Дысерта́цыя ’дысертацыя’ (БРС). Рус. диссерта́ция, укр. дисерта́ція. Запазычанне з рус., дзе гэта лексема ўзята з польск. dysertacja або ням. Dissertation (першакрыніца — лац. dissertātio ’даследаванне’). Гл. Фасмер, 1, 516; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 134. З рус. мовы запазычаны і бел. дысерта́нт, укр. дисерта́нт (< рус. диссерта́нт; гэта новаўтварэнне да диссерта́ция; адзначаецца з 1927 г.). Гл. Шанскі, там жа, 134.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́лька ‘толькі’: тылька асталося тры зелечка (там., Д.-Хадак.), тылько, ты́лькі ‘толькі’ (воран., гродз., беласт., кам., драг., Сл. ПЗБ), ‘толькі што, нядаўна’ (воран., астрав., там жа), ст.-бел. тылько, тылко, тилко ‘не больш як’, ‘выключна, адзіна’, ‘толькі’ (1501 г., ГСБМ). Апошнія лічацца запазычанымі са ст.-польск. tylko (Булыка, Лекс. запазыч., 201; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гразь ’гразь’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. грязь, укр. грязь, ст.-рус. грѧзь, чэш. hřez, серб.-харв. гре̑з, славен. grêz. Прасл. *gręzь суадносіцца з дзеясловамі *gręznǫti, *gręziti (бел. гра́знуць, рус. гря́знуть, чэш. hřeznouti, серб.-харв. гре̏знути і г. д.). У аснове ляжыць *gręz‑, якое параўноўваюць з літ. grīmsti ’тануць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 125–126; Фасмер, 1, 467–468. Аблаўтны варыянт — *grǫz‑ (напр., *grǫznǫti, *grǫzъ): параўн. бел. гру́знуць, груз, рус. гру́знуть, груз, укр. гру́знути, груз (апошняе азначае ’балота’). Гл. Фасмер, там жа; Трубачоў, там жа, 151. Адносна ўкр. (resp. бел.) грязь не пераконвае Слаўскі, 1, 361–362.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дро́гкі ’дрогкі’ (БРС, Байк. і Некр., Бяльк.), дро́хка ’страшна’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 138), бел. слова звязана з рус. дыял. смал. дрехкий ’тс’. Гэтыя словы, магчыма, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі; супольная праформа — *drъgъkъjь (вытворнае ад дзеяслова *drъgati ’дрыжаць, дрыгаць і г. д.’). Параўн. таксама (з вакалізмам«е») і бел. дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.), якое сведчыць аб складанасці дыялектнага размеркавання розных тыпаў вакалізму ў каранёвай частцы данай лексемы. Прасл. *drъgъkъjь адлюстроўваецца і ў бел. назвах для балота, дрыгвы ў тыпе *drъgъkyni (суфікс *‑yni); параўн. у Яшкіна: драгкінь, драгкіня́, дрогкінь (няма ў Трубачова, Эт. сл., 5, што вельмі дзіўна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анго́рскі ў выразах ангорская кошка, ангорскі трус, ангорская каза; анго́ры ’ангорскія трусы’ (Сцяшк. МГ). Рус. ангорский, укр. ангорський, польск. angora ’парода коз, авечак, трусоў, кошак’ і г. д. Крыніца слав. слоў — старая форма назвы сталіцы Турцыі Анкары і вілаета (вобласці) — Ангора, адкуль прыметнік; назоўнікі тыпу анго́ры трэба лічыць другаснымі, вытворнымі ад прыметнікаў. Непасрэднай крыніцай для бел. прыметніка з’яўляюцца, пэўна, руская і польская мовы; назоўнік ангоры мог быць утвораны на бел. глебе ад прыметніка ці запазычаны з польск. Гл. Супрун, Зб. Крымскаму, 123.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Драбяза́ ’драбяза, дробязь’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), драбіза́ (Бяльк.), ’дробныя адходы саломы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. далей дробязга́ ’тс’ (Касп.), драбазга́ ’дробязь’ (Байк. і Некр.), драбязго́вы ’дробязны’ (БРС), драбязі́ць ’ісці дробным крокам’ (БРС). Пад праформай *drobězgъ Трубачоў (Эт. сл., 5, 118) аб’яднаў вялікую групу слоў тыпу бел. (укр. дрі́бʼязок, рус. дробезга́, польск. drobiazg, ст.-чэш. droběz і г. д.). Зыходным з’яўляецца дзеяслоў *drobiti і яго гняздо; суфіксацыя — *‑ězgъ. Ст.-бел. дробязкгъ, дробязокъ ’дробязь’ запазычаны, паводле Булыкі (Запазыч., 102), з польск. drobiazg.