тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.

2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.

3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.

•••

Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.

[Ад ням. Teller.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчыт, -а́, М -ыце́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Прадмет старажытнай ручной зброі ў выглядзе круглаватай прамавугольнай плоскасці (з дрэва, металу і пад.) для засцярогі ад удараў, стрэл.

Абараняцца шчытом.

Каваны ш.

2. Агароджа, прыстасаванне ў выглядзе металічных пліт, збітых дошак і пад.

Ш. артылерыйскай гарматы.

Супрацьснежныя шчыты.

3. Франтон двухскатнага даху.

4. Вялікая мішэнь для артылерыйскай стральбы на моры (спец.).

5. Дошка, на якой змяшчаюцца прадметы для паказу, агляду.

Шчыты з дыяграмамі.

Ш. для насценгазеты.

6. Дошка, на якой зманціраваны вымяральныя і кантрольныя электрапрыборы.

Ш. кіравання.

Размеркавальны ш.

7. Верхняя рухомая частка пласціны для рэгулявання ўзроўню вады (спец.).

8. У будаўніцтве зборных канструкцый: гатовая частка сцяны, перакрыцця, загароды і пад.

9. Устройства для праходкі тунэля (спец.).

Праходка шчытом.

10. Прыстасаванне, на якім умацавана карзіна для гульні ў баскетбол (спец.).

Падняць на шчыт каго-н. — узвысіць, расхваліць (высок.).

Са шчытом або на шчыце (вяртацца, прыходзіць і пад.) — з перамогай, з поспехам або пераможаным.

|| памянш. шчыто́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. (да 2—6 знач.).

|| прым. шчытавы́, -а́я, -о́е (да 2—10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памяшканне для птушак і жывёлін, сценкі якога зроблены з металічных або драўляных прутоў. Клетка для птушак. Трымаць трусоў у клетцы. // Разм. Малы пакой, цеснае памяшканне. У адной клетцы-каморцы — Рыгор. Той, з кім марыла [Наталля] безупынна ісці на змаганне, ухарошваць жыццё кіпучым полымем рэвалюцыйнага натхнення. Гартны. // Тое, што і клець (у 2 знач.). Клетка пад’ёмніка.

2. Спосаб складання дроў, дошак, цэглы і пад. у выглядзе чатырохвугольніка. Клетка цэглы. Злажыць дровы ў клетку.

3. Чатырохвугольнік, нарысаваны, начэрчаны на паверхні чаго‑н. Клетка шахматнай дошкі. Тканіна ў клетку.

4. Элементарная адзінка будовы жывога арганізма, якая складаецца з ядра, пратаплазмы і абалонкі. Раслінная клетка. Жывёльная клетка.

•••

Грудная клетка — частка шкілета, якая складаецца з рэбраў, грудзіны, пазванкоў і змяшчае ў сабе сэрца, лёгкія, стрававод.

Лесвічная клетка — памяшканне ў доме для лесвіцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эма́ль, ‑і, ж.

1. Непразрыстая шклопадобная маса для пакрыцця металічных прадметаў з мэтай захавання іх ад акіслення, а таксама глазура для пакрыцця мастацкіх вырабаў. У невялічкім.. [пакоі] з мяккай мэбляю і сінімі сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі і ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Караткевіч. // Паверхня з такога рэчыва ці слой яго на чым‑н. Цяпер палавіна вучняў нашай школы носіць гэтыя значкі з чырвоным крыжам на белай эмалі. Жычка. // перан. Пра гладкую бліскучую паверхню, якая нагадвае такую масу. У шырокім марскім прасторы белымі чайкамі плавалі яхты. Сярод ярка-зялёных далін былі відаць белыя будынкі сядзіб і санаторыяў; кудлатыя, як авечкі, хмаркі беглі па ўступах гор. Усё нібы ззяла золатам, зялёнай, блакітнай і белай эмаллю. Рамановіч.

2. Мастацкі выраб, пакрыты такой масай. Калекцыі эмалей.

3. Цвёрдае бліскучае рэчыва, якое пакрывае знешнюю частку зубоў.

4. Разм. Эмалевая фарба.

[Фр. émail.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Свойская жывёліна са звычкамі драпежніка, якая ловіць мышэй; самка ката. Кошка злавіла мыш. Кошка мяўкае. □ Кошка вочкі жмурыць, а кіпцюры вострыць. Прыказка.

2. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых (леў, тыгр, барс і інш.). Дзікая кошка.

3. Прыстасаванне ў выглядзе якара з трыма ці больш кручкамі для падымання прадметаў з-пад вады.

4. звычайна мн. (ко́шкі, ‑шак). Прыстасаванне ў форме металічных кручкоў з шыпамі ўсярэдзіне, якое прымацоўваецца да абутку пры пад’ёме на слупы, мачты і пад. // Прыстасаванне ў форме падэшвы з шыпамі, якое прымацоўваецца да абутку пры хаджэнні па скалах, па лёдзе і пад.

•••

Ангорская кошка — асобая парода кошак з доўгай мяккай поўсцю.

Кошкі-мышкі — дзіцячая гульня, у якой той, хто выконвае ролю кошкі, ловіць астатніх удзельнікаў гульні.

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць — пра трывожны стан, чаканне чаго‑н. непрыемнага.

