зало́м 1, ‑а і ‑у.

1. Дзеянне паводле дзеясл. заломваць — заламаць ​1 (у 1 знач.).

2. ‑а. Заломленае месца на чым‑н. Залом на суку. // Круты, рэзкі выгіб, паварот чаго‑н. [Адась Гушка] знік за заломам акопа. Чорны. Строга звёўшы тонкія, з сярдзітым заломам бровы,.. [Малання] азірнулася. Мележ.

3. ‑а. Зблытаны і заламаны чараўніком пук жытніх сцяблоў, які, па ўяўленню забабонных людзей, мог наклікаць бяду на гаспадара нівы. Вядзьмар і шэпча, і заломы вырывае, і ўсялякім чарадзействам займаецца. Якімовіч.

•••

Заламаць залом гл. заламаць ​1.

зало́м 2, ‑а, м.

Буйны і тлусты каспійскі селядзец. Ужо запаўняюць шырокія бочкі Срабрыстыя омулі, сыты залом. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гар, ‑у, м.

1. Едкі пах ад няпоўнага згарання чаго‑н. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў.

2. Рэшткі ад згарання якога‑н. рэчыва; нагар. На каменне падаў чорны гар. Вядомы Настачцы свет канчаўся і тлеў. Чорны.

3. Выпаленае месца ў лесе; пажарышча. Так і стаяць у мяне перад вачамі тая далёкая Палеская зямля, шырокія лясныя гары з абвугленымі стваламі і адзінокае.. печышча сярод кучы попелу. Хомчанка.

4. Адходы, рэшткі перагарэлага каменнага вугалю, якія скарыстоўваюцца пры будаўніцтве дарог і інш.

•••

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць гл. гарэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыро́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікія памеры ў папярочніку; проціл. вузкі. Тратуар шырокі. Па ім ідзе многа людзей. Брыль. Вагоны ў цягніку былі надзвычай прыгожыя, усё з шырокімі вокнамі. Лынькоў. Мужчына прыцмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай. Прайшло шмат часу, а яны [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Буйны, плячысты, каранасты (пра склад цела чалавека). Ліпа Варфаламееўна — шырокая, высокая, дзябёлая і таксама вельмі ветлівая, вельмі гаваркая, вельмі шчырая. Пянкрат. А той [Максім], высокі, шырокі ў плячах, але крыху згорблены, праціснуўся наперад. Капусцін.

2. Свабодны па пакрою, які не прылягае да фігуры. Поп выйшаў босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан. Колас. Сівы, увесь ружовенькі, як анісавы яблык, з запалым, як у бабулькі, ротам, апрануты.. [сусед] быў у шырокі салдацкі мундзір. Ракітны.

3. Які займае сабой вялікую прастору; вялізны. Налева адкрыўся шырокі плёс. Брыль. Шырокі парк, густы агрэст, Шумяць дубы і клёны. Прыходзька. На луг шырокі Грамада рушыла касцоў. Гурло. Я праходжу, Мая краіна, Твой шырокі, Як свет, Прастор. Глебка.

4. Размашысты, свабодны (пра крокі, рухі і пад.). Ад ложка доктар пайшоў хутка, шырокім крокам, як спяшаўся куды. Пташнікаў. — Прашу! — Гунава, ідучы да стала, зрабіў шырокі, гасцінны жэст. Самуйлёнак.

5. перан. Вялікі па колькасці, ступені ахопу, размаху і пад. Шырокая сетка школ. Шырокія паўнамоцтвы. Шырокія планы. □ Шырокая аўдыторыя таксама прыкмеціла і запомніла інтэлігентнага лектара, які ўмеў вельмі жыва і цікава расказаць пра творчасць Някрасава ці Маякоўскага. Ліс. // Вялікі, значны па багаццю, разнастайны па выбар і пад. Шырокая начытанасць. Спецыяліст шырокага профілю. Шырокая праграма навуковых даследаванняў. □ У чайной заўсёды шырокі асартымент страў. «Беларусь». // Неабмежаваны, агульны. — Мы павінны лячыць фактычна здаровых людзей, разумеючы лячэнне ў шырокім сэнсе гэтага слова. Шахавец. Творчы кругагляд Самуйлёнка вельмі шырокі, цікавіўся ён многім. «Маладосць». Пад восень 1943 года пачалося наша шырокае наступленне. Лужанін. // Які вызначаецца вялікім размахам у дзейнасці, шчодрасцю ў выяўленні сваіх пачуццяў і пад. Гэта быў чалавек з адкрытым, шырокім характарам. «Маладосць». Ты ведай, дзяўчына, павер, дарагая, Даўно ў маім сэрцы шырокім жывеш. Бялевіч. // Свабодны і гучны. Напевамі песні шырокай Гамоняць палі і лугі. Колас. Песня хлынула шырокая, працяжная... Грамовіч.

