паспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Спароць усё, многае. І цяпер тыя дзед і баба, тая нізкая, чорная хата здаюцца Раі сном, хоць яна і ведае, што гэта быў не сон, што тыя дзед і баба яе ратавалі. Паспорвалі жоўтыя латы з яе адзежы, сюды, у бальніцу, прывезлі. Арабей. — [Задрапей] падкраўся, як злодзей, да млына, узлез на плот і паспорваў [ластаўчыны гнёзды]. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перахрысці́цца, ‑хрышчуся, ‑хрысцішся, ‑хрысціцца; зак.
1. Зрабіць рукой знак крыжа над сабой. Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз. Колас. Каля развілкі на вёску.. стары зняў шапку і перахрысціўся. Бажко.
2. Ахрысціцца занава пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру. — А ёсць у нас і свае цыганы — Сулімы. Калісьці іх дзед ці прадзед перахрысціўся ў нашу веру, купіў зямлю. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праскрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
1. Утварыць скрып, скрыпучыя гукі. Дзверы праскрыпелі. □ Віктар ад злосці аж праскрыпеў зубамі. Гаўрылкін. // Праехаць, прайсці са скрыпам. Апранутыя ў зялёныя шынялі з шырокімі хлясцікамі, .. [пагранічнікі] гучна праскрыпелі тупаносымі рыжымі ботамі. Бажко. // што і без дап. Сказаць што‑н. скрыпучым голасам. — Э-э-х, Марыя Паўлаўна, — не прамовіў, а неяк праскрыпеў Шаройка. Шамякін.
2. Скрыпець некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расхля́баны, ‑ая, ‑ае.
1. У якім аслаблі мацаванні (ад неахайнага доўгага карыстання); расхістаны. А потым высветлілася, што .. [піяніна] расхлябанае, як старыя калёсы, і іграць на ім могуць толькі такія артысты, як мы з Санькам. Сяркоў.
2. перан. Няцвёрды, віхлясты. Расхлябаная паходка. □ Зноў шаша і зноў аднастайны, расхлябаны крок. Навуменка. // Недысцыплінаваны, неарганізаваны. [Метак:] — А, урэшце, дакуль ты будзеш такі ... расхлябаны? Пара брацца за розум. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
румя́нец, ‑нцу, м.
1. Ружовы ці ярка-чырвоны колер твару. Перада мной стаяла вясёлая, гаваркая жанчына са здаровым румянцам на абветраных шчоках. Бажко. // Чырвань ад прыліву крыві да твару. Румянец збянтэжанасці і сарамлівасці нечакана заліў шчокі хлопца. Гарбук.
2. перан.; чаго. Разм. Ружовая ці ярка-чырвоная афарбоўка, асвятленне неба пры ўзыходзе сонца. Кожны дзень цвіце на небе Маладой зары румянец. Хадыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
1. Наўмысна выклікаць, падбухторыць каго‑н. на якія‑н. дзеянні, учынкі. Следчы хоча справакаваць «мяцежніка» на здраду. У. Калеснік. // Правакацыйнымі дзеяннямі выклікаць якое‑н. здарэнне. Справакаваць напад. □ Так, цяпер ужо ніхто не сумняваўся, што Злучаныя Штаты самі справакавалі вайну ў Індакітаі. Бажко.
2. Спец. Зрабіць правакацыю (у 3, 4 знач.). Справакаваць прыступ малярыі. Справакаваць усюды насення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асіраці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго.
Зрабіць каго‑н. сіратою (сіротамі). [Харытон:] — «За што ж гэта, — сказаў я Антосю, — та, не падумаўшы, Ігнатавых дзяцей асіраціў?» Бажко. Браты беларусы! Хіба мы даруем фашысцкім гадам тое, што яны разбурылі нашы гарады, што яны асірацілі гэтулькі нашых дзяцей. Купала. // перан. Зрабіць адзінокім, пазбавіўшы блізкага, дарагога чалавека. Але і яго ж, Міхала, вайна таксама асіраціла, адабрала ў яго сям’ю, дом. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляка́рства, ‑а, н.
Рэчыва, прэпарат для лячэння ці папярэджання хваробы. Лякарства ад прастуды. □ [Доктар:] — Паправіцеся, нічога страшнага няма. Я выпішу лякарства. Асіпенка. // перан. Тое, што памагае перажыць якое‑н. няшчасце, забыць што‑н. непрыемнае і пад. І хоць .. спагада была выказана без асаблівай ласкі, для дзядзькі Харытона яна — самае неабходнае і пажаданае лякарства. Бажко. Шырокая музыка лесу, дарог, самалётаў — ад стомы, сумненняў заўжды для мяне як лякарства. Рудкоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыся́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які прыняў прысягу, прысягнуў каму‑н.
2. Разм. Пастаянны, заўсёдны. І прэлат з Ліптова завітаў з паклонам. Гэты быў у [караля] прысяжным шпіёнам. Бажко.
3. у знач. наз. прыся́жны, ‑ага, м. У буржуазным судзе — выбарная асоба, якая ўдзельнічае ў разборы судовых спраў. Суддзя часта пазяхаў. Аб нечым параіўшыся з прысяжнымі, ён пачаў допыт Джыавані. Лынькоў.
•••
Прысяжны павераны гл. павераны.
Суд прысяжных гл. суд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скасабо́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм.
1. Скрывіцца, пахіліцца набок. На двары ўсё раскідана абы-як, вароты ў хлеў скасабочыліся, вісяць на адной пятлі. Мележ. Ах, што гэта была за хатка! Маленькая, нізенькая, вуглы пакалоліся, пагнілі і скасабочыліся. Сачанка.
2. Скрывіцца; прыняць косае становішча, зрабіцца касабокім. Адно плячо скасабочылася, нібы .. [Вітушка] штосьці падпіраў. Беразняк. Пан Булыга, нагойсаўшыся за быком, скасабочыўся на тахце, безуважліва азіраецца па хаце. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)