Сіга́ць ‘скакаць’, ‘бегчы, шпарка ісці шырокімі крокамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Нар. сл., ЛА, 2), ‘імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), сігну́ць ‘ступіць’ (Нас.; карэліц., Сл. ПЗБ), сіг ‘крок, скок’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Рус. сига́ть ‘скакаць’, сиг ‘скок’. Брукнер (490) адносіць сюды ж і польск. дыял. (у XVI ст. запісана як мазавецкае) sigać ‘кідаць’, а таксама ц.-слав. сиг ‘костка для гульні’ і серб.-харв. си̏га ‘stalactites’. Апошнія два прыклады няпэўныя, у іншых крыніцах не згадваюцца. Бліжэйшыя паралелі бачаць у ст.-інд. śīghráh̥ ‘хуткі, скоры’, ст.-англ. hígian ‘спяшыць, напружвацца, імкнуцца’; гл. Сольмсен, KZ, 38, 143; Майргофер, 3, 348. Іншая версія — ад *sęgati (гл. сягаць) з другасным ‑i‑, як гэта мяркуе Праабражэнскі (2, 248), менш верагодная, аднак для некаторых значэнняў тыпу лаг. sihać ‘дамагацца’ цалкам дапушчальная. Думку Расянена (FUF, 29, 198) аб запазычанні з чув. sik‑ ‘скакаць’, тур. säkmäk ‘тс’ Фасмер (3, 618) адвяргае з прычыны наяўнасці слова ў беларускай мове. Меркаванні Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 39) пра рускае і беларускае слова як булгарызм не пераконваюць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
цаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. у каго-што, па кім-чым. Накіроўваць стрэл, удар у пэўную цэль. Паліцай цаляў у Андрыяна, але папаў у яго таварыша. Марціновіч. Спачатку немцы спрабавалі агрызацца, цалялі па самалётах з зенітак. Сачанка. // у што. Імкнуцца папасці (рукой, нагой і пад.) куды‑н., у што‑н. Усе яшчэ спалі, толькі Вара, пазяхаючы, цаляла рукой у рукаў ватоўкі і ніяк не магла патрапіць. Сабаленка. Не адставай, сынок, не адставай, — раз-пораз падахвочваў тата мяне. — Ты ў мае сляды цаляй — лягчэй будзе ісці. Пальчэўскі. // перан.; у каго-што. Разм. Мець каго‑н. на ўвазе. Каб не было памылкі, у каго ён цаляе, Чорны зрабіў сугучнымі прозвішчы прататыпа і героя. Лужанін. // да каго-чаго, на каго-што. Разм. Ісці, кіравацца ў пэўным напрамку. Адзін цаляў да Валодзі, другі накіраваўся да Івана. Новікаў.
2. Пападаць, трапляць. Кулі сыпаліся градам, а .. [Андрэй] не адчуваў, не заўважаў, куды яны цалялі. Кулакоўскі.
3. перан. Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, месца. Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед. Колас. — Эге, весела сёння ў народнай! — гукнуў ад парога Мальчэўскі. — Хто тут сёння ў завадатары цаляе? Васілёнак. // з інф. Імкнуцца зрабіць што‑н. пэўным чынам, у пэўны час або ў пэўным месцы. [Валодзя], відаць, цаляў выходзіць з дому і прыходзіць так, каб не трапляцца мне на вочы. Сабаленка. Як толькі малыя з заняткаў, дык.. [жанчыны] ў школу. І ўсё цаляюць заходзіць па адной. Кавалёў.
•••
Зуб на зуб не цаляе — тое, што і зуб на зуб не пападае (гл. зуб).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лячы́ць, лячу, лечыш, лечыць; незак., каго-што.
Імкнуцца паправіць, вярнуць здароўе пры дапамозе лекаў і іншых медыцынскіх сродкаў. Лячыць хворага. □ Цэлы год лечаць .. [Сасакі] дактары і ніяк не могуць вылечыць, не могуць перамагчы лютай, няўмольнай хваробы. Арабей. // Прымяняць лекі і іншыя медыцынскія сродкі для вылечвання якога‑н. хворага органа. Лячыць сэрца. Лячыць лёгкія. // Прымаць захады для спынення якой‑н. хваробы. Лячыць грып. // перан. Разм. Адбудоўваць, аднаўляць. Край ажывае, Лечыць свае раны, Будуе дбайна Свой шчаслівы лёс. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напярэ́ймы, прысл. і прыназ.
Разм.
