упі́цца 1, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Прысмактацца да чаго‑н. Упілася п’яўка ў цела. Упіўся камар у шыю. // Прыпасці губамі. А яна куды там — абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны. Быкаў. // перан. Глыбока ўрэзацца ў што‑н. Гаспадыня звязала [Дзячкову] рукі. Вяроўка балюча ўпілася ў цела. Асіпенка. // перан. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Тонкія пальчыкі дзяўчыны ўпіліся ў колцы кантролераў. Арабей.

2. Уваткнуцца вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што‑н. Першы мядзведжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль. Блізка праракатаў аўтамат... Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер. [Асколак] прабіў халяву бота і ўпіўся да косткі. Федасеенка. Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Мележ. [Генадзь] ляжаў на мастку, унурыўшы галаву, і чакаў, што вось-вось увап’юцца воўчыя іклы ў цела. Сабаленка. // Усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што‑н. І тады і пасля.. [Шурка] не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны, прамазучаны маслам і бензінам кулак. Васілевіч. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. Бураўкін. // перан. Утаропіцца (пра вочы, позірк). [Хлопец] стаяў па ўскрайку катка без канькоў, і чорныя жывыя вочы яго.. нібы ўпіліся ў Надзю. Хадкевіч. Глянуў туды і Андрэй, куды упіўся напружаны і павесялелы позірк байца. Кулакоўскі.

•••

Упіцца вачаміпільна, уважліва глядзець на каго‑, што‑н.

упі́цца 2, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Напіцца дап’яна. [Сваха:] — Мае галубочкі, да мяне і першую чарку пускалі, і другую, і... я ўжо ўпілася. Чорны.

2. перан. Атрымаць асалоду, зачаравацца чым‑н. Упіцца водарам. Упіцца музыкай. □ Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ка, -а, мн. во́чы і (з ліч. 2, 3, 4) во́кі, вок, вачэ́й, Д вача́м, Т вача́мі і вачы́ма, М на вача́х, н.

1. Орган зроку, а таксама сам зрок.

Левае в.

Блакітныя вочы.

Хвароба вачэй.

Вернае в.

Вочы загарэліся на што-н. (вельмі захацелася мець што-н.). З завязанымі вачамі (неабачліва, не раздумваючы). Падняць вочы (паглядзець уверх або знізу ўверх). Рабіць вялікія вочы (здзіўляцца). Ісці куды вочы глядзяць (ісці абы-куды, без пэўнай мэты). Закрыць вочы каму (перан.: прысутнічаць пры чыёй-н. смерці). Паганае в. (у забабонах: позірк, які прыносіць няшчасце).

2. перан., толькі адз. Здольнасць бачыць, набытая ў працэсе жыццёвага вопыту.

Бывалае в.

Звыклае в.

Гаспадарчае в.

Глядзець вачамі каго або чыімі на што — не мець уласнай думкі.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Лезці ў вочы (разм., неадабр.) —

1) старацца быць увесь час на віду, назойліва маячыць перад вачамі;

2) быць асабліва прыметным.

Адвесці вочы каму (разм.) — адцягнуць увагу чыю-н. ад чаго-н.

Адкрыць вочы каму на каго-што — паказаць каго-н. у праўдзівым свеце.

Закрываць вочы на што — знарок не заўважаць чаго-н., пакідаць без увагі што-н.

Глядзець у вочы чаму (небяспецы, смерці і пад.) — быць блізкім да чаго-н.

Вочы б мае не бачылі (разм.) — пра што-н. непрыемнае, што не хочацца бачыць.

У вочы казаць (сказаць) — казаць (сказаць) адкрыта, прама.

Чортава вока (разм.) — вельмі глыбокае, бяздоннае месца на балоце.

Як вока схопіць або як вокам ахапіць (разм.) — колькі можна ўбачыць, як толькі далёка бачыць вока.

Як вокам маргнуць (разм.) — пра вельмі хуткае дзеянне.

У вочы не бачыў каго (разм.) — ніколі не бачыў каго-н.

За вочы (гаварыць; разм.) — завочна, у адсутнасць.