6. перан. Які ахоплівае ўсё, многае або ўсіх, многіх, распаўсюджваецца на ўсё, многае або ўсіх, многіх; масавы. Шырокае сацыялістычнае спаборніцтва. Шырокія колы чытачоў. □ Бальшавікі разгарнулі сярод салдат шырокую агітацыю, растлумачваючы ім сапраўдныя мэты і прычыны вайны, паказваючы, у чыіх інтарэсах яна вядзецца. Кудраўцаў. Таварыства [аховы помнікаў гісторыі і культуры] праводзіць шырокую прапагандысцкую работу. «Помнікі». // Які з’яўляецца прадстаўніком многіх людзей. Шырокі чытач. // Распаўсюджаны, вядомы многім. Шырокая папулярнасць. □ Шырокі рэзананс кабыла беларуская літаратура на Украіне ў пачатку ХХ стагоддзя. «Полымя». // Прызначаны для многіх людзей, разлічаны на шырокія масы. На прадпрыемствах Ніжняга Тагіла расшыраецца выраб тавараў шырокага ўжытку. «Звязда».

•••

Шырокі экран гл. экран.

На шырокую нагу гл. нага.

Шырокая косць; шырокі ў косці гл. косць.

Шырокая натура гл. натура.

Шырокім фронтам гл. фронт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́рткі мн. л. ’штаны, летнія штаны’, ’нагавіцы з саматканага сукна’, ’гаці’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; гродз., зах.-мін., ДАБМ, к. 326; Мал., Малч., Касп., Сл. ПЗБ, Ласт.), ’кальсоны’ (Мат. Гом.), ст.-бел. порты ’шаты, адзенне’: и подрал мордохаи порты свои (Альтбаўэр, 159), поръты ’назва для сподніх палатняных штаноў’ (Сл. Скар.), рус. портки ’тс’, польск. portki, porciaki, porty, portasy ’мужчынскія звычайныя штаны’, ’шырокія штаны’, ’абы-якія мужыцкія штаны’, ’шляхецкія штаны мясцовага крою, у адрозненні ад замежных’, ’два камлі дрэва з аднаго кораня, вілы’, ’сцёгны нагі’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад порт2 (гл.); адсюль, хутчэй за ўсё, цюрк. pyrty ’зношанае, парванае адзенне, лахманы, шмаццё’. Аг.-польск. portki лічыцца запазычаннем з усх.-слав., бо замест *partki Банькоўскі (2, 706) адзначае з’яўленне польск. portki ў XVI–XVIII стст. Мабыць, порты, порткі ў першасным значэнні ’сшытыя два кавалкі порта без дадатковага крою’ з выразнай анатацыяй ’простае адзенне’, ’адзенне простага чалавека’, параўн. рус. дыял. по́рты/порты́ ’сшытае палатно, сшыты порт’, ’шматы’, польск. portka ’доўгі і вузкі мяшэчак, падобны да калашыны’: pszenica w portkach.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́ры 1, ‑ая, ‑ае.

Карычневы (пра колер вачэй). Роўненькі прабор валасоў здаваўся залацістым, карыя вочы былі колеру добра выспелай вішні. Дуброўскі. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

[Ад цюрк. кара — чорны.]

ка́ры 2, ‑аў; адз. няма.

1. Сані для перавозкі бярвення. Людзі.. вазілі дахаты бярвенне на карах, на звычайных санях. Бядуля. Два калгаснікі канём, запрэжаным у кароценькія, шырокія, як атопак, кары, вытралёўвалі бярвенне да дарогі. Дуброўскі.

2. Вялікія калёсы для перавозкі грузаў. Шэсць чалавек правілі кары: жніво і ўборка, з поля, былі блізка. Чорны. Увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі: тут былі карэты, брычкі, вазы, кары. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніз, ‑у; мн. нізы, ‑оў; м.

1. Ніжняя частка чаго‑н.; проціл. верх. Верх халяў быў шэры ад пылу, а ніз памок ад расы. Мележ. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. Колас. // Разм. Ніжні паверх дома.

2. Паверхня, бок прадмета, процілеглы яго верху. Ніз вечка. // Унутраны бок (матэрыі, вопраткі); спод.

3. Нізіннае месца. Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас.

4. Ніжняе цячэнне ракі; нізоўе.

5. толькі мн. (нізы, ‑оў). Шырокія пласты працоўнага народа. Вялікі грамадзянскі і пісьменніцкі подзвіг Купалы .. у тым, што выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.

