пад..., (а таксама пад’..., пада...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў, падаючы ім значэнне:

1. Накіраванасці дзеяння знізу ўверх, напрыклад: падкінуць, падняць, падскочыць, падважванне.

2. Накіраванасці дзеяння ў бок ніжняй часткі, да нізу або пад ніз чаго‑н., напрыклад: падкапаць, падрыць, падбіўка.

3. Набліжэння да каго‑, чаго‑н., напрыклад: падпаўзці, падплысці, падбяганне, падноска.

4. Дабаўлення чаго‑н., напрыклад: падліць, падмяшаць, падсыпаць.

5. Праяўлення дзеяння або стану не ў поўную меру, не на поўную сілу, напрыклад: падгаіцца, падгнісці, падквасіць, падлячыць, падмазаць, падсохнуць.

6. Дадатковага дзеяння (для дасягнення лепшага выніку), напрыклад: падвінціць, падгладзіць.

7. Тайнага, скрытнага ад іншых дзеяння, напрыклад: падгледзець, падпільнаваць, падслухаць.

8. Паўторнага дзеяння, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: падыграць (на музычным інструменце), падтакваць, падбрэхваць.

II. Ужываецца для ўтварэння назоўнікаў і прыметнікаў, надаючы ім значэнне:

9. Знаходжання ніжэй чаго‑н., унізе чаго‑н., напрыклад: падглеба, падзямелле, падкаўнерык, падводны, падземны, падстраўнікавы.

10. Знаходжання каля, паблізу чаго‑н., напрыклад: падгор’е, падлессе, падмаскоўны.

11. Часткі чаго‑н. цэлага, буйнога, напрыклад: падатрад, падвід, падклас, падстанцыя.

12. Знаходжання пад чыёй‑н. уладай, у сферы чаго‑н., напрыклад: падначалены, паднявольны, падсудны.

13. Звання ніжэй каго‑н., пасады памочніка, напрыклад: падпалкоўнік, падкухцік, падмайстар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

без, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназ. «без» выражае:

Азначальныя адносіны

1. Пры апісанні прадмета (з’явы, паняцця) для ўказання на адсутнасць у ім часовай або пастаяннай прыметы, выражанай назоўнікам роднага склону. Лес без канца і краю. Работа без прымусу. □ А што гэта за даліна ды без рэха, А зялёная ляшчына без арэхаў, Ручаіна без жывой-крутой вадзіцы, Лугавіна без духмянай медуніцы. Танк.

2. Пры словах, якія абазначаюць меру або колькасць, паказвае, колькі не хапае да поўнай меры. Без чвэрці гадзіна. Без малога год. Кілаграм без дзесяці грамаў. □ Роўна без дваццаці восем вечара.. пачуўся громкі голас. Колас.

Аб’ектныя адносіны

3. Паказвае, што дзеянне адбываецца пры адсутнасці, без удзелу каго‑, чаго‑н. Працаваць без машын. □ Найбольш складаная і адказная частка работы зроблена без Міхася. Брыль.

4. Адпавядае словам: акрамя, за выключэннем, не лічачы. Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой — і без таго маркотна, хоць ты плач. Мележ.

Акалічнасныя адносіны

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае прыслоўныя спалучэнні, якія выражаюць спосаб дзеяння і інш. акалічнасці. Завянуць без пары. Ссохнуць без вады. Прабірацца без шуму. □ Мікалай Патапавіч .. даваў парады хоць і без ахвоты, але шчыра. Кулакоўскі.

•••

Без жартаў гл. жарт.

Не без гэтага — і гэта бывае.

Не без таго — бывае і так.

Не без чаго — тое, што і з чым‑н., але з меншай ступенню сцверджання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Выгнуты, з загібамі; не роўны, не прамы. Крывы сук. Крывая шабля. □ Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. У лесе ўсякія дрэвы бываюць. Тое крывое, тое аднабокае. Ермаловіч.

2. Ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела). Крывы палец. Крывое плячо. □ Калі ўжо, бывае, няма ніякай работы, — дзед, кульгаючы на крывую левую нагу, абыдзе за дзень усю ваколіцу. Якімовіч.

3. Разм. З пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы. Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч. / у знач. наз. крывы́, ‑ога, м.; крыва́я, ‑ой, ж. Крывы з прамога смяецца. З нар.

4. Перакошаны, пахілены набок. У маленькіх крывых акенцах не ў меру пышна ззяла яснае святло. Зарэцкі. Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. // Які дае скажонае адлюстраванне. Крывое люстэрка.

5. перан. Іранічны, пагардлівы (пра позірк, ўсмешку і пад.). Гледзячы Кірылу проста ў вочы.., незнаёмы спытаў з крывой усмешкай: — Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Шамякін.

6. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж. Спец. Непрамая лінія. Правесці крывую.

7. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж.; чаго. Графічны паказ пры дапамозе крывой лініі суадноснасці колькасных паказчыкаў якога‑н. працэсу. Крывая ападкаў. Крывая тэмпературы.

•••

Глядзець крывым вокам гл. глядзець.

Крывая душа гл. душа.

Крывое кола гл. кола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вярста́1 ’мера даўжыні = 1,067 км’ (БРС, КТС, Бяльк., Сцяшк. МГ), вэрста́ (Бес.), ст.-бел. верста = 1554,6 м. Укр. верста, верства ’вярста, верставы слуп’, рус. верста ’рад, парадак, лінія, прамая лінія’; ’вярста, верставы слуп’; ’высокі чалавек’, ст.-рус. верста, вьрста, връета ’вярста’ (з XI ст.), польск. wiorsta, чэш., славац. versta, славен. vŕsta, серб.-харв. вр́ста, балг. верста. Прасл. vьrsta ’паварот плуга’ побач з vьrstь узыходзяць да дзеяслова vьrtěti > vьrt‑ta > vьrsta (Гараеў, 1896, 66; Праабражэнскі, 1, 76; Міклашыч, 384; Брукнер, 603; КЭСРЯ, 76; Фасмер, 1, 300; Скок, 3, 629; БЕР, 1, 189; Махэк₂, 700–701; Голуб-Копечны, 423; Патабня, Из записок, 1, 13–16; Скурат, Меры, 28–31). Яна першапачаткова абазначала ’даўжыню баразны, якая ўтваралася ад аднаго да другога павароту плуга (сахі)’, пасля — ’даўжыню баразны’ і, нарэшце, — ’меру даўжыні’. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. varsnà, var̃snas ’гон’, var̃štas ’паварот плуга, вярста’ (Траўтман, 355), ст.-інд. vr̥ttáḥ ’круглы’, vr̥ttam ’круг’ (Майргофер, 21, 246), лац. vorsus, versus ’баразна, рад, радок’, оск.-умбр. vorsus ’мера поля’; ’абарот’, н.-перс. gird ’круг’. Вальдэ₂ (824) аспрэчвае гэта.