На вока (разм.) — прыблізна, без дапамогі вымяральных сродкаў.

З вока на вока або вока на вока — сам-насам.

З п’яных вачэй (разм.) — у стане ап’янення.

Упасці (укінуцца) у вока (разм.) — запомніцца, спадабацца.

Адбіраць вочы — асляпляць (пра веснавое сонца).

Берагчы як зрэнку вокапільна сачыць, уважліва ахоўваць што-н.

Вачэй не зводзіць з каго-чаго (разм.) — вельмі захапляцца кім-, чым-н.

Вачэй не паказваць (разм.) — пазбягаць сустрэчы.

Глянуць адным вокам (разм.) — няўважліва, хутка прачытаць што-н.

Мець вока на каго (разм.) — таіць злосць на каго-н.

Хоць вока выкалі (разм.) — пра начную цемнату.

Хоць пальцам у вока (разм.) — пра густую цемру.

|| памянш. во́чка, -а, мн. -і, -чак, н. (да 1 знач.), мн. таксама вачаня́ты, -ня́т (да 1 знач.; разм.).

Строіць вочкі каму-н. (какетнічаць з кім-н.).

|| прым. во́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Лупі́ць1, лупі́ті, лупэ́тэ, лупы́ты ’знімаць лупіну, кару, лушчыць’, ’ачышчаць вараную бульбу’, ’абіраць’ (ТСБМ, Гарэц., Шпіл., Шат., Касп., Бяльк., Клім., Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Выг., Вешт.), ’знімаць скуру з забітай жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ’моцна біць, лупцаваць’ (ТСБМ, Жд. 1, Грыг., Бяльк., Нас., Растарг., Касп., Клім., Нар. Гом., Сл. ПЗБ), лупіць кожу (шкуру) ’сцябаць з лютасцю’ (Юрч. Фраз. 2), ’браць хабар, або вялікія працэнты’ (Нас.), ’хутка есці’, ’піць залпам’ (Нас.), ’моцна стукаць’, ’разрываць на часткі’, ’многа і прагна піць’, ’моцна ліць (пра дождж)’, ’забіраць апошняе’ (Сл. ПЗБ), ’драць’ (Яруш.), лупі́ць вочыпільна глядзець з шырока расплюшчанымі вачамі’ (ТСБМ, Нас.; Юрч. Фраз., 2), лупі́ць зубы ’скаліць зубы, смяяцца без прычыны’, ’гультаяваць’ (Ян.; паўн.-усх., КЭС; лельч., Нар. лекс.); лупі́цца ’лушчыцца’, ’абдзірацца’, ’аблазіць’ (ТСБМ, Анох., ТС), ’моцна крычаць’ (Шат.). Укр. лупи́ти, лупи́тися, рус. лупи́ть, лупи́ться, ст.-рус. лупить; польск. łupić, łupić się, н.-луж. łupiś, чэш. loupiti, мар. łúpit, славац. lúpiť, lupic, lúpiť sa, славен. lúpiti, lúpiti se; серб.-харв. lúpiti, lupȉti, лупити, љу́пити се; макед. лупам, лупам се, лупи, лупа, лупа се, балг. лупя, лупам, лупе, лу́пя се. Прасл. lupiti () ’знімаць верхнюю абалонку (лупіны) чаго-небудзь, здзіраць кару, скуру з жывёлы’, ’лушчыць’, ’адбіраць маёмасць, грабіць’, ’біць, стукаць, удараць, лупцаваць’ першапачаткова было ітэратывам (Слаўскі, 5, 327–333). Роднаснымі да яго з’яўляюцца: ap‑laupýti ’абабраць’, laupýti ’адломваць хлеб па кавалку’, ’лупіць, біць на кавалкі, крушыць; знімаць скуру’, ’рабаваць’, ’есці, грызці’, ’марнатравіць’, лат. làupît ’абдзіраць, грабіць’ і пачатковыя асноўныя літ. lùpti ’драць, лупіць, аднімаць гвалтам’, ’эксплуатаваць’, ’цяжка працаваць’, ’разворваць папар’, ’біць, хвастаць, сцябаць’, ’грэбсціся (аб курах)’, лат. lupt ’лушчыцца, адрывацца слаямі’, ст.-інд. lumpáti ’ломіць, псуе’; магчыма, сюды ст.-грэч. λύπη ’журба, смутак’, λύπρος ’варты жалю’, гоц. laufs, ст.-в.-ням. loub ’лістота’, ст.-в.-ням. louft ’кара, лыка’, ням. laufen, läufeln ’лузаць арэхі’. Агляд л-ры, апрача вышэйзгаданай, гл. у: Фасмер (2, 534–535); Скок (2, 331–332), які адрознівае lūpȉti ’лупіць, лушчыць’ і lȕpiti ’біць’, ’наесціся, напіцца’, ’трызніць’; Махэк₂ (344), які ў lupati/lupiti выдзяляе асноўнае значэнне ’выдаваць кароткія глухія гукі (тыпу гука П), якія атрымліваюцца, калі лупіць садавіну, гародніну, або калі што-небудзь трэскаецца, трашчыць’, далей ’біць’, ’хутка, прагна есці, піць’; Шустэр–Шэўц (11, 789) лічыць дзеясловы lupati/lupiti гукапераймальнымі з lup‑; Бязлай (2, 156–157) услед за большасцю этымолагаў сцвярджае, што нельга аддзяляць lupiti ’лупіць, лушчыць’ ад lupiti ’біць’, ’рабаваць’. Тое ж БЕР, 3, 519–521. Сюды ж лу́пнуць ’ударыць’ (Мікуц.).

