памфле́т, ‑а, М ‑леце, м.

Мастацка-публіцыстычны твор сатырычнага (часам палемічнага) характару, накіраваны супраць якой‑н. асобы, грамадскага ладу, палітычнай з’явы. Вершы «Адказ», «Эпігафія» [М. Танка] .. з’яўляюцца вострымі літаратурнымі памфлетамі, у якіх паэт-камуніст выкрыў здраду. У. Калеснік. Аб’ектам сатыры ў памфлеце могуць быць таксама і паасобныя адмоўныя з’явы грамадскага жыцця, недахопы людзей. А. Макарэвіч.

[Англ. pamphlet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́свіцца, пасецца і пасвіцца; незак.

Быць, карміцца на пашы (пра жывёлу, птушку). На скошаным лузе, недалёка ад дубоў, пасвіліся статкі. Там і сям сядзелі пастушкі. Колас. Па ўсім палетку пасвіліся коні. Але яны ўжо здаволіліся добрай пашай і ляніва грызлі канюшыну. Чарнышэвіч. Астатнія [гусі], закрычаўшы, .. кінуліся ў сад, дзе пасвіўся ўвесь статак. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Справіць абрад споведзі. [Шаптуха:] — А бацюшку на ўсякі выпадак паклічце, хай паспавядае, усё можа быць. Скрыпка.

2. перан. Разм. Прабраць каго‑н. за што‑н. — Ты, Дзямід Мікалаевіч, пачакай, — спыніў яго Міхась Раманавіч. — Трэба цябе паспавядаць, а то прыязджаеш у Мінск і вачэй не паказваеш. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міжво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не залежыць ад волі, свядомасці. Толькі яшчэ аднаго не мог пераадолець у сабе каваль — гэта пачуцця нейкай міжвольнай гідлівасці да нямецкіх вінтовак і пісталетаў, хоць імі ўжо карысталіся партызаны. Паслядовіч.

2. Выпадковы, ненаўмысны. Асабліва помніцца мне адзін дзень, у які нам давялося быць міжвольнымі памочнікамі дзядзькі Сымона. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́ты, ‑аў; адз. няма.

Металічная рашотка на вокнах, на дзвярах. [Вагон] сурова пазіраў на Міколку грознымі вокнамі з тоўстымі жалезнымі кратамі. Лынькоў. Вузкія вокны перакрыжаваны жалезнымі кратамі. Якімовіч. // Агароджа з такіх рашотак. Наперадзе мільгнулі чыгунныя краты агароджы. Самуйлёнак.

•••

За кратамі — у турме (быць, аказацца і пад.).

За краты — у турму (сесці, пасадзіць і пад.).

[Лац. crates.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыві́ць, крыўлю, крывіш, крывіць; незак., што.

Рабіць крывым, перакошаным, выгнутым. Крывіць туфлі. // Перакошваць у грымасе (твар, губы, рот). Не то ад дыму вусны [Рыгор] крывіць і вока правае прыжмурвае, не то здалёк яшчэ прабуе ўсміхацца Аўдолі. Крапіва. «Следчы» паціскае плячамі. Злая ўсмешка крывіць яго губы. Колас.

•••

Крывіць душойбыць няшчырым, наўмысна не гаварыць праўды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сердава́ць, сярдую, сярдуеш, сярдуе; незак.

Адчуваць раздражненне, гнеў на каго‑, што‑н.; быць у стане раздражнення, гневу. [Турсевіч:] — Ты, Андрэйка, не гневайся і не сярдуй на мяне. Колас. І сердаваў Мікола, знесці не мог гэткае несправядлівасці. Нікановіч. Маці тады хмурылася, і Малы Васілька ніяк не мог зразумець, чаму яна сярдуе на бацьку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слупня́к, ‑у, м.

Вострая інфекцыйная хвароба, якая прыводзіць да сутаргі мышцаў. — А ты ведаеш, што ў зямлі могуць быць мікробы слупняку, — закрычала Клава, хуценька дастаючы з сумкі ёд і бінт. Рунец. / у перан. ужыв. На Саньку напаў слупняк. Я таксама лыпаю вачамі.. — Ну добра, — схамянуўся нарэшце мой прыяцель і грозна бліснуў вачамі. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смярдзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Вылучаць смурод, дрэнна пахнуць. Моцна смярдзеў тлеючы торф. Машара. / у безас. ужыв. Моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і брыдкім. Быкаў. Ва ўсім доме смярдзела нечым кіслым і гнілым. Чарнышэвіч. // Быць насычаным чым‑н., прапахнуць чым‑н. Цемнаваты калідор смярдзеў дымам і якімсьці кіслым пахам. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штука́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Уст. Рабіць, паказваць фокусы ​2.

2. Займацца штукарствам, быць штукаром (у 2, 3 знач.).

3. З вялікім стараннем рабіць што‑н.; завіхацца каля чаго‑н. Дома жонка ля пліты штукарыць. Макаль. Бы[ццам] для забаўкі [Антон] штукарыў, а цяпер і самому люба зірнуць на .. [пеўнікаў над франтонам], бо надаюць будынку закончанасць. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)