няпра́вільны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не адпавядае якім‑н. правілам, нормам. Няправільнае развіццё арганізма. Няправільнае вымаўленне. □ — Мы вельмі рады, — сказаў.. [Бесо] няправільнай расійскай мовай. Самуйлёнак. // Які не адпавядае правілам сіметрыі. Няправільныя рысы твару.

2. Які не адпавядае ісціне; няверны, памылковы. Суддзя звыкла папярэджвае [сведак] аб адказнасці за няправільныя паказанні. Дадзіёмаў. [Люба:] — А няхай бы вы, будучы ў Мінску, зайшлі да .. [Стафанковіча] і сказалі, што млын кепска меле. [Млынар:] — Гэты абармот даў мне няправільны адрас, і я яго не знайшоў. Чорны.

3. Не такі, як трэба; несправядлівы. Няправільная палітыка. □ [Якуб:] — Па-баявому, па-ваеннаму так... Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць... Зарэцкі.

•••

Няправільны дзеяслоў гл. дзеяслоў.

Няправільны дроб гл. дроб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́дучы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае наступіць, адбыцца. Там гавораць аб будучым шчасці сваім, Аб сумесным жыцці, аб жыцці маладым. Куляшоў. // Наступны. Будучы год. Будучай вясною.

2. Такі, які рыхтуецца, павінен стаць тым, кім яго называюць. Старая маці Зоські спагадна на .. [Сымона] паглядала, як на будучага зяця. Бядуля. [Кастусь] не мог зразумець, чаму так груба і зняважліва адносяцца педагогі да сваіх выхаванцаў — будучых настаўнікаў. С. Александровіч.

3. Дзеепрысл. цяпер. ад быць.

4. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Час, які ідзе ўслед за цяперашнім; сукупнасць наступных падзей. [Сакратар абкома:] — А ты глядзі наперад, Васіль Мінавіч, у будучае заглядвай. Шамякін.

5. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Доля, лёс; кар’ера. Будучае маладога настаўніка. Будучае артыста.

•••

Будучы час гл. час.

У будучым — у далейшым, потым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзіно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

1. Адасобленасць у выніку страты родных ці блізкіх або ў выніку жадання пабыць (пажыць) асобна ад іншых. Гадзіна адзіноты. Гібець у адзіноце. Не пакінуць у адзіноце. На адзіноце (сам) з сабою. Пабыць (быць) на адзіноце. □ Упершыню ў гэтую хвіліну Максімка адчуў, што яго назаўсёды пакідае трывожны страх сіроцкай адзіноты. Якімовіч. [Яснотка:] — Люблю, ведаеце, адзіноту. А .. тут такі прыгожы лес, што так і цягне мяне. Крапіва.

2. Бязлюднасць, сіратлівасць. Адзінотай і пустэчай Ўсюды веяла з палёў. Колас.

3. Стан адзінокага чалавека як вынік адчужанасці, разрыву з навакольныя асяроддзем; адзіноцтва. Адчуць адзіноту. Пачуццё адзіноты. □ [Наталя] адчувала, што.. памылка яе прывяла да самага страшнага — да адзіноты, калі ты хаваеш сябе ад другіх. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. каго. Вельмі моцна ўсхваляваць; устрывожыць. Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Шамякін. Над .. балотам аж стогнуць канюхі. .. Узрушыў іх нехта, носяцца, выпрастаўшы крылы. Пташнікаў. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі.

