мацяры́нства, ‑а, н.
1. Стан жанчыны-маці ў перыяд цяжарнасці, родаў і кармлення дзіцяці. Закон аб ахове мацярынства. // Стан, абавязкі і правы маці ў адносінах да дзяцей.
2. Пачуццё да дзяцей, уласцівае жанчыне-маці; уласцівае маці ўсведамленне кроўнай сувязі яе з дзецьмі. Я запомніў толькі .. [Машу], тую шчаслівую ўсмешку і вочы, поўныя гордай радасці мацярынства. Брыль. Смутак па мацярынству даўно парадзіў у Галі пагарду да жанчын, якія не жадаюць мець дзяцей. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа́ласны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае жаласць, спачуванне; жаласлівы. [Лена] часта мела даўгі ў касу ўзаемадапамогі і часта пісала жаласныя заявы ў прафсаюз. Лупсякоў. // Поўны суму, журботы. Ветру не было, а дрот бесперапынку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казкі гэтых панурых лясоў і балот Палесся. Колас.
2. Схільны да спачування; спагадлівы, чуллівы. Жаласны чалавек. □ Вочы старой пацяплелі, і ўсе рысы яе твару расплыліся ў жаласную ўсмешку. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пужлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка і скора пужаецца; палахлівы. Дзядзькаў дом глынуў тады яго [Язэпа], маленькага, пужлівага. Бядуля. Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! Панчанка. // У якім выражаецца страх, спалох. [Ліда] памятала толькі.. [Паўлаў] пужлівы шэпт, баязлівы позірк і мітуслівыя рухі. Васілевіч. // Уласцівы таму, хто пужаецца, палохаецца. Хлопчык слухаў у здзіўлены, Вочы кідаў на карчы, а ў пужлівым уяўленні Ўсталі чэрці-рагачы. Колас.
•••
Не з пужлівага дзесятка гл. дзесятак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставіць.
2. Р мн. ‑новак. Парадак, паслядоўнасць у размяшчэнні чаго‑н. Расстаноўка знакаў прыпынку. □ Самой расстаноўкай вершаў у нізцы Багдановіч нібы паказвае гісторыю ўзаемаадносін чалавека і прыроды. Лойка.
3. Р мн. ‑новак. Кароткія перапынкі пры размове, пры выкананні чаго‑н. Хабібулін узняў на нас нейкія чужыя вочы і, адвёўшы погляд, з расстаноўкай прагаварыў: — Няма Цімчанкі. Згарэў... Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расшы́рыцца, ‑рыцца; зак.
1. Стаць больш шырокім. Вочы расшырыліся. □ І круг расшырыўся, адступілі людзі, прыціснуліся да сцен. Шамякін. [Багдан] пацягнуў яшчэ раз з усёй сілы — шчыліна крыху расшырылася, а далей вароты не ішлі, былі за нешта прывязаны. Кулакоўскі. // Спец. Павялічыцца ў аб’ёме. Газ ад награвання расшырыўся.
2. Павялічыцца колькасна, у аб’ёме; стаць больш моцным, буйным. Завод расшырыўся. Вытворчасць расшырылася.
3. Стаць больш поўным, больш рознабаковым; паглыбіцца. Расшырылася тэматыка газеты. Кругагляд расшырыўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́гат, ‑у, М ‑гаце, м.
Гучны, нястрыманы смех. Ад рэчкі даносіўся вясёлы рогат. Мабыць, нягледзячы на цемень, салдаты купаліся. Навуменка. Андрэю завязалі вочы і далі ў рукі вялізарныя ножніцы, і ён пад гамерычны рогат моладзі пайшоў .. адрэзаць цукерак. Лобан. // Пра гукі, якія нагадваюць гучны смех. Пад Маладзечнам шмат лясоў: Там, у гушчары дрэў Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка.
•••
Пакаціцца (паехаць) ад (з) рогату гл. пакаціцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажаўце́ць, ‑жаўцею, ‑жаўцееш, ‑жаўцее; зак.
Стаць жоўтым, жаўцейшым; набыць жаўтаватае адценне. Мармур высачэзных калон.. трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць. Караткевіч. // Паспець (пра плады, злакі). Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Дуброўскі. // Страціць зялёную афарбоўку, завяць (пра лісце, траву). Сям-там пажаўцела ўжо лісце. Скрыган. З клёнаў, яшчэ не паспеўшых добра пажаўцець, пасыпалася восеньская пацяруха. Савіцкі. // Набыць нездаровы колер. Твар пажаўцеў. □ Бабініч зусім асалавеў, вочы яго Пажаўцелі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пако́ра, ‑ы, ж.
1. Поўнае падпарадкаванне, пакорнасць. [Мамка:] — Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім оісорсткая. Хай пакора, хай нават рабства. Караткевіч. Маці мела вялікі ўплыў на дачку, выхаваную ў сляпой пакоры царкве і матчынай волі. Лынькоў.
2. Паслушэнства, пакорлівае прыняцце лёсу. Чалавек у пакоры схіліў галаву на правае плячо і падвёў вочы пад лоб. Пестрак. Не хрысціянская пакора і слухмянасць, а воля да жыцця і барацьбы кіруюць чалавекам. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўця́мны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Такі, што цяжка зразумець, усвядоміць; незразумелы. Няўцямныя думкі прыгняталі Андрыяна. Марціновіч. Базыль нешта няўцямнае мармытнуў і заспяшаўся даганяць Піліпа. Сачанка. // Які выклікае недаўменне; загадкавы. Здарылася нешта няўцямнае. Адбыўся неверагодны выпадак, верыць якому не хацелася. Лупсякоў.
2. Які выяўляе неразуменне чаго‑н. або адсутнасць думак аб чым‑н. На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў няўцямнымі вачыма на прысутных. Пальчэўскі. Надзя расплюшчыла вочы, няўцямным поглядам абвяла клець. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пага́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Ганарлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; ганарыстасць. Ставіцца з пагардай да каго-небудзь. □ На адной з вуліц Мінска Грышка прыглядаецца ў твар жандара, які едзе з пагардай на буланым кані. Чарот. // Поўная адсутнасць павагі да каго‑, чаго‑н.; здзек. Выказаць пагарду. □ Хоць пагарду цярплю, — Мушу быць глух і нем; Хоць свет хлебам кармлю, Сам мякіначку ем. Купала. Вочы.. [настаўніцы] загарэліся халодным і жорсткім агнём пагарды. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)