мізэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі малы, нязначны. Вёска бедная. У большасці сялян надзелы вельмі мізэрныя. Сяргейчык. У батарэях рацыі засталіся апошнія мізэрныя рэшткі энергіі. Мележ. Сяргей .. востра адчуў, якія мізэрныя былі ўсе яго ранейшыя хваляванні ў параўнанні з тым, што рабілася цяпер у яго душы. Сіўцоў.
2. Схуднелы, худы. Мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі. Бядуля. Мікалай з замілаваннем глядзеў на .. [Верын] мізэрны маленькі твар. Дамашэвіч. // Чэзлы, чахлы (пра расліны). Абышоўшы пасевы ярыны, пастаяўшы каля мізэрнага жыта, .. [Шаманскі] падаўся на двор трэцяй брыгады. Дуброўскі.
3. перан. Які не мае належнага выгляду, убогі; бедны. У фае тэатра цыганскім табарам размясціўся калектыў са сваімі сем’ямі і мізэрнымі пажыткамі. Сяргейчык. Сляпянка некалі вылучалася сваімі мізэрнымі, падслепаватымі хатамі. Новікаў. // Несамавіты; дробны, малы. Вясёлая баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка. Колас.
4. перан. З якім не лічацца, не паважаюць, які выклікае адмоўныя пачуцці; нікчэмны. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.
[Ад лац. miser — бедны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Хадзіць, ісці, нясмела прыступаючы на карацейшую ці балючую нагу. Андрэйка кульгаў і адставаў, а Коля тое і рабіў, што праз кожную хвіліну спыняўся, каб пачакаць таварыша. Сіняўскі.
2. Быць кульгавым, мець карацейшую ці балючую нагу. [Шолам] з прыроды быў глухаваты.. і кульгаў на правую нагу. Корбан. // перан. Разм. Мець значныя недахопы, быць непаўнацэнным у якіх‑н. адносінах. — Зразумейце вы, што ваша тэорыя кульгае... Выпраўце яе, — спачувальна ўхмыльнулася Зося. Шынклер. Непакоіла дысцыпліна. Яна, як кажуць, пачала кульгаць. Многія з выхаванцаў, што наступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі.
3. Разм. Дрэнна ведаць які‑н. вучэбны прадмет, не паспяваць па якім‑н. прадмеце. Кульгаць па матэматыцы. // Быць недастаткова засвоеным (пра які‑н. вучэбны прадмет). У яго фізіка кульгае.
•••
Кульгаць на абедзве нагі — а) будучы недастаткова дасведчаным у якой‑н. справе, рабіць значныя промахі; б) праходзіць дрэнна, з перабоямі, зрывамі (пра справу, работу і інш.). Дысцыпліна кульгае на абедзве нагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́та 1, ‑ы, ДМ ноце, ж.
1. Умоўны графічны знак для запісу гукаў музыкі.
2. Асобны гук пэўнай вышыні ў музыцы і спевах. Высокія ноты ў песнях. □ На сярэдзіне сяла моцна за[й]граў гармонік; ноты яго былі то вельмі гучнымі, то зусім зніжаліся і разносіліся — ціха ды роўна. Каваль.
3. толькі мн. (но́ты, нот). Тэкст музычнага твора ў нотным запісе; сшытак, кніга або старонка з запісам музычнага твора. Адзін з.. [аркестрантаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў.
4. перан. Тон, інтанацыя мовы, якія выражаюць якое‑н. пачуццё. — Глядзіце, што за дуб! І бура не зваліць! — і нота задавалення пачулася ў голасе Баруты-бацькі. Колас. На якіх нотах адбылася паміж.. [механізатарам і Міколам] размова, Мікола не расказваў нікому. Б. Стральцоў.
•••
Як да нотах — без цяжкасцей, вельмі лёгка.
[Ад лац. nota — знак, заўвага.]
но́та 2, ‑ы, ДМ ноце, ж.
Афіцыяльны дыпламатычны зварот урада адной дзяржавы да другой. Абмен нотамі. Нота пратэсту.
