адкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Круцячы ў адваротны бок, раскручваючы, аддзяліць. Адкруціць дрот ад слупа. // Круцячы назад па разьбе, зняць; адшрубаваць. Адкруціць гайку.

2. Павярнуўшы ўбок, адкрыць. Адкруціць кран.

3. Круцячы, адарваць. Уладзік распрануўся, адкруціў з вянка цыбулі адну галоўку, набраў конаўкай вады, потым адрэзаў скібку хлеба і сеў за стол. Грамовіч.

4. Раскручваючы, разгарнуць, раскрыць. [Несцер:] — Адкруціла, разгарнула [жанчына] паперку ды як закрычыць і — у непрытомнасць. Кулакоўскі.

5. Прапрацаваць пэўны час, круцячы што‑н.

•••

Адкруціць галаву — бязлітасна пакараць; расправіцца (у сэнсе пагрозы).

Адкруціць вушы — не вельмі строга пакараць, накруціўшы вушы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’ёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пад’ёму (у 1 знач.). Пад’ёмная сіла крылаў. // Які служыць для пад’ёму чаго‑н. Пад’ёмны кран. Пад’ёмны механізм. □ Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... Пташнікаў.

2. Зроблены так, каб можна было падняць. Пад’ёмная заслона. Пад’ёмны мост.

3. у знач. наз. пад’ёмныя, ‑ых. Грошы, якія выдаюцца пры пераездзе на новае месца работы. Атрымаць пад’ёмныя. □ [Чалавек], здаецца, не адказаў на маё прывітанне, а папрасіў маё накіраванне. Прабег яго вачыма, паклікаў нейкую Надзю, загадаў ёй мяне «правесці загадам» і выплаціць пад’ёмныя. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Прышрубаваць; закруціць. Прыкруціць гайку. // Прымацаваць да чаго‑н. з дапамогай шрубы, балта і пад. Клін патрэбна было пазам пакінуць на правую па ходу цягніка рэйку і прыкруціць балтамі. Краўчанка.

2. Закручваючы, прымацаваць; прывязаць. Прыладзіў [Зіновій Цімафеевіч] пучок мачалы, дротам прыкруціў да кія. Важнецкі квач атрымаўся. Нядзведскі.

3. Закруціць трохі або тужэй; падкруціць. Прыкруціць кран. // Круцячы, пакручваючы (рычажок, ручку), зменшыць што‑н., збавіць сілу, моц чаго‑н. Прыкруціць кнот у лямпе. □ Андрэй запаліў вялікі калгасны ліхтар.., прыкруціў агонь — меншы не так патушыць вецер — і пайшоў на ферму. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скруці́ць, скручу́, скру́ціш, скру́ціць; скру́чаны; зак.

1. гл. круціць.

2. што. Навіць на што-н.

С. дрот.

С. вуду.

3. перан., каго (што). Перамагчы, скарыць, узяць верх над кім-н.

С. ворага.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., каго (што). Адолець, авалодаць (пра хваробу).

Дзядулю скруціў раматус.

На тым тыдні так скруціла (безас.), што не магла павярнуцца.

5. перан., што. Не вярнуць доўг, не аддаць належнае; не выканаць абяцанага.

С. пазычаныя грошы.

Узяла кош і скруціла, не вярнула.

С. вяселле.

6. што. Зняць што-н., круцячы.

С. гайку.

7. што. Доўга або неасцярожна круцячы, прывесці ў непрыгоднасць.

Так можна кран с.

8. перан., што. Сапсаваць (жыццё, лёс і пад.) каму-н.

Ты мне жыццё скруціў.

|| незак. скру́чваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. скру́чванне, -я, н. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адкруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскруціўшыся, аддзяліцца. Вось адзін сноп .. стаў разлазіцца, аб’язджаць, пэўна перавясла было нямецкае ці адкруцілася. Мележ. // Адшрубавацца. Шруба адкруцілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павярнуўшыся, адкрыцца. Кран адкруціўся.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зламацца, адарвацца ад пакручвання ў розныя бакі; перакруціцца. Спелая макаўка лёгка адкруцілася.

4. Кончыць круціцца, адкружыцца. Адкруціліся пары ў вальсе.

5. Разм. Ухіліцца, вызваліцца ад чаго‑н. з дапамогай выдумак, хітрыкаў; пазбегнуць чаго‑н. Пасля таго, як.. [факір] зразумеў, што адкруціцца ніяк не выпадзе, ён шмат што нам расказаў. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́кавіна, ‑ы, ж.

1. Вонкавае шкілетнае ўтварэнне беспазваночных жывёл у выглядзе вітай, авальнай або створкавай каробкі. Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы Упадзе пясчынка хоць адна, — Жэмчугам патроху робіцца яна! Багдановіч.

2. Назва розных прадметаў, якія сваім знешнім выглядам, формай нагадваюць ракавіну (у 1 знач.). У ракавіне летняй сцэны парку пачалі збірацца музыканты з трубамі. Сабаленка. / Пра некаторыя органы і часткі цела такой формы. Вушная ракавіна. Насавая ракавіна. Ракавіна капыта.

