парахне́ць, ‑ее; незак.
1. Ператварацца ў парахню. Шматлікія курганы, дзе парахнеюць косці заваёўнікаў, з’яўляюцца нямымі сведкамі вялікіх бітваў, што тут адбыліся. Гурскі. Сем’і павялічваліся, дзяліліся, старыя хаціны парахнелі ад часу або знішчаліся выпадковымі пажарамі, на іх месцы вырасталі новыя, а зямлі не прыбаўлялася. Хадкевіч.
2. перан. Станавіцца непрыгодным; аджываць. Уязджае глыбока ў зямлю, парахнее ўвесь стары ўклад жыцця. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачва́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі непрыгожы, агідны, брыдкі; такі, як у пачвары. Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным, а голас гугнявым. Колас. [Сашынаму] хвораму ўяўленню здаецца, што твар .. [немца] нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю... Шамякін.
2. Незвычайны, выключны (пра якія‑н. адмоўныя якасці). [Янка Брыль] .. выступае, як удумлівы, назіральны бытапісьменнік, якога глыбока хвалююць пачварныя з’явы сялянскага побыту. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.
1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.
2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.
3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.
4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.
5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уе́сціся 1, уесца; уядуцца; пр. уеўся, уелася; зак.
1. Глыбока пранікнуць, упіцца ў што‑н. (пра фарбу, пыл і пад.). У натруджаныя рукі Антона Пятровіча ўеліся драбнюсенькія пылінкі металу. Даніленка. У лазні Сымон старанна мыў рукі, бо ў іх яшчэ ў першы дзень работы ўелася смала. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы. Пташнікаў. // перан. Глыбока ўкараніцца. Уеліся прафесійныя звычкі. // перан. Разм. Вельмі захапіцца чым‑н., глыбока ўнікнуць у што‑н. Уесціся ў работу. □ Два вяскоўцы ля акна ўеліся ў карту. Шынклер. Бацька мой, патроху, вельмі ў чытанне ўеўся. Гарэцкі.
2. Урэзацца, упіцца; угрызціся. Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. Піла хутка ўелася ў мякіш сасновай кары. Галавач. Шчоўкнула, уелася ў грудзі Кароткая чарга!.. Лойка.
3. перан. Разм. Надоўга застацца ў памяці, сэрцы і пад. Звон ходзікаў на ўсё жыццё ўеўся ў памяць Аксёну. Дуброўскі.
•••
Уесціся ў косці (пячонкі) — вельмі надаесці, апрацівець.
уе́сціся 2, уемся, уясіся, уесца; уядзімся, уясцеся, уядуцца, пр. уеўся, уелася; зак.
Разм.
1. Прывыкнуць да якой‑н. стравы, корму; пачаць добра есці.
2. (часцей з адмоўем «не»). Наесціся (пра што‑н. вельмі смачнае). Аздоблен квас быў і грыбамі, Выключна ўсё баравічкамі; Цыбуля, перчык, ліст бабковы — Ну, не ўясіс[я]!.. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адукава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад адукаваць.
2. у знач. прым. Які атрымаў шырокую адукацыю, мае рознабаковыя веды. [Янка] вучыўся ў беларускай гімназіі, і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам. Брыль. // Інтэлігентны, культурны, выхаваны. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камя́к, ‑а, м.
Сціснуты, змяты або злеплены ў адно кавалак якой‑н. мяккай, рыхлай масы. Камяк снегу. Камяк гразі. □ Лямеш глыбока нырнуў у зямлю, выварочваючы яе набок рассыпчатымі камякамі. Гартны. Сам Іванок ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас. // перан. Пра спазмы ў горле. У горле засеў горкі камяк.
•••
Першы блін камяком гл. блін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кара́лі, ‑яў; адз. караля, ‑і, ж.
Упрыгожанне з каралавых або іншых каштоўных камянёў, якое надзяваецца на шыю. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі Зіна была вельмі прыгожая. Шыцік. // перан. Пра ўсё, што нагадвае такое ўпрыгожанне. Рабіна надзела каралі І ўстала ля самай дарогі. Буйло. На полымя апалі Дзве расінкі — дзве каралі З цёмна-сіняга галля. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абумо́віць, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; зак., што.
1. Абмежаваць што‑н. пэўнымі ўмовамі, дагаворамі; агаварыць.
2. Выклікаць сабой што‑н., з’явіцца прычынай, матывам для ўзнікнення чаго‑н. Новы, глыбока рэвалюцыйны змест паэзіі Пестрака абумовіў новыя формы паэтычнага выяўлення. Хромчанка. // Зрабіць магчымым што‑н., будучы неабходнай умовай яго існавання. Эпоха, што нарадзіла і абумовіла творчасць Купалы, характарызуецца падзеямі выключнай гістарычнай важнасці. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. угруз, ‑ла; зак.
Глыбока ўвязнуць (у гразі, снезе і пад.). Марыя выйшла людзям насустрач, саступіла з грудка і раптам правалілася ў багну. Паспрабавала вылазіць і ўгрузла яшчэ глыбей. У яе ўжо не было сілы выцягнуць ногі з балота. Кулакоўскі. // Асесці, уехаць у зямлю. А вось і бацькава хата. Яна як бы трошкі ўгрузла ў зямлю. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крутаве́рць, ‑і, ж.
Разм.
1. Пра дрэннае надвор’е з мяцеліцай, завірухай. Нас «злыгаў» лёс на доўгія гады і пагнаў далёка ад родных мясцін у снежную крутаверць каржанскіх лясоў. Грахоўскі. Іду, крутаверцю белай Засыпаны да галавы. Цвірка. / у перан. ужыв. Расой чырвонай апаліў траву Хтось за мяне ў той чорнай крутаверці. Зуёнак.
2. Пра вірлівую ваду, паводку. Падмываючы жвір, глыбока ў бераг уразалася пляскотная крутаверць. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)