цвёрды, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца стабільнасцю формы пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага. Цвёрдае цела. Цвёрдыя рэчывы. Цвёрдае і вадкае паліва. // Сухі, не вадкі (пра ежу). Хоць .. [хворага] накармілі, як госця, але не дужа сытна: з галадухі любая цвёрдая страва можа пашкодзіць. Ваданосаў.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.; проціл. мяккі. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле. Чарнышэвіч. І манішка на ім [чалавеку] была цвёрдая, і гальштук спрытна падвязан. Чорны. // Які не прагінаецца (пры сядзенні, ляжанні); мулкі. Цвёрдае крэсла. □ Віця Шэўка ляжыць на цвёрдай жалезнай койцы. Брыль. // Грубы, жорсткі (навобмацак). Рукі ад работы [у Валюты] цвёрдыя .. Нацягалася за свой век. Пташнікаў. [Пані Яндрыхоўская:] Старая скура цвёрдая — загадаю бізуноў дзесяць лішніх дабавіць. Крапіва. // Уезджаны, убіты (пра дарогу, грунт і пад.). Толькі раніцой наступнага дня трактар выцягнуў машыну Семенюка на цвёрдую дарогу. Мяжэвіч. Капаць пячору ў цвёрдым камяністым грунце было нялёгка, і справа ішла вельмі марудна. Бяганская.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, намерах; непахісны. Цвёрды характар. Цвёрдая воля. □ [Кастусь:] — Будзьце цвёрдыя і непахісныя ў любой баталіі з ворагам — малой і вялікай. Якімовіч. // Які выражае непахіснасць, стойкасць. Да тэлефона падышоў Гаварушка. Голас у грубцы быў цвёрды і аўтарытэтна спакойны. Лобан. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі.

4. Устойлівы, трывалы, не хісткі. [Дзічкоўскі] ступіў на гладкую дарожку і далей пайшоў цвёрдым крокам. Алешка. // Які не падпадае пад адвольныя, частыя змены; стабільны. Цвёрдая ўлада. Цвёрдыя цэны. □ — У саўгасе цвёрдая аплата. Будзе большая матэрыяльная зацікаўленасць... Навуменка. «Зялёная падкормка, цвёрды распарадак у доглядзе, чысціня ў кароўніку, — падагульняў Ульянка. — Так, усё гэта трэба ўводзіць на ферме». Шчарбатаў. // Трывалы, надзейны; без парушэнняў. Цвёрдая дысцыпліна. Цвёрдае абяцанне.

5. перан. Канчатковы, беспаваротны; без хістанняў. Цвёрды намер. Цвёрдае рашэнне. Цвёрдая ўпэўненасць. □ — Ты павінен вырашыць сам, як падкажа табе сумленне. А вырашыш — дай цвёрды адказ. Шамякін.

6. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны. Цвёрдыя веды.

7. Выразны, рэзкі (пра рысы твару). Чорныя кучаравыя валасы, белы твар,.. як вытачаныя дзеля прыгажосці пераноссе і барада — цвёрдыя рысы. Чорны.

8. Спец. Які вымаўляецца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення. Цвёрдыя зычныя гукі.

•••

Цвёрды вагон гл. вагон.

Цвёрды знак гл. знак.

Стаяць на цвёрдай глебе; мець (адчуваць) цвёрдую глебу пад нагамі гл. стаяць.

Цвёрдае слова гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што‑н. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Мележ. Дуга чапляецца за голле дрэў, і на конскую спіну цярушыцца белы іскрысты пыл. Брыль. // Рухаючыся, зачэплівацца, спатыкацца, натыкацца на што‑н. Крочыць хлопец па лясной дарозе. Час ад часу чапляецца за карчы. П. Ткачоў. // перан. Спыняцца, затрымлівацца на чым‑н. Але .. [Адам] не чапляўся думкай за тое, як скора тут [на полі] забудаваліся людзі. Чорны.

