тра́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. Упасці з размаху, з сілай. [Крукаў:] — Я і без таго не сказаць каб дужа ўжо моцна трымаўся на нагах, а тут такая каўзота, што калі б і цвярозы быў, дык і то, можа, не адзін раз трахнуўся б вобзем. Васілёнак.

2. Моцна, з сілай стукнуцца аб што‑н. Прабыла булава ў небе гадзіны тры і ляціць назад. Удовін сын выставіў правую далонь. Булава трахнулася аб далонь і пераламалася напалам. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Мераючы, аддзяліць або адзначыць пэўную колькасць чаго‑н. Адмераць тры літры малака. □ Участак, які адмерала Вера, запісалі на яе імя. Галавач. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. // Разм. Прайсці, праехаць пэўную адлегласць. Толькі надвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь, адмераўшы дзесяткі лішніх вёрст, каб замесці свае сляды. Колас. // Разм. Лічачы, панесці каму‑н. пэўную колькасць удараў бізуном, шомпалам і пад. Дарэмна.. [Лявон] ляжаў пластом на зямлі і лічыў, колькі ўдараў адмерае яму гэты баязлівец Юзік. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матлашы́ць, ‑лашу, ‑лошыш, ‑лошыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Рваць на шматкі, кавалкі. Сабакі матлошаць зайца.

2. Прыводзіць у бязладны стан. Матлашыць вецер Пракопаву бараду і псуе работу яму: засыпае сцежку белымі струменьчыкамі дробнага, пухкага, як мука, снегу. Колас.

3. Біць, дубасіць, нішчыць. Бывала, даўней, як завядзецца бойка — усё сяло калоціцца. Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Колас. [Юзік:] — І калі мы раз наступілі на .. [урангелеўцаў] ды, закрычаўшы ўра, пачалі матлашыць іх штыкамі ды прыкладамі, дык яны кінуліся наўцёкі, а некаторыя здаліся. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

другі́, ‑ая, ‑ое.

1. Ліч. парадк. да два (у 1 знач.). Другі па парадку. Другі дом з краю. Другая дзея п’есы. □ Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. На другой старонцы [газеты] быў надрукаваны ўказ аб прысваенні пачэсных званняў настаўнікам. Корбан. // Які робіцца або адбываецца паўторна. На гэтых папялішчах і пачалося другое нараджэнне калгаса. Якімовіч. // Ужываецца ў спалучэнні «адзін — другі» пры проціпастаўленні, пералічэнні. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. [Барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў.

2. Не такі, інакшы, непадобны да гэтага або ранейшага. Зусім другі голас чуе Паўлік — дабрадушны, ласкавы. Сташэўскі. За край небасхілу пралезла раўніна, І воблік зямлі стаў адменны, другі. Танк. // Процілеглы. Пераехаць на другі бераг ракі. □ Павел загадаў двум рабочым перайсці на другі бок пакгауза. Лынькоў.

3. Не гэты, іншы. Людзі гавораць, кахае Хлопца дзяўчына другая. Прыходзька. — Другім разам прыходзьце. Зараз няма калі. Спяшацца трэба. Кандрусевіч. / у знач. наз. другі́, ‑ога, м.; друга́я, ‑ой, ж. Другога слухай, а свой розум май. Прыказка. Сам не гам і другому не дам. Прымаўка. // у знач. наз. другі́я, ‑іх. Астатнія, іншыя. Штось новае кожны бачыў І сам у сабе і ў другіх. Колас. О, не хадзі к другім за радай, — У пушчы сонца не шукай! Купала.

4. Які замяняе першага, сапраўднага. Другая радзіма. Быць другім бацькам для дзяцей.

5. перан. Не галоўны, другарадны. На другіх ролях. На другім плане. // Які выконвае дапаможную партыю. Другая скрыпка. // Ніжэйшы, горшы па якасці за першы. Другі сорт. Каюта другога класа.

6. Разм. Некаторы, іншы, які-небудзь. І зробіць яшчэ Сцёпка такія выбрыкі ў паветры, што і артыст другі пазайздросціць. Колас. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

7. у знач. наз. друго́е, ‑ога, н. Страва, якая падаецца пасля першай. — Што там у цябе сёння на другое? — адставіўшы пустую талерку і адсопваючыся, спытаў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак.

8. у знач. пабочн. друго́е. Па-другое. — А другое, усе мы гарапашнікі, неўзабаве будзем мець уласныя надзелы зямлі. Бажко.

•••

Адзін другога варты гл. адзін.

Адзін за другім гл. адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Другая маладосць гл. маладосць.

Другая натура гл. натура.

Другі раз; другім разам гл. раз.

Другое дыханне гл. дыханне.

З другой оперы гл. опера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Атну́ць ’бесперапынна, раз за разам’ (Сцяц.). Ст.-слав. отънѫдь ’зусім, галоўным чынам’. Паводле Міклашыча, 217, падтрыманага Ван Вейкам, IF, 30, 386–388, з otъ + nǫd‑ь, дзе корань супастаўляецца з рус. нужно, нужна і пад. Рус. форма отнюдь, якую Шанскі (КЭСРЯ, 318) лічыць запазычанай з стараславянскай, магла б тлумачыцца мяккаснай асіміляцыяй. Аднак Мейе (Études, 158 і наст.) прапануе іншае тлумачэнне. Першаснай формай тады лічыцца *otьnǫdъ, і корань (‑ьn‑) супастаўляецца з адзін, іншы і г. д. Гэта быццам бы лепш тлумачыць рускае мяккае н, а таму прымаецца Фасмерам, 3, 172. Нельга выключыць, што тут маем супадзенне двух слоў: стараславянскае і беларускае ўказваюць на значэнне ’заўсёды’ і могуць этымалагізавацца паводле Міклашыча, а руская форма са значэннем ’ні ў якім разе’ можа мець паходжанне з кораня in згодна з меркаваннямі Мейе і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нюх, ‑у, м.

