успаро́цца, успаруся, успорашся, успорацца; зак.

Разм.

1. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. Седзячы за рулём, .. [Каваль] мала аглядаўся па баках, быў заняты дарогай, увага канцэнтравалася на тым, каб не ўспароцца на стрэчныя машыны. Савіцкі.

2. Рана ўстаць, прачнуцца. — От жа ранняя птушка... — паківала галавою маці. — Спаць ды спаць бы яшчэ, а ён успорацца ні свет ні зара. С. Александровіч. Панця ўспароўся недзе каля першых пеўняў, пакрактаў, пастагнаў на ложку і пачаў марудна, нехаця збірацца... Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Гіст. Заняцце, захоп свабоднага ўчастка зямлі пры першапачатковым засяленні мясцовасці, а таксама ўчастак, заняты такім чынам. Ёсць пасёлак на поўначы «Зімка». Давялося мне там зімаваць, у тайзе раскарчоўваць заімку, Ставіць хату, бярвенне часаць. Хведаровіч.

2. Невялікі пасёлак або асобная сядзіба за межамі асноўнага паселішча на Урале і ў Сібіры. Гляджу на леташнія здымкі, Што крышку палінялі без пары, І ўспамінаю дальнія заімкі, І астравы, і плёсы Усуры. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напалаві́ну, прысл.

1. У няпоўным, палавінным памеры, аб’ёме; на адну палавіну. Ад таго, што сцены былі афарб[а]ваны напалавіну ў чорны колер, здавалася яшчэ цямней. Колас. І зрабіўся Халімон напалавіну гарадскім, напалавіну вясковым. Галавач. // Адным бокам, адной палавінай. [Мікалай:] — Сонца яшчэ толькі напалавіну выйшла з-за паплавоў. Чорны. // У два разы менш, карацей. Ісці напрасткі напалавіну бліжэй.

2. Не да канца, не зусім; у некаторай ступені. Тамаш быў аглушаны, заняты сваімі думкамі і мала адчуваў, што робіцца вакол. Ён быў толькі напалавіну прытомны. Бядуля. Хіба ж кахаюць напалавіну? Усё ці нічога — такі закон! Чарнушэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развіта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. развітацца; апошняе спатканне перад расстаннем. Пісар Васількевіч, адсунуўшы край фіранкі, потайкам пазіраў са свайго пакоя на развітанне сяброў. Колас. Развітанне з маці, смутак па братах жыва адгукаліся ў сэрцы. Сіняўскі. // Расстанне з памёршым. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам. Шамякін. // Словы, якія гаворацца пры расстанні. — Бывайце здаровы, — кінуў .. [аканом] ужо з каламажкі ў бок да Мікіты, які стаяў на вуліцы. Мікіта збянтэжыўся.. Заняты здагадкамі, ён не адразу адказаў на аканомава развітанне. Галавач.

•••

На развітанне — перад расстаннем, расстаючыся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свабо́дны, -ая, -ае.

1. Які карыстаецца свабодай, валодае незалежнасцю, суверэнны.

Свабодныя рэспублікі.

2. Незалежны, не звязаны ні з кім якімі-н. абавязкамі, адносінамі.

С. перакладчык.

С. мастак.

3. Які не ведае перашкод, абмежаванняў, не абмежаваны пэўнымі нормамі.

Рашучыя свабодныя паводзіны.

Свабодныя адносіны.

4. Які працякае, адбываецца лёгка, без замінак.

Свабоднае дыханне.

Свабодныя рухі рукамі.

Свабодна (прысл.) гаварыць на кітайскай мове.

5. Нікім або нічым не заняты; вольны.

Свабоднае месца ў партэры.

Свабодныя рукі (нічым не занятыя).

6. Не цесны.

Свабоднае паліто.

7. Прасторны, раскошны.

У тэатры прыгожа і свабодна (прысл.).

8. разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні.

Пакой с.

Свабодныя грошы.

9. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны.

С. канец ланцуга.

|| наз. свабо́днасць, -і, ж. (да 1, 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пра́здный

1. (пустой) пусты́; (тщетный) ма́рны; (бесполезный) бескары́сны;

пра́здный разгово́р пуста́я размо́ва;

э́то не пра́здный вопро́с гэ́та не пусто́е пыта́нне;

пра́здное любопы́тство пуста́я ціка́васць;

2. (бездельный) бяздзе́йны, гуля́шчы; (свойственный бездельнику) гульта́йскі; (незанятый) (нічы́м) незаня́ты;

пра́здная жизнь бяздзе́йнае (гуля́шчае, гульта́йскае) жыццё;

пра́здный челове́к гуля́шчы (нічы́м не заня́ты) чалаве́к; (бездельник) гульта́й, лайда́к, ло́дар.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дыск, ‑а, м.