2. Хапацца, трымацца за што‑н. Падбег [гаспадар] да парабка: — Маўчы! — І глушыць кулакамі, Той, падаючы, за карчы Чапляецца рукамі. Куляшоў. Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Бяганская. // Падчэплівацца, павісаць на чым‑н. — Не ўздумайце толькі чапляцца за падножкі, страляць будзем, — злосна кінуў нам афіцэр і пайшоў далей правяраць вагоны. Рамановіч. // Прымацоўвацца да чаго‑н., заставацца на чым‑н., зачапіўшыся за што‑н. [Павуцінне] чапляецца на вецце дрэў і ўпрыгожвае іх. Гроднеў. Вадзяны мох чапляецца за першую калоду, паварочваецца на камель вялізным, цяжкім кажухом. Сяркоў. // перан. Шукаць у кім‑, чым‑н. падтрымкі, апоры. [Грэт] і сама ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломінку. Маўр.

3. перан. Старацца любым чынам утрымаць, зберагчы што‑н. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. Мележ. // Намагацца выкарыстаць усе магчымыя сродкі для дасягнення чаго‑н. Саша расцягваў час і чапляўся за кожную дробязь, толькі б пагаварыць. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыдзірацца да каго‑н. Ганна Сяргееўна старалася схаваць сваё хваляванне, хоць ведала, што тут, у цэнтры, акупанты менш чапляліся да людзей. Няхай. [Гарасім:] — Шый далей. Шво добрае. Ён [майстар] проста чапляецца. Якімовіч. // Прыставаць да каго‑н., назаляць. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі: — Гэта ж пабліскваюць заранкі. Лынькоў.

5. Прымацоўвацца адзін да аднаго; злучацца, счэплівацца. Снапы [лёну] чапляюцца не адсечанымі яшчэ галоўкамі адзін за адзін, бяруцца за рукавы, лучаюць, счэпленыя, пад ногі, аж спатыкаешся. Пташнікаў. // перан. Узнікаць, цягнуцца адно за другім. Ціхон чэша бараду, глядзіць на агонь, і думкі плывуць, чапляюцца адна за адну... Барашка. [Кухарава:] Ды не толькі ж гэтыя [жанчыны] злуюць на цябе [Зося] за хлопцаў. Тут ужо адно за адно пачало чапляцца. Крапіва.

6. Зал. да чапляць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яшчэ́, прысл.

1. Дадаткова, у дадатак да таго, што было або што ёсць. Падліць яшчэ малака ў шклянку. □ [Зелянюк:] — Мне трэба забегчы яшчэ ў адно месца. Зарэцкі. — А ну яшчэ яшчэ паддай! — грымнуў Сёмка-матрос. Лынькоў. // Зноў, паўторна. Пасля камандзіроўкі прыеду яшчэ сюды. □ Страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкнуць яшчэ разок. Шамякін.

2. Пакуль што, да гэтых пор, да гэтага часу. Пад гімнасцёркай вызначаліся вострыя, неакрэплыя яшчэ плечы. Мележ. Іван яшчэ не ведаў, што рабіць, але Пятро сілком пацягнуў яго за сабой. Новікаў. Яшчэ ў лагчынах цёмны снег ляжыць, Ды пахне ўжо смалою і бяростаю. Свірка.

3. (пры абазначэнні часу, месца). Ужо. Купала развіваў традыцыі страснага, баявога, публіцыстычна завостранага верша, тыя традыцыі, што склаліся ў яго паэзіі яшчэ да Кастрычніка. Гіст. бел. сав. літ. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прыказка.

4. Указвае на магчымасць, дастатковасць падстаў для ажыццяўлення якога‑н. дзеяння. [Воўк:] — Не забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся. Якімовіч.

5. (пры вышэйшай ступені прыметнікаў і прыслоўяў). Больш, у большай ступені. Стары Жук яшчэ ніжэй згорбіўся. Брыль. Зроблена нямала. Але наперадзе яшчэ больш работы. «Звязда». Аднак жа на табе: Ірынка крыкнула на ўвесь клас, што яна таксама хоча расказаць пра сваю маму яшчэ лепш. Няхай.

6. у знач. уступальнага злучн. Указвае на верагоднасць умоў ці на іх суадноснасць з чым‑н.; хоць. Яшчэ не выспаўся Міколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся і падумаў: «А што ж будзе там, ля пакгаўза?» Лынькоў.

