пакача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Качаць некаторы час. Пагуляюць [дзеці] у хаце, пры лучыне, а потым ідуць на вуліцу. Вядома, малыя: трэба ж ім і кацёлку пакачаць, і на рэчку збегаць. Якімовіч. [Камандзір:] — Акурат там, я чуў, трэба рабочыя, то і ты трохі разам з іншымі бярвенне пакачай. Сачанка.
2. Разгладзіць, выпрастаць пры дапамозе качалкі ўсё, многае. Пакачаць бялізну.
3. Паваліць на зямлю, перамагчы пры дужанні ўсіх, многіх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашуме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.
1. Нарабіць шуму. Ну і гора з гэтай Касяй! Нагаворыць за траіх, Нашуміць за семярых! Агняцвет. // Накрычаць на каго‑н., нагаварыць чаго‑н. рэзкім тонам. Пад канец нарады Ваўчок неяк паспакайнеў і абмяк — ці то стаміўся, ці адчуў, што залішне нашумеў. Хадкевіч.
2. перан. Прыцягнуць да сябе ўвагу, выклікаць многа размоў. Вось толькі ўчора скончыўся судовы працэс у Гдыні, які нашумеў на ўсю Польшчу. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Стойка перажыць, перанесці што‑н.; вытрываць. У выглядзе высокага бялявага маўчуна амаль зусім не было нічога семіцкага, і ён вось пратрываў ужо блізу два гады ў палоне. Брыль.
2. Прадоўжыць сваё дзеянне, не спыняючыся. Халады пратрываюць да красавіка.
3. Захавацца, праіснаваць нейкі час. Тут нават калі зрабіць высокі насып, і то ён доўга не пратрывае, яго зараз жа размые, знясе паводка. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папячы́ся, ‑пякуся, ‑пячэшся, ‑пячэцца; ‑пячомся, ‑печацеся; пр. папёкся, ‑пяклася, ‑пяклося; зак.
1. Пячыся некаторы час. Калі ўлетку на сонцы не папячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся. Прыказка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спячыся — пра ўсё, многае.
3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Атрымаць пашкоджанні ў выніку ўздзеяння чаго‑н. гарачага, едкага, пякучага — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Папякліся дзеці на пляжы. Папяклося лісце на дрэвах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плаксі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які часта плача. [Галя:] — Ідзіце, ідзіце ўжо дадому, а то сын прачнецца і хопіцца, што няма бацькі, плакаць будзе. Можа, ён у вас вельмі плаксівы? Сабаленка.
2. Такі, які бывае пры плачы; падобны да плачу. Плаксівы голас. □ І Раман, адразу зрабіўшы плаксівы выраз твару, паплёўся ў кватэру. Ваданосаў.
3. Які любіць скардзіцца, наракаць. Дарэмна Апанас наракаў на сваю долю. Дачка яго была не з плаксівых. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапа́шчы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Такі, якога нельга вярнуць, атрымаць назад, які прапаў. Прапашчыя грошы. □ Магло задажджыцца, а тады лічы ячмень прапашчым. Васілевіч.
2. Безнадзейны, няўдачны. [Сузон:] — Ты то, Тарэнта, будзеш жыць, ты цяпер на ногі ўстанеш, а мая справа прапашчая. Галавач.
3. Ні да чаго не прыгодны, дурны, непапраўны. Аднак жа, калі гаварыць шчыра, Адам Свірыдзёнак не быў ужо такім прапашчым гультаём. Сабаленка. [Стары:] — Прапашчы я чалавек, таварыш... Гарэлка губіць мяне... Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
караго́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Масавая народная гульня, якая суправаджаецца танцамі, песнямі і драматычнымі дзеяннямі. Вадзіць карагод. □ Дзе ні паявіцца Алеся, то там будзе і весела, і жыва — могуць песні пайсці, могуць танцы, ад яе могуць пачаць карагод. Скрыган. // Масавы дзіцячы танец-гульня. Дзеці запляскалі ў ладкі і заскакалі ў вясёлым карагодзе вакол елкі. Сіняўскі. / у знач. прысл. караго́дам. Усё скончылася ўдарам: страсянуўся свет, і зоры карагодам пайшлі перад вачамі. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарэ́мшчына, ‑ы, ж.
Разм.
1. Што‑н. дармавое, бясплатнае. Нельга квапіцца на дарэмшчыну. □ — А пан няхай скіне жупан ды сам вядзе саху! — жартавалі мужчыны. Нябось, думалі яны, каб пан меў права ні прыгон, то так лёгка не адрокся б ад дарэмшчыны! Якімовіч.
2. Несправядлівае абвінавачанне; нагавор, паклёп. — Не кажы глупства, — ужо са злосцю паглядзеў на Ягора Чубар, якому вельмі не хацелася, каб узводзілася дарэмшчына на групу палкавога камісара. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ако́рд, ‑а, М ‑дзе, м.
Гарманічнае спалучэнне некалькіх музычных гукаў. [Зынга] ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. Калі б тая радасць і тое шчасце.. маглі б спяваць і звінець сваімі акордамі, то наша вуха чула б найцікавейшую на свеце музыку. Колас. // Гул; гукі. Акорд машын. Акорды лета.
•••
Акорд струн — набор струн для смычковага або шчыпковага інструмента.
Заключны (апошні, развітальны) акорд — дзеянне, з’ява, падзея і пад., якімі што‑н. завяршаецца, заканчваецца.
[Іт. accordo.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.
Выпрастацца, разагнуць спіну. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася. Колас. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Гурскі. // Стаць простым, роўным (пра што‑н. сагнутае). Кручок разагнуўся. □ І на дзіва змяніўся чалавек: патлусцеў, раздабрэў на белых харчах так, што і спіна разагнулася. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)