вы́лететь сов., в разн. знач. вы́лецець, мног. павылята́ць;

вы́лететь из гнезда́ вы́лецець з гнязда́;

в Москву́ вы́летел самолёт у Маскву́ вы́лецеў самалёт;

от взры́ва вы́летели о́кна ад вы́буху вы́лецелі шы́бы;

из-за поворо́та вы́летела тро́йка з-за паваро́ту вы́лецела тро́йка;

вы́лететь со слу́жбы вы́лецець са слу́жбы;

вы́лететь из головы́ (из па́мяти) вы́лецець з галавы́ (з па́мяці);

вы́лететь пу́лей (стрело́й) вы́лецець ку́ляй (страло́й);

вы́лететь в трубу́ вы́лецець у трубу́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

самастрэ́л 1, ‑а, м.

1. Старажытная зброя для кідання стрэл і камення, якая складаецца з лука з прыкладам і спускавога механізма. // Дзіцячая цацка ў выглядзе такой зброі.

2. Спец. Пастка спецыяльнай канструкцыі на шашкоў, якая нагадвае лук.

самастрэ́л 2, ‑а і ‑у; м.

1. ‑у. Наўмыснае раненне самога сябе (з мэтай ухілення ад ваеннай службы). Сапраўдны салдат ніколі не зробіць самастрэлу. Гурскі.

2. ‑а. Разм. Салдат, які знарок раніў сябе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальварко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фальварка, належыць яму. Фальварковыя пабудовы. □ — Вашы намаганні — справа тэрміновая, — глуха басіў .. [Бусыга], пералазячы загарадзь, якою абнесены фальварковыя пасевы. Бажко. // Які жыве, служыць у фальварку. Народ там [у Палікараўскім сельсавеце] усё засцянковы, фальварковы, хутаранцы, — ні аднае вёскі такое, як пры горадзе, там не ўбачыш. Мурашка. Калі Казімір прыязджаў з Масквы на лета ў свой фальварак, то сустракаў паблажлівую ўсмешку дзядзькі і паслухмянасць усёй фальварковай службы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пучо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да пук ​1; невялікая звязка чаго‑н. Сцёпа парваў пралесак, навязаў іх у пучкі. Баранавых. Па ўсіх шчылінах закураных сцен тырчаць пучкі сушаных траў і кветак. Бядуля.

2. Тое, што і пук ​1 (у 2 знач.); невялікі пук. Фурманка наблізілася, і Паходня ўключыў ліхтарык, накіраваўшы на яе блакітны пучок святла. Хадкевіч. У кабінеце сядзеў стомлены, сіваваты падпалкоўнік медыцынскай службы. Пад вачамі ў яго — сіняватыя кругі, на пераносіцы — пучок маршчынак. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экзеку́цыя,

1. Цялеснае пакаранне. За дзесяткі гадоў службы фельдфебель добра набіў руку і на шпіцрутэнах, і на розгах. І таму чарговая экзекуцыя была для яго звычайнай справай. Якімовіч.

2. Уст. Выкананне судовага ці адміністрацыйнага прыгавору (пакаранне смерцю і пад.). Гродзенскі губернатар робіць экзекуцыі, пасылае на падаўленне хвалявання войскі і размяшчае іх па дварах за кошт галодных і раздзетых сялян. Лушчыцкі.

3. У міжнародным праве — прымяненне карных мер адной дзяржавы ў адносінах да другой.

[Ад лац. exsecutio — выкананне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпачы́нак, ‑нку, м.

1. Перапынак у рабоце, у якім‑н. занятку для аднаўлення фізічных ці разумовых сіл. Летні адпачынак школьнікаў. □ Брыгада стала на работу ў той жа дзень, пасля кароткага адпачынку. Чорны. Цалюткі дзень без адпачынку Збірала ягады дзяўчынка. Муравейка.

2. Часовае вызваленне ад службы, работы для аднаўлення сіл, лячэння і пад.; водпуск (у 2 знач.). Грамадзяне СССР маюць права на адпачынак. □ Бацька якраз атрымаў чарговы адпачынак і чакаў сына, каб разам паехаць у вёску, да цёткі Глашы. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́жба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. служыць (у 1, 2, 4–6 знач.). Служба ў арміі. Служба машыны.

2. Работа, заняткі і абавязкі служачага, а таксама месца такой работы і знаходжанне на ёй. Асабліва вялікую пашану адчуў да.. [Захарыя] Іліко, калі даведаўся, што гэты чалавек умее кіраваць параходам, што гэта ягоная слуокба. Самуйлёнак. Трошкі пазней Леўка ўладзіўся ў Верамеевічах на нейкую казённую службу і ездзіў каравачнікам па вёсках. Сабаленка. І на службе і прыйшоўшы са службы Рыгор не расставаўся з кніжкаю. Гартны.