7. у знач. узмацняльнай часціны. Ужываецца пры займенніках і прыслоўях, каб падкрэсліць якую‑н. прымету, факт і надаць пэўную выразнасць таму, аб чым гаворыцца. [Сцяпан:] — Брук паслужыў бы яшчэ ўга колькі! А то ж даўмеліся: пускаць па бруку трактары! Гіль. Ганна Сцяпанаўна аж не вытрымала, спыніўшы дачку ў спальні, параіла: — Чалавек пакутуе, будзь з ім ласкавейшай. — Яшчэ чаго! Шыцік. // у знач. абмежавальнай часціцы. Ужываецца, каб падкрэсліць, удакладніць якую‑н. прымету, факт. [Алесь:] — От каб малачка, ды яшчэ кісленькага... Запіць кашу, га? Капыловіч. — Што вы, Сцяпан Гаўрылавіч?! — жахаецца Валуйка. — Гэта ж водаахоўны лес. Ды, апрача ўсяго, яшчэ маладняк. Не, не, гэта немагчыма. Мяжэвіч.

•••

Вось яшчэ! гл. вось ​2.

Гэта яшчэ кветачкі гл. гэта.

Калі яшчэ гл. калі ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́весці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.

2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.

3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.

4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.

5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.

6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.

7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.

8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.

9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.

10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.

11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.

•••

Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.

Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.

Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.

Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.

Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.

Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́цца, схаплюся, схопішся, схопіцца; зак.

1. за каго-што. Узяць што‑н., узяцца за каго‑, што‑н. хуткім, рэзкім рухам (рук). Рукі ў Анісіма ліхаманкава схапіліся за стрэльбу. Сачанка. Агрыпіна войкнула і схапілася за твар рукамі, закрыла вочы. Пестрак. // Учапіцца за каго‑, што‑н., імкнучыся ўтрымацца. Я схапіўся за тату, і мы, падаючы і падымаючыся, пачалі прабірацца дамоў. Бяганская. [Жанчына] таксама, каб утрымацца на нагах, сутаргава схапілася за яго [Сіўцова] рукаў. Васілевіч. // перан.; за што. Ахвотна згадзіцца на што‑н., шукаючы падтрымкі; выкарыстаць што‑н. Хлопцы схапіліся за яго [Хведара] прапанову. Машара. Як за нейкі паратунак, я схапілася за вясёлыя жарты сяржанта і азірнулася яшчэ раз. Савіцкі.

2. Уступіць у бой, барацьбу, бойку. Ганна горача развіталася з ім ды на дарогу папрасіла ў яго: — Мікола, бацька мой... Там, дзе мы схапіліся першы раз з палякамі... Там Петруся забілі... Нікановіч. // Пачаць дурэць, бароцца. Праўда, калі-нікалі хацелася з хлапчукамі, як бывала, наганяць галубоў або схапіцца са сваімі аднагодкамі і падужацца ўволю. Гроднеў. / Пра жывёл. На двары сабака з кошкай схопяцца, а гэта ж — ой, як цікава. Гарбук. // Пачаць спрэчку, сварку. Зноў схапіліся два «старыя прыяцелі». Ніхто ім не пярэчыў. Пасля гаварылі праўленцы. Пташнікаў. А на другім канцы стала ў гэты час жонка Антося схапілася грызціся з Купрыяніхай, якая ўвесь час сачыла за гутаркаю Антося і ўпікала, што яе муж трымае сябе вельмі брыдка. Чарот. // Разм. Распачаць заўзятую гульню ў што‑н. Схапіцца ў шахматы.

3. Разм. Раптам успомніць пра што‑н.; спахапіцца. Аж раптам чую: «Хведар, а валы твае дзе?» Схапіўся — няма. Кірэйчык.

4. за што, з інф. Спехам або раптоўна пачаць што‑н. рабіць, прыняцца за якую‑н. справу. Не ведаць, за што схапіцца. □ На гэты раз Кравец чамусьці Схапіўся камізэлькі шыць. Корбан.

5. Разм. Хуткім рухам устаць, ускочыць. Як схопіцца .. [дзед Анісім], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас. Косця схапіўся з ложка і пабег мыцца. Адамчык.

6. Заняцца полымем. У адным канцы схапілася полымем хата. Васілевіч.

