ля́мант, ‑у, М ‑нце, м.
Адчайны, немы крык як праяўленне жаху, як кліч на дапамогу. Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве. Апамятаўся я і нарабіў ляманту. Пальчэўскі. Касцы на лузе ўзнялі лямант. Язэп .. кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога. Ваданосаў. // Моцны працяглы плач, крык, брэх. А можа толькі так здалося? О, не! Не плач, а лямант, енк. Чыё там сэрца так галосіць? Так чалавек не плакаў век. Пушча. Праляталі нізка альбатросы, Узнімалі чайкі лямант дзікі. Звонак. [Сабачка] чуў нас за кіламетр і узнімаў такі лямант, што мы не ведалі, куды дзявацца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
круго́м, прысл. і прыназ.
1. прысл. Навокал, з усіх бакоў. Я паглядзеў кругом — нідзе нікога не відаць. Якімовіч. За вёскай — лугі, пералескі, Бяскрайняе поле кругом. Аўрамчык. // Разм. Усюды, ва ўсіх месцах. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.
2. прысл. Робячы кругавы рух, апісваючы круг. Колькі раз з неўміручаю марай Крэмль спрадвечны абходзіш кругом. Броўка. // круго́м! Ваенная каманда, па якой робіцца паварот на 180°.
3. прысл. Разм. Зусім, поўнасцю. Бывае, што кругом мярзотнік вінаваты, Але выносіць не жадае смецце з хаты. Корбан.
4. прыназ. з Р. Вакол чаго‑н. Абысці кругом хаты.
•••
Абвесці кругом пальца гл. абвесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дзіцца, ладжуся, ладзішся, ладзіцца; заг. ладзься; незак.
1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Ісці на лад, добра атрымлівацца, складна выходзіць. Не ладзіцца справа. □ Вярнуўся [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца... Хадкевіч. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі. Колас.
2. Разм. Наважвацца, рыхтавацца што‑н. рабіць, зрабіць. Пасярэдзіне сянец некалькі пар ужо ладзілася скакаць. Лобан. [Дзед] налівае ў міску капусты і ладзіцца карміць мяне вялізнай драўлянай лыжкай, якая не лезе мне ў рот... Сачанка.
3. Зал. да ладзіць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараві́сты, ‑ая, ‑ае.
Упарты, з норавам (звычайна пра коней). — У майго бацькі быў конь наравісты, дык як стане, як укопаны. Хоць кол на галаве чашы — ні з месца.. — гаварыў меднабароды Язэп Рудзько. Дуброўскі. [Ячны:] — Кабыла ў .. [Цупрона] была наравістая. Упудзілася раз і панясла з гары. Брыль. // Разм. Натурысты, капрызны (пра ўпартага чалавека). Але ж і наравісты хлопец! Далі ім тут, відаць, волю. Во ён табе, упёрся, як баран. Савіцкі. // Які выражае ўпартасць, наравістасць. Наравісты характар. / у перан. ужыв. Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калатня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Сварка, звычайна з пабоямі (у хаце, у сям’і). — Мір і спакой гэтаму дому. А то ў другую хату зойдзеш, ідзе такая калатня, што хоць ты вушы затыкай. Гурскі.
2. перан. Бойка, вайна. Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў.. і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Чорны. Глядзела сонца ў засмучэнні На калатню варожых станаў. — Не вырваць злу ад зла кайданаў. Колас. // Мітусня, неразбярыха, перапалох. Учора ў гэтай самай цырульні была калатня: цэлы дзень дэфензіўшчыкі затрымлівалі і абшуквалі ўсіх. Сабаленка.
3. Дзеянне паводле дзеясл. калаціць (у 1 знач.); хістанне, дрыжанне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́с, ‑у, м.
1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.
2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
партнёр, ‑а, м.
Удзельнік якой‑н. гульні, размовы і пад. Твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне. Колас. Пачутыя навіны так уразілі Клопікава, што ён адразу.. забыўся і на варожую пешку і на свайго партнёра. Лынькоў. // Той, хто разам з кім‑н. прымае ўдзел у тэатральных спектаклях, спартыўных гульнях, танцах і пад. На гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву і на ўсю залу грымнуў свайму збянтэжанаму партнёру: «Не так!» Краўчанка. Танцавала Зіна лёгка папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. // Кампаньён у якой‑н. справе. Савецкі Саюз — буйнейшы гандлёвы партнёр Балгарыі. «Звязда».
[Фр. partenaire.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. — Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.
•••
Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.
Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чаго.
1. і аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. дап. Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; спытаць. Міколка рашуча запытаў дзеда: — Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу? Лынькоў. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі. Сходзім, Віктар, — кажа Піня, — да майго бацькі. Запытаем, як ён сябе адчувае, якое ўражанне зрабіла наша свята. Сташэўскі.
2. Звярнуцца з якой‑н. просьбай, папрасіць аб чым‑н. Запытаць парады. Запытаць дазволу. □ Лішні раз у дзяўчыны запытаю дарогі. Свірка.
3. Паслаць афіцыйнае запытанне. Запытаць меркаванне рэдакцыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапле́сціся, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся; пр. пераплёўся, ‑плялася, ‑плялося; заг. перапляціся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сплесціся паміж сабой. Плюшч пераплёўся з хмелем. □ На.. [карце] у загадкавым лабірынце перапляліся дзесяткі рознакаляровых ліній. Гамолка. Каля яліны расла вілаватая, галінастая бяроза, тоўстыя сукі якой перапляліся з яловымі лапкамі. Ляўданскі. // перан. Злучыцца, зліцца ў адно цэлае; перамяшацца. Многія з нас першы раз трапілі ў гэты край, дзе легендарнае і рэальнае перапляліся так шчыльна. Залескі. Беларусь была тым раёнам імперыі, дзе своеасабліва перапляліся між сабою класавыя, нацыянальныя і рэлігійныя супярэчнасці. «Полымя».
2. Разм. Заплесці сабе валасы ў косы нанава, іначай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)