3. Выкананне воінскіх абавязкаў, пасада ваеннага, а таксама знаходжанне ў радах арміі, флоту. Кожны салдат лічыць свой род войск самым важным, а службу ў ім — самай цяжкай. Хомчанка. Развітаўся з салёнаю Службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

4. Галіна ваенных заняткаў, абавязкаў, а таксама сістэма ўстаноў у структуры арміі, якія іх абслугоўваюць. Служба сувязі. Медыцынская служба арміі. □ Камбрыгу было дваццаць пяць год. Кавалерыст, лейтэнант кадравай службы. Брыль.

5. Галіна вытворчасці, а таксама ўстанова, арганізацыя, якія займаюцца якім‑н. спецыяльным участкам работы. Служба надвор’я. Служба часу. □ Машыністаў, дзяжурных, саставіцеляў — усіх, найбольш звязаных са службай руху, эвакуіравалі, яшчэ калі не быў узарваны мост па Дняпры. Навуменка.

6. Правядзенне набажэнства. У царкве ідзе.. служба, а на вуліцы — незвычайная вясёласць, рогат, гукі і рытм новай песні. Каваль.

7. толькі мн. (слу́жбы, ‑аў). Уст. Падсобныя памяшканні, розныя пабудовы для гаспадарчых патрэб. Розныя гаспадарчыя службы — кухня, склады, кладоўкі, — усё гэта ўваходзіла ў бальнічную сядзібу. Лынькоў.

8. Уст. Абслуговы персанал; слугі. А палац у агнях, служба ўся ў кунтушах. Лужанін. Па сканчэнні «гутаркі» хатняя служба ўжо саджала пана .. ў брычку і побач паклала абкручаны ў палатніну кумпяк. Пестрак.

9. Уст. і разм. Зварот да ваеннаслужачага (звычайна салдата). [Драч:] А сам хто?.. Бародка можа і рабочага, а вусікі быццам а[ф]іцэравы... [Дашынскі:] Блытаеш ты нешта, служба. Губарэвіч.

•••

Інтэнданцкія служба — сістэма ўстаноў і прадпрыемстваў, якія ведаюць харчовым, рэчавым і грашовым забеспячэннем узброеных сіл.

Дружба дружбай, а служба службай гл. дружба.

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе — просьба зрабіць што‑н. для каго‑н. па дружбе, а не па службоваму абавязку.

Паставіць што на службу чаму гл. паставіць.

Саслужыць службу каму-чаму гл. саслужыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагна́ць, -ганю́, -го́ніш, -го́ніць; -гна́ў, -гна́ла; -гані; -гна́ны; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці адкуль-н., выдаліць (груба, прымусова, сілай).

П. з хаты.

П. са службы.

П. змрочныя думкі (перан.).

2. каго-што. Прымусіць рухацца, ісці.

П. палонных праз горад. П. плыты па рацэ.

3. што. Ажыццявіць прагон (у 3 знач.; спец.).

П. п’есу перад прэм’ерай.

4. што і без дап. Хутка праехаць, прабегчы (разм.).

П. па шасэ пяць кіламетраў.

5. што. Хуткім рухам або напрамкам руху чаго-н. утварыць што-н.

П. пракос.

П. разору.

6. перан., што. Задаволіўшы, спыніць, наталіць (разм.).

П. смагу.

|| незак. праганя́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е (да 1—3, 5 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

звані́ць несов.

1. звони́ть; (во все колокола, изо всех сил — ещё) трезво́нить, (возвещать о начале церковной службы — ещё) бла́говестить;

2. перен. звони́ть, трезво́нить; труби́ть;

з. аб сваі́х по́спехах — звони́ть (трезво́нить, труби́ть) о свои́х успе́хах;

з. ва ўсе званы́ — звони́ть во все колокола́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

службо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да службы (у 2 знач.), да выканання абавязкаў па службе. Службовыя справы. Службовае злачынства. □ Вайна застала .. [Гнядкова] ў службовай камандзіроўцы ў заходніх абласцях Беларусі. Шамякін. З’явілася заява — Службовы апарат Паперкі падшывае І ў папкі набівае. Корбан. // Прызначаны для выканання службы, для служачых. Службовы тэлефон. Службовы аўтобус. □ Месцаў там [у вагоне] не было, і, расчараваная, .. [Таня] вярнулася ў сваё службовае купэ. Даніленка. Рабочыя, ці, як іх яшчэ называюць, службовыя, пакоі ва Упраўленні дзяржаўнай бяспекі абстаўлены вельмі сціпла. Кавалёў. // Такі, які прыняты на службе. Службовыя адносіны. Службовы этыкет. □ Чырвонаармеец бачыць — чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць. Але ён не здае службовага тону, хоць гаворыць лагодней. Колас. // Які нясе якую‑н. службу, знаходзіцца на якой‑н. службе. Позвы і іншыя паведамленні, адрасаваныя прадпрыемству, установе ці арганізацыі, уручаюцца адпаведнай службовай асобе. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. [Наўмыснік:] — Службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся. Чорны.

2. Другарадны, дапаможны. Традыцыйныя вобразы нядолі ці няволі прыцягваліся пісьменнікамі ў твор звычайна з чыста службовымі мэтамі. Ярош. // У граматыцы — які служыць для паказу адносін паміж знамянальнымі часцінамі мовы. Службовыя часціны мовы. Службовыя словы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)