7. Спец. Зрабіцца цвёрдым, застыць. Шафёры выскаквалі з кабін, крычалі адзін на аднаго, заглядвалі ў кузавы, роспачліва ўзмахвалі рукамі: баяліся, каб не схапіўся бетон. Місько. // Зацягнуцца лядком. Пад нагамі дзе-нідзе праломваўся тоненькі, што ледзь паспеў схапіцца, лядок. Лобан.

•••

Схапіцца за галаву — жахнуцца; прыйсці ў адчай. [Косцік] разгарнуў кошыкам калючыя лапкі, зірнуў і за галаву схапіўся. Матачкі! Уся зямля ўкрыта [грыбамі], хоць касою касі! С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ў сярэдзіне, паміж двума пунктамі, прадметамі, дзвюма лініямі і пад.; аднолькава аддалены ад краёў, канцоў чаго‑н. Яны [Міхал і Антось] лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры, з якіх два крайнія былі крыху меншыя за два сярэднія. Крапіва. // Другі (другая) па ўзросту з трох (дзяцей, братоў, сясцёр). Наташа была сярэдняй у сям’і калгаснага каваля Івана Янкевіча. Шамякін. [Бацька:] — Сыны мае родныя,.. прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. Якімовіч.

2. Прамежкавы па сваіх уласцівасцях, прыкметах паміж дзвюма крайнімі (процілеглымі) уласцівасцямі, прыкметамі (паміж вялікім і малым, цяжкім і лёгкім, высокім і нізкім і пад.). Баксёр сярэдняй вагі. Абутак на нізкім, сярэднім і высокім абцасе. □ [Юстын:] Ну, росту быў [аграном] такога вось, як і ты, сярэдняга. Краўчанка. У Буханцава, хоць узрост яго толькі набліжаецца да сярэдняга, за плячыма немалы вопыт афіцэра-пагранічніка. Хадкевіч. Усім жывым — дзядам і дзіцянятам, І хто ў сярэдні ўвабраўся век, Бабулям рупным, модніцам-дзяўчатам — Адзін заўсёды служыць чалавек. Лось. // Які аб’ядноўвае ў сабе прыкметы, уласцівасці двух розных прадметаў, дзвюх з’яў. Гаварыць тонам, сярэднім паміж просьбай і загадам. □ Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на «а», вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між «а» і «о». Караткевіч. // Які займае прамежкавае становішча паміж старшымі і малодшымі па званню, пасадзе і пад. Сярэдні медыцынскі персанал. // Які займае прамежкавае становішча паміж двума класамі, дзвюма грамадскімі групоўкамі і пад. Дробная і сярэдняя буржуазія. Сярэдняе сялянства.

3. Ні добры, ні дрэнны; пасрэдны. Сярэднія здольнасці. // Які нічым не вылучаецца; звычайны, радавы. Сярэдні вучань. □ [Клава:] — Скажу я табе [Язэп] шчыра, што і камандзір ён [Гаравы] быў сярэдні. А вось як камандаваў спачатку падрыўнікамі — сваю справу рабіў. Асіпенка. Іхняя брыгада [маляроў] у рамонтна-будаўнічай канторы лічылася сярэдняй: не было яшчэ выпадку, каб яна вырвалася наперад. Даніленка.

4. Не вышэй звычайнага ўзроўню, нормы. Сярэднія патрабаванні.

5. Атрыманы дзяленнем сумы некалькіх велічынь на іх колькасць; тыповы для дадзенай групы з’яў. Сярэдняя гадавая тэмпература. Сярэдняя заработная плата. Сярэдняя велічыня.

6. у знач. наз. сярэ́дняе, ‑яга, н. У матэматыцы — велічыня, якая атрымліваецца ад дзялення сумы некалькіх лікаў на іх колькасць. Сярэдняе арыфметычнае.

•••

Сярэдняе вуха гл. вуха.

Сярэдняя школа гл. школа.

Вышэй (ніжэй) сярэдняга — вышэй (ніжэй) якой‑н. нормы.

Сярэдняй рукі гл. рука.

У сярэднім — выходзячы з сярэдніх велічынь, паказчыкаў, норм; прыблізна. Жывуць зубры ў сярэднім да трыццаці — пяцідзесяці год. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

там, прысл. і часціца.