1. прысл. З мэтай перахапіць каго‑, што‑н., рухаючыся яму насустрач; наперарэз. Бегчы напярэймы. □ Людзі павыбягалі з хат і зямлянак, бягуць напярэймы, каб спыніць вала. Марціновіч.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «напярэймы» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на асобу або прадмет, якім імкнуцца зайсці наперад, каб перахапіць іх. Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Колас. Удалечыні быў відзён яшчэ адзін трактар, і я пайшоў напярэймы яму. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яд, ‑у, М ядзе, м.
1. Рэчыва, здольнае выклікаць атручэнне, смерць жывога арганізма. Пчаліны яд. □ Яд гадзюкі на барсука амаль не дзейнічае. «Беларусь». / Разм. Пра шкодныя для здароўя напіткі, ежу і пад. Гарэлка шкодзіць, гэта — яд. // перан.; чаго. Пра ўсё тое, што шкодна дзейнічае на каго‑, што‑н. Атручваючы свядомасць працоўных ядам нацыяналізму, эксплуататарскія класы імкнуцца зрабіць іх няздольнымі да барацьбы за свае класавыя інтарэсы. «Весці».
2. перан. Злосць, з’едлівасць. Кожны гад мае свой яд. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сцёклы ’тонкі, худы’ (ТС), сцёклісты, сцеклі́сты ’тонкі, высокі’ (ТС, Арх. Вяр.). Параўн. укр. дыял. сте́клий ’тонкі і высокі (пра расліну, што вырасла ў цяньку)’, стекли́стий ’высокі, тонкі (пра дрэва)’, рус. оте́коватый ’танкаваты, слабы (пра жыта)’, польск. спец. ciekoł ’верхавінны леташні выростак на маладых соснах; каш. vëcekli ’высокі, шчуплы, тонкі, худы (пра чалавека і жывёлу)’. Вытворныя ад прасл. *tekti ў спецыфічным значэнні ’імкнуцца, падымацца ўверх’, параўн. *gъnati (гл. гнаць) і го́нкі ’высокі’, гл. Варбат, Этим. иссл. 6, 1996, 13; гл. сцякаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Збірацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне; намервацца. Як толькі я мерыўся ісці, Усцім заступаў мне дарогу, затрымліваў, пытаючыся пра розныя рэчы. Сабаленка. Ліс поўз на жываце, выцягнуўшы галаву, нібы мерыўся раптоўна скочыць на свайго праціўніка. Ваданосаў. // Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, пасаду; меціць. — Вось твой Васіль дык маладзец, — І ў далоні пляснула, — Ён, кажуць, мерыцца ў зяці Да старшыні, да Яснага? Ставер. Падмятальнік стаяў у натоўпе ля хлопца, што мерыўся быць за старшыню сходу. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вастры́ць, вастру, вострыш, вострыць; незак., што.
1. Рабіць што‑н. вострым. Вастрыць нож. Вастрыць аловак. □ Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны.
2. перан. Рабіць што‑н. больш успрымальным. Вастрыць слых.
•••
Вастрыць зброю — рыхтавацца да ўзброенага нападу на каго‑н., да вайны.
Вастрыць (тачыць) зуб (зубы) — а) на каго. Маючы злосць на каго‑н., імкнуцца нашкодзіць яму, нарабіць непрыемнасцей; б) на што. Мець вялікае жаданне завалодаць чым‑н., захапіць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ідэа́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Вышэйшая мэта, да якой імкнуцца людзі і якая кіруе іх дзейнасцю. Агульначалавечы ідэал. Высокія грамадскія ідэалы. □ [Нявідны] ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. Колас.
2. ‑у; чаго або які. Дасканалы ўзор чаго‑н. Ідэал шчасця. Ідэал прыгожага.
3. ‑а; чый. Пра таго, хто з’яўляецца для каго‑н. вышэйшым ўвасабленнем якіх‑н. якасцей, узорам годнасці. З прачытанай літаратуры Кася вынесла вобраз свайго ідэала — рыцара, князя, аб якім марыць. Карпюк.
[Фр. idéal.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няба́чаны, ‑ая, ‑ае.
Выключны, незвычайны (па сіле праяўлення). Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі. Нябачанымі да гэтага часу тэмпамі расцвітае эканоміка і культура. Пестрак. // Такі, які не сустракаўся раней, якога не даводзілася бачыць. Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт. Чарот. [Музыку] прывезлі ў панскія пакоі, і ён здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Таямнічы, дзіўны. Іван і Арцём дужа зблізіліся. Нейкія нябачаныя, невядомыя ніці прыцягвалі іх адзін да другога. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)