Вярста́2 ’мера дроў, складзеных на ўсю шырыню і вышыню папярочнай сцяны хлява або іншага будынка’ (Інстр. III, Шат.), ст.-дар. ’доўгая сцірта дроў’ (З нар. сл.), вірста́ ’парэзаныя і пашчапаныя дровы, складзеныя сціртою’ (лаг., КЭС), а таксама вярста ’капа сена’ (Жд., 3) і лях. верста́ ’ўкладка сена на краі стога’ (Мат. канф. МДПІ, 1966). Да вярста́1 і (гл.), значэнне якой ’баразна’, але ў дадзеным выпадку азначала ’пласт, слой’, якое ў адных гаворках канкрэтызавалася ў ’пласт дроў’ → ’дровы, пластамі складзеныя ў штабель’, у другіх — ’пласт сена’ → ’капа сена (якая ўтваралася з пластоў)’. Значэнне ’пласт, слой’ характэрна зах.-слав. мовам: польск. warstwa, н.-луж. warsta, в.-луж. woršta, worštwa, чэш. vrstva, vrstev, brstva, славац. vrstva, дзе яно таксама магло канкрэтызавацца: чэш., славац. vrstva ’спосаб укладання снапоў (у стозе, у пуні)’, в.-луж. worštwa ’сцірта дроў, засек для снапоў’, worštowc ’штабель дроў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́значыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Распазнаць, высветліць што‑н. невядомае, няяснае. Вызначыць прычыну. □ Вартавы драмаў, утуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Лупсякоў. // Разабрацца ў чым‑н., усвядоміць сабе. Вызначыць сваё становішча. // Дакладна ўстанавіць што‑н. Вызначыць цэны. Вызначыць адлегласць. □ [Ганна Аляксандраўна:] — Пакуль доктар не вызначыць хваробы, ён не пачынае лячыць. Ваданосаў. Маракі казалі, што па тым, як сядзяць чайкі, можна вызначыць напрамак ветру з дакладнасцю да градуса. М. Стральцоў.

2. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго‑н.; ахарактарызаваць. Вызначыць творчы метад пісьменніка. Вызначыць прадмет палітэканоміі.

3. Загадзя прызначыць, назначыць. Штаб атрада не вызначыў ..[Міколу] на гэту аперацыю — у групу падбіраліся перш за ўсё тыя партызаны, якія добра ведалі мясцовасць. Якімовіч. // Намеціць наперад кірункі, шляхі развіцця. Любіў Міхаіл Іванавіч Брагінец у выхадны дзень прайсціся ў поле ці лес, пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі і парамі, падагуліць зробленае, вызначыць далейшыя планы. Гурскі.

4. З’явіцца прычынай чаго‑н., абумовіць сабою што‑н. У гэты перыяд адбылася падзея, якая вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Крапіва.

5. Абазначыць якім‑н. чынам. Вызначыць мяжу слупкамі. □ Доўга яны [жанчыны] вазіліся ля сукенкі, прымаючы ўсе магчымыя захады, каб як мага яскравей вызначыць талію. Корбан.

6. Выдзеліць, прызначыць што‑н. для каго‑, чаго‑н. Вызначыць сродкі на будаўніцтва. □ Крушынскі вызначыў для каваля кавалак зямлі. Бядуля.

7. Вынесці рашэнне, пастанову. Вызначыць меру пакарання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вялі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Значны па велічыні і памерах; проціл. малы. Вялікі горад. Вялікі будынак. Вялікія вокны. // Значны па колькасці. Вялікая сям’я. Вялікія грошы. □ Яны — байцы вялікай раці, Іх хата там, дзе ёсць прастор. Чарот.

2. Значны па сваёй сіле, інтэнсіўнасці, якасцях. Вялікі бой. Вялікі энтузіязм, уплыў. Вялікія здольнасці.

3. Выдатны па свайму значэнню. Вялікія падзеі. // Геніяльны, таленавіты. Вялікі палкаводзец. Вялікі вучоны.

4. Большы, чым патрэбна; які перавышае звычайную меру. Вялікі каўнер. Вялікая нагрузка.

5. Дарослы. Быў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў. Якімовіч.

6. Састаўная частка назваў, тытулаў. Вялікая зямля. Вялікае княства Літоўскае. Вялікі князь.

7. у знач. наз. вялі́кія, ‑іх. Дарослыя. Малыя і вялікія. □ Праз паўгадзіны, пасля першай шклянкі чаю, паміж вялікімі за сталом ішла жывая і вясёлая гаворка. А дзеці завялі патэфон. Чорны. // вялі́кае, ‑ага, н. Значнае, важнае.

•••

Вялікая калорыя гл. калорыя.

Вялікая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Ад (з) вялікага розуму гл. розум.

Ад малога да вялікага гл. малы.

Вялікай рукі гл. рука.

Вялікая галава гл. галава.