Лупі́ць2 ’рваць (траву)’ (уздз., Жд. 1), ’касіць траву’ (светлаг., Мат. Гом.) — семантычнае запазычанне з літ. мовы (Чэкман, Baltistica, 8 (2), 150–151). У сувязі з гэтым параўн. лупі́ць1 ’драць’ (Яруш.) і літ. laupýti ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

е́сці, ем, ясі, есць; ядзім, ясце, ядуць; пр. еў, ела; заг. еш; незак., каго-што.

1. і без дап. Прымаць ежу, перажоўваючы яе і глытаючы. Есці булку з маслам. Хацець есці. □ Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў. // Ужываць у якасці ежы, для ежы. Не есці мяснога. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. Прыказка. // Харчавацца. Прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі, — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса з гаспадаром елі. Якімовіч.

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясл.). Ежа, харч. Варыць есці. □ Нясе жонка [аратаму] есці Цэлы спарышок. Купала.

3. Кусаць, грызці (пра насякомых, грызуноў). Моль есць футра. □ Ядуць вас мухі з камарамі. З нар.

4. Раз’ядаць, разбураць хімічна. Іржа на вышках есць парог. Купала. // Раздражняць, раз’ядаць (пра дым). Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва. Пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

5. перан. Разм. Не даваць спакою, мучыць; грызці (пра сумленне, боль і пад.). Магло здавацца, што .. [Стафанковіча] есць з сярэдзіны нейкі боль. Чорны. Згрызае, есць яго нуда. Адзін ён тут у волкім змроку. Колас.

6. перан. Разм. Даймаць каго‑н. сваркамі, папрокамі, назаляць, не даваць спакою. Адразу пачаў гаварыць Апанас Сегень пра адвечную вясковую песню: за кавалак гнілой вяроўкі ўвесь век ядуць адно аднаго. Чорны.

•••

Дарэмна хлеб есці — гультаяваць, не прыносіць ніякай карысці.

Есці вачаміпільна ўглядацца, не адводзячы позірку; упівацца вачамі.

Есці не просіць гл. прасіць.

Есці просяць гл. прасіць.

Есці чужы хлеб — жыць за чый‑н. кошт, знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

Есць чарвяк каго гл. чарвяк.

Еш не хачу — усякай яды ўволю, з лішкам.

Мала кашы еў (з’еў) — яшчэ малады, нявопытны, каб брацца за сур’ёзную справу.

Пасаліўшы, есці можна — пра што‑н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці — бесперастанку мучыць папрокамі.