1. Прадмет або дэталь якой‑н. машыны, прыстасавання ў выглядзе плоскага круга. Дыск маятніка. Дыск магнітафона. Дыск электрапілы. □ Нумар быў заняты, і.. [дзяўчына] вешала трубку, чакала якую хвіліну і зноў круціла тэлефонны дыск. Арабей. // Спартыўны снарад у форме круга, які прымяняецца ў лёгкай атлетыцы для кідання. Кінуць дыск. // Магазін ручнога кулямёта, аўтамата, у якім змяшчаюцца патроны. Дыск аўтамата. □ Я набіваю моўчкі дыскі, Рыхтую к бою кулямёт. Прыходзька. // Бачны з Зямлі абрыс Сонца, Месяца і іншых планет. Сонца садзілася за небасхіл. Вось яно дакранулася сваім дыскам да зямлі. Сергіевіч.

2. толькі мн. (ды́скі, ‑аў). Разм. Дыскавая барана. Апрацаваць поле дыскамі.

[Грэч. diskos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да працы (у 1, 2 знач.); звязаны з працай. Працоўныя навыкі. Працоўны стаж. Працоўная дысцыпліна. Працоўная кніжка. // Заснаваны на працы, на выкарыстанні працы. Працоўнае выхаванне. Працоўная школа, // Зароблены, здабыты працай, атрыманы за працу. Працоўныя даходы. Працоўная слава. // Запоўнены, заняты працай. Працоўнае жыццё. Працоўныя будні.

2. Які жыве сваёй працай. Працоўны народ. Працоўныя класы грамадства. Працоўнае сялянства. / у знач. наз. працо́ўны, ‑ага, м. Адпачынак працоўных. □ Неабходна было наблізіць мастацтва да жыцця працоўных Савецкай Беларусі, адлюстраваць тое новае, што прынёс вызваленаму народу вялікі Кастрычнік. Шматаў.

•••

Працоўны дзень гл. дзень.

Працоўныя рэзервы гл. рэзервы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трысце́н, ‑а, і трысце́нь, ‑я, м.

Прыбудова да хаты і пад. з трох сцен. На пясчаным узгорку, над самым краем балотца, што зарасло нізкім хвойнікам і алешнікам, стаіць непакрыты хлеў — трысцен: чацвёртая сцяна з жэрдак. Галавач. І сапраўды, крокаў праз якіх сотні паўтары мы выйшлі на палянку, на якой, нібы тулячыся да лесу, стаяў велікаваты, з трысценам, драўляны дом. Сабаленка. Збудаваў .. [Рыгор] на Наносах хаціну, падобную на лазню, прыстроіў з боку яе трысцен для каровы і пасадзіў сям’ю ў сваю хату. Чарнышэвіч. Гаспадар, прыбіраючы з акон гэблі, [долаты] і іншыя інструменты, апавядаў папу, як ён цэлы год быў заняты будоўляй трысценя і новага хл[я]ва. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шука́льнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты пошукамі чаго‑н. Нястомным шукальнікам і адкрывальнікам хараства з’яўляецца ў сваіх новых творах У. Дубоўка. Гіст. бел. сав. літ. У шукальнікаў папараць-кветкі І праўды; У мару, Што вечна жыве чаканнем, — Не кіну ніколі — Насмешкі каменем, Бо траплю ў сябе. Арочка. // Асоба, якая займаецца прафесійна адкрыццём, пошукамі радовішчаў, новых раслін і пад. Прайшоў я шмат па сушы і па вадзе, Дапытлівы шукальнік і геолаг. Звонак. Вось так прайшлі шукальнікі алмазаў Удоўж і ўшыр суровую тайгу. Калачынскі.

2. Спец. Прыбор, прыстасаванне, якія служаць для адшуквання якіх‑н. аб’ектаў. Запальваюцца кантрольныя лямпачкі. Недзе ўнутры пацокваюць шагавыя шукальнікі, прыглушана гудуць механізмы. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)