славац. ’намер’, славен. nárok ’тэрмін, вызначаны дзень’, серб.-харв. на́рок ’прызначэнне, пастанова’, ’шчасце’, балг. дыял. на́рок ’прадузятасць; наўмысна ствараемы настрой супраць каго-небудзь’, нароча ’наўмысна абвінаваціць’, ст.-слав. нарокъ ’голас (за або супраць)’, нарокомь ’па імені’. З *na і *rokъ (ад *rekti ’сказаць’), гл. рэкнуць (Міклашыч, 274; Фасмер, 3, 45; Махэк₂, 300; Бязлай, 2, 215; Скок, 3, 120).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)