Хлеб есці з чаго — мець карысць, даход з якога‑н. занятку.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Рабіць свердлам адтуліны ў чым‑н. А таго, каб так лёгка свідраваць халоднае тоўстае жалеза, нават і не ўяўляў [Васіль]. Кулакоўскі. // Бурыць адтуліны ў грунце або ў горнай пародзе. З тае пары, як пачалі свідраваць зямлю, людзі не маглі абыйсціся без гліністага раствору. «Маладосць». // Струменем вады пад вялікім ціскам прамываць адтуліны ў чым‑н. Сёння людзі навучыліся тонкім струменем вады свідраваць сталь. Броўка. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае: Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах І страшна пеніцца, бушуе, І грунт каменны там свідруе. Колас.

2. Тачыць, прабіваць, рабіць адтуліны ў чым‑н. (пра расліны, жывёл і пад.). Граніт і голае каменне Свідруюць тонкія карэнні. Шукаючы жывой крыніцы, Каб чыстае вады напіцца. Грахоўскі. Чуваць, як знізу парасткі тугія Свідруюць пласт абвугленай зямлі. Аўрамчык. Сваёй вострай і моцнай дзюбай чорны дзяцел прабівае кару, свідруе драўніну, растрыбушвае шышкі. В. Вольскі.

3. перан. Пранізваць паветра, ваду рэзкім узлётам, хуткім вярчэннем. Арлы-самалёты Свідруюць прастор. Купала. Ён [параход] плыве, мінае мелі, І ваду свідруе вінт. Ліхадзіеўскі.

4. перан. Дзьмуць з вялікай сілай (пра вецер). Захавай, мой сын, прашу я, Човен у адрыне, Няхай вецер не свідруе, Няхай так не гіне. Колас.

5. перан. Непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуванні). Усё гэта рабілася механічна, бо галаву свідравалі іншыя думкі. Чарнышэвіч. Да самага вечара стары не пайшоў нікуды. Мучыла, свідравала душу вострае адчуванне, што трэба неадкладна неяк старацца памагаць Ганне. Кулакоўскі. // Раздражняць слых рэзкімі гукамі. Толькі свідраваў вушы востры, пранізлівы звон, ды рэзкімі, балючымі штуршкамі біла ў скроні кроў. Шашкоў. // Раздражняць нюх рэзкім пахам. Адчуванне вярнулася немаведама ад чаго: ці ад пякельнага болю, ці ад таго, што колы вагона ляскалі, падскокваючы на стыках рэек, ці ад моцнага паху ёдаформу, які, здавалася, свідраваў нос. Сабаленка. / у безас. ужыв. А Сучка пад сталом ляжала. У беднай аж кіпела кроў: Ну так жа смачна ў носе свідравала. Корбан.

6. перан. Пільна ўглядацца ў каго‑, што‑н. Тодар адчуў, што вочы ўсяе залы ўпіраюцца яму ў спіну, свідруюць яго. Крапіва. Расказвае дзед Іван, рукой час ад часу вусы прыгладжвае. А дзеці так і свідруюць яго вачыма. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і кідаць (у 1, 2, 7 і 8 знач.).

кіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Штуршком прымушаць ляцець, падаць тое, што знаходзіцца ў руцэ (у руках). Яўхім абіраў бульбу і кідаў у драўлянае вядзерца з вадою. Пестрак. Бумажкоў ляжаў на мокрай [за]балочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Чорны. // Нядбайна класці, шпурляць што‑н. Кідаць рэчы дзе папала. // Моцна хістаць, гайдаць; падкідваць. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі. Маўр. / у безас. ужыв. Карэнні дрэў густа траплялі .. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч. // Разносіць, распаўсюджваць. Вецер кідаў агонь далёка. Чорны.

2. Складаць сена, салому (у стог). Кідаць стог.

3. Хутка перамяшчаць, накіроўваць, пасылаць куды‑н. Кідаць на выкананне задання. □ Гітлераўскае камандаванне кідала ў бой падраздзяленне за падраздзяленнем. Гурскі. // Рассейваць, распаўсюджваць што‑н. на каго‑, што‑н. (пра святло і цень). Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых прамянёў. Колас. Агонь з печы кідаў на яе твар трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. // (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»). Наглядаць. Люба.. пільна вяла нітку і часамі кідала нясмелыя позіркі ў бок бацькі і Андрэя. Пестрак.