1. Здольнасць да ўспрыняцця і адрознівання пахаў (адно з пяці знешніх пачуццяў). [Конь] хутка ўзяў нюхам дарогу і, весела пырхаючы, пайшоў роўна. Якімовіч. І верне пара аж у столь І смачным пахам нюх ласкоча. Крапіва.

2. перан. Чуццё, кемлівасць. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэтую вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Колас. [Камбат:] — Старшына Шаплыкаў наогул мае схільнасць да розных пошукаў. У яго нюх — будзь здароў. Васілёнак.

•••

Ні за нюх (панюх) табакі — ні за што, дарэмна (загінуць, прапасці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаўру́снік, ‑а, м.

Разм. Саўдзельнік у якой‑н. справе; кампаньён. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Але калі Алесь пачаў.. вучыць дзяцей розным, прывезеным з горада, гульням, яны пазналі ў ім добрага хаўрусніка і зрабіліся самымі блізкімі яго сябрамі. Галавач. // Разм. Саўдзельнік якога‑н. злачынства, якіх‑н. несумленных спраў. [Жарыкаў:] — Бясспрэчна, што ў Бандыся былі хаўруснікі. Не мог жа ён адзін вынесці ўсё на калёсы. Асіпенка. Стась жа прыходзіў на бераг кожны раз п’яны. Значыць, меў і хаўрусніка, каму збываў калгаснае дабро!.. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Пераварочвацца цераз галаву; перакульвацца. То адзін, то другі з хлапцоў бліскаючы пяткамі, куляўся цераз галаву. Самуйлёнак. // Разм. Падаць, пераварочваючыся. Воўка аніяк не мог утрымацца на лыжах і раз-поразу куляўся ў снег. Кавалёў. Навокал шугала ўгору зеленаватае полымя выбухаў, адзін за адным куляліся ў чорную прорву вагоны. Паслядовіч. // Бегчы, перавальваючыся то на пярэднія, то на заднія ногі (пра жывёл). Вымчаўся [бацька] на дарогу, аглянуўся — куляецца здалёк за ім якаясьці звярына: ні то воўк, ні то мядзведзь. Якімовіч. // Моцна хістацца, трапляючы то пярэднімі, то заднімі коламі ў яміны, калдобіны (пра сродкі перамяшчэння). Недзе на першай палове шляху шаша прападае, і аўтобус ужо бяжыць, куляецца па прасёлкавых дарогах. Ракітны. // Рабіць мёртвую пятлю; пераварочвацца верхняй часткай уніз і наадварот (пра самалёт). [Машыніст] заўважыў, што лётчык кідаецца з боку ў бок, куляецца, значыць, у яго бомбаў няма. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́стаць 1 ’палоска жыта ці іншай збажыны, занятая адной жняёй у час жніва’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Байк. і Некр., Мядзв., Дзмітр., Др.-Падб., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; івац., Хрэст. дыял.; парыц., Янк. Мат.; пін., Кольб.; навагр., Шн., Федар.), ’участак збожжа, скошаны касцом’ (гродз., Мат. АС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (дрыс., ДАБМ, камент., 872), ’наперадзе’ (Кольб.), ’паласа, загон жыта’ (петрык., Мат. Гом.), укр. по́стать ’палоска нівы, занятая адной жняёй’, рус. по́стать ’тс’, ’поле’, ст.-рус., ц.-слав. постать ’доля, частка’, польск. postać ’пастава, форма, фігура, асоба’, дыял. ’шэраг жняцоў у полі’, ст.-польск. postać ’род, пакаленне’, чэш. postat у старэйшым значэнні — ’частка поля, на якім стаіць адзін жнец’, славац. postat ’тс’, славен. pástȃt ’рад работнікаў у полі’, серб. по̀стат/поста̑т ’палоска, рад пры жніве’, балг. по́стат ’паласа, якую жнуць некалькі жняцоў адначасова’. Прасл. *postatь, утворанае ад *postati (гл. стаць) са значэннем выніковасці дзеяння, даслоўна ’тое, што пастаўлена; рад, шэраг’. Паводле Праабражэнскага (2, 113): по‑стать ’шчыльна пакладзенае’), паводле Трубачова (Ремесл. терм., 123–125): *po‑statь ’стаяць нерухома’. Адсюль першапачатковы сінкрэтызм ’асоба, фігура, пастава’ і ’задача, што пастаўлена перад асобай для выканання’, параўн. постаць ’стан, фігура’ і ’паласа (пры жніве)’ (ТС), рус. стать ’пастава’ і по́стать ’участак, які косіцца жняцом за адзін раз’ (Банькоўскі, 2, 715; БЕР, 5, 549).

По́стаць 2 ’стан, фігура’. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сем, сямі, Т сямю, ліч. кольк.

Лік і лічба «7». Напісаць лічбу 7. Сем у пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 7. Сем вучняў. Сем алоўкаў. □ Сем разоў адмерай, а раз адрэж. Прымаўка. Чорт сем пар лапцей стаптаў, пакуль такую пару дабраў. Прыказка.

•••

Драць сем шкур гл. драць.

За сямю замкамі (пячацямі) гл. замок.

Злупіць (садраць) сем шкур гл. злупіць.

Сагнаць сем патоў гл. сагнаць.

Сем карабоў гл. кораб.

Сем пятніц на тыдні ў каго гл. пятніца.

Спусціць (зняць) сем шкур гл. спусціць.

У адзін дзень сем перамен — тое, што і сем пятніц на тыдні (гл. пятніца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)