Смуга́, дыял. сму́га́ ‘дымка, туман’ (ТСБМ; смарг., воран., Сл. ПЗБ), ‘ціна’, ‘нізкае месца; гразкае балота’ (віл., смарг., карэліц., гродз., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘нанос пасля таяння снегу’ (віл., ашм., лаг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ‘туман’; ‘копаць ад тытуню ў цыбуку’ (Шат.), ‘чорная плесня’ (Касп.), ‘самагон’ (Жд. 2), сму́га ‘імгла, туман; раса, шкодная збожжу’ (Байк. і Некр.), ‘паласа туману’ (стол., Нар. лекс.), ‘цёмная або светлая палоска на небе, пахмурнасць’ (ТС), ‘брудны налёт, паласа пены на вадзе’ (Жыв. сл.), ‘рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ‘смутак’, ‘вяршкі’ (Мат. Гом.), ‘брудная паласа на адзенні, на целе’, ‘мокрая вузкая нізіна’ (ТС), ‘непраходнае балота’, ‘няўдобіца на балоце’ (палес., падрабязна гл. Талстой, Геогр., 192 і наст.), смуг ‘паласа’ (ТС), ‘стаячая вада, забруджаная тванню’ (Сцяшк.), ‘гразь на траве пасля раставання снегу’ (Шатал.), ‘вузкая палоска зямлі’ (слонім., З нар. сл.), ‘паласа сенажаці’ (Тур.), ‘багністая пратока’ (лельч., Нар. лекс.), смужа́віна, смуга́віна ‘палоска на небе; пахмурнасць’ (ТС), сму́жнік ‘зараслі маладога лесу’ (ТС), смужня́к ‘гразкае балота’ (люб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі хваёвы лес, які расце астраўкамі на балоцістых месцах’ (ваўк., Сл. ПЗБ), смужэ́ ‘багна, балота’ (Сцяшк. Сл.); ст.-бел. смуга, смугъ ‘вузкая і доўгая паласа зямлі; цясніна’ (Ст.-бел. лексікон), укр. сму́га ‘рыса; штрых; паласа’, рус. паўд. сму́га ‘пляма (напр., ад праса) у выглядзе паласы’, польск. smug, smuga ‘паласа; паласа поля, луга’, дыял. ‘балота’, каш. smug ‘вузкі вільготны лужок’, ‘стаячая вада; невялікая сажалка’, в.-луж. smuha ‘паласа, лінія’, н.-луж. smuga ‘тс’, чэш. šmouha ‘брудная паласа’, дыял. smuha ‘сухая паша’, ‘тс’, славац. smuha, šmuha ‘прадаўгаватая пляма’, славен. smúga ‘лінія, паласа’, серб.-харв. сму́га ‘від глебы; рачны нанос’, балг. дыял. сму́га ‘сцежка, след праз сенажаць або поле’. Прасл. *smuga/*smugъ ‘паласа, штрых, лінія’, ‘цёмная паласа на светлым фоне’ (Борысь, Etymologie, 219) роднаснае лат. smaugs ‘тонкі, стройны’, літ. sùsmauga ‘звужэнне’, ст.-ісл. smuga ‘паглыбленне, пралаз’, с.-в.-ням. sich smougen ‘туліцца’; гл. Фасмер, 3, 693 з літ-рай. Махэк₂ (562) ставіць пытанне аб магчымым раздзяленні значэнняў ‘паласа, лінія’ і ‘чорная пляма, паласа, бруд’. Шустар-Шэўц (1324–1325) аб’ядноўвае гэтыя значэнні і адносіць да і.-е. базы *(s)meu̯gh‑ ‘курыць’, зыходным пунктам для спецыялізацыі значэнняў было б ‘паласа, лінія, пляма, якая ўзнікла пад уздзеяннем цяпла, сонечнага свету і г. д.’. Борысь (563) узводзіць таксама да і.-е. *(s)meu̯g​h, але без дэфініцыі першаснага значэння праславянскага слова. Тады сюды ж і сму́глы (гл.), рус. сму́глый, укр. сму́глий, якія Фасмер (там жа) следам за Покарным (971) аддзяляе ад *smuga. Бярнар (Бълг. изсл., 341–342) узводзіць да кораня і.-е. *smeug‑/*(s)meuk‑, прадстаўленага ў ст.-слав. смъкати сѧ, што ад мъкнѫти ‘цягнуць, валачы’. Гл. таксама шмыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кал ’змесціва кішэчніка, якое выдзяляецца пры спаражненні’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’вадкі, найбольш моцны гной’ (Шат.), ’гразь’ (Клім.; бяроз., КЭС; драг., Нар. лекс., Нар. словатв., Сцяшк. МГ; бяроз., пін., Шатал.; брэсц., гродз., паўдн. бел., Яшк.), ’замёрзлая на дарозе гразь’ (свісл., Шатал.). Паводле даных новых дыялектных слоўнікаў: ’гразь, гной, бруд’ (беласт., гродз., карэл., свісл., гарад., Сл. паўн.-зах.). Статус слова ў літ. мове не вельмі ясны; тэарэтычна такое значэнне магло развіцца на базе вядомага ў гаворках значэння ’гной’, аднак хутчэй за ўсё тут запазычанне (з польск., з рус.?). У гаворках слова адзначана найбольш часта на паўдн. захадзе. Укр. кал ’гразь; кал; гразь на дарозе, на целе і інш.’, рус. кал (статус у гаворках няясны; СРНГ прыводзіць толькі смал., вяц. кала ’нечыстоты, кал’, арханг. калиться ’спаражняцца’), польск. kał ’кал’, дыял. ’гразь, мул, балота і інш.’, каш. kał ’гразь на дарозе’, славін. ko ’гразь, ціна’, kal ’гразь на дарозе’, н.-луж. kala (статус падазроны), чэш. kal ’вадкая гразь, брудная вада, калужа і інш.’, славац. kal ’брудная вада, вадкая гразь і інш.’, славен. kal ’гразь у калужы і інш.’, серб.-харв. ка̏о, дыял. кал ’гразь, ціна і інш.’, макед. кал ’гразь і інш.’, балг. кал ’гразь і інш.’, ст.-слав. калъ ’гразь, ціна’. У шэрагу слав. моў супадаюць канкрэтныя значэнні тыпу бел., славен., укр. ’гразь на целе’. Прасл. kalъ, далейшыя сувязі няясныя. Трубачоў (Эт. сл., 9, 128) звяртае ўвагу на адзнакі архаізма ў гэтым слове і адсутнасць адпаведніка ў балт. мовах, слова нематываванае на слав. глебе, як і і.-е. *kālo‑s або *kālo‑s‑ на і.-е. глебе. З ліку традыцыйных паралелей можна згадаць ст.-грэч. πηλός, дар. πᾱλός ’гліна; гразь, балота і інш., аднак π‑ у гэтым слове можа ўзыходзіць як да *p, так і да *k​. Думка аб роднаснасці слав. і грэч. лексем належыць Мейе, MCL, 13, 1905, 291–292, а таксама слав. лексемы з лац. squālusбрудны і інш., гэта паралель іншымі аўтарамі аспрэчваецца па семантычных крытэрыях (Вальдэ-Гофман, 2, 582). Фасмер (2, 163) упэўнена мяркуе аб сувязі са ст.-інд. kāla‑ ’сіня-чорны’; Слаўскі (2, 32) таксама дапускае магчымасць праформы *kāloḥ, што дазваляе суаднесці слав. лексему з іншымі назвамі колеру і плям (тыпу літ. kalýbas, kalývas ’з белай шыяй (аб сабаках)’, лац. cālidus ’з белай плямай на лбе (пра коней)’, ст.-грэч. κηλάς ἀίξ ’каза з плямай’ і інш.). Відавочна, аднак, што найбольш моцны семантычна і фармальна прыклад — ст.-інд. слова — на самой справе або дравідыйскае, або вельмі дэфармаваны, ва ўсякім разе ‑l‑ тут першаснае, гл. Слаўскі, 2, 33; Трубачоў, Эт. сл., 9, 128, дзе спасылка на Майргофера, 1, 203. Трубачоў (там жа) звяртае ўвагу яшчэ і на тое, што ст.-грэч. καλάς лічыцца няясным па паходжанню, што вельмі зніжае яе надзейнасць як паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю, самы цёмны з усіх колераў; проціл. белы. Чорны атлас. Чорная фарба. □ Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы. / у перан. ужыв. Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. // у знач. наз. чо́рныя, ‑ых. Шашкі, шахматы цёмнага колеру ў процілегласць белым. Гуляць чорнымі. // Апрануты ў адзенне такога колеру. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // у знач. наз. чо́рнае, ‑ага, н. Адзенне, убранне такога колеру. Мужчына быў увесь у чорным. Чорны. // Які мае пер’е, поўсць такога колеру. Чорны сабака. □ Арол чорны ўецца ў высі. Чарот. / У назвах птушак, жывёл. Чорны бусел. Чорны дзяцел.

