По́рт1 ’прыстань, месца для прыходу і стаянкі караблёў’ (ТСБМ, Ласт.); ст.-бел. портъ ’тс’ (з XVI ст.), што, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 122; Запазыч., 253), са ст.-польск. port (з 1471 г.), якое ад лац. portus ’тс’ (Банькоўскі, 2, 706). Не выключана другаснае запазычанне праз рус. порт з ням. Port або франц. port ’тс’.

По́рт2 ’льняная, канапляная або баваўняная тканіна ці пража’, ’тканіна з ільняных ці пяньковых нітак’ (ТСБМ, Нас., Уладз., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’кудзеля, чэсаная напалам — воўна з лёнам’ (Бяльк., Байк. і Некр.), ’пах ад гарэлага адзення з лёну’ (Нас., Байк. і Некр.), ’рэшткі спаленай анучкі’ (Скарбы), ст.-бел. портъ ’тканіна; адзенне’: портъ царскыи (Альтбаўэр, 165), сюды ж по́ртны, по́ртавы ’парцяны’ (хойн., Мат. Гом.; Байк. і Некр.), по́рця ’бялізна’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), по́рце ’тс’ (Сцяшк. Сл.); параўн. укр. порт ’канапляная або льняная нітка ў ваўнянай тканіне’, рус. порт ’(льняная або баваўняная тканіна’, ст.-рус. пъртъ ’кавалак тканіны; шматок; пялюшка’, польск. part, parć ’адрэз тканіны на адзенне’, славен. ṕrt ’кавалак палатна; прасціна’, харв. pȑt ’адзенне з лёну’, серб. пр̏тен ’ільняны’, балг. пъртуши́на ’паношаныя апранахі’, ст.-слав. прьтъ ’кавалак палатна’. Прасл. *pъrtъ выводзяць з *porti ’пароць’ (Фасмер, 3, 334): можа разглядацца як аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння ад *rūti > *ryti/*rъvati > *po‑rъtъ ’тое, што адрэзана, адарвана’ > ’тканевы адрэз, шматок’. Першасным для порт можна дапусціць значэнне ’адрэз сукна’, ці, як падае Сной (511), — ’адарваны кавалак тканіны’. Малаверагодна роднаснасць з літ. spartas ’завязка’ і грэч. σπάρτος ’расліна, з галін якой скручвалі вяроўкі’, параўн. Бязлай, 3, 130.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашмір, кашамі́р тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна’, кашміро́ўка ’кашміравая хустка’ (ТСБМ, Касп.). Рус. кашми́р, кашеми́р ’тс’, укр. кашеми́р, польск. kaszmir, kaszemir і г. д. У рус. мове. паводле Фасмера, 2, 215, вядома з часоў Гогаля: паводле Шанскага, 2, К, 105, першая фіксацыя ў рус. мове адносіцца да 1847 г. У польск. мове гэта лексема з’явілася раней; Слаўскі (2, 97) адзначае, што наогул слова вядома з XIX ст., але ў другой палавіне XVIII ст. выступаюць варыянты тыпу kaźmirekЛіндэ). kaźmirz (дасюль і рус. старое казими́ровый ’кашміравы’ праз польск. формы з італ. casimiro: гл. Фасмер, 2, 160). Ад назвы вобласці Кашмір у Індыі (ст.-інд. Kāçmiras). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 496. Формы кашми́р, кашеми́р, паводле Фасмера, там жа, узяты з франц. cachemire

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пліс1баваўняная варсістая тканіна, падобная да аксаміту’ (ТСБМ; віц., Хрэст. дыял.), ’аксаміт’ (Бяльк.); укр. плис ’баваўняны аксаміт’, рус. наўг. тис ’тс’. З гал. pluis, ням. Pluss (XVII ст.), якія з лац. pilus ’волас’ (Карскі, Труды, 422; Фасмер, 3, 282; Васэрцыер, 174) < араб. belas ’шарсцяная матэрыя’. Сюды ж: плі́савы ’аксамітавы’ (рас., Шатал.), плі́саўка ’плюшавы жакет’ (дзятл., З нар. сл.), ’плюшавая куртка’ (калінк., Мат. Гом.).

Пліс2, плі́са, плі́ска ’шырокая стужка на падоле спадніцы’ (Бір.; Жд. 1; чырв., З нар. сл.), ’плісэ’ (капыл., Сл. ПЗБ), плі́сы ’фальбоны’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’стужкі на спадніцы, прышытыя папярок’ (ТС). З польск. plisa ’тс’, якое з франц. plissé ’плісіроўка’, ’плісэ’, што з’яўляецца дзеепрыметнікам да plisser = plisować ’запрасоўваць фалды на тканіне’ (SWO, 1980, 581; Банькоўскі, 2, 610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́церць ‘абрус’ (Тарн., Бяльк., Сцяшк.; лудз., Сл. ПЗБ; ДАБМ, камент., 925–929), ска́церка, скацёрка, ска́церсць, ска́цер (Нас., Касп., Бяльк., ЛП, Пятк. 1, Рам. 5, Шатал., Ян., Юрч., Ян., Янк. Мат., Жд. 2, Сцяшк., Мат. Маг., ДАБМ, там жа). Спрадвечнасць слова ў беларускай мове бясспрэчная (ДАБМ, к. 325), але ў частцы гаворак, відаць, сучаснае пранікненне з рускай, параўн. “…скацер, а даўней абрус” (Сл. ПЗБ, 4, 443). Рус. ска́терть, ска́терка, скатёрка, стараж.-рус. скатерть (XII ст.). Звычайна тлумачыцца з усх.-слав. *дъскатьрть, ад *дъска ‘стол’ (гл. дошка) і тьрть < *terti ‘церці, адкуль пасля падзення рэдукаваных і спрашчэння групы зычных атрымалася сучасная форма (Міклашыч, 353; Бернекер, 1, 246; Праабражэнскі, 2, 255; Фасмер, 3, 635), або як запазычанне з нова-в.-ням. дыял. Scheter, с.-в.-ням. schëtter, schëter ‘тонкая баваўняная тканіна’; гл. Брандт, РФВ, 22, 114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цік 1, ‑у, м.

Спец. Нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мышцаў твару, радзей шыі, рук. [Цывільны] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў раз-поразу яго губы. Чорны. Лявон паволі злез з печы, пачаў гаварыць з жонкай і... падміргваць. Гэта ён учора вечарам .. напалохаўся, і ў яго з’явіўся нервовы цік. Сабалеўскі.

[Фр. tic.]

цік 2, ‑у, м.

Спец. Шчыльная льняная або баваўняная тканіна (звычайна паласатая), якая ўжываецца для абіўкі мэблі, для пашыўкі чахлоў і пад. Набіўны цік.

[Гал. tijk, англ. tick.]

цік 3, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дзікарослае дрэва сямейства вербенавых з моцнай драўнінай, якое расце ў лясной паласе Індыі, Індакітая.

2. ‑у. Драўніна гэтага дрэва, якая выкарыстоўваецца ў караблебудаванні.

[Англ. teak.]

цік 4, цік-ці́к і цік-цік-ці́к, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)