фамілья́рнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць фамільярнага. Фамільярнасць тону. □ [Санкоўскі] балагурыў, шпаркімі крокамі хадзіў па хаце, з павагай і адначасова з фамільярнасцю звяртаючыся да Паддубнага. Пестрак.
2. Фамільярнае абыходжанне з кім‑н.; фамільярныя ўчынкі, паводзіны. [Сяржант] ніколі не дазваляў сабе фамільярнасці ў адносінах з курсантамі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цярпі́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які можна цярпець, з якім можна мірыцца. Сышоўся [Максім] без шлюбу з жанчынай, а жыў пасямейнаму .. Усе прымалі гэта як факт, мажліва і непрыемны, але цярпімы. Машара.
2. Такі, які схільны мірыцца з кім‑, чым‑н.; паблажлівы, памяркоўны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рычагамі і пад., рэгуляваць ход, рух, работу каго‑, чаго‑н. Кіраваць машынай. Кіраваць канём. □ Вадзік трымаў у руках вудачкі, Сашка кіраваў лодкай. Гамолка. // Рабіць уплыў на развіццё чаго‑н., на ход якога‑н. працэсу. — Не можам кіраваць сонечным святлом, дык трэба кіраваць зямлёю. Кулакоўскі. / Пра сродкі кіравання чым‑н. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспяваў, кіраваць вяслом. Гамолка.
2. кім-чым. Быць на чале чаго‑н., накіроўваць дзейнасць каго‑, чаго‑н. Кіраваць дзяржавай. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Накіроўваць чые‑н. ўчынкі, дзеянні, быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго‑н. Пачуццё любві да роднай зямлі кіравала аўтарам, калі ён выступіў з крытыкай побыту і нораваў польскіх магнатаў, шляхты і іх абслугі. Казека. // Разм. Мець уладу над кім‑н., распараджацца кім‑н. Зараз жа знайшоў [Крушынскі] тлумачэнне: «Жонка кіруе старым...». Бядуля. // Дырыжыраваць хорам, аркестрам. Кіраваць аркестрам.
3. Разм. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.). Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Асіпенка.
4. каго-што. Разм. Паказваць каму‑, чаму‑н. пэўны напрамак; накіроўваць. Праз рачныя броды Кіраўнік атрада Кіруе падводы. Куляшоў.
5. чым. У граматыцы — патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону. Пераходныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. за кім-чым, каго-што, з дадан. сказам і без дап. Уважліва сачыць вачыма за кім‑, чым‑н. Варанецкі здалёк наглядаў за работай экскаватара, за якім цягнулася доўгая града чорнага торфу. Дуброўскі. Я стаяў і, сцяўшы зубы, наглядаў, як дужыя санітары знялі з саней насілкі. Даніленка.
2. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Тое, што і назіраць (у 2 знач.). За некалькі дзён прабывання на невялікім участку заходняй граніцы я меў магчымасць наглядаць людзей, якім радзіма даверыла ахову нашай працы і нашага шчасця. Брыль. Раней Ларысе ніколі не прыходзілася наглядаць, як ажывае новы дом. Даніленка.
3. каго-што, за кім-чым і без дап. Тое, што і назіраць (у 3 знач.).
4. за кім-чым. Тое, што і назіраць (у 4 знач.). [Майстар] сам адрэгуляваў накладку, сам зрабіў заліўку і змазку машыны. Міхасю засталося толькі стаяць ды глядзець — наглядаць за спраўнасцю друкавання. Брыль. Паснедаўшы, Кастусь пайшоў з Максімам і Феліксам у клуню, а Саўку і Язэпа папрасіў наглядаць за ваколіцай. — Калі што якое, — сказаў ён, — сігнальце. Якімовіч.
5. Тое, што і нагледжваць. Прыскочыўшы ў лес, Сомік пакінуў каня на тым месцы, дзе браў нядаўна кавалак [дзерава], а сам нібыта пайшоў наглядаць другі кавалак. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зна́цца, знаюся, знаешся, знаецца; незак.
1. Быць знаёмым, мець сувязі з кім‑, чым‑н. Гэта былі сыны або ўрачоў, або адвакатаў, а адзін, з кім Ян знаўся найбліжэй, быў сынам народнага настаўніка. Пестрак. Бонч-Бруевіч адкрыў пад восень школу ў светлым бацькоўскім доме. Кажуць, з Леніным знаўся блізка, як памочнік, таварыш даўні. Русецкі. // Сутыкацца з чым‑н., зведваць што‑н. Дружна працуем Мы грамадою, Знацца — не знаем З горам, з бядою. Купала.