2. Цёмны, больш цёмны, чым звычайна. Чорная зямля. □ Зноў, як тады, гатоў да ранку ў цішы на беразе сядзець, і слухаць голас малдаванкі, і ў вочы чорныя глядзець. А. Вольскі. Даша павярнулася. На парозе стаяў высокі чалавек. Бровы над чорнымі вачамі многа цямнейшыя за светлыя валасы. Пішчыкава. // Смуглявы, чарнявы, цёмнавалосы. Банда ўвалілася ў хату.. Адзін з шапкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідваць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. // Які пасмуглеў ад сонца. Тут, пад разгалістай вярбой на беразе ракі, іх двое: амаль чорны ад загару Ілья Нікіценка і крыху хударлявы Толя Ярмакоў. Шыловіч. // Які мае цёмную скуру (як адзнаку расы). А белыя, жоўтыя, чорныя расы Да мовы супольнай прачысцяць дарогу... Купала. Не ведалі .. [пані], што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлона. Маўр. // Вельмі цёмны, змрочны. Працавалі Пры вогнішчаў яркім святле, Слыхам сочачы Ворага ў чорнай імгле. Куляшоў. На чорным начным полі ляжала нешта белае, распластанае. Сабаленка. // Цёмны, неасветлены. А ў сяле яшчэ не спяць... Міма чорных вокнаў Давядзецца нам ступаць, Нібы пад канвоем. Жычка. // Непранікальны, шчыльны; цёмны (пра хмару, дым і пад.). Над усходнім краем лесу стаяла чорнае воблака. Кулакоўскі. Чорнай хмарай Кружаць галкі; — І ў аконца бачна мне: Грак з грачыхай У садзе ціха След пракладваюць вясне. Шуцько. У чорных снегавых хмарах з поўначы насоўвалася зіма. Мурашка. // Зроблены, прыгатаваны або выпечаны з цёмнай, жытняй мукі. Нічога ў жыцці не трэба. Са мной толькі будзьце заўжды, Лустачка чорнага хлеба, Глыточак крыштальнай вады. Матэвушаў.