3. Кухоннае або туалетнае прыстасаванне ў выглядзе міскі са злівам пад водаправодным кранам. Тут, у кухні, .. [жанчына] адкрывае кран над белай ракавінай умывальніка. Мікуліч.

4. Спец. Пустата ў метале, бетоне, гіпсе і пад., утвораная пры пераходзе рэчыва з вадкага стану ў цвёрды. Усадачная ракавіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закруці́цца 1, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Завіцца (пра валасы). Валасы закруціліся. // Разм. Загнуцца, завярнуцца. А якая чарга за білетамі была! Уздоўж сцяны два разы закруцілася. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абматацца, абвіцца вакол чаго‑н. Лейцы закруціліся за кола.

3. Абматаць, абгарнуць сябе чым‑н. Андрэй адышоў ад гурту, закруціўся ў кажух і лёг каля мяжы. Чарнышэвіч.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Круцячыся, зашрубавацца, дайсці да патрэбнага месца, да канца. Гайка закруцілася. Кран закруціўся.

5. Разм. Стаміцца, змучыцца ад розных клопатаў. — А што ты да нас не прыходзіш? — Справы, закруціўся. Гурскі.

•••

Галава закруцілася гл. галава.

Закруцілася ў галаве — тое, што і закружылася ў галаве (гл. закружыцца).

закруці́цца 2, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

Разм. Пачаць круціцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Хадзіць туды-сюды; сланяцца. Увесь дзень я соўгаўся між дваром і пуняй: насіў ваду, рэзаў сечку, калоў дровы. Асіпенка. Янук жа ў гэты час соўгаўся па калідорах, не ведаючы, якія дзверы адчыняць, бо ніхто яго не праводзіў. Лупсякоў. П’яныя швэндаліся па вуліцы, соўгаліся ад хаты да хаты, абдымаліся. Кавалёў.

2. Пасоўвацца паволі, з цяжкасцю. Сёлета ўсю вясну бабка пісала Валі, што яна вельмі аслабела, ледзьве соўгаецца па хаце. Сачанка. Восенню, калі холадна, .. [гадзюкі] санлівыя, ледзь соўгаюцца. Ваданосаў.

3. Перамяшчацца, рухацца. Манжосаў Дзік, які звычайна бегаў на ланцугу, што соўгаўся колцам па дроце, напятым праз увесь двор, гэты раз быў спушчаны з прывязі. Сабаленка. На тым баку вуліцы ўзад-уперад соўгаўся доўгі вежавы кран. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. Павярнуцца кругом, процілеглым бокам або канцом. На сярэдзіне рэчкі кругляк перакруціўся, [плывец] бухнуўся галавой у ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору! Колас. Юрка скінуў шапку і, папляваўшы на рукі, так пацягнуў пілу, што аж палена перакруцілася. Курто. Жанчына ўздрыганулася і, як вяртлявы звярок, у момант перакруцілася тварам да чалавека — у профіль да акна. Чорны. — Во! Гэта дарэчы! — перакруціўся на адной назе Віктар. Маўр.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад частага або празмернага закручвання. Кран перакруціўся. // Распасціся напалам, на часткі ад кручэння. Алюмініевы дрот лёгка перакруціўся.

3. перан. Разм. Рэзка перамяніцца, перайначыцца. Віхляй уголас пераказваў Вінцусю Шавелю нечаканае яму рашэнне акругвыканкома. А той пазіраў на сакратара з лёгкім недаверам і не ведаў, як яно так раптам усё перакруцілася... Гартны.

4. Заблытацца, зблытацца. Перакруціліся ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́бат, ‑а, М ‑баце, м.

1. Выцягнутая рухомая насавая частка морды ў сланоў і некаторых іншых жывёл, якая служыць для дыхання, нюху, дотыку, хапання. Хобат тапіра. □ Хобатам матляе слон Ды вачыма лыпае. Барадулін. // Выцягнутая пярэдняя частка або выраст пярэдняй часткі цела ў некаторых бесхрыбетных жывёл, якая служыць для абароны, хапання, забівання здабычы і пад. Хобат п’яўкі.

2. Спец. Частка механізмаў, машын або прыстасаванняў, якая па форме або функцыі нагадвае выцягнуты нос жывёлы. Хобат экскаватара. □ Рытмічна махаючы сваім хобатам, пагрузачны кран падымаў і апускаў на платформы кантэйнеры. Шыловіч.

3. Спец. Задняя падоўжаная частка лафета артылерыйскай гарматы або задняя частка станка кулямёта, якая служыць для ручной наводкі на цэль. // Ствол гарматы. Хобаты гармат уздымаліся гнеўна ў неба, у заходні бок. Мележ. І хобаты жэрлаў Паволі Гарматы спускаюць на дол. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)