•••
Вербальная нота — дыпламатычнае пісьмовае паведамленне, не змацаванае подпісам, якое мае значэнне вуснай заявы.
[Ад лац. nota — знак, заўвага.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
намёк, ‑у, м.
1. Слова, выраз, у якіх адкрыта не выказваецца думка таго, хто гаворыць, але яе можна зразумець. Празрысты намёк. Далікатны намёк. □ [Пісьмо] было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Колас. — Не задавайце мне недарэчных пытанняў, якіх я не разумею. Гаварыце, што вам трэба, толькі без загадак і намёкаў, — суха адказала Вера. Машара. // Аб дзеяннях, учынках, якія намякаюць на што‑н. Дастаткова было .. выразу твару, вачэй і яшчэ якога-небудзь намёку на тое, што паэт [М. Багдановіч] паказаны ў час творчай працы. Ліс. // Ускоснае ўказанне на што‑н. У кенігсбергскіх актах няма нават і намёку на тое, што паездка Скарыны ў Прусію была звязана з выдавецкай справай. Алексютовіч.
2. перан. Слабае падабенства чаго‑н. Пракоп прыглядаецца, пазнае. .. Лісіная шапка, кароткая на аўчынах бравэрка, суконныя нагавіцы з некаторым намёкам на галіфэ. Гэта Ігнат Чыкілевіч. Колас. // Слабая прымета чаго‑н. Нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага намёку на дождж. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахлы́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Імкліва, раптам набегчы, нацячы ў вялікай колькасці (пра вадкасць, туман і пад.). Як аказалася, з акіяна нахлынула раптам вялікая хваля і нечакана акаціла ўсіх адпачываючых халоднай вадой. Лынькоў.
2. перан. Раптоўна прыйсці, набегчы, з’явіцца ў вялікай колькасці. Неўзабаве перад тым днём, калі ўсе гады пачыналася вучоба, нахлынулі.. акупанты і занялі школу пад нейкі свой штаб. Кулакоўскі. За час гаворкі раз-пораз заглядалі рабочыя. Як толькі пайшоў дырэктар, яны адразу нахлынулі ў кабінет. Скрыган. // Нечакана наступіць, узнікнуць. Вяселле павінны былі гладзіць на Пятра, але тут якраз нахлынула вайна. Адамчык. А ў небе тым часам ужо дужаецца сонца з густой замессю хмар, і на зямлі то прамчыцца іх цень, то нахлыне спякота. Быкаў.
3. перан. Узнікнуць, з’явіцца (аб думках, пачуццях і пад.). Успаміны нахлынулі, завалодалі сэрцам. Гамолка. Назаўтра раніцай.. [Анэля] прачнулася з адчуваннем шчасця, якое нахлынула на яе, як хваля, і запаланіла ўсю істоту. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блі́зка,
1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.
3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.
4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.
•••
Блізка што — амаль што.
І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.
І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.
Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з-за, прыназ. з Р.
Спалучэнне з прыназоўнікам «з-за» выражае:
Прасторавыя адносіны
1. Ужываецца пры абазначэнні напрамку руху ці дзеяння адкуль‑н., з чаго‑н., з процілеглага боку чаго‑н. Сонца ўзнялося з-за лесу. Выняць рукавіцы з-за пояса. Гукаць з-за дзвярэй. Дом віднеецца з-за агароджы. □ З-за сцэны даносіўся рознагалосы шум. Асіпенка. Марудна з-за кустоў маліны Выходзіць буры малады мядзведзь. Багдановіч.
2. Ужываецца пры абазначэнні руху ад таго прадмета, за якім хто‑н. знаходзіўся. Перакусіўшы, Рыгор вылез з-за стала і выйшаў з хаты. Гартны.
