Ску́бці ‘шчыпаць’, ‘ашчыпваць’, ‘тузаць’, ‘дзерці’, ‘вырываць, адрываць’, ‘грызці (траву)’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Ян.), дыял. ску́бсці ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1; ашм., Стан.), скусць ‘тс’ (Нас., Бяльк.), скуба́ць ‘тс’ (Нас., Гарэц., Шат., Растарг.; ашм., Стан.; Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ). Укр. скубти́, рус. скубти́, ску́бсти, скуба́ть, польск. skuść, skubać, в.-луж. skobać, skubać, н.-луж. skubąś, чэш. skuhati, ст.-чэш. skústi, славац. škubať, серб.-харв. ску́псти, славен. skúbsti, балг. ску́бя, макед. скубе. Прасл. *skubti ‘скубці пер’е, птушку, воўну’. Роднаснае з літ. skùbti ‘спяшацца’, skubrùsхутка’, гоц. af‑skiuban ‘адхіляць’, ст.-в.-ням. scioban ‘рухаць’, ст.-ісл. skúfa ‘рухаць, штурхаць’ і інш. Гл. Траўтман, 263; Покарны, 955; Скок, 3, 274; Фасмер, 3, 660; БЕР, 6, 806–807. Сной₁ (576) выводзіць ад і.-е. базы *skeu̯bh‑ ‘рабіць кароткія рухі’; гл. таксама Борысь, 556.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смарка́ч1 ‘ёрш’ (Мат. Гом.), сморка́ч ‘тс’ (Крыв.). Да смаркаць (гл.), г. зн. слізкая або пакрытая сліззю рыба; параўн. таксама палескія сінонімы: сопе́ль, соплі́вец, слі́нявец, слізуне́ц; гл. Крывіцкі, Зб. Крапіве, 200 і наст.

Смарка́ч2 ‘грыб масляк’ (узд., Нар. словатв.). Да смаркаць (гл.). Таксама як і ў дачыненні да рыб (гл. папярэдняе слова) назва слізкіх грыбоў; гл. Мяркулава, Очерки, 156, 181 і наст.

Смарка́ч3 ‘маленькая лямпа без шкла, газніца, капцілка’ (Шат.; воран., бярэз., Сл. ПЗБ), смарка́чка ‘тс’ (Касп.; в.-дзв., глыб, Сл. ПЗБ), смырька́чык ‘тс’ (Бяльк.), смарка́чык (сморка́чикъ) ‘маленькая свечка, зробленая з рэштак свечачнага лою шляхам макання, якую яўрэі ўжывалі падчас шабасу’ (Нас., Сержп. Прымхі), смарка́чык ‘газніца’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Польск. smarkaczka ‘свечка з благога лою, якая хутка тоне ў ім’. Усё да смаркаць (гл.).

*Смаркач, сморка́ч ‘невылегчаны баран’ (драг., З нар. сл.). Гл. маркач.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лови́ть несов., в разн. знач. лаві́ць;

лови́ть мяч лаві́ць мяч;

лови́ть ры́бу лаві́ць ры́бу;

лови́ть слова́ лаві́ць сло́вы;

лови́ть сча́стье лаві́ць шча́сце;

лови́ть по ра́дио Москву́ лаві́ць па радыё Маскву́;

я лови́л на себе́ неспоко́йные взгля́ды я лаві́ў на сабе́ неспако́йныя по́зіркі;

он бы́стро лови́л всё, что говори́ли ён ху́тка лаві́ў усё, што гавары́лі;

лови́ть на сло́ве лаві́ць на сло́ве;

лови́ть ры́бу в му́тной воде́ погов. лаві́ць ры́бу ў му́тнай (каламу́тнай) вадзе́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

праляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.

1. Лецячы, перамясціцца. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка. Міма нас са звонам праляцела пчала. Пестрак. // што. Лецячы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Самалёт праляцеў тысячу кіламетраў. □ Птушка з часу кальцавання да таго моманту, калі яе злавілі на судне.. праляцела звыш 16000 кіламетраў. Матрунёнак. // Пранесціся ў паветры (аб прадметах). Над галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі. Калі ж яго кульба часам з посвістам праляціць каля маіх вушэй, не пацэліўшы, тады гаспадар давяршае справу папружкай. Бажко. // перан. Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, чуткі і пад.). Шум праляцеў ад сцяны да сцяны, і клас затоена прыціх. Гамолка. І ўсе ў вёсцы жахнуліся і насцярожыліся, калі маланкаю праляцела чутка, што цётка Хрысціна адмовілася карміць немцаў. Шамякін. // Лецячы, прайсці, пранікнуць куды‑н. Камень праляцеў у акно. □ І бачу між платоў закутак, Дзе нават чмель не праляціць. Пысін.