(Чорная) кошка прабегла (перабегла) паміж кім — сапсаваліся адносіны паміж кім‑н., хто‑н. з кім‑н. пасварыўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлем, ‑а, м.

1. Старажытны металічны галаўны ўбор воінаў, які ахоўваў галаву ад пашкоджанняў і ўдараў халоднай зброяй. Мячы, сякеры, дубіны воінаў народнай арміі білі па металічных латах і шлемах рыцараў. «Маладосць». Усе [польскія паны] — у капелюшах, у большасці — капелюшы з пушыстымі пер’ямі, як шышакі над шлемамі ў колішніх рыцараў. Пестрак.

2. Галаўны ўбор спецыяльнага пакрою ў воінаў і спартсменаў, які закрывае галаву і шыю. Я глянуў у бок дзвярэй: з двара ў палату віхрам уляцеў высокі шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. На сваіх санях Елім сядзеў у шынялі і ў вайсковым шлеме з пікаю наверсе. Кулакоўскі.

3. Спецыяльны галаўны ўбор, які ахоўвае галаву ад раненняў, удараў, ціску і пад. Два танкісты ў камбінезонах, без шлемаў, .. грэліся на красавіцкім негарачым сонцы. Мележ. [Англічанін] быў маленькі, галавасты, у коркавым шлеме і кароткіх скураных штоніках. Б. Стральцоў. // Спецыяльнае прыстасаванне, якое аддзяляе чалавека ад навакольнага асяроддзя, забяспечвае наступленне неабходнага для дыхання паветра. Блажэвіч расшпіліў скафандр, адкінуў шлем. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяро́, а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.

1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.

2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.

3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.

4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.

5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.

•••

Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.

Адным росчыркам пяра гл. росчырк.

Валодаць пяром гл. валодаць.

Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

1. Рабіць металічны выраб, выбіваючы на яго паверхні адбітак або ўзор. Чаканіць манеты. □ — Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане. Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты... Бажко. // Выбіваць (узор або малюнак) на паверхні металічнага вырабу. У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх лагах паганцы. Караткевіч. // Рыхтаваць фігурныя металічныя вырабы шляхам халоднага кавання. Чаканіць медны посуд.

2. перан. Рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і пад.). Конскія капыты віхрылі дарожны пыл, цьмяна пабліскваючы срэбрам падкоў, і дружна чаканілі ціхі крок, трапляючы на гнуткія дошкі старых масткоў і грэбляў. Лынькоў. Чаканяць крок, раўняюцца [пажарнікі], Парадак у радах, І людзі пасміхаюцца На прызбах, у дварах. Калачынскі. Генерал ідзе, бы сокал, І арлом глядзіць навокал, Ротны тут пад казырок, Ідзе з рапартам з прыскокам, За апошнім цвёрдым крокам Стаў чаканіць назубок. Колас.

3. У тэхніцы — апрацоўваць выраб з металу з мэтай надаць яму дакладны памер, вагу, чысціню паверхні. // Апрацоўваць заклёпачныя швы і няшчыльныя злучэнні ў металічных вырабах, каб ліквідаваць шчыліны.

4. У сельскай гаспадарцы і садаводстве — абразаць верхавіны сцябла і бакавых парасткаў раслін для ўзмацнення плоданашэння і скарэйшага паспявання; пасынкаваць. Чаканіць вінаград.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ланцу́г, ‑а, м.

1. Рад аднолькавых металічных звенняў, паслядоўна злучаных адно з адным. Ланцуг якара. □ Дзядзька Алесь з важатым ускацілі камель абрэзанай калоды на сані і прывязалі ланцугом. Якімовіч. // толькі мн. (ланцугі́, ‑оў). Аковы, кайданы. Трое стражнікаў абхапілі з усіх бакоў, надзелі ланцугі.. на чорныя мазолістыя рукі Андронавы. Каваль. Ішлі на пошукі схаваных скарбаў у ланцугі закованыя людзі. Дубоўка. // перан. Тое, што скоўвае свабоду, волю, гняце каго‑н. На зямлі раскутай Носяць шум вятры: «Бальшавіцкім гневам Знят ланцуг пакуты, — Вы — гаспадары!» Колас.

2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Ланцуг электрычных агнёў. □ З дзвярэй фанернага цэха выпаўзаў .. ланцуг пустых ваганетак. Чорны. // Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад другога. Ланцуг аўтаматчыкаў. Рассыпацца ў ланцуг. □ Ланцуг чырвонаармейцаў ляжаў перад узгорачкам. Дудо. // Рад гор. Горны ланцуг.

3. перан. Бесперапыннае ўзаемазалежнае развіццё чаго‑н.; паслядоўны рад падзей, думак і пад. Ланцуг асацыяцый. □ Нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды. В. Вольскі.

4. Спец. Устаноўка з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію. Электрычны ланцуг. Ланцуг правадоў.

5. у знач. прысл. ланцуго́м. У рад, адзін за другім. Беглі хутка ланцугом партызаны. Мележ.

•••

І на ланцугу (ланцугом) не зацягнеш гл. зацягнуць.

На ланцугу не ўтрымаць гл. утрымаць.

Пасадзіць на ланцуг гл. пасадзіць.

Як з ланцуга сарваўся гл. сарвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)