траншэ́я, ‑і, ж.

1. Вузкі, глыбокі роў з брустверам, які злучае ў адну лінію ўсе агнявыя пункты абароны. І толькі я падышоў да берага, як з траншэі, якую калісьці выкапалі ўздоўж рэчкі мае салдаты, падняліся два хлопчыкі. Хомчанка. // Вузкі роў для хавання ад асколкаў снарадаў і бомбаў.

2. Доўгі роў, канава і пад., якія служаць для ўкладкі, захоўвання або вырошчвання чаго‑н. Траншэя для кабеля. □ Пры запаўненні траншэй будзе дабаўляцца мякіна, здробненая салома і іншыя кампаненты з такім разлікам, каб атрымаць корм высокай якасці. «Звязда».

3. Спец. Адкрытая горная вырабатка.

[Фр. tranchée.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пульвына́ ’мясцовасць на ўсход ад Камянца і Брэста ў бок Пінска, дзе мала лесу і балот, многа палёў’ (кам., ЖНС). З фанетычна змененага *полевина ад поле (гл.), параўн. назву людзей з гэтых мясцовасцей — полюхи ’палевікі’ (Клімчук, там жа). Аднак польск. pólwy (pulwy) ’затопленыя нізіны’, гідронім Пульва (назва рэчкі, што ўпадае ў Буг), нямецкія (з Прусіі) і балтыйскія паралелі дазваляюць бачыць тут заходнебалтыйскі ўплыў, параўн. Непакупны (Связи, 142–144): суадносіць з прус. Palwe ’пустка, зарослая нізкарослым хмызняком’, збліжэнне з поле лічыць другасным. Лаўчутэ (Балтизмы, 126) звязвае з літ. palves ’марошка; ягада, якая расце ў забалочаных мясцінах’, palios ’вялікія балоты’, лат. pali ’забалочаны бераг возера’, што малаверагодна. Бяднарчук (ABSl, 9, 51) адносіць балтыйскія формы да уграфінізмаў, параўн. карэл. palvi ’населеная мясцовасць’, эст. palu ’паляна, лес на пясчанай глебе; зарослая кустамі раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адпаве́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Патрэбны, які падыходзіць для дадзенага выпадку. Палкоўнік у адпаведных месцах усміхаўся, .. часам нават у знак згоды злёгку ківаў галавой. Лынькоў. [Марыне Паўлаўне], відаць, .. [цяжка] было знайсці адпаведны тон — яна баялася, каб не раззлаваць.. [Карызну]. Зарэцкі.

2. Які адпавядае чаму‑н. Як вядома, многія словы ў беларускай мове адрозніваюцца паміж сабою толькі па цвёрдасці або мяккасці адпаведных зычных. Юргелевіч. На адпаведных паваротах рэчкі, паміж двума радамі чароту паказалася святло фараў. Брыль. // Які вынікае з чаго‑н. папярэдняга. Пленум прыняў па дакладзе адпаведную пастанову. □ Сцёпка замяўся, а стрэлачнік атакаваў яго яшчэ больш энергічна, зрабіўшы з гэтага адпаведны вывад. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́пшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. добры; проціл. горшы. Паняслася песня волі Між лясоў густых, балот... І аб лепшай вольнай долі Стаў ля рэчкі пець чарот. Чарот. [Бацька:] — Ведаеш, сынку, нам трэба было б набыць лепшага каня. Бядуля.

2. Найвыш. ст. да прым. добры; самы добры. [Шугаеў:] Гэты адказны дакумент павінны падпісаць лепшыя людзі нашага калектыву. Крапіва. Таварышы з акругі, хочучы пазнаёміць грамадства з лепшым участкам беларускай граніцы і лепшым камандзірам ўчастка, — накіравалі мяне іменна сюды. Брыль. // у знач. наз. ле́пшае, ‑ага, н. Збіраліся, прыходзілі і садзіліся за сталы калгаснікі, адзетыя ў лепшае. Васілевіч.

•••

У лепшым выпадку гл. выпадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасто́й, ‑ю, м.

1. Раскватараванне, стаянка воінскіх часцей у прыватных дамах. Буцянёў-Храбтовіч звярнуўся з просьбай да губернатара прыслаць на пастой у маёнтках эскадрон драгунаў. Колас. Яшчэ памят[а]ю — у нашай старой хаце на пастоі стаялі два чырвонаармейцы і камандзір Валюжэніц. Сабаленка.

2. Начлег, часовае пражыванне ў нанятым памяшканні. Астатнія гаспадыні, да якіх ставілі на пастой студэнтаў, не спрачаліся, як Хадося. Навуменка.

