тае́мнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць таемнага. Таемнасць становішча. □ Спярша яму было крыху смешна, але па меры таго, як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна — непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Колас.
2. Нешта загадкавае, невядомае, незразумелае. Нейкай таемнасцю веяла ад постацей святых, павыразаных з дрэва. Броўка. [Дзяўчаты] былі ўсе маладыя, маладосць любіць таемнасць, сакрэты і сюрпрызы. Чорны. Гарыце, сузор’і, гарыце У гэты таемнасці час! Грамыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́рба, ‑ы, ж.
Невялікі мяшок (звычайна даматканай тканіны). Вось маці з хаткі выбягае, Алесю торбу даручае, А ў торбе хлеб і, пэўна, сала, І весялей шмат хлопцам стала. Колас. // Мяшок з аўсом, што адзяваецца на галаву каню. // Мяшок старца як сімвал жабрацтва. Лапці, торба, хлеб з мякінай, Цемра курнай хаты, — Невясёлыя ўспаміны Аб жыцці праклятым. Крапіва.
[Цюрк. torba.]
•••
Давесці да торбы гл. давесці.
Дайсці да торбы гл. дайсці.
З торбай ісці гл. ісці.
Пусціць з торбаю (па свеце) гл. пусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тфу, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку, які ўтвараецца пры пляванні. — Тфу! — плюнуў Шырокі і акінуў фельчара зняважлівым вокам. Колас.
2. Ужываецца для выказвання незадаволенасці, прыкрасці, злосці, расчаравання і пад., а таксама пагардлівых адносін да каго‑, чаго‑н. [Лазавік:] — Тфу, атрута. І як ты, Стась, смокчаш сваю люльку? Хомчанка. — Тфу! — зазлаваўся Міхалап. — Галоднай куме хлеб наўме. Алешка.
3. у знач. вык. Ужываецца для характарыстыкі каго‑, чаго‑н. нязначнага, дробязнага, нікчэмнага. Абрэзкі тыя — тфу! — метровыя шматкі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уло́мак, ‑мка, м. (ужываецца часцей з адмоўем «не» і ў пытальна-клічных сказах).
Слабы, кволы чалавек. [Паляшук:] — Дарма што.. [дзеду] цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Колас. [Ціток:] — Дзіва што ты заробіш сабе хлеба. Уга. Што ты, уломак які? Лобан. [Лісавета] падумала, што не можа быць, каб яна не ўправілася з гэтым уломкам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хам, ‑а, м.
1. Уст. Пагардлівая назва чалавека ніжэйшага саслоўя, звычайна селяніна (у мове паноў). Уваходзіць перапалоханы галоўны аконам. У руках яго папера. — Ясны пане! Якую агідную паперу падалі пану гэтыя хамы з Выганаў і з Высокага! Колас. Эх, дзяцюк, хама ўнук, Сын бяды і працы, Чаго прэш, як сляпы, У панскія палацы? Купала.
2. Разм. лаянк. Грубы, нахабны чалавек. [Марылька:] Як жа я з табою жыць буду, з такім хамам? [Няміра:] — Ага, Цывін настройвае цябе супроць мяне?! Чорны.
[Ад імя Хама, сына Ноя, які, паводле біблейскага сказання, быў пракляты бацькам за непашану.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.
1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.
2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.
3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ткаць, тку, тчэш, тчэ; тчом, тчаце, ткуць; пр. ткаў, ткала; незак., што і без дап.