2. Абл. Добра ведаць што‑н., разбірацца ў чым‑н. [Лявон:] Знаўся нябожчык, як хадзіць каля дрэўцаў... Сам умеў прышчапляць. Купала. Адна жанчына расхвальвае свайго знаёмага, які вельмі знаецца па хваробах. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрэ́зацца, зрэ́жуся, зрэ́жашся, зрэ́жацца; зак.
1. Прытупіцца, пакарацець ад доўгага карыстання. Нож зрэзаўся.
2. перан. Разм. Не здаць экзамена. Аркадзю пасля таго, як ён зрэзаўся пры паступленні ў педагагічны інстытут, нават боязна было і падумаць паступаць яшчэ куды-небудзь. Сабаленка.
3. з кім і без дап. Разм. Уступіць у спрэчку, сварку; схапіцца. Нешта бацькава было і ў характары Евы... Так схопіцца, так зрэжацца, аж шмаццё ляціць. Ермаловіч. // звычайна жарт. Заўзята згуляць з кім‑н. у якую‑н. гульню. Дзядзя Ваня.. любіў «зрэзацца» з заўзятымі класнымі шахматыстамі. Якімовіч.
4. Дакрануўшыся да каго‑, чаго‑н., паляцець убок (пра мяч, шар). Мяч зрэзаўся ў вароты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паклапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; зак.
1. Патурбавацца, панепакоіцца з выпадку чаго‑н., каб забяспечыць кім‑, чым‑н. Здаецца, можна было б і адпачыць трохі цяпер. Але адпачынак не ў дзядзькавай натуры: цяпер якраз і аб зіме час паклапаціцца. Колас. [Камлюк:] — Паклапаціся пра коней, калі матацыкл не наладзіш. М. Ткачоў. — Хлопцы, паклапаціцеся адносна вячэры. Машара.
2. Праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. — Калі не хочаш, падумаць пра сябе, дык пра сына паклапаціся. Пальчэўскі. — Вы ж разумееце, што да восені мы павінны пасяліць маладых рабочых у інтэрнат, паклапаціцца, каб у іх было цёпла, светла і ўтульна, і абавязкова — весела, — працягвае Катаводаў. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пану́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго. Прымушаць рабочую жывёлу рухацца хутчэй; нокаць. Чорныя, закураныя цыганы — старыя і маладыя — у клёшных штанах, запыленых хромавых ботах, паважна крочаць узбоч вазоў, панукаюць гладкіх коней. Навуменка. — Но-но, маленькі! — па-гаспадарску клапатліва панукваў.. [Ваня] каня. Паўлаў. // перан.; каго і без дап. Падганяць каго‑н. у рабоце. Хлопцы добрыя, не трэба панукаць. І справу ведаюць... Мыслівец.
2. перан.; кім і без дап. Дэспатычна распараджацца, не лічыцца з кім‑н.; папіхаць. [Касперскі:] Доўга блукаў я па свеце і такі знайшоў шчасце — у калгасе. Цяпер я чалавек! Ніхто мною не панукае. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сутыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сутыкнуцца (у 1–3 знач.).
2. Датыкацца, дакранацца ўзаемна. [Настаўніца] завяла патэфон, я пачаў выбіраць пласцінкі, рукі нашы ўвесь час сутыкаліся. Лупсякоў.
3. Размяшчацца блізка да чаго‑н.; мець сумежныя бакі; межавацца. [Паліна:] — Пайсці ўскрайкам лугу, што сутыкаўся з полем, значыла выдаць сябе. Кавалёў.
4. Уступаць у якія‑н. адносіны, узаемадзеянне, кантакт з кім‑, чым‑н.; мець справу з кім‑, чым‑н. Важным сродкам узбагачэння слоўнікавага саставу старабеларускай мовы з’явілася запазычванне лексікі з іншых, пераважна суседніх моў, з якімі ў большай ці меншай ступені сутыкалася ў старажытнасці беларуская мова. Жураўскі.
5. Зал. да сутыкаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарэ́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
1. Рад людзей, якія стаяць па прамой лініі і тварам у адзін бок (першапачаткова толькі ваенных і звычайна па росту). Усхваляваныя, радасныя людзі сталі ў шарэнгу метраў на пяць адзін ад аднаго і пайшлі. Новікаў. // Аб прадметах, размешчаных у лінію, доўгі рад. Людзі ўважліва агледзелі доўгую шарэнгу цыстэрн. Лынькоў. Наперадзе цэлай шарэнгай свецяцца агні. Галавач.
2. перан.; каго або якая. Група людзей, аб’яднаных сумеснай дзейнасцю, агульнымі мэтамі, інтарэсамі і пад. Станавіся ў шарэнгі свабодных Будаваць свой разбураны край! Глебка.
•••
У адной шарэнзе з кім — у адным, роўным становішчы з кім‑н. (быць, знаходзіцца і пад.).
[Ад польск. szereg.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)