Прычынныя адносіны
3. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. Спрачацца з-за дробязей. □ — Табе трэба былі гэтыя ваўкі, — упікнула жонка Лявона, упэўненая, што дзед прастудзіўся толькі з-за аблавы на ваўкоў. Ермаловіч. // Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая з’яўляецца прычынай чаго‑н. З-за яго столькі непрыемнасцей. □ — Чытай, чытай! — сказаў малому Багдан. — Не пакідай кніжку з-за мяне. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастая́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не спыняецца, не перарываецца; бесперапынны. Прырода на Зямлі знаходзіцца ў пастаянным развіцці. □ Бацька.. [Адама Багдановіча] не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць.. на ўсім куплёным. Пастаянны.. клопат, — дзе, як дастаць капейку, каб купіць бульбы, алею і нават... лучыны. М. Стральцоў.
2. Які не змяняецца, нязменны; той жа самы. Пастаянны састаў вучняў. Пастаянная газетная рубрыка. □ Марына ўжо так не абуралася, слухаючы балбатню матчыных заказчыц. Яны ў большасці былі пастаянныя, прыходзілі часта. Шахавец.
3. Разлічаны на доўгі час; які дзейнічае, працягваецца доўгі час; проціл. часовы. Пастаянная работа. Пастаянная тэмпература. Пастаянная выстаўка. Пастаянны падпісчык. □ [Атрады] накіраваліся ў свае пастаянныя лагеры — сустрэць свята, адпачыць. Шамякін. — А пакуль дадуць новую работу, маці кажа, што трэба мець недзе пастаяннае прыстанішча. Шыцік. // Заўсёдашні, звычайны. Яшчэ адзін доказ — апошні акт спектакля. Зёлкін зноў выконвае свае, так сказаць, пастаянныя функцыі. Сабалеўскі.
4. Які заўсёды зберагае вернасць чаму‑н. (пэўным поглядам, думкам, сімпатыям).
•••
Пастаяннае супраціўленне гл. супраціўленне.
Пастаянны нейтралітэт гл. нейтралітэт.
Пастаянны ток гл. ток.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патыха́ць, ‑ае; незак.
1. Слаба дзьмуць, веяць (пра вецер). Вокны былі расчынены. Знадворку патыхаў цёплы ветрык, ледзь-ледзь калышучы фіранкі. Сабаленка. / у безас. ужыв. Вечарэла. Ад возера патыхала лёгкім халадком. Пестрак. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Ад снапоў крыху патыхала зляжалай саломай, амаль няўлоўным водарам летняга поля і кветак. Савіцкі.
2. чым. Вылучаць нейкі пах; пахнуць. Дрэмлючы чуў [Павал], як пахла ў хаце новымі ботамі — дзёгцікам патыхаюць боты. Чорны. А з бору цёплая сасна Жывіцай патыхала. І. Калеснік. / у перан. ужыв. Нялёгка добрым быць, хоць нам не трэба Ні лёгка запрацаванага хлеба, Ні танных поспехаў, ні скідак, ні удач, Ні вырашаных іншымі задач, Ні тых пахвал, што лёгка раздаюцца Сябрамі за абедзенным сталом, Ні плётак, што вужакамі віюцца І патыхаюць зайздрасцю і злом. Грахоўскі. Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пача́цца, ‑чнецца; зак.
1. Пачаць прасцірацца. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка. Вось ужо скончыліся палеткі, пачалася сенажаць. Машына далей ехаць не магла. Марціновіч.
2. Пачаць адбывацца, здзяйсняцца. Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. Колас. Адна за адной пачаліся шалёныя атакі. Мележ. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Лынькоў. // Адкрыцца, пачаць працу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Так пачалося пасяджэнне прэзідыума Савета дэпутатаў. Чорны. Праўленне адразу ж пачалося бурна. Пянкрат. // Наступіць, настаць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Пачаўся сапраўдны дождж. Кроплі былі буйныя і частыя. Навуменка. Памерла яна [маці] яшчэ тою часінай, Калі толькі трэці пачаўся мне год. Прыходзька.
3. Разм. Пачаць з’яўляцца; абазначыцца. У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка. Брыль. [Гушка:] — Калі пачнецца свая гаспадарка, дык і ты тады парабкоўства кінеш. Чорны. [Бацька:] — А ягад у нашым Варку — хоць вазамі вазі, хутка і грыбы пачнуцца. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)