3. Разм. Брудны, запэцканы, зашмальцаваны. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Брыль. [Вера:] — Лазню я і сёння яшчэ ўспею выпаліць. .. Сподняе зменіш. Што так мяняць без лазні — на чорныя плечы. Пташнікаў.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, звычайна фізічна цяжкі і брудны (пра чарнавую работу і пад.). Памятае Змітрок і апошнія словы бацькі, які ўсё сваё жыццё аддаў аднойчы выбранай любімай справе: — Помні, сынку, што не чорная праца ганьбіць чалавека, а яго чорныя справы, душа. Ваданосаў. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека. Лужанін. [Лірнік:] Чорная работа не сажа — душы не замажа. Вітка. [Дырэктар:] — А цяпер, у дадзены момант, такой [учотчыцы] работы няма. А на чорную на якую вы не пойдзеце. Сабаленка. // Найменш значны, дапаможны (пра адпаведную частку якой‑н. працы, справы). Інжынер Прыстром бачыў у рабочых толькі сілу, здольную на чорную работу, на выкананне задум і планаў інтэлігентаў. Арабей.

5. Не галоўны, не цэнтральны, не парадны, які выкарыстоўваецца для штодзённых патрэб (пра дзверы, ход, уваход і пад.). Праз чорны ход Эма знікла з дому. Машара. [Чарвякоў:] — Цяпер нам трэба ціхенька выйсці праз кухню на чорную лесвіцу, каб яны [вартавыя] не пачулі. Мяжэвіч.

