то́-та, часціца.

Разм.

1. Ужываецца ў простай мове для пацвярджэння чаго‑н., якога‑н. заключэння. [Нічыпар:] — Ды і перад кім я хвалюся? Атаманавіч што — чужы? [Маці:] — Ды не чужы, не чужы. — То-та. А я і перад чужым не змоўчу. Паўлаў. [Васіль:] — І Міканор — «справядлівы» такі, перарабіць не мог! Маладзец сярод авец, а з Карчом не справіўся!.. Нічога, [я]шчэ можа справяцца, унь як за кулакоў узяліся! То-та дрыжыць стары хітрун! Толькі цяпер — не выкруціцца! Мележ.

2. Ужываецца з далучэннем часціны «ж» для выказвання перасцярогі. пагрозы. То-та ж, глядзі! □ — Што ты, дзеду, ды я ж снайпер, Маху не даю. — То-та ж, браце. Помні, знай жа Дабрату маю! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаню́к, ‑а, м.

1. Тое, што і шчаня. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых іголак. Брыль. Шчанюк круціўся каля плота. Малы, таўсматы, на кароткіх і шырокапастаўленых лапах. Паўлаў.

2. перан. Разм. Пра маладога, неспрактыкаванага чалавека. Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі, Праязджаў... Убачыў... Адняў... Як я мог не адчуць: ты скутая? Не пачуць здалёк: ты ў бядзе? Караткевіч. Побач з гэтым мацёрым бандытам Палітаў выглядаў шчанюком. «Маладосць». / Ужываецца як лаянка. Чыкілевіч правёў Мікіту злосным вокам... «У, шчанюк!» — працадзіў ён скрозь зубы. Колас. — Ах ты, шчанюк! — злосна прабурчаў паліцай. — Чаго крычыш на ўсю вуліцу? Самі бачым... Няхай. — Шчанюк! — зашыпеў Сімон, яшчэ раз пляснуўшы Іліко па шчацэ. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́пуск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. напусціць (у 2, 4 і 7 знач.).

2. Частка адзення, якая свабодна звісае, выступае над чым‑н. Кофтачка з напускам. □ Выйшлі ў Галіцу завідна, каб да змяркання быць у школе. Бацька — у сінім суконным пінжаку ў палоску, у карычневых штанах з напускам на боты. Паўлаў. // Навіслая частка капелюша, кепкі. Пасыпаны рабаціннем носік Банадзюка зусім гінуў пад напускам капелюша. Пестрак. // Частка прычоскі, што навісае на лоб. Прычоска з напускам. □ У кабінеце, акрамя старшыні, сядзелі два чалавекі. Адзін быў старэйшы, з напускам валасоў на лоб, а другі — маладзейшы. Ермаловіч. // Частка даху, якая звісае. Дах клетак робіцца з напускам.

3. Спец. Спуск сабак з прывязі на звера ў час палявання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрабава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Настойлівы ў сваіх патрабаваннях. Патрабавальны загадчык. Патрабавальны настаўнік. □ Жадаючы з першага дня паказаць сябе патрабавальным начальнікам, .. [Сцяпан] сурова спытаў, чаму памяшканне дагэтуль не атынкавана. Шамякін. Зусім не пакрыўдзіўся Жэня на Дыбу — чалавека справядлівага і патрабавальнага. Гроднеў. Шафранскага я толькі адзін раз бачыў у вочы, на выпускным вечары, але чуў, што гэта чалавек нязломны, суровы і патрабавальны, што ён вельмі не любіць хлусоў і манюк. Сабаленка. // У якім адчуваецца патрабаванне. Стой! — патрабавальны голас спыніў Яўсея. Паўлаў. Сярод ночы раздаецца асцярожны, але патрабавальны стук у акно. Пінчук.

2. З высокімі запатрабаваннямі. Патрабавальны чытач. // Які патрабуе да сябе ўвагі, асаблівых умоў; капрызны. Грэчка — параўнальна цеплалюбівая расліна; асабліва патрабавальная яна да цяпла ў першыя фазы развіцця. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разграмі́ць, ‑грамлю, ‑граміш, ‑граміць; зак., каго-што.

1. Разарыць, разбурыць. Разграмілі польскія легіянеры Мартынаву хату, павыбівалі вокны. Колас. Дэфензіва разграміла рэдакцыю газеты, а самога паэта і яго таварышаў, што групаваліся вакол гэтай трыбуны, кінула на лаву падсудных. «Полымя».

2. Разбіць, знішчыць у баі, у выніку барацьбы. А ішлі яны [партызаны] граміць варожы гарнізон у Вежанцы. І разграмілі. Бой быў цяжкі. Паўлаў. Не паспелі разграміць Юдзеніча, як з захаду пачалі насоўвацца белагвардзейскія легіёны Пілсудскага. Паслядовіч. // перан. Даказаць ілжывасць, памылковасць чыіх‑н. перакананняў; нанесці ідэйнае паражэнне каму‑н.; разнесці. Вось дык крытык! Ну і смелы! Пачытай — агорне страх. Без аглядак зборнік цэлы Разграміў у пух і прах. Гілевіч. Дзеля хутчэйшага дасягнення .. мэты неабходна было разграміць трацкісцка-зіноўеўскі блок. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. каму. Прапаноўваць каго‑н. у мужы ці ў жонкі; клапаціцца аб чыім‑н. шлюбе. Сваталі яму маладзіц, паўвёскі было ўдоў, а выбраць па душы жонку Хведар не мог. Паўлаў. Колькі разоў ён [Юзік] прабаваў сватаць Баранка. Крапіва.