4. Адмаўляцца ад чаго‑н. як непатрэбнага; выкідаць. У жыта кідалі паклажу мы — Усяго з сабою не забраць. Панчанка. // Ісці ад каго‑, чаго‑н.; пакідаць. Не кідай ты, любы мой, Мяне сінявокую. Русак. // Пераставаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. Кідаць работу. Кідаць вучобу. □ Аксана ніколі не кідала справы, не давёўшы яе да канца. Васілевіч.

5. Пакідаць у якім‑н. стане, становішчы. Кідаць фортку адчыненай. □ Андрэй падумаў, што дачка кідае хату адну, незамкнёную: ад гэтага замка ў іх не было ключа. Пташнікаў.

6. перан. Гаварыць, выказваць што‑н. рэзка, нечакана; звяртацца да каго‑н. Нават у самыя цяжкія хвіліны, ведаючы сваю асуджанасць на смерць, Бандароўна кідае ў вочы пану словы праўды. Шкраба.

7. безас. у што. Раптоўна, знянацку ахопліваць. Кідаць у дрыжыкі. Кідаць у гарачку.

8. Працягваць ніткі праз бёрда. Кідаць у бёрда.

•••

Кідаць грошы на вецер — дарэмна траціць, неашчадна расходаваць.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго‑н.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — рабіць намёкі, заўвагі ў чый‑н. адрас, адзываючыся пра яго неадабральна.

Кідаць пальчатку каму — выклікаць на дуэль, уступаць у барацьбу з кім‑н.

Кідаць святло на што — раскрываць што‑н., рабіць зразумелым.

Кідаць (пускаць) словы на вецер — гаварыць упустую, дарэмна.

Кідаць цень на каго-што — выстаўляць каго‑, што‑н. у непрыглядным святле; ачарняць, ганьбіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго-што. Дазволіць прайсці, даць дарогу каму‑, чаму‑н.; пусціць перад сабою каго‑н. — Хадзем у хату, чаго ж мы стаім сярод двара, — сказаў нарэшце Васіль Кузьміч і прапусціў на ганак мужчын. Пальчэўскі. Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Мележ. // Дазволіць каму‑н. увайсці ці ўехаць, прайсці ці праехаць на тэрыторыю, якая ахоўваецца. Салдат прапусціў мужыка за браму. Якімовіч. Васіль паказаў яму камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі. // Дазволіць друкаваць, ставіць на сцэне. Рукапісны варыянт цэнзура ўсё роўна не магла прапусціць. Бугаёў. [Юскавец:] — Адразу відаць — мала пішаце.., чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў... Дамашэвіч. // Даць забіць (мяч, шайбу), не здолеўшы затрымаць. Прапусціць мяч у вароты.

2. што. Даць прайсці, пранікнуць праз што‑н. няшчыльнае. Прапусціць ваду. Прапусціць святло.

3. што. Прасунуць, працягнуць праз што‑н. Ермалай узабраўся на страху пограба і прапусціў канец дроту праз адтуліну. «ЛіМ». Эдзік прыбіў цвікамі кранштэйн да кармы лодкі, праз шківок прапусціў сталёвы тросік, на тросік павесіў павука-раму з напятай сеткай. Гаўрылкін. // Прымусіць прайсці праз што‑н. [Весялоў] ведаў, што немцы прапускаюць у дрот ток высокага напружання. Ці прапусцілі тут? Відаць, прапусцілі. Шашкоў. // Апрацаваць якім‑н. апаратам, прыладай. Прапусціць малако праз сепаратар. Прапусціць мяса праз мясарубку.

4. каго-што. Абслужыць, апрацаваць, даўшы магчымасць прайсці праз што‑н. Сталовая прапусціла за дзень тысячу чалавек. Прапусціць праз станцыю за суткі трыццаць цягнікоў. □ За месяц .. людзі мяняліся, палата прапусціла іх звыш дваццаці. Брыль.