3. Прыпынак для сну, адпачынку, начны адпачынак. Сплылі тыя воды, што помняць, як тут, ля рэчкі, спыніўся на пастой нямецкі абоз. Адамчык. Увечары, калі стомлены статак брыў па вуліцы на пастой, прыціхшае было наваколле агалошвалася віскам і бязладнымі стрэламі-прысвістамі. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца халодным (пра надвор’е, ваду). // У мове маракоў — станавіцца больш моцным (пра вецер). Па сініх прасторах, Дзе вецер свяжэе, Пад сцягам чырвоным Плывуць караблі. Звонак. / у безас. ужыв. Дзень сходзіць. Ад рэчкі свяжэе. Грамыка.

2. Набываць больш яркі, свежы выгляд (пра расліны). Свяжэюць у чэрвеньскіх ранішніх росах Мятліца, званочкі, аер. Тарас.

3. Станавіцца бадзёрым, здаровым, больш свежым (пра чалавека). Пасля купання чалавек свяжэе. // Набываць больш здаровы выгляд. Цела на хвіліну свяжэе, лягчэй дыхаецца. Галавач. А варта было ў той жа момант перамяніцца з’яве — і адразу слёзы як ветрам здувала, шчокі [Марфы] свяжэлі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напра́мак, ‑мку, м.

1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак. М. Ткачоў. Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі. В. Вольскі. // Бок, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў. Брыль.

2. перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці. // Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа. Алешка.

3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры. Калеснік. У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам. «Звязда».

4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда».

5. у знач. прысл. напра́мкам. У кірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле. Гартны.

•••

Браць (узяць) напрамак гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́чышча, ‑а, н.

1. Паглыбленне на паверхні зямлі, па якім цячэ рака. За манастырскімі садамі рака зноў зліваецца ў адно рэчышча, утвараючы вялікі, выцягнуты востраў. Лобан. [Свіслач] выходзіла з берагоў, заліваючы ўсе нізкія мясціны ўздоўж рэчышча. Лужанін. Летам такія рэчкі перасыхаюць, і тады мясцовыя жыхары нярэдка ходзяць і ездзяць па сухіх камяністых рэчышчах, як па дарогах. В. Вольскі.

2. перан. Напрамак, шлях, па якім ідзе развіцця чаго‑н. [Жэні] вельмі пасуе роля гаспадыні: умее запрашаць, камандаваць хлопцамі, накіраваць гаворку ў патрэбнае рэчышча. Навуменка. У рэчышчы асноўных заканамернасцей развіцця новай беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся творы М. Багдановіча па пытаннях эстэтыкі. Лойка. У рэчышчы рамантычных традыцый развівалася таксама творчасць Міхася Сеўрука. Шматаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; што, аб чым, пра што або са злучн. «што» і без дап.; зак.

Паведаміць, сказаць аб чым‑н. адкрыта, катэгарычна. Заявіць аб сваім намеры. □ Даведаўшыся ад Міхася, што ён .. збіраецца ў Адэсу, старая заявіла: — І я паеду з мужыкамі. Не кожны дзень такое бывае. Б. Стральцоў. — Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Колас. // Паведаміць у якія‑н. органы. Заявіць у міліцыю. □ Праз хвілін дзесяць .. [Міхал] быў ужо ў сельсавеце і заявіў, што бачыў каля рэчкі труп. Чорны. [У Зосі] зусім даспявае намер: «Усё роўна ж заяўлю. Скажу заўтра ў хаце, што пайду бацькі даведацца, а сама пайду і заяўлю». Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зніца 1, ‑ы, ж.

1. Непадабенства, адрозненне ў чым‑н. [Мальгрэта:] — Я ж казала ўжо, Хвядоска, У нас між горадам і вёскай Аніякай розніцы. Крапіва. Малевіч падыходзіць да рэчкі і, таксама як я, садзіцца на беразе. Розніца толькі ў тым, што я сяджу на абрыве, спусціўшы ногі над вадой, а ён прылёг пад адхонам. Брыль.

2. Велічыня, сума, якая з’яўляецца рознасцю паміж дзвюма велічынямі, сумамі. А прызнацца, у нас не вялікая розніца: год пятнаццаць... Хадзем, дай руку, спадарожніца. Вялюгін.

•••

Якая розніца? — ці не ўсё роўна?

ро́зніца 2, ‑ы, ж.

Спец. Продаж паштучна або невялікімі колькасцямі. Здавалася, Індыя, згаладаўшыся за стагоддзі па металу, паглынае яго цяпер вялікімі і малымі кавалкамі, оптам і ў розніцу. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)