сляпы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не бачыць, пазбаўлены зроку. Бацька стары, з чорна-сівою барадою і на адно вока сляпы. Чорны. Быў.. [Арцём] спачатку павадыром у сляпога жабрака. Бядуля. / у знач. наз. сляпы́, ‑ога, м.; сляпа́я, ‑ой, ж. З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых. Колас. // Разм. З слабым зрокам; блізарукі. // перан. Які не заўважае, не разумее таго, што адбываецца навокал. [Іван Пракопавіч:] — Але ж і сляпыя мы былі, гэта таксама праўда.. Знайшліся Адамчукі, Касарэвічы, плюнулі ў твар, здрадзілі. А мы ж іх сваімі лічылі. Ды яшчэ самымі перадавымі. Навуменка. «Ну і Свідраль! Аказаўся кар’ерыстам. Сляпы я, сляпы. Не разгледзеў. Малавата ў мяне партыйнага чуцця, відаць...», — абвінавачваў .. [Пазняк] сам сябе. Дуброўскі. Закаханыя людзі бываюць крыху сляпыя. Скрыган. // перан. Цёмны, неадукаваны. [Ян Нітка:] — Гэта ж сорам вялікі перад сабою быць такім сляпым, цёмным, быць рабом, маліцца каменю, якога прыгналі сюды леднікі недзе аж з фінскіх гор тысячы і тысячы гадоў таму назад. Пестрак. Нам дыхаць на роднай зямлі было нечым, А дзеці сляпымі раслі без навукі... Васілёк.

2. перан. Які дзейнічае, не ўсведамляючы сваіх учынкаў, не раздумваючы. Сляпы ад злосці ехаў Глушак мястэчкам. Мележ. // Які не мае разумных падстаў; безразважны. Сляпое перайманне моды. Сляпая любоў. □ У тую хвіліну мне не хацелася верыць, што ў малога магла быць такая сляпая злосць да ні ў чым не вінаватай птушкі. Паслядовіч. Колькі вёсен жыццёвых яшчэ Мы сустрэнем, — ну хто яго знае? Неўпрыкметку каханне ўцячэ. І пакіне нас рэўнасць сляпая. Хведаровіч. Адразу даверыцца.. [камандзір], вядома, не мог: вопыт падказваў, што сляпое давер’е часам вельмі дорага каштавала партызанам. Кулакоўскі. // Які дзейнічае стыхійна; выпадковы. Сляпыя сілы прыроды. □ І хоць сляпая, дзікая была [куля], Усё-такі ляцела і знайшла. Чэрня.

3. Невыразны, неразборлівы (пра тэкст, шрыфт і пад.). Сляпы шрыфт. □ У кутку абразы цудатворцаў, Даўна ад дыму сляпых. Танк. // Ледзь бачны, непрыкметны (пра сцежку і пад.). Міхал і Клін ужо мінае. Направа сцежачка сляпая Вядзе балотцам. Колас. // Вельмі слабы (пра святло). Пры.. сляпым святле [газоўкі] бацька чытаў уголас. Вітка.

4. Праз які дрэнна відаць або нічога не відаць. Сляпыя шыбы ў вокнах. □ На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца.., як астрог, Па свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. // З маленькімі вокнамі. Сляпыя, Нізенькія хаты Травой і мохам параслі. Глебка. // Які не мае акон. Так разглядаючы, непрыкметна зайшоў аж да кутка сляпой сцяны. Там, як звычайна, стаяў ложак. Пестрак.

5. Непраглядны, беспрасветны. Белыя маланкі то азаралі дачны лясны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру. Лось. Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня. Лынькоў.

6. Які адбываецца без удзелу зроку. Сляпы метад друкавання. // Які праходзіць, адбываецца ў цемры, тумане і пад. пры дапамозе прылад (пра рух і пад.).

7. Які не мае выхаду, праходу. Сляпая вулачка. Сляпая шахта.

•••

Сляпая кішка гл. кішка.