2. Прасіць згоды на шлюб з кім‑н. (у жанчыны або ў яе родных). У Палікараўку прыехалі яны сватаць малодшую дачку Храпавіцкага за стрэчнага Юлісева брата. Мурашка.

3. перан. Разм. Настойліва прапаноўваць каго‑, што‑н.; клапаціцца пра набыццё каго‑, чаго‑н. Загадчык, калі сватаў мяне ў гэтую школу, хваліўся, што ў Міланьках — вялікі лес, глыбокая рака. Далідовіч. — Дзякую... і такога рысака сватаеш ты свайму калгасу? — насмешліва перабіў яго [Чарнова] Міхал. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спец, ‑а, м.

Разм.

1. Прадстаўнік інтэлігентнай прафесіі, спецыяліст (ужывалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сярэдзіны 20‑х гадоў у адносінах да выхадцаў з непралетарскага асяроддзя). Турбіну манціравалі замежныя спецы. Гроднеў. Бацька, вялікі спец, інжынер, які прыехаў у Расію яшчэ да імперыялістычнай вайны і астаўся жыць пасля рэвалюцыі, хацеў, каб адзіная яго дачка стала ўрачом. Навуменка.

2. Вельмі дасведчаны ў чым‑н. чалавек, майстар сваёй справы. Прыходзіць, стомленая за дзень, мая суседка, кабардзінка з Нальчыка, спец па віну. Лось. [Іван:] — Як ты лічыш, хто нам соткі ўзарэ — баба, Вольга, Лявонка? А можа ты? Ты ж на ўсё спец. Паўлаў. // Іран. Лоўкі, хітры, пранырлівы чалавек. Тавару дастаць усякага .. [Віктар] спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазніка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Ягады пазнікалі. □ Пазнікалі ночы суму, Зноў жаданні расцвілі. Броўка. // Згубіцца — пра ўсё, многае. Недзе пазнікалі патрэбныя рэчы.

2. Стаць нябачным — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Байцы пазнікалі ў цемры. □ З паўдня ў лесе пачало цямнець. І жалуды раптам пазнікалі: ці то ўжо ўсе пазбіраны, ці пахаваліся ў змроку пад лісцем... Якімовіч. // Пакінуць якое‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Хлопцаў у Заграддзі амаль не засталося. Хто адразу пайшоў з арміяй, а каторыя не паспелі — пазнікалі з дому. Паўлаў.

3. Доўга не з’яўляцца куды‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Цяпер, калі.. [Ніна] ўжо сабралася галасаваць, усе машыны нібы пазнікалі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́зні, ‑яя, ‑яе.

1. Які набліжаецца да канца (пра норы дня, года, жыцця і пад.). Мікола вярнуўся дахаты познім адвячоркам. Якімовіч. І поле паміж двух лясоў вабіла .. [Колю] ў свежы вецер і жоўтыя колеры позняй восені. Чорны. // Які знаходзіцца на апошняй стадыі, ступені свайго развіцця. Позні рамантызм.

2. Які затрымаўся з наступленнем, запознены. Позні прыход. □ Філістовіча пасадзілі ў самы кут, стары сеў з аднаго боку позняга госця, сын — з другога. Паслядовіч. На позні абед вярнуўся бацька. Паўлаў. Ранняя птушка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі трэ. Прыказка. // Які доўга і паволі расце і спее (пра расліны); познаспелы. Увосень, пад поўдзень,.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Васіль Іванавіч не здзівіўся, калі сустрэў на полі цэлае звяно дзяўчат, якія капалі познюю бульбу. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сад, ‑а і ‑у, М ‑дзе; мн. сады, ‑оў; м.

1. ‑у. Участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку. Фруктовы сад. Пасадзіць сад. □ Сад у нас харошы: На газонах Мак чырвоны, Ружы і гарошак. А. Александровіч. А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады. Брыль.

2. ‑а. Разм. Тое, што і дзіцячы сад. Разгаварыліся толькі вечарам у Танінай кватэры, калі .. [Віктар] прыйшоў у госці. Таня к таму часу забрала з сада Андрэйку. Паўлаў.

•••

Батанічны сад — навуковая і культурна-асветная ўстанова, якая займаецца зборам, вывучэннем і дэманстрацыяй розных раслін.

Дзіцячы сад — выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Заалагічны сад — тое, што і заалагічны парк (гл. парк).

Зімні сад — спецыяльнае памяшканне для кветак, раслін; аранжарэя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)