пахвальба́, ‑ы, ж.

Разм.

1. Выхваленне сваімі справамі, учынкамі і пад.; самахвальства. Сцяпану хацелася расказаць дзяўчыне, што вось ён толькі што ўратаваў ад смерці дзіця.. Але ён баяўся, каб гэта не прагучэла пахвальбой, і змаўчаў. Шамякін.

2. Тое, што і пахвала. [Коля] мог абсачыць за суткі шырокі круг мясцовасці, .. вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад і выслухаць пахвальбу і падзяку камандзіра. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацалу́нак, ‑нка, м.

Дакрананне вуснамі да каго‑, чаго‑н. як праяўленне любві, ласкі і пад. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў .. [Лабановіча] шчасцем. Колас. [Міхась] зноў прытуліў .. [Тамару] да сябе, і іх вусны, гарачыя і сухія, зліліся ў доўгім пацалунку. Сіўцоў. Пасля першых пацалункаў і прывітальных слоў, сын.. сказаў: — А ты памаладзела, мама. Шамякін.

•••

Пацалунак Юды — здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, дружбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацямне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пацямнеў, стаў цёмным. Моўчкі, нібы запамінаючы, .. [Алесь] сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме. Караткевіч. У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Колас. Яго крыху пацямнелыя за восень і зіму валасы рассыпаліся на два бакі і падалі на лоб. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слязі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да слязіна, сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Як ні трымаў сябе ў руках Андрэй, але і ў яго вачах бліснула слязінка. Колас. Даніла Платонавіч разбіў галавешкі, потым, падумаўшы, зноў ўкінуў дроў, і Лемяшэвіч назіраў, як хутка яны загараюцца, як на паленн[і] выступаюць слязінкі смалы, капаюць у жап. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смаля́к, ‑а, м.

Смалісты кавалак дрэва. На агні яркім полымем гарэў смаляк, і ад гэтага за кругам святла цемень здавалася яшчэ больш густой. Краўчанка. У грубцы весела разгараліся смалякі, страляла іскрамі. Шамякін. А я яшчэ памятаю, калі людзі смалякамі ды лучынай асвятляліся. Сіняўскі. // толькі мн. (смалякі́, ‑оў). Насычаная смалой драўніна хваёвых парод, якая выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу каніфолі, шкіпінару і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ска, ‑і, ДМ со́сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тое, з чаго або тое, што даюць ссаць дзіцяці (трубка з гумы ў выглядзе саска). Плача ў калысцы з соскай пустой дзіця. Танк. — Біць вас трэба, такіх матак. Дзіця галоднае, а яна сядзіць і чырванее, як дзяўчынка. Пара ўжо кінуць саромецца, мілая мая. Соску трэба .. Дзе соска? Няма? Эх, ты! — завіхалася спрытная мачыха. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спапяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Ператварыць у попел; сатлець, згарэць. Здавалася, што ўсё спапялее, згарыць ад гэтакай гарачыні. Сабаленка. // перан. Набыць колер попелу. Твар .. [Кідалы], звычайна чырвоны, задаволены, спапялеў. Шамякін. Зоры на небе спапялелі, дзённае святло цадзілася зверху. Чорны.

2. Тлеючы, ператварыцца ў попел, парахню; згніць. Іржа згрызе жалеза, струхлеюць каменныя сцены, косці ворагаў яго спапялеюць у зямлі, а .. [Захар] будзе жыць. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарара́м, ‑у, м.

Разм. Шум, грукат. [У ніжніх пакоях] стаіць такі вэрхал і тарарам, ажно глушыць вушы. Людзі гавораць усе разам, стараюцца перакрычаць адны адных. Бядуля. [Алёша:] — Іду гэта па Зарэччы, чую, у хаце адной аж на сцену лезе народ, лямант, візг... А пасля, братка, як паднялі тарарам, — хоць уцякай!.. Брыль. // Сварка, скандал. [Васіль:] — Насця зноў тарарам падыме, што п’ём малачко ад дзвюх кароў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлумача́льнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца тлумачэннем, трактоўкай чаго‑н. А гэтыя старыя, аздобленыя сівізною, маршчынамі .. дзяды .. да душы падабаліся Лабановічу .. Гэта былі самавукі — аграномы, тлумачальнікі розных прыгод жыцця. Колас. [Раман Карпавіч:] — Піша-піша чалавек і раптам бачыць: не туды яго штурхнулі, не тое яму параілі, ды і наогул — які к чорту ён вучоны! Кампілятар, у лепшым выпадку — здольны тлумачальнік чужых думак... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трум, ‑а, м.

1. Месца паміж палубай і днішчам судна, прызначанае для розных грузаў. Магутныя пад’ёмныя краны даставалі вялізныя скрыні з карабельных трумаў. Шамякін. На параходзе і вакол яго кіпела работа. Высачэзныя стрэлы лябёдак то апускалі свае доўгія хобаты ў трум парахода, то падымаліся адтуль з грузам і ныралі за борт, на прыстань. Бяганская.

2. Памяшканне пад сцэнай у тэатры.

[Гал.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)