афары́зм, ‑а, м.
Трапны лаканічны выраз павучальнага характару; сентэнцыя, навучанне, выслоўе. — Каго ты хочаш у дурнях пакінуць? — зняважліва пытае пісар. — Скажы мне, з кім ты знаёмы, і я табе скажу, хто ты, — прыводзіць ён вядомы афарызм. Колас. Бадай і не назавеш такой байкі народнага пісьменніка, з якой людзі не ўзялі б сабе крылатага выразу, дасціпнага выслоўя, афарызма. Казека.
[Грэч. aphorismos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да вады; звязаны з вадой. Водны шлях, рэжым. Водная перашкода, энергія. □ [Андрэй:] — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўсю Кашыцкую нізіну. І цяпер такі водны прастор, проста мора. Шамякін. Мінскае возера зрабілася цэнтрам воднага спорту ў горадзе. «Беларусь». // Які ўтрымлівае ў сабе ваду. Водны раствор.
•••
Воднае пола гл. пола.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Выкапаць акопы, траншэі, земляныя шчыліны, зрабіць насыпы для абароны ад варожага агню. Салдаты акапаліся, заслалі акопы травой і ўклаліся спаць. Хомчанка. Вара.. зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Знайсці сабе надзейны прытулак; надоўга асесці. А на хутары, паціху, Акапаўся зноў Кузьма. Агародніцтвам заняўся, Засадзіў вялізны сад. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., каго-што.
1. Злёгку абмыць. [Бабка] унуку і ваду на рукі палівае, і кажа, каб хоць шыю сабе апаласкаў, бо яна ад загару і пылу стала чорная як зямля. Пестрак.
2. перан. Абгаварыць каго‑н. [Вашыновіч:] — У нас народ такі. Дзе што якое пачуюць, дык.. як паднімуць гаворку. Усіх па костачках разбяруць, усіх апалошчуць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́кладка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак, ж.
1. Тое, што павінен мець пры сабе салдат у паходзе. Баявая выкладка.
2. звычайна мн. (вы́кладкі, ‑дак). Разлікі, вылічэнні; аргументы, доказы. Матэматычныя выкладкі. □ Прайшло яшчэ колькі часу, і гэты метад быў усебакова абгрунтаваны, падмацаваны тэхнічнымі выкладкамі, правераны практыкай. Васілёнак.
3. Дзеянне паводле дзеясл. выкласці (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кі́дкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які рэзка кідаецца ў вочы; яркі, прыметны. — Надзень сабе так што, не кідкае, — прасіла і павучала маці. Паўлаў. Рабіна заружавела .. яркім, кідкім хараством. Мележ.
2. Падатлівы, ахвочы, схільны да чаго‑н. Самі ж радульцы — людзі не гаваркія, не надта кідкія на размовы з незнаёмымі людзьмі, і ад іх мы даведаліся мала што... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кава́рны, ‑ая, ‑ае.
Які пад знешняй добразычлівасцю тоіць злыя замыслы; вераломны, хітры. Каварны вораг. Каварныя словы. □ [У Ані] зарадзіўся каварны план: пайсці купіць і яму білет, але на які-небудзь задні рад. Карпюк. // Які выражае вераломства, каварства. Каварная ўсмешка. // Які тоіць у сабе нечаканую небяспеку, непрыемнасць. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры і іншых прамудрасцях дакладных навук. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каду́к, ‑а, м.
Разм. Чорт, д’ябал. — А чаму ты не будзеш там? Куды цябе кадук схапіць пад той час. Машара.
•••
Кадук з ім (з ёй, з імі, з табой, з вамі) — хай сабе будзе і так, нічога дрэннага тут няма (быць не можа).
Кадук яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — нічога невядома (пра каго‑, што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закля́цце, ‑я, н.
Уст.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заклінаць — заклясці.
2. Тое, што і заклінанне (у 2 знач.). Мая дарагая матуля, Прывет і паклон мой табе, Тваё я закляцце ад кулі Заўсёды нашу пры сабе. Астрэйка.
3. Клятва, абяцанне, зарок. На гэтых завушніцах я напісаў закляцце — Усё, што не сказаў ёй, А ў чым хацеў прызнацца. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дна, прысл.
Разм.
1. Прысл. да ладны.
2. у знач. сцвярджальнай часціцы. Ужываецца для выражэння згоды, пацвярджэння чаго‑н.; азначае: добра, хай сабе і так. [Пятрусь:] — Я папрашу вас нагрэць нам гарбаты... Адкульсьці з глыбіні кватэры даляцела: — Ладна! Гартны. У момант знеслі яму ўсе пісьмы, папрасілі кінуць іх у горадзе ў паштовую скрынку. — Ладна, кіну, — паабяцаў шафёр. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)