станда́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.

2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачы́сціцца, ачышчуся, ачысцішся, ачысціцца; зак.

1. Стаць чыстым па саставу, пазбавіцца ад чужародных прымесей, бруду. // Стаць свежым, свяжэйшым (пра паветра). // перан. Стаць чыстым у маральных адносінах; пазбавіцца чаго‑н. заганнага. Калі ж чалавек не мог канчаткова ачысціцца ад усяго заганнага, жыццё цяжка помсціла за гэта, скіроўвала на непажаданую дарогу. Хромчанка.

2. Стаць вольным ад наяўнасці каго‑, чаго‑н.; пазбавіцца чаго‑н. Уначы прыціснуў мароз, неба ачысцілася ад хмар і было глыбокае, яснае, як быццам старанна вымытае. Шамякін. Раніцай падзьмуў вецер, разагнаў туман, і ля Карскіх Варот мора амаль зусім ачысцілася ад ільдоў. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшарпа́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абшарпаць.

2. у знач. прым. Падраны, зношаны, абадраны, абабіты. Апрануўся Апенька якраз як на паляванне: на ім былі мышынага колеру штаны.., абшарпаная скураная тужурка, а на нагах гумавыя боты. Навуменка. Стомленая і запыленая за дарогу, Галіна паставіла сярод двара свой абшарпаны студэнцкі чамадан і зморана села ля яго. Краўчанка. // Адзеты ў падранае, паношанае адзенне, у рызманы. Толькі позняй раніцай, калі людзі ўжо даўно паснедалі, чатыры незвычайныя падарожнікі, абшарпаныя і галодныя, дабраліся да горада. Няхай. Афіцэр падазрона і з непаразуменнем паглядаў на абшарпанага маладога чалавека. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свая́к, ‑а, м.

Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́льба, ‑ы, ж.

1. Аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых. Адганяць бульбу. □ [Лабановіч] радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы. Колас.

2. зб. Падземныя клубні гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як харч, корм і сыравіна. Абіраць бульбу. Капаць бульбу. Кармавая бульба. Насенная бульба. Сопкая бульба. // Страва, прыгатаваная з клубняў гэтай расліны. Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Запахла бульбай. Мележ.

3. Назва беларускага народнага танца. Дружна будзем на сцэне «Бульбу» мы танцаваць. Нядзведскі.

•••

Бульба ў мундзірах — звараная з лупінамі бульба. Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страляні́на, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. страляць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. У пачатку трэцяй гадзіны з таго боку, куды пайшла група Сашы, пачулася аўтаматная страляніна, ды неўзабаве заціхла. Васілёнак. А страляніна разлягалася па лесе, шырылася, мацнела. Кулакоўскі. // Хаатычная частая стральба з многіх ружжаў, гармат і пад. Раніцай горад зноў закалаціўся ад выбухаў і страляніны. Якімовіч. З абодвух канцоў вёскі ўзнялася страляніна. Шарахоўскі. // перан. Разм. Бесперапыннае, вельмі хуткае гаварэнне. А .. [Мар’яна] без затрымкі пускала ў ход сваю страляніну: — Бо ці ж няпраўду я кажу? Я ж цэлыя атрады тваіх партызан карміла, даглядала і цябе [генерала] самога. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укаці́цца, укачуся, укоцішся, укоціцца; зак.

1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., пранікнуць куды‑н. Укаціўся мяч у вароты. / у перан. ужыв. За .. [Вурмістравым] у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра. Хадкевіч.

2. Разм. Уехаць. Раніцай укацілася ў вёску палутарка. // Хутка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Бялькевіч:] — Памятаю, сяджу гэта я, а .. [Верабейчык] укаціўся хуценька, да сакратаркі падбег, нешта сказаў ёй, агледзеў усіх і знік. Савіцкі. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай. Шамякін. // З цяжкасцю ўвайсці, улезці, уваліцца куды‑н. Насілу ўкацілася [Зося] ў хату. Крапіва. [Шпулькевіч:] — Я ледзьве ў сані ўкаціўся, ледзьве дапаў у мястэчка да фельчара, ён мне ўвесь бок убінтаваў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набажэнства, малебен, малебства, багамолле, богаслужэнне, служба, адправа / раніцай ці ў першай палавіне дня: абедня, імша, меса / увечары: вячэрня / з нагоды хрысцін, шлюбу, па нябожчыку: трэба / па нябожчыку: паніхіда

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

вы́сыпацца, ‑плецца; зак.

1. Выпасці, вываліцца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Мука высыпалася з мяшка. // Разм. Разбіўшыся, выпасці. Ад выбуху і асколкаў высыпаліся шыбы амаль ва ўсіх вокнах. Мыслівец.

2. З’явіцца на паверхні ў вялікай колькасці. Раніцай іней высыпаўся, а калі сонца паднялося, зусім цёпла стала. Чарнышэвіч.

высыпа́цца 1, а́ецца; незак.

1. Незак. да вы́сыпацца.

2. Разм. Тое, што і вы́сыпаць (у 3 знач.). Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з-за лесу.. у лагчыну. Чорны. З барака, дзе ішлі танцы, пачалі высыпацца з крыкам і шумам людзі. Чарнышэвіч.

3. Зал. да высыпа́ць (гл. вы́сыпаць у 1, 2 знач.).

высыпа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да выспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; заг. расстанься; зак.

1. Развітаўшыся, разысціся. На гэтым яны рассталіся, а назаўтра раніцай Вера была ўжо ў Зоі Максімаўны. Пальчэўскі. [Андрэй і Косця] рассталіся, калі першыя агністыя прамені сонца пырснулі з-за небасхілу. Чарнышэвіч. // Разлучыцца з кім‑н. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых, сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. // З’ехаць адкуль‑н. [Энрыка Фермі] З Венецыяй расстаўся і з Неапалем, Пакінуў назаўсёды дзіўны Рым. І. Калеснік.

2. перан. Адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Кастусь позна лёг спаць: не мог расстацца з кнігаю. С. Александровіч. Не, Шайпак не расстанецца з марай сваёй, Будзе станцыі ставіць ён і над вадой!.. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)