5. каго-што. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н.; прамінуць. Прапусціць два завулкі, а потым завярнуць. // Прайсці, праехаць міма, не заўважыўшы, празяваўшы што‑н. [Хлопчыкі] хадзілі па сенажацях між сажалак, пільна ўглядаючыся, каб не прапусціць новую раслінку. Чарнышэвіч. // Даць прайсці міма; упусціць. Дзеўкі таксама заўважылі Андрэя і прапусцілі трамвай, каб сустрэцца са сваім новым знаёмым. Шахавец. Тут.. [вучні] ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Колас.

6. што. Зрабіць пропуск, пакінуць пустое месца. Прапусціць радок для прозвішча ў дакуменце. // Выкінуць, не ўспомніць пры чытанні, перапісванні і пад. — Ён [верш] доўгі, я на полі табе раскажу ўвесь, — Грыша спахапіўся, што прапусціў пяць радкоў. Пальчэўскі. Назаўтра маці зноў праверыла сшытак у Іры і ўбачыла, што яна прапусціла не літару, а цэлае слова. Гарбук. // Не з’явіцца на заняткі, пасяджэнне і пад. Павел прапусціў амаль цэлы месяц вучобы. Шахавец. [Юзік:] — За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў. Чорны. — Ведаеш, я сёння прапушчу шпацыр, — спакойна павярнуўшы да Максіма галаву, адказаў Давід. Машара.

7. што і без дап. Разм. Выпіць (віна, гарэлкі і пад.), з’есці што‑н. І раптам Вірчэўскі, хлопец наогул удалы, але аматар выпіць, унёс прапанову: — Ці не прапусціць бы нам, хлопцы, па маленькай? Хадкевіч.

•••

Прапусціць міма вушэй — не звярнуць увагі на тое, што гавораць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гляде́ть несов., разг.

1. (смотреть) глядзе́ць;

2. (досматривать) дагляда́ць (каго, што);

за ребёнком гляде́ла ня́ня дзіця́ дагляда́ла ня́нька;

3. (иметь вид) выгляда́ць;

гляде́ть геро́ем выгляда́ць;

гляди́ в о́ба до́бра (пі́льна) гля́дзі;

гляде́ть сквозь па́льцы глядзе́ць праз па́льцы;

гляде́ть не́ на что няма́ на што глядзе́ць;

гля́дя по (кому, чему) гле́дзячы па (кім, чым);

на ночь гля́дя на ноч гле́дзячы;

на свет не гляде́л бы на свет не глядзе́ў бы;

ни на что не гля́дя ні на што не гле́дзячы;

того и гляди́ чаго́ до́брага;

гляде́ть в глаза́ (кому) глядзе́ць у во́чы (каму);

гляде́ть во все глаза́, гляде́ть в о́ба гла́за глядзе́ць на ўсе во́чы; глядзе́ць вача́мі;

гляде́ть в зу́бы (кому) глядзе́ць у зу́бы (каму);

гляде́ть в гроб (в моги́лу) глядзе́ць у магі́лу;

гляде́ть ко́со (на кого, что) глядзе́ць ко́са (на каго, што);

гляде́ть (на что чьими) глаза́ми глядзе́ць (на што чыімі) вача́мі;

гляде́ть пря́мо (сме́ло) в глаза́ (чему) глядзе́ць пра́ма (сме́ла) у во́чы (чаму);

гляде́ть сме́рти (опа́сности, ги́бели и т. п.) в глаза́ глядзе́ць сме́рці (небяспе́цы, гі́белі і да т.п.) у во́чы;

глаза́ бы (мои́) не гляде́ли (на кого, что) во́чы б мае́ не глядзе́лі (на каго, што) (не ба́чылі каго, што);

как (бу́дто, сло́вно) в во́ду гляде́л як у ваду́ глядзе́ў;

куда́ глаза́ глядя́т (идти, брести, бежать и т. п.) куды́ во́чы глядзя́ць (ісці́, брысці́, бе́гчы і да т.п.);

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зве́сці, звяду, звядзеш, звядзе; звядзём, зведзяце; пр. звёў, звяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Дапамагчы каму‑н. або прымусіць каго‑н. сысці ўніз. Звесці каня з гары. Звесці старога з лесвіцы.

