пустэ́льнік, ‑а, м.
Чалавек, які з рэлігійных меркаванняў адмовіўся ад зносін з людзьмі і пасяліўся ў бязлюдным месцы. Манах-пустэльнік. // Пра чалавека, які жыве ў адзіноце, у бязлюдным месцы. — А, во дзе ты, пустэльнік! — радасна сказала [Марына] Кудлачу, які маляваў за сталом. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́рат, ‑а, М ‑раце, м.
Рыбалоўная снасць, сплеценая з лазовых дубцоў, у выглядзе доўгага конуса з кароткім конусападобным уваходам; верша. Вунь за тым алешнікам пачнецца балота, дзе ў глыбокіх ямах, невялічкіх аеравых азёрах хлапчукі кошыкамі і нератамі лавілі ўюноў і карасёў. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыла́зіць, ‑зіць; ‑зім, ‑зіце, ‑зяць; зак.
Вылезці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Дзеці павылазілі з рова. Валасы павылазілі. □ Загрымелі крэслы, і ўсе павылазілі з-за стала. Колас. На той раскарчованай зямлі напэўна павылазілі бярозкі і хвойкі. Чорны.
•••
Вочы павылазілі гл. вока.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прада́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. прадаўся, ‑далася, ‑далося; зак.
Перайсці на бок праціўніка з-за карысці, уласнай выгады. [Лясніцкі:] — Праз Яню і Марусю мы і дазналіся, што Бразінскі прадаўся СД. Новікаў. — Ваяка, — разглядаючы.. [паліцая], з усмешкай заўважыў Бацька. — Даўно прадаўся? Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прадра́цца, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; зак.
1. Прадзіравіцца, знасіцца да дзірак. Шкарпэткі, звязаныя бабай з воўны, за зіму прадраліся, і голымі пальцамі ног .. адчуваюцца цвікі. Паўлаў.
2. Прайсці, прабрацца з цяжкасцю, прабіцца праз што‑н. Хутчэй бы дабегчы да ракі, прадрацца скрозь лазняк. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяржа́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сяржанта, належыць яму. Сяржанцкае званне. □ І па руках пайшоў ягоны З бліскучай крышкай партабак. І тут сяржанцкія паганы Усе разглядзелі... Гаўрусёў. Віктар Бурачок, які за год вайны здабыў сяржанцкія лычкі, ідзе побач з памкамузводам Смірновым. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утрая́, прысл.
У тры разы, утрайне. Бацька ўвесь час ездзіў з канём па заработках.., бо чалавек з канём зарабляў удвая, а то і ўтрая болей, чым адзін. Дамашэвіч. Я стаяла ў вестыбюлі завода, разглядаючы вялізную, утрая большую за газетны аркуш, газету. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фіна́нсавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фінансаў, звязаны з арганізацыяй фінансаў, з грашовым абаротам і крэдытам. Фінансавая сістэма. Фінансавы план.
2. Разм. Грашовы. Перш за ўсё доктар лекарскіх навук апынуўся ў цяжкім фінансавым становішчы. С. Александровіч.
•••
Фінансавы капітал гл. капітал.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены па модзе, адпаведна з модай. Модны капялюш. □ Сіняе паліто з чорным коцікавым каўняром было моднае, шчыльна аблягала .. [Ірыніну] постаць. Чорны. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант. Мікуліч.
2. Які прытрымліваецца моды, ідзе за модай. Перад.. [Алесем] стаяў Кібрык. У светлым касцюме, вясенні, модны. Шыцік.
3. Які мае адносіны да моды (у 2 знач.).
4. Які карыстаецца папулярнасцю, агульным прызнаннем у гэты перыяд. Модны пісьменнік. Модны раманс. □ Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перанасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак.
1. каго-што і чаго. Перанесці, аднесці куды‑н. паступова або за некалькі прыёмаў усё, вялікую колькасць чаго‑н. Перанасіць усе дровы пад павець. Перанасіць бульбу ў склеп кашамі. □ Колькі Юрка перанасіў адтуль — з бярэзніку і з ячменю — баравікоў... І адзін, і з бацькам... Пташнікаў.
2. што. Знасіць вялікую колькасць чаго‑н. (пра адзежу, абутак і пад.).
3. што. Разм. Пранасіцца даўжэй за што‑н. Мае лапці лазовыя пераносяць твае боты казловыя. Прыказка.
4. каго. Пранасіць дзіця звыш тэрміну (пра цяжарную).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)