кот, ката, М каце, м.
Самец кошкі.
•••
Марскі кот — а) тое, што і коцік (у 2 знач.); б) род марскога ската.
Чаротавы кот — драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых.
Гуляць у ката і мышку гл. гуляць.
(Жыць) як кот з сабакам — пра людзей, якія пастаянна сварацца.
Кату па пяту — вельмі малы ростам.
Купіць ката ў мяшку гл. купіць.
Мінулася кату масленіца; не ўсё кату масленіца гл. масленіца.
Цягнуць ката за хвост гл. цягнуць.
(Як) кот наплакаў — пра вельмі малую колькасць чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камандзіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. камандзіраваць.
2. Службовае заданне, даручэнне, звязанае з паездкай куды-небудзь. Атрымаць камандзіроўку. □ [Тэхнолаг] літаральна за дзень да перавыбарнага сходу раптам па камандзіроўцы выехаў на месяц на Яраслаўскі аўтамабільны завод. Карпаў. // Паездка куды-небудзь са службовым даручэннем. Паехаць у камандзіроўку. Доўгатэрміновая камандзіроўка. □ Апошнія дні бацькі дома няма: ён у камандзіроўцы. Якімовіч.
3. Разм. Камандзіровачнае пасведчанне. Выпісаць камандзіроўку. □ Васіль паказаў .. камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заплята́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заплесціся 1.
2. (у спалучэнні з назоўнікам «ногі»). Няўпэўнена, з цяжкасцю рухацца, чапляцца адна за адну. Па калідору ідзе [Міця], як у тумане. Заплятаюцца ногі. Навуменка. Дзеці змарыліся. Ножкі ў іх запляталіся. Няхай.
3. (у спалучэнні з назоўнікам «язык»). Невыразна, нячленараздзельна вымаўляць. Рая расказвала пра ўсё, што бачыла і перажывала, але язык яе пачаў заплятацца. Новікаў. — Вось я і прыйшоў, Юлька, — гаварыў Андрыян нейкім не сваім голасам; язык яго заплятаўся. Марціновіч.
4. Зал. да заплятаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распача́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; пр. распачаў, ‑ла, ‑ло; зак., што.
1. Інтэнсіўна, актыўна прыступіць да ажыццяўлення чаго‑н.; узяцца за якую‑н. работу, занятак; пачаць. Распачаць будаўніцтва. □ Усе пяць салдат аддзялення Сладкова распачалі аўтаматную страляніну па амбразуры. Сіняўскі. Вядома, і я быў вельмі рады, калі .. [дзед Мацей] аднаго разу распачаў са мной гаворку пра язёў. Ляўданскі.
2. Пачаць карыстацца чым‑н., ужываць што‑н. Буфетчыца, прывабная маладая кабеціна з белымі поўнымі рукамі, сказала, што піва не свежае, — бочку распачалі аж учора раніцай. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэа́льнасць, ‑і, ж.
1. Аб’ектыўная рэчаіснасць; з’явы, факты, рэчы аб’ектыўнай рэчаіснасці. Жыццёвы матэрыял заўсёды праходзіў адпаведную творчую апрацоўку і набываў новыя якасці, станавіўся арганічным сплавам рэальнасці і мастацкага домыслу. С. Александровіч. Штохвіліны думка ўспыхвае трывожнай іскрай, шукае апоры ў навакольнай рэальнасці — цішыні лесу, цёмных начных дрэвах. Навуменка. Адно, што было некатораю рэальнасцю, гэта — запіска ад рэдактара Уласюка на імя інжынера Блока. Колас.
2. Уласцівасць рэальнага. Рэальнасць планаў.
•••
Аб’ектыўная рэальнасць — усё тое, што існуе па-за свядомасцю і незалежна ад яе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сму́так, ‑тку, м.
Пачуццё суму, маркоты, жалю. Я за труной тваёй іду з жалобнай песняй. Глыбока ў сэрцы смутак свой нясу. А. Александровіч. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у хаты, гутарыш з людзьмі і бачыш, як цячэ мірнае, працавітае жыццё, з поспехамі і няўдачамі, з радасцямі і часінамі смутку. Хадкевіч. // Журботны, сумны выраз (вачэй, твару, губ і пад.). Прыкметны смутак стаіўся ў .. карых вачах [Алесі]. Шамякін. На поўны твар .. [Зімчука] лёг смутак. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.
Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н., плату за што‑н. Бедную жанчыну моцна даняла галеча, і яна рашыла прадаць карову. Павяла ў Петрыкаў, старгавалася з купцамі, тыя ёй 70 рублёў, .. яна ім — вяроўку ў рукі, на тым і разышліся. Палтаран. Купіла хату .. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. // Дамовіцца з кім‑н. адносна чаго‑н. па аснове ўзаемнай выгады. Нарэшце старгаваліся, што .. [Марцін Астаповіч] будзе мець права на дваццаць год арандаваць тую паўдзесяціну. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыска́ць, сышчу, сышчаш, свішча; зак., каго-што.
1. Прымусіць заплаціць; патрабаваць, атрымаць з каго‑н. у прымусовым парадку. За свой прыезд у панскі двор Сыскаць з Данілы сорак злотых. Колас. [Сцепаніда:] — Не аддам! А пасаг сышчу праз суд! [Якаў:] — Скулу сышчаш, а не пасаг... Парызыкуй. Галавач. // Вярнуць сабе што‑н. пазычанае каму‑н. Сыскаць хамут і аброць.
2. Разм. Знайсці; адшукаць. Гануля і Яўхім па натуры былі маўклівыя і панурыя. Жартуючы, пра іх казалі: «Чорт сем пар лапц[ей] стаптаў, пакуль такую пару сыскаў». Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́сіцца, трушуся, трусішся, трусіцца; незак.
Абл.
1. Дрыжаць ад страху, сцюжы і пад. [Рыль:] — Трусімся мы, але і знаку не падаём, што ў нас на мыслі. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Растрасацца, церушыцца. Салома трусілася з воза. // Падаць дробнымі кропелькамі. Усю раніцу трусіўся дожджык.
3. Трэсціся, едучы па дрогкай дарозе. Тры дні трусіўся на калёсах. □ Ванька з прарэхам пад пахай трусіцца на козлах. Караткевіч.
4. Бегчы трушком. І таксама, як .. [дзядзька Ахрэм], дробна трусіўся следам за ім яго неразлучны калматы таварыш. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыбуна́л, ‑а, м.
1. Спецыяльны судовы орган па разгляду ваенных і асабліва цяжкіх грамадзянскіх злачынстваў. Ваенны трыбунал. □ [Мірон Іванавіч:] — Аднак ты гарачая ў нас, Надзежда Астапаўна, Цябе б проста старшынёй спецыяльнага трыбунала. Лынькоў. // зб. Суддзі, судовая калегія гэтага органа. — Таварыш палкоўнік, а можа цяпер ззавём трыбунал? — для паўнаты карціны спытаў я. Няхай.
2. Разгляд судовых спраў такім органам. За цюк бязі, украдзены з чужога эшалона, калі ехалі з-пад Выбарга ў Гарту, двое разведчыкаў пайшлі пад трыбунал. Навуменка. // Судовае пасяджэнне гэтага органа.
[Ад лац. tribunal — судзілішча.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)