дасту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Стукаючы, дабіцца адказу. Дастукацца ў хату. Дастукацца да суседзяў. □ [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу, і ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Сабаленка. // Разм. Дасягнуць свайго настойлівымі намаганнямі. Мікалай Камароўскі два разы ездзіў у раён.., а нічога адразу дастукацца не мог. Чорны.

2. Разм. Адмоўнымі паводзінамі наклікаць на сябе бяду, непрыемнасці. — Эх, Андрэй, Андрэй, да чаго ж ты дажыў, да чаго ж дастукаўся: ні раздолля табе, ні жазлоў, ні пуцёвак. Стой, гібей са сваёй кукушкай-свістушкай! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасе́лішча, ‑а, н.

1. Спец. Месца, дзе захаваліся сляды старажытнага пасялення; селішча. Раскопкі старажытнага паселішча.

2. Месца, заселенае людзьмі; вёска, сяло, пасёлак. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы, затое дзікіх звяроў і птушак было тут вялікае мноства. В. Вольскі. Здавалася, што гэтае прыгожае паселішча стаіць тут спрадвеку, не старэючы і не хілячыся на бок смалістымі сценамі сваіх хат. Паслядовіч. // Месца, дзе жывуць або будуюць сабе жыллё некаторыя віды дзікай жывёлы. Узніклі новыя паселішчы баброў у пойме Бярэзіны і ў ціхіх затоках. Самусенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэгістрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Запісваць у кнігу, у спіс, у рэгістр; браць на ўлік. Рэгістраваць карэспандэнцыю. Рэгістраваць дэлегатаў з’езда. □ — Трэба нам завесці свой касавы журнал, рэгістраваць у ім дакументы, каб каса нечым правяралася. Скрыган.

2. Афармляць юрыдычна з мэтай уліку або надання чаму‑н. законнай сілы. Рэгістраваць нараджэнне. Рэгістраваць шлюб. // Запісваць, адзначаць якую‑н. з’яву, факт. Рэгістраваць змены надвор’я. □ [Захараў:] — Ваша газета, якая цяпер толькі рэгіструе факты і рэдка калі выступае ініцыятарам якога-небудзь каштоўнага мерапрыемства, стала б сапраўдным вашым баявым памочнікам. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́дкасць, ‑і, ж.

1. Якасць чаго‑н. рэдкага. Рэдкасць насельніцтва. Рэдкасць лесу.

2. Прадмет, выпадак, з’ява, якія рэдка сустракаюцца, бываюць не часта. А баравік — рэдкасць. Таму і не любяць грыбнікі гэтых мясцін. Кандрусевіч. У Запаляр’і, дзе навокал ляжыць тундра і жывыя кветкі з’яўляюцца рэдкасцю, .. [Нарыльск] увесь у кветках, дагледжаных чалавекам. Скрыган.

•••

Музейная рэдкасць — пра што‑н. устарэлае, што выйшла з ужытку, не мае практычнага прымянення.

На рэдкасць — у вышэйшай ступені, выключна. Вось Мірон Сцяпанавіч Бельскі. Добры, на рэдкасць мілы чалавек. Ракітны. Дні стаялі на рэдкасць пагодлівыя. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́ведзь, ‑і, ж.

1. У хрысціянскай царкве — пакаянне ў сваіх грахах перад свяшчэннікам і дараванне ім грахоў. Мужчыны малінаўскія былі не вельмі багамольныя, у царкву хадзілі рэдка, але споведзі ды прычасця не прапускалі. Чарнышэвіч.

2. перан. Шчыры расказ пра ўласнае жыццё; прызнанне ў чым‑н. А, думаецца, хаця б хто выслухаў тваю споведзь і адно-другое слова ўцехі праказаў, — ох, колькі б цяжару спала з плеч! Гартны. Пятрок з прыемнасцю слухаў шчырую споведзь таварыша, які не так ужо і даўно думаў зусім інакш. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.

1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.

2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асудзі́ць, асуджу, асудзіш, асудзіць; зак., каго-што.

1. Прызнаўшы вінаватым, вынесці абвінаваўчы прыгавор.

2. Прызнаць заганным, ганебным што‑н.; выказаць неадабрэнне каму‑, чаму‑н. Адна толькі Волька, ідучы паўз хату Лявона, рэдка калі прамінала, каб не асудзіць уголас старых. Васілевіч. Старэйшыя жанчыны сурова асудзілі [Таццяну] за тое, што яна кінула дзіця. Шамякін.

3. перан.; на што або з інф. Аддаць, пакінуць (на волю лёсу, на голад і пад.). Фашысцкія акупанты імкнуліся зрабіць партызанскія раёны зонай пустэчы, вынішчыць пасевы і тым самым асудзіць насельніцтва і народных мсціўцаў на голад. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́дла, ‑ы, ж.

1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.

2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які свеціцца праменямі, ад якога ідуць прамені. Зімняе сонейка рэдка калі бывае яркім, прамяністым. Краўчанка. // Поўны святла, ззяння, бляску. За акном разгараецца дзень прамяністы. Панчанка. Зыркаюць прамяністыя агні ў калгасным клубе. Пянкрат. // перан. Поўны радасці, шчасця і пад. Прамяністыя надзеі. Прамяністая будучыня. // перан. Напоўнены ўнутраным ззяннем (пра вочы). Цеплыня выходзіла і ад .. [Марынчынай] рукі, і ад гэтых слоў, і ад прамяністых вачэй. Хадкевіч.

2. Які разыходзіцца праменямі, нагадвае прамені. Жаўтаваты твар з прамяністымі маршчынамі вакол вачэй гаварыў, што нямала гора перанесла кабета. Васілевіч.

3. Спец. Які ўзнікае пры выпраменьванні. Прамяністая цеплыня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. з інф., чым, чаму і без дап. Набыць навык, спрыт у якой‑н. справе; навучыцца рабіць што‑н. Палонны найбольш трапляў гаварыць па-польску, але за год налаўчыўся ўжо крыху і па-тутэйшаму. Чорны. З дзіцячых гадоў яшчэ Павел палюбіў лыжы.. А калі пасталеў, ён так налаўчыўся хадзіць на іх, што рэдка хто мог яго абагнаць. Шахавец. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка.

2. без дап. Разм. Злаўчыцца, прылаўчыцца. Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)