Вялікая дарога гл. дарога.

Вялікі клопат гл. клопат.

Вялікая песня гл. песня.

Вялікая штука гл. штука.

Вялікі свет (уст.) гл. свет.

(Зрабіць) вялікія вочы гл. вока.

З вялікай ласкі чыёй гл. ласка.

На (вялікі) жаль гл. жаль.

Не вялікая штука гл. штука.

Не вялікі хлеб гл. хлеб.

Сам вялікі — сам сабе гаспадар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круты́, ‑ая, ‑ое.

1. Амаль адвесны, абрывісты; проціл. пакаты. — Ого, гара, як печ, крутая! І вось чаму дарожка тая, Вы шрубка, ўецца па-над бокам: Узлезь, папробуй, простым крокам! Колас. Добрыя коні прызвычаена лёгка ўзбіраюцца на крутыя ўзгоркі. Брыль. // Выгнуты, выпуклы. Круты лоб. □ Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. [Чалавек] ішоў вольна, .. падстаўляючы ветру загарэлыя крутыя грудзі. Самуйлёнак.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «паварот», «залом» і пад.). Не паступовы, раптоўны, рэзкі. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Дзвіна тут рабіла даволі круты паварот улева. Хадкевіч. // перан. Рашучы, значны. Круты ўздым сельскай гаспадаркі. □ Ігнату хацелася толькі і гаварыць аб тым, што ў жыцці яго адбыўся круты, небывалы паварот. Кавалёў.

3. Суровы, упарты (пра характар чалавека, а таксама пра чалавека з такім характарам). Аднак пілі ў меру, аглядаючыся на дзверы: пабойваліся крутога хвашчовага нораву. Лупсякоў. — Ліквідаваць абсталяванне я вам не дам. А не — дык будзьце здаровы! Я чалавек круты. Скрыган. // Жорсткі, рашучы. Крутыя меры. // перан. Моцны, вялікі. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Цяжкі, напружаны, пераломны (пра час). Прыйшла крутая часіна і для .. [Свішчэўскага]. Грамовіч. Толькі ў крутую хвіліну, калі чалавеку, як сонечнае цяпло, патрэбен сяброўскі поціск рукі, .. людзі так хутка збліжаюцца. Мележ.

4. Густа замешаны, звараны да гушчыні. Крутое яйцо. Крутое цеста. □ Максім чэрпаў і чэрпаў крутую ячную кашу. Асіпенка.

5. Туга скручаны, звіты. Крутыя ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Пачаўшы гуляць, захапіцца гульнёй, забавамі, развесяліцца. А дзіцё разгулялася. Яна падскоквала на каленях у маці, цягнулася да саламянага капелюша пажылога дзядзькі, .. шчабятала, нібы неўгамоннае птушаня. Корбан. // Аддацца нястрымнаму разгулу, п’янству. — А багацей гэты разгуляўся і стаў сябе перад раднёй паказваць, выхваляцца, што ён не да такіх рэстаранаў прывык. Ракітны.

2. Разм. Пагуляўшы некаторы час, напрактыкаваўшыся, пачаць гуляць лёгка і добра. Каманда разгулялася.

3. Даць сабе поўную волю; праявіць сябе ў поўную меру сваіх сіл, здольнасцей і жаданняў; разысціся. [Кажамяка:] Нават і не думай пра выган! Там вырасце такая трава, — будзе з касою дзе разгуляцца. Вазоў дваццаць сена! Гурскі. Раней .. мікалаеўцы секлі дровы, травілі сенажаці, як самі хацелі. Спрабавалі яны гаспадарыць у лесе і пры новым лесніку, але ў Міхала не вельмі разгуляешся. С. Александровіч. / Пра фантазію і пад. У збіўшыся на гэтую спакуслівую думку, камендант цяпер не расставаўся з ёю. Фантазія яго разгулялася. Якімовіч.