1. прысл. У тым месцы, не тут. Вось гуляе багач, Аж палац той дрыжыць, А пад брамаю плач — Там сіротка стаіць. Купала. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — раіць дзед [Міколку]. Лынькоў. // Пры паўтарэнні (там... там...) у пачатку двух або некалькіх сказаў, частак яго абазначае «у адным месцы...», «у іншым месцы». Там абгрызен ствол, а там галінка, То макушка з’едзена асінкі. Бялевіч. Там панаваў страшэнны ўціск, Там часта чуцен быў жалобны піск Бязвіннае ахвяры. І вось паўстаў крылаты пралетарый. Крапіва. // Ужываецца пры паведамленне каб паказаць (але пе дакладна), дзе што‑н. адбылося, дзе штосьці ляжыць, знаходзіцца. — Дзе ты быў? — Там і там, кажа.

2. прысл. Потым, затым, далей. Там відаць будзе. □ [Людзі] найбольш думалі пра дзённы свой заработак, а там хай сабе .. хоць спыняць зусім гэтую работу. Чорны.

3. часціца. Разм. Выкарыстоўваецца ва ўступальных зваротах: «хто б там ні», «што б там ні» і пад., узмацняючы ўяўленне пра любую магчымасць (разумення, тлумачэння чаго‑н.). Таварышу Беразоўскаму што б там ні было трэба было скампраметаваць Шэмета як начальніка палітаддзела. Лобан. Як бы там ні было, а праседзець цэлы дзень на возе нялёгка. Якімовіч.

4. часціца. Разм. У спалучэнні з займеннікам «які» і прыслоўямі «дзе», «калі», «куды» выкарыстоўваецца для ўзмацнення адмаўлення чаго‑н., указання на немагчымасць здзейсніць што‑н. Алена коса зірнула на яе. Міхаліна тым часам нагнулася, узяла жменьку льну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Не рвецца. Чарнышэвіч. [Мікола:] Мы яшчэ пагаворым .. — [Пытляваны:] Куды там! Пуд солі з’ясі, не дагаворышся. Крапіва. [Грыша:] — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці... Капыловіч.

5. часціца. Разм. Выкарыстоўваецца ў пабуджальных сказах для ўзмацнення пабуджальнасці. — Эй, на бок там, бо вось па вушах! — замахнуўся .. [дзядзька] пугай. Брыль. [Цётка:] Любачка, пакладзі там у торбачку мне сала, хлеба, мядку... Кучар.

•••

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Там і тут; там і сям; тут і там — у розных месцах, усюды.

То там, то тут; то тут, то там; то там, то сям — то ў адным месцы, то ў іншым. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце. Ігнаценка.

Што там і чаго там — нічога, не варта турбавацца, саромецца.

Што я (ты, ён) там забыў? гл. я.

Як бы там (што б там) ні было гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убі́цца, уб’юся, уб’ешся, уб’ецца; уб’ёмся, убяцеся, уб’юцца; заг. убіся; зак.

1. Разм. Улезці, забрацца ўнутр чаго‑н., куды‑н. Пасля .. [жанчына] ўсё як найлепш расказала — і як выйсці на сцежку, і як перайсці кладкі, і па які бок пакінуць грудок, каб не ўбіцца ў багну. Быкаў. Ахопленыя жахам,.. [Пацейчык і Клебер] пайшлі назад і ўбіліся ў нейкі забалочаны хмызняк. Чорны. Падлеткі хлапчукі бегалі пад вокнамі, спявалі прыпеўкі і як мага стараліся ўбіцца ў хату, каб хоць адным вокам зірнуць на гульні і скокі. Каваль. Убіўся [дзядуля] .. у самы натоўп, узлез на нечы воз і пачаў крычаць на ўсе бакі. Гарэцкі. // Зайсці, залезці ў недазволенае месца, у шкоду. [Конь] убіўся з калёсамі ў жыта, прагна хапае мокрымі губамі амаль даспелае калоссе. Навуменка. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. // Шчыльна прытуліцца да чаго‑н. Убіцца тварам у падушку. // Унурыцца ў што‑н. Максім сеў каля стала плячыма да дзвярэй і, убіўшыся ў .. табліцу, пачаў вывучаць яе на памяць. Машара. Мужчыны ўсё сядзелі, убіўшыся насамі ў карту. Пташнікаў.