2. што. Разм. Узрыхліць, узварушыць паверхню чаго‑н. Узрушыць зямлю па градах. Вецер узрушыў гладзь возера. // перан. Пазбавіць устойлівасці, трываласці; пахіснуць. Хіба не магло так здарыцца, што сярод .. [бальшавікоў] убачылі б мы і Пуліхава, калі б толькі да дзён, што ўзрушылі свет, яму выпала дажыць!.. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́гаршчы, прыго́ршчы ’абедзве далоні з прыгнутымі пальцамі, складзеныя так, каб імі можна было што-небудзь набіраць, зачэрпваць, трымаць і пад.; колькасць чаго-небудзь, якая ўмяшчаецца ў складзеныя такім чынам далоні’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Інстр. 1; ушац., капыл., КЭС; Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ), пры́гарашчы, пры́горшчы, пры́гаршы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), пры́гаршч ’тс’ (Ян.), ’далонь; горстка’ (Шпіл., Байк. і Некр.), пры́гаршчы ’горстка’ (Ласт.), параўн. з развіццём семантыкі прігорчі ’мера сыпучых рэчываў’ (Бес.) і менш яснае, але ўсё ж такі звязанае з асноўным значэннем, пры́гаршча ’сноп бобу’ (петрык., ЛА, 2); сюды ж адз. л. прыго́рсць ’прыгаршчы’ (Гарэц.; Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъrstь/*prigъrstia, прэфіксальнага ўтварэння ад *gъrstь (падрабязна гл. ЭССЯ, 7, 212–213); параўн. го́рстка, гл. таксама ґа́рсць. Сюды ж больш познія назоўнікі з суф. ‑нʼ(а): пры́горшня, мн. л. пры́гаршні ’складзеныя ў выглядзе лодачкі далоні рук’ (Інстр. 1, Ян., ТС). Параўн. укр. при́гірщ, при́горщ, при́горщи ’прыгаршчы’. Рус. дыял. при́горщь ’прыгаршчы’, при́го́ршни ’тс’, смал. при́го́рстка ’вялікія прыгаршчы чаго-небудзь’, ст.-рус. пригърща, пригръща, пригорща ’жменя, прыгаршчы’, польск. przygarść, przygarśnie, przygarstnia, przygarstek, каш. přëgårsc, přëgarst, přëgarscnë, přëgarstńica, чэш. přehršel, přehrštle, славац. priehršť, prehrštie, славен. praíšče, серб.-харв. prȅgršt, prȅgrst, балг. пригръ́ща, пригаща, пъ́ргъща. Бязлай (3, 119) першапачатковай формай лічыць *prigъrstьje або *prigъrstьja. Гл. Фасмер, 3, 363; БЕР, 5, 706; 6, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пузы́р, ‑а, м.

1. Напоўнены паветрам або газам шарык, які ўтвараецца ў вадкасці або ў вадкай масе. Пузыры ў шкле. Пузыры ў цвеце. □ На месцы.. [варонак] б’е з-пад нізу вада,.. бугрыцца і так жа раптам знікае, пакінуўшы на паверхні празрыстыя пузыры, якія ледзь паспяваюць за быстрынёй. Лынькоў.

2. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння і пад.), пустое або напоўненае вадкасцю; пухір. Далоні, нацёртыя тронкам, зачырванеліся, на іх выскачылі вадзяныя пузыры. Васілевіч.

3. Мяшок, шар у целе жывёлы або чалавека, які звычайна змяшчае ў сабе якую‑н. вадкасць. Мачавы пузыр. Плавальны пузыр. Жоўцевы пузыр.

4. Гумавы мяшок, напоўнены лёдам, халоднай або гарачай вадой, які прымяняецца з лекавымі мэтамі. Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уяві́ць, уяўлю, уявіш, уявіць; зак., каго-што.

1. У думках скласці вобраз каго‑, чаго‑н., узнавіць розумам, фантазіяй. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць уяўленне. Дзяргай. [Юхім:] Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін. На момант Мікалай Пятровіч уявіў сабе крануты ўсмешкай твар маці, уважлівыя позіркі гасцей, і яму зрабілася не па сабе. Каршукоў.

2. Палічыць, дапусціць. Я не верыў гэтаму, я не мог уявіць, што ў нас мог знайсціся такі чалавек. Кулакоўскі.

•••

Можаш (можаце) сабе ўявіць; уяві(це) сабе (у знач. пабочн.) — ужываецца з мэтай звярнуць увагу слухача на якую‑н. акалічнасць, зацікавіць яго чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Разм. Есці вадкую страву, прысмоктваючы. [Дзеці], завіхаючыся, сёрбалі, і гэта... [Ганну] цешыла, — раней ёй заўсёды прыходзілася ўгаворваць сына есці, расказваць яму казкі. Гурскі. Уладзік клаў лыжку і хацеў вылазіць з-за стала, але бацька кідаў такі выразны позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку... С. Александровіч.

2. Піць, прысмоктваючы. Віцька, нагінаючыся над сталом, сёрбаў са сподачка чай, раз-пораз шморгаючы кірпатым носам. Асіпенка. Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. В. Вольскі.

3. Піць невялікімі глыткамі час ад часу. Хросны не піў, а патроху сёрбаў з конаўкі саматужную гарэліцу. Асіпенка.

4. Утвараць у час яды характэрныя гукі сёрбання. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі. Тацянка ўмее трымаць кубачак і не сёрбае так, як Марынка. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)