хе́ты, ‑аў; адз. хет, ‑а, М хеце, м.

Агульная назва плямён і народнасцей, якія насялялі ў 2 і ў пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. цэнтральную і ўсходнюю часткі Малой Азіі і паўночную Сірыю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перапялі́ца (перапелі́ца) ’агульная назва птушак’ (Інстр. 2), перапялі́ца ’перапёлка’ (рэч., Нар. Гом.), пэрэпэліца ’тс’ (Дразд.; Бес.; Мат. Гом.). Да перапёлка (гл.). Формы з суф. ‑іца ўяўляюцца больш архаічнымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэпута́цыяагульная думка, якая склалася пра каго-небудзь’ (ТСБМ). Ст.-бел. репутацыя ’рэпутацыя’ < ст.-польск. reputacyja ’тс’ < лац. rĕpŭtātio ’абдумванне; разважанне’ < rĕpŭto ’абдумваць; разважаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабакагало́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае галаву, падобную на сабачую.

2. у знач. наз. сабакагало́выя, ‑ых. Агульная назва буйных наземных малп падсямейства мартышкавых, у якіх галава падобна на сабачую. Мандрылы і павіяны адносяцца да сабакагаловых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́кспарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Вываз тавараў за мяжу; проціл. імпарт. Тытунь складае важную частку балгарскага экспарту. «Маладосць».

2. Агульная колькасць або агульны кошт тавараў, вывезеных якой‑н. краінай, а таксама сам вывезены тавар.

[Англ. export.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клаа́ка, -і, ДМ клаа́цы, мн. -і, клаа́к, ж.

1. Падземны канал для сцёку нечыстот.

2. перан. Пра амаральнае, разбэшчанае асяроддзе (кніжн.).

3. Вывадная адтуліна, агульная для кішэчніка і мочапалавых органаў (у земнаводных, паўзуноў, птушак, некаторых рыб і аднапраходных млекакормячых; спец.).

|| прым. клаака́льны, -ая, -ае (да 3 знач.) і клаа́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

імпанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каму-чаму.

Адпавядаць чыім‑н. патрабаванням, густам, настроям; выклікаць павагу, давер’е; падабацца. Старшыні ж імпанавала агульная ўвага прысутных, і ён не саромеўся прыняць адпаведныя свайму чыну тон, позу і настрой. Гартны.

[Ад лац. imponere — укладваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́мпарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Увоз у якую‑н. краіну тавараў з-за мяжы; проціл. экспарт. Імпарт гатовай прадукцыі.

2. Агульная колькасць або агульны кошт тавараў, якія дастаўляюцца ў якую‑н. краіну з-за мяжы.

[Англ. import.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канто́ра, ‑ы, ж.

Агульная назва ўстаноў або аддзелаў прадпрыемства з адміністрацыйна-гаспадарчымі функцыямі, а таксама памяшканне такіх устаноў і аддзелаў. Раённая кантора сувязі. Кантора лясніцтва. □ Нарміроўшчык Змітрок Хітрык прынёс у кантору на подпіс пачак нарадаў. Прокша.

[Ням. Kontor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агу́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць. Агульная справа. □ — Хлопцы, дзяўчаты, давайце танцаваць! Агульныя танцы! — камандаваў Андрэй. Дуброўскі.

2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву); калектыўны. Дубейка пахадзіў па парабках, гаворачы, што трэба заводзіць агульную гаспадарку. Скрыган. Калгасны свіран, ну, як сонца, Святлее беллю сваіх сцен. А паглядзіце на гуменца — Прад ім старыя гумны — тлен. Прасторна, светла ў ім, утульна. Зірнеш — каўказская гара. А колькі зложана дабра. То — ўсё калгасны скарб агульны. Колас. // Прызначаны для сумеснага карыстання. Агульная кухня. □ Было некалькі агульных пакояў, дзе ў вольны час’заўсёды шмат збіралася людзей. Чорны.

3. Які аб’ядноўвае ўсіх у якую‑н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае. Агульны сход. Агульны збор.

4. Аднолькавы, уласцівы каму‑н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх). Агульная задача. Агульная мэта. □ Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным. Колас. Доўга яшчэ не спалі ў зямлянцы, успаміналі даваенныя дні, колішнія сустрэчы, агульных знаёмых. Лынькоў. У Данусі і ў радысткі я знаходзіў штосьці агульнае. Карпюк. Розніца эпахальная! Але пры гэтай гістарычнай розніцы агульным паміж паэтамі [Міцкевічам і Купалам] было тое, што яны жылі інтарэсамі народа. Палітыка. / у знач. наз. агу́льнае, ‑ага, н. Шмат агульнага маюць яны [навелы] з фальклорнымі казкамі. Казека.

5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал. Агульнае правіла. Агульныя недахопы. □ Так, бяда наша агульная, і выбрацца з яе нялёгка, — загаварыў адзін камандзір. Новікаў. Да агульнага страху за хлопцаў і да гордасці імі ўпляталася.. няўпэўненасць у тым, што і цяпер у іх нешта выйдзе. Брыль. // Які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм. Агульная паўза сэрца.

6. Які не мае спецыяльнага прызначэння. Агульны вагон. Агульны стол. Агульная адукацыя. □ — Нічога, — сказала маці. — Набудзе ў ізалятары дзень, а потым у агульны цялятнік пусцім [цялушку]. Яна ж амаль здаровая ўжо. Даніленка.

7. Увесь, у поўным аб’ёме, сукупны. Агульны аб’ём вытворчасці. Агульная плошча пасеваў. □ Гэта быў напрамак галоўнага ўдару. Ад удачы тут залежаў агульны поспех аперацыі. Шамякін.

8. Які датычыцца асноў чаго‑н. Агульны курс матэматыкі.

9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей. Агульнае ўражанне. Агульны ход падзей. Агульны план экспедыцыі. □ Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма. Чорны. // Галоўны, вызначальны, асноўны. Агульная накіраванасць твора. Агульны напрамак дзейнасці.

10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны. Агульныя распараджэнні. Агульныя апісанні. □ Надзя суцяшала як магла, але сама адчувала, што ўсе гэтыя суцяшэнні, супакаенні былі такімі агульнымі, такімі ўмоўнымі, што яна і сама ў іх не верыла. Лынькоў.

•••

Агульны рынак гл. рынак.

Агульнае месца гл. месца.

(Знайсці) агульную мову гл. мова.

Прывесці да агульнага назоўніка гл. прывесці.

У агульных рысах гл. рыса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)