Сляпая пляма гл. пляма.

Сляпы дождж гл. дождж.

Сляпы палёт гл. палёт.

Сляпая курыца гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляда1 (ж. і н.), ля́до, лядо́, ле́до, ля́ды, ля́дзіна ’дзялянка высечанага лесу, хмызняку; высека’, ’расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць’ (ТСБМ, Гарэц., Зн., Нас., Растарг., Шн. 2; усх.-бел. ДАБМ, к. 337), а таксама ’пакінутая зямля’, ’дзікае месца’, ’пожня’, ’цаліна’, ’поле ў кустах’, ’неаранае поле са свірэпай’, ’вялікае поле’, ’будынак, у якім ніхто не жыве’ (ДАБМ, к. 337; Яшк.; Талстой, Геогр.; Растарг.), ’месца, якое зарасло густым, маладым лесам’, ’сухадольны лес’, ’харошы лес’, ’сасновы лес’, ’востраў, дзе добра расце сасна’, ’чубок лесу сярод поля’, ’цёмны лес’, ’месца з высечаным лесам, дзе ляжыць галлё’ (Маш., ДАБМ, к. 337); ля́давіца, лядцо, лядца, лядзечка, лядцовічка ’невялікі ўчастак ляда’, лядзішча ’поле на высечцы’ (Яшк.), ’месца, прыдатнае для ачышчэння ад зарасніку’ (Нас. Доп.). Укр. н.-валын. лядо ’высокае месца ў лесе, дзе расце будаўнічы лес’, палес. ’невялікая плошча сярод лесу’; лядина, ровенск. лядо́ва (лядова́та) сосна ’смалістая хваіна’, ’стрыжань хваіны ці яліны’, рус. ля́да, ляда́, дя́дина — вельмі шмат значэнняў, большасць з якіх аналагічная да бел.; польск. lędzina, каш. lëʒëna, laʒëna, ladzina ’пожня’, назвы азёраў Lendo, Polędzie; палаб. lʼǫdü ’ралля’, н.-луж. lědo, lěda, lědy (мн. лік) ’пустка, неапрацоўваемая зямля, папар’, в.-луж. lado, lada ’тс’; чэш. lado, lada ’тс’, славац. ležať ľadom ’ляжаць лядам’; славен. ledína ’аблога’, ledičлясны луг’, серб.-харв. лѐдина, леди́на ’неапрацоўваемае поле, пакрытае дзірваном’, макед. ледина ’аблога’, лендина ’лясная паляна’, балг. леда ’аблога’, ле́дина, леди́на ’тс’, ’лясная паляна’, ц.-слав. лѧдина ’аблог’. Прасл. lędo, lędina ’неапрацоўваемая зямля’ (Слаўскі, 4, 201; Мартынаў, Лекс. взаим., 144) ці, увогуле, ’зямля, не прыдатная для апрацоўкі’ (Талстой, Геогр., 137); і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. lindan ’даліну’, швед. linda ’папар’, гоц. land ’зямля, поле’, ірл. land, lann ’плошча, адкрытае месца’ — усе да і.-е. *lendho‑ (Траўтман, 157; Бернекер, 1, 705; Брукнер, 289; Фасмер, 2, 549; Махэк₂, 317; Скок, 2, 284; Бязлай, 2, 130; Трубачоў, Эт. сл., 14, 44–48). Мартынаў (БЛ, 6, 79) параўноўвае бел. ляда з літ. lyda ’вырубка (лесу)’. Сюды ж ляда біць ’ускопваць’ (клім., БНТ, Лег. і пад.), ля́дны ’з ляда’; лядныя сена ’сена з ляда’ (Юрч., Вытв.). Тарнацкі (Studia, 53–54) і Папоўска–Таборска (Бел.-польск. ізал., 105–106) адзначалі палес.-каш. ізалексу са значэннем ’пожня’.