Вырабляць тканіну шляхам перакрыжаванага перапляцення ніцей асновы (падоўжных) і ўтку (папярочных). Ткаць палатно. Ткаць кужаль. Ткаць ручнікі. □ Тут [у хаце Нявады] стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб’е на мяшкі і ручнікі. Чорны. Зімой работы няшмат .. Толькі жанчыны працуюць; да палавіны зімы прадуць, а потым ткуць. Брыль. // Займацца ткацтвам, быць ткачом, ткачыхай. Усё ўмее жанчына Рукамі рабіць: Ткаць на кроснах тканіну І трактар вадзіць, І ўзводзіць палацы І пакой прыбіраць. А. Астапенка. // Упрыгожваць тканіну тканымі ўзорамі, рысункамі. Ткаць кветкі на ручніках. // Плесці, віць. Павук тчэ павуцінне. // перан. Ствараць што‑н. Дзяжа не спіць, не можа спаць, Хоць сон і хіліць прыдрамаць, А думкі ткуць сваю тканіну. Колас. Залатой непарушнаю пражаю Тчэ гісторыю моладзь сваю. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яны́, іх, ім, іх, імі, аб іх; займ. асаб. 3 ас. мн.
1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка множнага ліку, які ў папярэднія кантэксце абазначае прадмет гаворкі. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. Купала. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // (у спалучэнні са словамі: «самі», «самыя»). Іменна тыя, а не хто іншы; тыя самыя.
2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; іхні. Мартын таксама глянуў У дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы. Колас. Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі. Чорны.
3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яны — палі густыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Нічога не гаварыць, не падаваць голасу. Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Лынькоў. Косцік і Шурка ласа елі .. і маўчалі, быццам гутарка іх не датычыла. Брыль. // перан. Не парушаць цішыні, спакою якімі‑н. гукамі. Гарадок прытоена маўчаў. Ні пражэктара, ні стрэлу. Лынькоў. У адным з вагонаў рыпнуў гармонік. Зараз жа да вагона падбег нейкі старшы і загадаў маўчаць. Чорны. Спіць і лес ва ўсім адзенні І маўчаць лугі, дубровы. Колас. // перан. Не дзейнічаць, не працаваць. Матор маўчаў, піла цыркуляркі не круцілася. Гамолка. Бягуць к тэлефону — дарма. Маўчыць тэлефон. Колас.
2. Захоўваць што‑н. у таямніцы, не расказваць аб чым‑н. Кравец рабіў так, як і сказаў яму Несцяровіч, — маўчаў. Чорны. Аб гэтай справе лепш маўчаць, каб не станавіцца ў нязручную і смешную позу. Лынькоў.
3. перан. Не даваць знаць пра сябе; не праяўляцца. [Вера:] Трэба знайсці вінаватага. [Чарнавус:] А ён, падлюга, хітры, — маўчыць і не адгукаецца. Крапіва. // Не пісаць пісем, не адказваць на пісьмы. [Нахлябіч] яшчэ раз пісаў, а .. [сын] усё маўчаў. Чорны.
4. Не выказваць адкрыта сваіх думак, намераў. Нельга маўчаць аб недахопах. □ Пятроў схамянуўся: яму раптам здалося, што далей ён можа як-небудзь зрабіць намёк на тое, аб чым лепш маўчаць. Брыль. // перан. Зносіць што‑н., не скардзячыся, не пратэстуючы. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» Колас.
•••
Пра гэта гісторыя маўчыць гл. гісторыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гэ́та, часціца.
1. указальная. Служыць для выдзялення, падкрэслівання таго ці іншага слова ў сказе. І яшчэ было чым міла Тое поле хлапчуку, Гэта тым, што дзед Курыла Там яго трымаў руку. Колас. Гэта Ленін навучыў, каб народ шчасліва жыў. З нар. // Паказвае на ўдакладняльны сэнс другой часткі выказвання. Адзін дуб у полі — гэта не лес. □ Службовы аўтобус імчыцца па бетаніраванай дарозе — гэта едуць у Бярозу.. будаўнікі. Дадзіёмаў.
2. узмацняльная. Служыць для ўзмацнення значэння папярэдняга займенніка, прыслоўя, часціцы ў пытальных, клічных і даданых сказах. [Альжбета:] Куды вы, родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Купала. Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры! А. Александровіч. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас.
•••
Гэта яшчэ (толькі) кветачкі — пра пачатак чаго‑н., звычайна непажаданага, за якім трэба чакаць яшчэ большага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)