6. толькі мн. (нізы, ‑оў). Ніжнія ноты. Браць нізы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непраніка́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Праз які не пранікаюць вада, газы, гукі і пад. Непранікальная перагародка. // Праз які нельга прайсці, прабрацца. Непранікальны гушчар. □ Цякуць па.. [лясах] нязведаныя ручаіны, скрытна і ўпарта прабіваючыся праз нетры, пад аховаю, — то гонкіх сосен, .. то непранікальных чаротаў. Пестрак. // Праз які нельга ўбачыць што‑н. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы. Колас. Вакол стаяла непранікальная, непраглядная .. сцяна дажджу. Караткевіч.

2. перан. Які хавае ад іншых свае намеры, думкі, пачуцці; скрытны. Шырокія бровы [Агея Міхайлавіча] былі ссунуты, выраз твару непранікальны, і Венька не мог зразумець, да чаго адносіцца заўвага настаўніка... Шыловіч. Непранікальныя вочы .. [Зіны] утаропіліся некуды ў адну кропку і, здавалася, нічога і нікога не заўважаюць вакол. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаны з шэрагу іншых, існуе асобна побач з іншымі. Але ў таленце асобнага чалавека скандэнсаваны вопыт многіх пакаленняў людзей. Адамовіч. // Некаторы, адзінкавы. [Маханько:] — Тое, што ў мінулым годзе было толькі на асобных участках, павінна перайсці на шырокія плошчы. Кулакоўскі. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. // Адасоблены ад іншых, спецыяльна прызначаны для чаго‑н.; адмысловы. Зося моўчкі пачала аглядаць: кухня і тры пакоі. І з кожнага ў кухню асобны ход. Чорны. // Своеасаблівы, адметны. Так, і праўда: непадобны Быў Сымонка да другіх: Гэта быў хлапчук асобны. Колас. Гэты быў нібы зусім асобны свет. Маўр.

2. Які з’яўляецца самастойнай тактычнай адзінкай, што не ўваходзіць у склад больш буйнага вайсковага злучэння. Асобны батальён. Асобная брыгада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кана́л, ‑а, м.

1. Напоўненае вадой штучнае рэчышча, прызначанае для суднаходнай сувязі паміж асобнымі вадаёмамі, а таксама для водазабеспячэння, арашэння, асушэння балот і інш. Асушальны канал. Беламорска-Балтыйскі канал. Абвадняльны канал. □ Машына стаяла сярод алешніку, на беразе роўнага, як страла, калектарнага канала, які ўразаўся ў глыб балота. Краўчанка.

2. Вузкая поласць у выглядзе трубы, трубкі ўнутры чаго‑н. Канал ствала гарматы. Кабельны канал.

3. У арганізме жывёлы і чалавека — звілістая трубка, праз якую праходзяць тыя ці іншыя рэчывы. Кішэчны канал. Мочаспускальны канал.

4. Спец. Лінія сувязі, камунікацыі. Перадача вядзецца па трох каналах.

5. толькі мн. (кана́лы, ‑аў); перан. Шляхі пранікнення, пашырэння чаго‑н.; сродкі для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычныя каналы. □ Шырокія і трывалыя гандлёвыя сувязі горада з Масквой, Ноўгарадам, Смаленскам .. служылі разам з тым і каналамі культурных сувязей. Алексютовіч.

[Ад лац. canalis — труба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смоль, ‑і, ж.

1. Смала (звычайна ў паэтычнай мове). Пахне смоллю Лясной, Аплывае жывіца. Лужанін. Усё было мне міла тут: Над Нёманам зялёны кут, Палі шырокія, узгоркі, І смоль сасны, і ў небе зоркі. Астрэйка. Векавечны, хмуры бор Горда ўзносіцца высокі, Моцна пахне хвояў смоль Ад пякучай ліпня спёкі. Жылка.

2. Смалісты кавалак драўніны; смаліна. Нават хата старая, ад таго, што гарэла на к[а]мінку смоль.., здалася прытульнай, цёплай. Галавач.

3. Гарэлае, гар; смаль. Мост дагараў. Пахла дымам, смоллю. Лынькоў. Ад Бугроў нясло чадам і смоллю. М. Ткачоў.

4. перан. Пра чорныя валасы; наогул што‑н. чорнае. Толькі і было той адзнакі гадоў, што паважная сівізна, якая ўбілася неяк непрыкметна ў колішнюю смоль валасоў. Лынькоў. Кубанак смоль, Чупрын віхры — любому заглядзецца... Калачынскі.

•••

Як смоль (чорны) — вельмі чорны і бліскучы (звычайна пра валасы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)