Ля́да2, ля́до ’гарошак плотавы, Vicia sepium L.’ (нясв., КЭС; гродз., Кіс.), ’мышыны гарох’ (пін., Шатал., ТС), ’віка’ (Мікуц.), ’гарошак’ (лях., стаўб., Сл. ПЗБ). Укр. ляд, лядве́ць, лядвене́ць, ля́дник, рус. ля́двенец, ля́дник, польск. lędziaj, lędziej, leńdziak і інш., якія ў слав. мовах называюць розныя расліны, — усе да прасл. lędo (> ляда1) з першасным значэннем ’расліны, якія растуць на лядзе, на аблогу’ (гл. Слаўскі, 4, 201–202). Пасля гэта сема замацавалася за асобнымі раслінамі.

Ляда3, ляды ’бруд у хаце’ (талач., КЭС), ’непарадак’, ’шкода’ (зах.-віц., ДАБМ, к. 337; Сл. ПЗБ), ’пустазелле’ (Сцяшк.), ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ (зах.-бел., палес., ДАБМ, к. 337; кругл., Мат. Маг.). Да ля́да1. Талстой (Геогр., 141) уключае гэтыя лексемы ў семантычны ланцуг: ’лес’ ∼ ’лісцевы лес’ ∼ ’хмызняк’ ∼ ’сучча’ ∼ ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ ∼ ’смецце, бруд’. Сюды ж в.-дзв. ля́дам‑градам ’у беспарадку’ (Сл. ПЗБ).

Ля́да4, лядо ’драўлянае карыта ў сячкарні’ (гродз., брэсц., ДАБМ, к. 337; Сцяшк., Нар. лекс.), ’сячкарня’ (маст., Шатал.), ’калода, на якой рэжуць касой салому для жывёлы’ (пруж., кам., ДАБМ), ’набіліцы’ (Сцяшк., Сцяц., Жд. 1, ЛАПП, Тарн.; пін., КЭС; Шатал., Мат. Маг., ТС, Сцяшк. Сл.; ДАБМ, к. 337), ’дзверы ў пограб, у склеп’, ’прылавак у магазіне’ (Растарг.; ельск., Мат. Гом.); ’верхняя частка церніцы’ (маст., Сл. ПЗБ); ляда, лядо, лядь ’прылада для падымання цяжкіх прадметаў’ (зах.-бел., ДАБМ, к. 337; Словаўтв., Нар. сл., Нар. лекс., Нар. словатв., Мат. Гом., ТС, Сцяшк., Клім., Сл. ПЗБ), лядава́ць ’паднімаць, класці бярвенне на воз пры дапамозе ляды’ (гродз., Нар. сл., слонім., Нар. лекс.). Запазычаны праз польск. мову з ням. Lade (Weberlade, Ladebaum) ’скрыня, шуфляда’, ’набіліцы’, ’ляда для паднімання цяжкіх прадметаў’, с.-в.-ням. lada ’скрыня’, ’дыль’, ст.-нарв. blada ’свіран’ (Бернекер, 1, 682; Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 20–21; Талстой, Геогр., 141–142; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 9; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Ля́да5 ’абы’ (беласт., ваўк., Сл. ПЗБ). Да леда (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.

1. Нікому не падпарадкаваны, ні ад кога не залежны, які мае магчымасць адвольна распараджацца сваім часам, ажыццяўляць свае жаданні. Каля мяне, як цень, Праходзіць да вадапою Вольны лясны алень. Караткевіч. Гэй у неба птахам вольным На спатканне навальніцам! Крапіва. [Максім:] — Ты ж адзін. Ні жонкі, ні дзяцей — вольны, як вецер на прасторы! Машара. // Выпушчаны на волю. — Быў палонны, а цяпер вольны, — казаў.. [Васілёк], едучы побач. Маўр. // Які вызваліўся ад якіх‑н. абавязкаў. Спектакль павінен быў адбыцца ў нядзелю, калі ўсе суседзі вольныя ад працы. Бядуля. Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Чорны. // Не заняты ніякай работай, які мае час. [Волька:] Вера то ўжо скончыла заняткі ў сваёй школе, цэлае лета будзе вольная. Чорны. // Які мае права, магчымасць дзейнічаць па ўласнаму жаданню. Вольны ўсюды я ляцець. Колас.