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варката́ць ’мурлыкаць’ (БРС). Вытворныя ад яго: варкатня́, варкату́ння, варкату́н, варкату́ха, варко́цік (Нас.). Укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’. Прасл. *vъrkotati. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ гукапераймальнага паходжання (гл. таксама пад ве́раск, верашча́ць) утвораны: прасл. *vъrkati, *vъrčati (< *vъrkēti) і далей *vъrkovati, ст.-рус. въркати, върчати, ц.-слав. връчати, рус. ворча́ть, воркова́ть, бел. варкава́ць, варча́ць, укр. воркува́ти, польск. warknąć ’забурчаць’, warczeć ’бурчаць, гыркаць’, чэш. vrkati ’варкаваць’, vrčeti ’бурчаць’, балг. връча ’шчабячу, шумлю’, серб. вр̏кати ’мурлыкаць’, вр́чати ’мурлыкаць; бурчаць’ і г. д. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ быў утвораны прасл. назоўнік *vъrkotъ ’варкатанне, бурчанне, буркаванне’ (рус. дыял. во́ркот, чэш. vrkot і г. д.), ад якога ў сваю чаргу паходзіць новы дзеяслоў *vъrkotati: бел. варката́ць, укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’ і г. д. Не выключаецца, аднак, што *vъrk‑ot‑ati прама паходзіць ад *vъrk‑ati («узмацняльны» экспрэсіўны суфікс *‑ot‑ у дзеяслове). Параўн. падобныя гукапераймальныя ўтварэнні ў іншых мовах: літ. vẽrkti, ‑vìrkti ’плакаць’, ur̃kti ’гыркнуць’ (падрабязней гл. пад вераск). Гл. Фасмер, 1, 351, 356; Рудніцкі, 477; Брукнер, 602; Голуб-Копечны, 423; Махэк₂, 700; Траўтман, 353; Шанскі, 1, В, 163–164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаць ’гаць, грэбля’ (БРС, Нас., Шат., Бяльк., Сцяшк., Яшкін), ’твань; плаціна’ (Касп.). Вытворныя: га́тка (Нас., Сцяшк.), га́тчына (Нас.). Параўн. рус. гать, укр. гать, польск. gać, чэш. hať, серб.-харв. га̑т, гата і г. д. Прасл. *gatъ, *gatь. Агляд матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 6, 108–109. Вытворнае (*g​ā‑t‑ ’праход і да т. п.’) да і.-е. *g​ā‑ ’ісці, праходзіць’; параўн. ст.-інд. gātú‑ ’праход, дарога’, авест. gātu‑ ’месца’. Гл. Слаўскі, 1, 246; Махэк₂, 162; Трубачоў, Эт. сл., 6, 108–109. Сюды ж і вытворнае *gatiti: бел. га́ціць, рус. га́ти́ть, укр. гати́ти, польск. gacić, серб.-харв. га́тити і г. д. (гл. Трубачоў, там жа, 105–106).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бары́ла1 ’бачонак, невялікая бочка; вялікая, шырокая бочка’, таксама барылачка, бары́лца, барэлочка, бары́лка, барэ́лка, барэ́лко (Касп., Нас., Гарэц., Бяльк., Інстр. III, Др.-Падб., Дзмітр., Шн., Бесар., КЭС, лаг., Булг., Федар., 4, Сцяц., Сцяшк. МГ, Арх. Бяльк. слонім.). Рус. дыял. бари́ло і г. д. (< укр. або бел.), укр. бари́ло (з XVI ст.) і г. д. Запазычанне з польск. baryła < італ. barile. Гл. Міклашыч, 7; Бернекер, 44; Фасмер, 1, 126–127; Брукнер, 17; Слаўскі, 1, 28; Кюнэ, Poln., 43. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 37.

Бары́ла2 ’здаровы мажны мужчына; таўсцяк; тоўсты, нехлямяжы чалавек’ (Касп., Нас., Гарэц., Сцяшк. МГ). Метафарычнае ўжыванне слова бары́ла ’бачонак’ (гл.). Параўн. укр. барилькува́тий ’тоўсты, брухаты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бая́цца. Рус. боя́ться, укр. боя́тися, польск. bać się, чэш. báti se, ст.-слав. боꙗтисѧ, балг. бо́я се, серб.-харв. бо̀јати се і г. д. Прасл. bojati sę ’баяцца’. Параўн. літ. bajùs ’страшны’, bijótis ’баяцца’, ст.-інд. bháyatē ’баіцца’ і да т. п. Траўтман, 24; Бернекер, 68; Слаўскі, 1, 25; БЕР, 1, 71; Фасмер, 1, 204; Праабражэнскі, 1, 41. Няпэўнай з’яўляецца думка (Зубаты, Studie, 1, 1, 79–90; падтрымліваюць Трубачоў, Дополн., 1, 204; Шанскі, 1, Б, 183) пра сувязь з biti ’біць’. Сюды і прасл. bojaznь (суф. ‑znь): бел. баяз́нь, бо́язь, рус. боя́знь, укр. боя́знь, польск. bojaźń, чэш. bázeň, ст.-слав. боꙗзнь і г. д. Параўн. падобнае ўтварэнне: ст.-прус. biāsnan ’страх’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)