2. перан. Разм. Пранікнуць у якое‑н. асяроддзе; уцерціся, улезці куды‑н. [Наўмыснік:] — Я службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся, але доўга не набыў. Чорны. І Стаха знаходзяць — убіўся ў прымакі да палескага дзядзькі. Лужанін. [Вольга] ўжо не спадзявалася на зварот мужа, чамусь[ці] была ўпэўнена, што з яго языком удасца яму дзе-небудзь убіцца. Васілевіч.

3. З сілай уваткнуцца ў што‑н. (звычайна пра што‑н. вострае). Сякера ўзнялася ўгору, бліснуўшы на сонцы ясным бляскам гладкага металу, і з сілаю ўбілася ў калоду. Мурашка.

4. Утаптацца, утрамбавацца, стаць больш цвёрдым, гладкім. Сцежка ўбілася.

5. перан. Разм. Улезці; прыстаць (пра хваробы, няшчасці і пад.). [Сымон:] — Хвароба як убілася ў хату, дык і не вылазіць. Чарнышэвіч. [Люба:] То ўставайце, покуль курч у ногі не ўбіўся, ды на бераг хутчэй. Козел.

6. перан. Разм. Заняцца чым‑н. да забыцця ўсяго астатняга. [Бацька:] — Хата ледзьве ліпіць, хлеў таксама стары, А ты ўбіўся ў гэту ячэйку. Глебка.

7. Разм. Не выходзіць, не ісці (з галавы, думак). Тыдні са два не бачыла Арына агранома.. Улез у галаву, убіўся, спакою не дае. Б. Стральцоў. У мяне з галавы не выходзіла Іра. І чаго яна ўбілася ў думкі? Сабаленка.

•••

Убіцца ў давер’е (давер) — тое, што і увайсці ў давер’е (давер) (гл. увайсці).

Убіцца ў ласку чыю — дамагчыся чыёй‑н. прыхільнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убі́ць, уб’ю, уб’еш, уб’е; уб’ём, уб’яце; заг. убі; зак., што.

1. Б’ючы, стукаючы па якім‑н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ў што‑н., унутр чаго‑н. [Рыльскі] каменем убіў два цвікі, прыгнуў іх, і падлога зноў мела свой сапраўдны выгляд. Чорны. Убілі [мы] ў зямлю некалькі калоў, развесілі на іх вопратку і анучы. Лупсякоў. // Шчыльна прытуліць што‑н. да чаго‑н., утуліць што‑н. куды‑н. У галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што .. [Сотнікаў], бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву. Быкаў. [Міхась] павярнуўся на бок і шчыльней убіў твар у рэчавы мяшок. Машара.

2. З сілай уваткнуць, усадзіць куды‑н. што‑н. вострае; увагнаць. Ссекшы некалькі сукоў з тоўстай калматай елкі, Язэпка ўбіў сякеру ў камель дрэва, азірнуўся кругом .. і нырнуў у гушчар. Якімовіч. Але аднаго разу Рагіна не стрывала, убіла ў зямлю капач, выпрасталася і адрэзала Сяргею проста ў вочы. Адамчык. А трава якая! Касы не ўбіў бы. Дуброўскі.

3. Утаптаць, утрамбаваць да цвёрдасці. Убіць сцежку праз поле.

4. перан. Разм. Утлумачыць, прымусіць цвёрда засвоіць што‑н. А Сегенецкага хлопцы! Праўду кажучы, дзікуны. Панскі дух бацька ўбіў у іх. Але не чыста панскі, а з лёкайскім душком. Чорны.

5. Дадаючы да стравы, умяшаць (пра сырыя яйцы). Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Тое, што і узбіць (у 5 знач.). Трэба было яшчэ сала насмажыць ды з паўдзесятка яечак убіць на патэльню. Чарнышэвіч.

6. Разм. Змарнаваць. Убіць шмат часу на пустыя справы. □ Дарма свой век убіў я, Нічога не зрабіў я. Дзяргай.

•••

Носа не ўбіць — пра што‑н. непраходнае, цеснае. А за .. [балотам] пайшоў лес такі густы, што і носа не ўбіць. Якімовіч.

Убіць асінавы кол — тое, што і забіць асінавы кол (гл. забіць).

Убіць клін паміж кім — тое, што і забіць клін (гл. забіць).

