разадра́ць, раздзяру, раздзярэш, раздзярэ; раздзяром, раздзераце; зак., каго-што.

1. З сілаю, рэзкім рухам раздзяліць на часткі. — Раздзяры торбу на дзве посцілкі і высып з лубянкі свой мак. Якімовіч. Андрэй сам разадраў гэту запіску на дробныя кавалачкі і выкінуў у памыйнае вядро. Лобан. // Падраўшы, распячатаць. [Галя] .. разадрала канверт пісьма, якое было адрасавана ёй. Ермаловіч. // Зрабіць драным. Разадраць штаны. Разадраць бот. // Нанесці рану, глыбокую драпіну. [Алесь] адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб .. [сук]. Караткевіч.

2. Раздзяліць злучанае, растуліць. Склеілася так, што не разадраць. □ — Проста павекі зліпаюцца — не разадраць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́ць, разаб’ю́, разаб’е́ш, разаб’е́; разаб’ём, разаб’яце́, разаб’ю́ць; разбі́ў, -бі́ла; разбі́; разбі́ты; зак.

1. гл. біць.

2. Пашкодзіць ударам, параніць.

Р. галаву.

3. перан. Загубіць, разбурыць.

Р. мары і надзеі.

Р. чужое шчасце.

4. каго-што. Раздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць.

Р. лес на ўчасткі.

Р. атрад на групы.

5. каго-што. Перамагчы, нанесці паражэнне.

Р. ворага.

6. перан. Даказаць памылковасць, беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць каго-, чаго-н.

Р. праціўнікаў новай ідэі.

7. Паставіць, раскінуць (палатку і пад.).

Р. лагер.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што-н.

Р. парк.

9. што. Растрэсці, разварушыць, раскінуць.

Р. сена.

Р. гной на полі.

|| незак. разбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разбіва́нне, -я, н. і разбі́ўка, -і, ДМ -біўцы, ж. (да 4, 7—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прычыні́ць 1, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Паслужыць прычынай чаго‑н.; нанесці, выклікаць (што‑н. непрыемнае). Прычыніць шкоду. Прычыніць зло. □ У адным месцы ў час пад’ёму лодка адарвалася, паехала па схілу, і паранены Волкаў вываліўся з яе. Гэта прычыніла яму вялікі боль. Шамякін. [Лабановіч] яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Колас.

прычыні́ць 2, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна. Прычыніць акно. □ Маці прычыніла дзверы і нават у шчыліну не сочыць. Гарбук. Падпечча ляснік прычыніў засланкай, каб не выпаўз [вуж] Антоша. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак., што.

1. Разарваўшы ніткі, распусціць, ліквідаваць (шво, узор і пад.). Распароць аздобную строчку. □ [Хлопец] распароў нейкае шво ў пінжачнай падшэўцы. Чорны. // Разарваць, разрэзаць на часткі, распусціўшы швы. Распароць старое паліто. □ Вось доктар тонкім бліскучым ножыкам распароў рукаў кашулі дырэктара, агаліў плячо і ўсю правую руку. Нядзведскі.

2. Разарваць, разрэзаць чым‑н. вострым. Я сядзеў побач з .. [Цімохам], латаў валёнак — распароў удзень у лесе. Савіцкі.

3. Нанесці глыбокую рану чым‑н. вострым. Вепр іклом распароў .. [Яўхіму] лытку да самай косткі. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Васілю Міхальчуку распарола асколкам жывот, і пасля шпіталя яго звольнілі з арміі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑дажыць; зак., каго-што.

1. Тое, што і пакласці (у 1, 2, 4, 5, 7, 8 і 9 знач.).

2. Нанесці зверху слой чаго‑н. Палажыць грунт на палатно.

3. Будуючы, узвесці на нейкую вышыню. Улетку .. [сын і маці] нанялі цесляра дзеда Архіпа, і той памаленьку палажыў яшчэ два вянцы на зруб. Краўчанка. // Наслаць, пралажыць, укласці. Палажыць падлогу. □ Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты. Колас.

4. Спец. Надаць якое‑н. становішча, напрамак (самалёту, судну). Палажыў [Пішчыкаў] машыну на крыло і спікіраваўшы строма, з першага ўдару падпаліў флагмана. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́ўр, ‑а, м.

1. Перамяшчэнне баявых сіл з мэтай нанесці ўдар праціўніку. Кавалерыйскі атрад Жаўны.. павінен зрабіць абходны манеўр і зайсці ў тыл немцам. Шамякін.

2. перан. Прыём з мэтай ашукаць, перахітрыць каго‑н. Таня зразумела нескладаны манеўр юнака: ён хацеў прабіцца без чаргі і заняць у вагоне месца на ўсю шумлівую кампанію. Даніленка.

3. толькі мн. (мане́ўры, ‑аў). Тэхнічныя заняткі вялікай колькасці войск або флоту ва ўмовах, блізкіх да баявых. — Ні дрэннае надвор’е, ні суровыя баявыя абставіны, — гаварыў камдыў, — не маглі зламаць волі і ўпартасці байцоў на манеўрах. Каваль.