4. Дасягнуць у сваім праяўленні вялікай інтэнсіўнасці, сілы. Разгуляўся апетыт. Рэўматызм разгуляўся. □ Выцягнуць лодку назад аказалася яшчэ цяжэй, тым больш таму, што і ў студэнта разгуляліся нервы. Брыль. / Пра з’явы прыроды. На двары разгулялася лютаўская завіруха, засвістала за акном, забыла ў коміне. Шамякін.

5. Абл. Стаць ясным, сонечным пасля непагадзі. Разгулялася пагода. □ Неба разгулялася, і там-сям відаць былі нясмелыя, але выразныя агеньчыкі зорак. Значыць будзе пагода. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэч, ‑ы, ж.

1. Усякі неадушаўлёны прадмет. Антось падбег да акна, спінай засланіў разбітую шыбу і азірнуўся, шукаючы вачыма рэч, якая магла б заткнуць адтуліну. Мележ. Палагея бегала вакол вогнішча, збірала розныя непатрэбныя рэчы і галасіла. Шамякін. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

2. мн. (рэ́чы, ‑чаў). Скарб, пажыткі, прадметы асабістага карыстання. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Колас. Тут жа, ля пад’езда, стаяць, відаць, наспех скінутыя рэчы — шафа, ложкі, канапка, крэслы. Дадзіёмаў.

3. Твор літаратуры, мастацтва, навукі і пад. [Купала:] Прызнаюся табе, напісаў новую рэч — драму на вельмі горкую і блізкую мне тэму. Вітка.

4. Факт, з’ява рэчаіснасці, справа. Собіч гаварыў такія рэчы, якіх мы проста не маглі зразумець. Скрыган. [Хлопец] яшчэ толькі вучыўся на слесара, — пра гонар рабочага, пра планы, пра іншыя высокія рэчы мала дбаў. Лось.

5. у знач. вык. Нешта, штосьці, нейкая з’ява, абставіны. Сапраўды, конь такая рэч, што цяперашнім светам вельмі трэба даражыць. Нікановіч. — Але жыццё — дужа складаная рэч. Новікаў. // Штосьці значнае, важнае, каштоўнае. — Во, гэта — рэч! Тысяч пяцьдзесят будзе. Маўр. Дываны? Гэта — рэч. Усходняй казкай вее. Панчанка.

6. мн. (рэ́чы, ‑аў). У філасофіі — аб’ектыўны свет (прадметы, з’явы), які існуе па-за свядомасцю людзей і дзейнічае на гэтую свядомасць.

•••

Вядомая рэч (у знач. пабочн.) — вядома, безумоўна.

Глядзець на рэчы як гл. глядзець.

Дзіўная рэч! — вокліч, які паказвае на моцнае здзіўленне.

Іншая рэч — нешта іншае.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

определя́ть несов.

1. (устанавливать) вызнача́ць, устана́ўліваць;

определя́ть боле́знь вызнача́ць (устана́ўліваць) хваро́бу;

определя́ть расстоя́ние вызнача́ць (устана́ўліваць) адле́гласць;

2. (очерчивать границы, пределы) акрэ́сліваць;

3. (раскрывать содержание понятия) выяўля́ць, вызнача́ць; (давать определение) дава́ць азначэ́нне;

4. (назначать) вызнача́ць, прызнача́ць;

5. (обусловливать) вызнача́ць, абумо́ўліваць;

бытие́ определя́ет созна́ние быццё вызнача́е свядо́масць;

хоро́шая обрабо́тка по́чвы определя́ет бога́тый урожа́й до́брая апрацо́ўка гле́бы вызнача́е (абумо́ўлівае) бага́ты ўраджа́й;

6. (выносить решение) юр. пастанаўля́ць; прысуджа́ць; (меру наказания) вызнача́ць;

суд определя́ет сле́дующее суд пастанаўля́е насту́пнае;

7. (назначать на должность) уст., прост. прызнача́ць; (устраивать) ула́джваць;

8. (в школу и т. п.) аддава́ць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)