2. Хутка праехаць, прайсці, прамчацца. Па шашы праляцела адна за адной некалькі легкавых машын. Хомчанка. Як віхор, праляцела па двары Алеся. Васілевіч.

3. перан. Мільгануць, пранесціся (пра думкі, меркаванні і пад.). За гэтае імгненне ў галаве Андрэя праляцела столькі думак і здагадак. «Беларусь». Усе гэтыя меркаванні праляцелі ў Сымонавай галаве за адну хвіліну. Чарнышэвіч.

4. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). У клопатах і працы шпарка праляцелі пяць дзён. Маўр. Час, які аставаўся да заканчэння школы, праляцеў як у сне. Вітка. У размове, у чаканні Мішэля мы і не заўважылі, як прамільгнула, праляцела не такая ўжо і кароткая маёвая ноч. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Уважлівы, спагадлівы; добразычлівы. Дзеці вельмі любілі сваю класную настаўніцу — чулую, добрую жанчыну. Няхай. [Бацька] быў чулы чалавек і не ўспомніў сыну ў гэты дзень тое, пра што ўжо раней было дагаворана з ім: трэба ісці з дому шукаць работы. Чорны. // Які сведчыць пра ўважлівасць, спагадлівасць да людзей. Стары Несцер, абапёршыся на кій, стаў на жоўты пясок каля магілы і чулымі, простымі словамі, па-бацькоўску пашкадаваў Алесю. Пестрак. Яшчэ да болю закране Душу гарачы позірк чулы. Тарас. // Сардэчны, цёплы. Адносіны [Веры Антонаўны] да бацькоў, здаецца, былі больш цёплыя, чулыя. Карпаў.

2. Які жыва, востра ўспрымае жыццёвыя з’явы; уражлівы. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Балела і збітае бізуном і розгамі цела, і чулая да людскога гора .. душа [Базылька]. Якімовіч. // Які хутка рэагуе на якія‑н. з’явы, дзеянні, востра ўспрымае акаляючае. Народная мова сама вельмі чулая да тых змен, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, і спагадліва адгукаецца на гэтыя змены. Юрэвіч.

3. Які тонка, лёгка ўспрымае што‑н. органамі пачуццяў. Нястройны гул і смех, і млявы голас скрыпак Мой чулы слых ахутваюць ватай. Панчанка. Чулае салдатава вуха ўлавіла, што і за дзвярыма нехта адмервае крокі. Сабаленка.

4. Які хутка адзываецца, адказвае на ўздзеянне, раздражненне (гук, датыканне і пад.). Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.

2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.

3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.

2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.

3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́раз, прысл.

1. У сучасны момант, у гэты час, цяпер. Усе цяпер на копцы бульбы, Дораг зараз кожны дзень. Панчанка. Дзе раней быў мох, там зараз канюшыны стог. З нар. // Толькі што, зусім нядаўна. Расказаная зараз гісторыя. // У самым скорым часе, хутка (пра дзеянні, падзеі, якія маюць вось-вось адбыцца). Ціха, дзеці, калі ласка, Раскажу вам зараз казку. Муравейка.

2. (звычайна з часціцай «жа»). Неадкладна, у гэты ж момант. [Цімафею Міронавічу] закарцела тады як-небудзь паказаць .. сваю сілу, зараз жа, неадкладна праверыць дзейнасць яе на якім-небудзь аб’екце. Зарэцкі.

зара́з, прысл.

Адразу, за адзін раз, адначасова. Рабіць дзве работы зараз. □ Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх І раскрывае сваё лона, Каб прытуліць зараз дваіх. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Махнуўшы чым‑н., зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. Змахнуць пыл. Змахнуць крошкі са стала. □ Стася .. непрыкметна змахнула рукавом буйную слязу. Пальчэўскі. // Скінуць, збіць узмахам рукі. На слупах такія прыгожыя пухнатыя шапкі з снегу, як жа не змахнуць іх рукою. Лынькоў. // Лёгкім махам ачысціць што‑н. ад пылу, бруду і пад. Душэўна прывітаўшы госця ўсмешкай, жанчына змахнула фартухом услон каля стала і запрасіла Курловіча прысаджвацца. Дуброўскі.

2. Разм. Рэзкім рухам зняць, скінуць з сябе (адзенне, абутак). Хлопец усміхнуўся.. шырока і радасна, на хаду змахнуў са сваіх плеч паддзёўку. Кулакоўскі.

3. Разм. Зжаць, скасіць, прыбраць і пад. хутка, без затрымкі. [Жанчыны] адным духам змахнулі ячмень. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.

1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.

3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.

4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)