4. толькі мн. (мане́ўры, ‑аў). Перамяшчэнне вагонаў і паравозаў на чыгуначных пуцях для састаўлення паяздоў.

[Фр. manoeuvre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., што.

1. Запоўніць, замазаць чым‑н. вязкім, ліпкім. Парабкі колькі разоў спрабавалі заляпіць гэтыя бліскучыя літары, але гліна ад ветру трэскаецца і асыпаецца. Бажко. // Закрыць, заклеіць чым‑н. Заляпіць разбітую шыбу паперай. // Разм. Закрыць, закласці чым‑н. Дранкай заляпіў [Сузон] страху на хаце. Галавач. // Наклейваючы што‑н., пакрыць паверхню чаго‑н. Заляпіць усю сцяну афішамі.

2. Абляпіць, пакрыць сабой паверхню чаго‑н. Пакуль Забраліся, снег заляпіў, выбеліў цалкам постаці Прыстрома і Дзераша. Шынклер.

3. і без дап. Разм. Моцна ўдарыць, нанесці ўдар. Заляпіць аплявуху. Заляпіць у вуха.

4. Разм. Рэзка, рашуча зрабіць што‑н.; уляпіць (у 2 знач.). Заляпіць вымову. Заляпіць двойку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разграмі́ць, ‑грамлю, ‑граміш, ‑граміць; зак., каго-што.

1. Разарыць, разбурыць. Разграмілі польскія легіянеры Мартынаву хату, павыбівалі вокны. Колас. Дэфензіва разграміла рэдакцыю газеты, а самога паэта і яго таварышаў, што групаваліся вакол гэтай трыбуны, кінула на лаву падсудных. «Полымя».

2. Разбіць, знішчыць у баі, у выніку барацьбы. А ішлі яны [партызаны] граміць варожы гарнізон у Вежанцы. І разграмілі. Бой быў цяжкі. Паўлаў. Не паспелі разграміць Юдзеніча, як з захаду пачалі насоўвацца белагвардзейскія легіёны Пілсудскага. Паслядовіч. // перан. Даказаць ілжывасць, памылковасць чыіх‑н. перакананняў; нанесці ідэйнае паражэнне каму‑н.; разнесці. Вось дык крытык! Ну і смелы! Пачытай — агорне страх. Без аглядак зборнік цэлы Разграміў у пух і прах. Гілевіч. Дзеля хутчэйшага дасягнення .. мэты неабходна было разграміць трацкісцка-зіноўеўскі блок. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагна́ць, -ганю́, -го́ніш, -го́ніць; -гані́; -гна́ны; зак.

1. каго-што. Ідучы, едучы і пад., дагнаць.

Н. уцекача.

2. перан., каго-што. Дагнаць каго-н. у поспехах, развіцці, выніках.

Н. таварышаў па вучобе.

3. што і без дап. Выканаць тое, што не было зроблена ў свой час.

Н. упушчанае.

4. каго-чаго, што. Сагнаўшы, сабраць у адным месцы.

5. часцей безас., што і чаго. Прыгнаць, нанесці (пра дождж, снег і пад.).

Вецер нагнаў хмар.

Не нагнала б (безас.) дажджу.

6. перан., што і чаго. Унушыць каму-н. якое-н. пачуццё.

Н. страху.

Н. смутку.

7. што і чаго. Выклікаць рэзкае павелічэнне якім-н. спецыяльным прыёмам.

Н. тэмпературу.

8. што і чаго. Нацерці.

Н. мазалёў.

9. што. Набіць што-н. на што-н.

Н. абручы на бочку.

10. чаго. Нагатаваць перагонкай.

Н. бочачку спірту.

Нагнаць аскому (разм., неадабр.) — адчуць непрыемнасць ад чаго-н. збітага, нуднага.

|| незак. наганя́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паце́рці, патру, патрэш, патрэ; патром, патраце; пр. пацёр, ‑церла; заг. патры; зак., каго-што.

1. Падушыць, памяць. Пацерці ягады.

2. безас. Прыціснуўшы, нанесці пашкоджанні каму‑н., пашкодзіць што‑н. Даўгулевічу крыху пацерла бакі, парвала левае крысо пінжака, а Караткевіч выпусціў борт, адарваўся, яго ледзь не падмяла другая машына. Гурскі.

3. перан. Разм. Прынесці шмат непрыемнасцей; змучыць, змардаваць. Колькі яму [напарніку] можа быць? Пэўна, не больш дзевятнаццаці, а ўжо жыццё пацерла. Грахоўскі.

4. і без дап. Церці некаторы час. Раманенка пацёр далоняй скроню. Шамякін. [Міхал] падняў з-пад ног сякеру, яшчэ чамусьці пацёр ёю аб жывот і раптам, размахнуўшыся, кінуў на жонку. Чорны. Валодзька падхапіўся з пасцелі, пацёр кулакамі вочы. Гамолка. — Няхай яны сабе ваююць, а мы сваё будзем рабіць, — пацёр ад задавальнення рукі Вайтовіч. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)