6. перан. Дрэнны, адмоўны; які не выклікае адабрэння. Яны [сусед і вусаты] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Лужанін. Не было б, уласна, мне і справы, Вытрымаў бы я нейтралітэт, Ды плануе новыя расправы Не адзін там чорны прайдзісвет. Панчанка. // Які губіць, знясільвае. У душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны. Багдановіч.

8. перан. Крайне рэакцыйны, контррэвалюцыйны. [Апейка:] — Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Мележ.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны. Паэт непахісна верыць, што доля чорная людзей не з’яўляецца ўсемагутнай, таксама, як яна не ёсць і вечная на зямлі, налітай крывёю і потам гаротнага люду. Майхровіч. Гора складае свае калыханкі — Сумныя песні пра чорны прыгон. Танк. / Пра час, перыяд, звязаны з горам, няшчасцем. Аднойчы, як чорны выдаўся час, Юнак пакідаў айчыну. Лось. / у вобразным ужыв. Чорнай бездані чорны рот Разяўляеш [акіян] не ў час, відаць. Вельмі ж рана ў дваццаць год, Рана хлопцам пра смерць гадаць! Гілевіч.

10. Які ў дарэвалюцыйныя часы адносіўся да ніжэйшых слаёў грамадства, да простага народа. Вырвалі мы з коранем тое пустазелле, Што смактала сокі З чорнае галоты. Колас.

11. Гіст. У дарэвалюцыйнай Расіі — цяглавы, дзяржаўны. Чорныя землі. Чорныя двары.

12. Паводле забабонных уяўленняў — чарадзейны, звязаны з нячыстай сілай. Донна, донна! Вы ўзялі Ад маіх слядоў зямлі І зрабілі пагавары З чарадзейных чорных кніг. Багдановіч. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці. Колас.

•••

Чорнае дрэва гл. дрэва.

Чорнае золата гл. золата.

Чорная біржа (чорны рынак) гл. біржа.

Чорная дошка гл. дошка.

Чорная ікра гл. ікра.

Чорная магіл гл. магіл.

Чорная меланхолія гл. меланхолія.

Чорны кофе (чорная кава) гл. кофе.

Чорны лес гл. лес.

Чорны шар гл. шар.

Чорныя металы гл. метал.

Чорныя сотні гл. сотня.

Чорныя спісы гл. спіс.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Ні чорнага ні белага — не абазвацца, не сказаць ні слова каму‑н.

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

У чорным святле гл. святло.

Чорная гадзіна гл. гадзіна.

Чорная косць (костка) гл. косць.

Чорная кошка прабегла (перабегла) паміж кім гл. кошка.

Чорная няўдзячнасць гл. няўдзячнасць.

Чорны дзень гл. дзень.

Чорным па белым — дакладна, выразна, ясна, недвухсэнсава (сказаць, напісаць і пад.).

Як чорны вол гл. вол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кажу́х1 ’доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; іван., капыл., КЭС; Маш., Нас., Радч., Сакал., Серб., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяшк., Шат., Шэйн.). Укр. кожух ’футра, кажух’, рус. дыял. кожух ’аўчына, вопратка з аўчын’, паводле Даля паўдн. і зах., ’скура’, ’верхняя вопратка, якая не прамакае ад дажджу’ і інш., польск. kożuch ’футра, аўчына, вопратка з аўчыны і інш.’, н.-луж. kožuch, в.-луж. kožuch, чэш. дыял. kožuch, славац. kožuch ’футра (воўна і скура)’, серб.-харв. ко̀жух ’футра, кажух, аўчына’, славен. kožuh ’футра, кажух’, мак. кожув, балг. кожух ’кажух’. Праслав. kožuxъ ’скура жывёлы з футрам; вопратка з падобнай скуры’, утворана ад koža суф. ‑uxъ. У прасл. гэта унікальны суфікс у гэтай функцыі, у той час як у слав. мовах ён шырока прадстаўлены, гл. Слаўскі, 3, 39. Меркаванне Ягіча (AfslPh, XVII, 1894, 292) аб тым, што такая словаўтваральная мадэль нехарактэрная для назваў вопраткі, не пераконвае, паколькі першапачатковым значэннем слова было ’скура жывёліны’, як аб гэтым сведчаць і шматлікія іншыя ўтварэнні ад koža.