Убіць (набраць) сабе ў галаву — умацавацца ў якой‑н. думцы, трымацца яе. [Данута:] — Хлопец недзе схаваўся .. Убіў сабе ў галаву, што яго тут зненавідзелі, і цэлымі бадзяецца недзе. Бажко.

Убіць у галаву каму — а) паўтарэннем прымусіць засвоіць што‑н. Хоць творы Беднага .. [Міхась] любіў, разумеў іх змест і яны былі блізкія яму, але яны не ўкладваліся ў тыя каноны, якія ўбілі яму ў галаву выкладчыкі літаратуры і падручнікі. Машара; б) унушыць што‑н., пераканаць у чым‑н. — Бачыла ты, Алена, гэткага? І хто .. [Міхасю] ўбіў у галаву, што ён нейкі асаблівы? Ваданосаў.

У рот (душу) не ўбіць — не да смаку, не пад густ (прадукт, страва і пад.).

Што ўбіў, то ўехаў — пра бесклапотнага, гультаяватага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́цца, удамся, удасіся, удасца; удадзімся, удасцеся, удадуцца; пр. удаўся, удалася, ‑лося; заг. удайся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паспяхова ажыццявіцца, завяршыцца. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай і ўварвацца ў пушчу на гэтым участку — не ўдалася. Брыль. Справа ўдалася, і цяпер .. [Уладзік] ідзе, спакойны і ў добрым гуморы. Крапіва. Узрушаны, задуманы і крыху разгублены, Крывахіж уздыхнуў: палёт у зону ўдаўся. Алешка. // Атрымацца, выйсці вельмі добрым, удалым і пад. Іван Навумавіч не памыліўся: ураджай сапраўды ўдаўся незвычайны. Якімовіч. Аднаго разу ў Лукашыхі не ўдаўся хлеб: чамусьці выйшаў .. з закальцам. Сабаленка. [Сальвэсь:] — Не ўдалося мне жыццё, дык чаму павінны яшчэ бацькі мае пакутаваць? Чорны. // (часцей у пр. часе). Пра людзей, жывыя істоты. З выгляду Пятрок не вельмі прыкметы: ростам не ўдаўся, з твару худы, рыжанькі. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца якім‑н. (што мае якія‑н. якасці, уласцівасці). Дзень удаўся дажджлівы. Бядуля. Світанак удаўся пагодны, Звініць на лугах касавіца. Зарыцкі. Для поўнай урачыстасць, для спаўнення чаканай радасці ўсіх удзельнікаў паездкі, пагода ўдалася ціхая і ясная. Грамовіч. // (часцей у пр. часе). Разм. Пра людзей, жывыя істоты. [Сымон:] Які я ўжо ўдаўся, такі і буду. Купала. А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Якімовіч. Пад лета з Мурвы вырас і ўдаўся добры сабака, падгалісты, злы. Капыловіч.

3. безас. каму і з інф. Аказацца магчымым зрабіць што‑н.; пашчаслівіцца. З вельмі вялікімі намаганнямі .. [радысту] ўдалося прабрацца да ракі. Шамякін. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго [Лабановіча] — маладыя ногі, да хады прывычныя. Колас. Некуды трэба было зайсці [Паходню], бо дома .. пазбавіцца пачуцця адзіноты не ўдасца. Хадкевіч.

4. (часцей у пр. часе), у каго. Урадзіцца, вырасці падобным на каго‑н. [Іваноў:] Ну і характар у цябе. Нябожчыца маці была мяккай душы чалавек. Ты ў каго ўдаўся? Кучар. Максім удаўся не ў шчуплага бацьку. У хлопца былі шырачэзныя плечы, пудовыя кулакі. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Урэзацца, зайсці далёка ў глыб чаго‑н. Бераг удаўся ў мора. // Запасці. Вочы [Петруся] ўдаліся глыбей у арбіты. Гартны.

6. перан.; у што. Унікнуць, паглыбіцца ў што‑н., аддацца якой‑н. дзейнасці; захапіцца чым‑н. Удацца ў сутнасць справы. □ Вера ўдалася ў пісанне, [Марына Паўлаўна] з прагавітай увагай разглядала яе схілены над паперай твар. Зарэцкі. // Аддацца якому‑н. пачуццю, упасці ў які‑н. стан. Удацца ў тугу. Удацца ў фантазію.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)