2. Свабодны ад сацыяльнага і інш. прыгнёту. Вольная праца. Вольнае жыццё. □ Вольным народам сталі вы сёння. Колас. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет, І кожная дзяўчына Глядзіць нам доўга ўслед. Глебка.

3. Нікім, нічым не заняты; пусты, свабодны. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя крэслы. Мележ. [Суседка] трымалася, як дзяўчынка, гойдалася на нагах і ўсё адкідвала вольнай рукой з ілба, попельныя кудзеркі. Ракітны. У бібліятэках нават з самай раніцы цяжка знайсці вольнае месца. Шахавец. У праціўніка заставалася вольная дарога на вёску Бабровічы. Казлоў. // Нікім не замешчаны, вакантны. Вольная пасада. // Нічым не заняты (пра час). Раніцу вырашылі абвясціць вольнай, гэта значыцца ніякіх агульных паходаў не праводзіць, а здацца цалкам на самадзейнасць моладзі. Дубоўка. Кожную вольную хвіліну Люба бралася за кніжку. Васілевіч.

4. Не абмежаваны якімі‑н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны, бяскрайні. Зноў вольны акіян усіх, Змёў чорных ворагаў сваіх. Куляшоў. Волен свет мне кругом. Колас. // Які знаходзіцца на свабодзе, не запёрты ў што‑н.; нічым не абмежаваны. Ці пачую крык іх [птушак]? Ці ўбачу? Шлях далёкі — горы і вада... Вунь ля гаспадарскіх тлустых качак Села вольных птахаў чарада. Сербантовіч. // Пра неабмежаваны нічым рух, неабмежаванае пашырэнне. Але паршываму сабачаняці, відаць, спадабалася вольная беганіна пасля надакучлівай язды ў машыне. Лынькоў. Даўшы хвалям вольны ход, Прыпадыме бацька Нёман На хрыбце магутны лёд. Багдановіч. Пустое бязмежнае снегавое поле — ці ёсць дзе большая прастора вольным разлётам гарачай фантазіі чалавека? Зарэцкі.

5. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых нормаў. Вольныя жарты. Вольнае абыходжанне. // З якога знята абмежаванне. Дазволены законам. Вольны продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Уласцівы свабоднаму жыццю. Льецца ў полі песня вольная На вясковай паласе. Бядуля. Вольным гоманам хвоек высокіх Клічам, сонца, цябе, як адзін! Купала.

7. Які заклікае, абуджае імкненне да волі; свабодалюбны. Вольнае слова. Вольная думка, натура.

8. Больш чым дастатковы па велічыні, прасторны. Вольны касцюм.

9. Які робіцца без выкарыстання спартыўных прылад. Вольныя рухі, практыкаванні.

10. Які адбываецца на свабодзе, не ў памяшканні, не пад наглядам. Вольная злучка. Вольнае ўтрыманне жывёлы.

11. У якім не прытрымліваюцца пэўнага парадку. Людзі рухаліся вольнымі шарэнгамі.

12. Не заціснуты, не замацаваны ў чым‑н. Вольны канец вяроўкі.

•••

Вольная барацьба гл. барацьба.

Вольная прафесія гл. прафесія.

Вольная тэма гл. тэма.

Вольны верш гл. верш.

Вольны горад гл. горад.

Вольны пасяленец гл. пасяленец.

Вольны пераклад гл. пераклад.

Вольны слухач гл. слухач.

Вольны стыль гл. стыль.

Вольнаму воля — гавораць таму, хто робіць што‑н. па-свойму, не звяртаючы ўвагі на слушныя парады.

Вольная воля гл. воля.

Вольная птушка гл. птушка.

Вольны казак гл. казак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)