Кажу́х2 ’гарызантальная частка дымавой трубы ў хаце’ (Гарэц.), ’прастора паміж печкай і сцяной, калі печ стаіць блізка пры сцяне’ (Бяльк.). Рус. кожух ’комін печы’, ’выцяжная драўляная труба над дымавой адтулінай курной хаты’, параўн. шуйск., уладз. ’гарызантальная частка дымахода, якая злучае печ з комінам’; наогул рус. слова называе розныя часткі як печы, так і навакольнай прасторы. Гэта зніжае каштоўнасць супастаўлення бел. кажух ’прастора паміж печчу і сцяной’ і маск. кожух ’сцяна каля рускай печы’. Утворана (першае) ад кожух ’пакрыццё, чахол’, значэнне, некаторыя этапы развіцця якога ад kožuxъ ’скура’ можна прасачыць па такіх прыкладах, як рус. кожух ’скура змяі (якая скідаецца)’, ’шкарлупіна’, кожура ’драўняная кара’, балг. кожулец ’кокан’, макед. кожурец ’тс’. Значэнне ’прастора паміж печчу і комінам’ можа разумецца як ’паветраная ахова, своеасаблівы кажух’ або, што больш верагодна, ад *кажух ’частка печы’, ’частка прасторы каля печы’ — падобныя значэнні засведчаны рускімі гаворкамі. Аб часе ўтварэння слова і магчымых культурных сувязях на ўзроўні рэалій можна толькі здагадвацца, аднак вялікая колькасць значэнняў тэрміна кожух у рус. дыял. і ўсходняя геаграфія бел. слова сведчаць, што тут назіраецца руская інавацыя.

Кажу́х3 ’пенка на малацэ’, кажушок ’тс’ (пух., Жыв. сл.), ’брудны налёт, паласа пены на вадзе і інш.’, параўн. у кантэксце: «…бывае, кажух такі зробіцца зверху на вадзе стаячай, смуга такая зверху зялёная, як доўга стаіць» (пух., Жыв. сл.). Польск. kożuch ’плеўка, якой зацягваецца паверхня вадкасці, напрыклад малака’, kożuch rzęsy, славен. kożuch ’пенка на малацэ’; з іншай суфіксацыяй: укр. кожушок (у Жэляхоўскага) ’плеўка на паверхні малака, кісялю’, макед. кожурек, кожурка ’пенка на малацэ’, балг. кожер ’смятана, пенка на малацэ’, кожарец ’тс’. Адсутнасць дакладных адпаведнікаў з больш надзейнай серб.-харв. тэрыторыі не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім значэнні ’плеўка на вадкасці, пенка на малацэ’. Аднак наяўнасць балг. і макед. паралеляў сведчыць у карысць старога, незалежнага ад уздзеяння ням. мовы (параўн. у Слаўскага, 3, 39) пераносу; гл. яшчэ кажух2 і кажух4. Этымалагічна кажух3 ад kožuxъ ’субстанцыя, якая пакрывае што-небудзь, якое з kožuxъ ’скура і да т. п.’, гл. кажух1.

*Кажу́х4, кожух ’расліннае покрыва на балоце, якое ўспухае, узнімаецца’, параўн. у кантэксце: «Такый кожух е на тэму болоты: вуда зрывае кожух од шчырцу. На тэму кожуховы гуйдатыся можна» (малар., Нар. лекс.), кожух ’твань, дрыгва’ (малар., Талстой, Геагр.), кокожух ’зыбкае месца’ (тураў., ДАБМ). Паводле Талстога, Геагр., 185–186, утворана семантычна падобна (па прынцыпу метафары), як і інш. назвы для значэння ’дрыгва, топкае месца на балоце’ (здмух і пад.). Тур. кокожух, паводле Талстога, там жа, дээтымалагізаваная форма з рэдуплікацыяй першага складу (параўн. рус. дыял. кокоты < коты ’назва абутку’), аднак, улічваючы палескія назвы каверт, кобагня, можна меркаваць аб магчымасці існавання рэгіянальнай мадэлі ўтварэння ко‑ + назва дрыгвы. Этымалагічна кажух4 < *кожух < kožuxъ, гл. кажух1, гэта пацвярджаецца, магчыма, кобр. кожушкы мняты ’ўгінаць, мяць тонкі лёд’ (Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)