2. Перавесці, адвесці на другое месца. Мужык выпраг каня, звёў убок, а воз пакінуў на дарозе. Якімовіч. // перан. Перавесці (размову, думкі) з адной тэмы на другую. Звесці сур’ёзную размову на жарт. □ [Наталля] старалася звесці.. думкі на другое. Чорны.

3. Дапамагчы каму‑н. сустрэцца, убачыцца, пазнаёміцца з кім‑н. — Трэба звесці яго з Якавам, няхай пазнаёміцца. Чарнышэвіч. Гэты паход у лес мы прыдумалі не толькі для таго, каб нарваць лапак і ўпрыгожыць сваю школу, мы хацелі як-небудзь звесці Славу з Веранікай. Навуменка.

4. Наблізіць адно да другога; ссунуць. Паненка строга звяла бровы, і я адразу адчуў, што неўзабаве атрымаю пад бок. Бажко. [Няміра:] У пана — во [зямлі]! (развёў як мог шырока рукі з выстаўленымі далонямі), а ў мужыка — во! (звёў цесна далоні і апусціў галаву). Чорны.

5. Зрабіць нерухомым, анямелым; сцягнуць, сагнуць. Сутарга звяла ногі. / у безас. ужыв. Ад нязручнага сядзення звяло спіну.

6. Сабраць у адно месца. Звесці дзяцей у зал. □ Як звалі гэтых гнедак ды сівак у адну канюшню — стала многа аднолькавых. Брыль.

7. Саставіць адзінае цэлае з асобных частак, адзінак і пад. Звесці палкі ў дывізію.

8. Нацкаваць адзін на другога, прымусіць пабіцца, пакусацца (пра жывёл, птушак). Звесці сабак. Звесці пеўняў. // перан. Падбухторыць да сваркі, спрэчкі, бойкі. Наперадзе стаяла некалькі чалавек, якія борзда ўмелі звесці Сымона з Міколам. Колас.

9. Прывесці да якога‑н. агульнага выніку; абагуліць. Большасць слоў нашай мовы мнагазначна. Але колькі б значэнняў слова ні мела, заўсёды іх можна звесці да аднаго агульнага значэння, якое звязвае ў адно семантычнае цэлае ўсе астатнія. Юргелевіч.

10. Знішчыць, перавесці. — Дык .. раней, пры тваім старшынстве, мы ледзь і канюшыну не звялі. Пянкрат. — Каб нам не звесці агню, — трывожыўся Мірон. — Можа, па чарзе пільнаваць. Маўр. // Зрасходаваць, страціць (звычайна без карысці). А дзе ж той банк? — карціць пытанне, Так правандруеш да змяркання, А сам туды не пападзеш І толькі дзень дарма звядзеш. Колас. У злаваўся наш тата. — Ну іх, — кажа, — з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў. Брыль. // Забіць. [Чыжык] нейкі момант пільна разглядаў сваю ахвяру, думаючы, між іншым, што добра было б і зусім звесці гэтага вартавога, калі толькі ён вораг. Лупсякоў.

11. Збіць з правільнага жыццёвага шляху; схіліць да дрэнных учынкаў. Нялюдская кампанія і добрага звядзе. З нар. // Не выканаць абяцанага; падвесці, падмануць. Некаторыя старэйшыя нават упікалі Грамабоя, што ён звёў [Жагулу], казалі, што сорам так рабіць. Крапіва.

12. Абмежаваць, скараціць; давесці да чаго‑н. нязначнага, малога і пад. Звесці да мінімуму. Звесці шахматную партыю ўнічыю.

•••

Вачэй не звесці — а) не адвесці позірку ад чаго‑н. Мікола наш ідзе за сеялкай. Хлопец вачэй не звядзе — пазірае, як роўненька, як дружна сыплюцца зярняты. Брыль; б) зусім не заснуць. За ўсю ноч і вачэй не звёў.

Звесці вочы — заснуць, задрамаць.

Звесці з п’едэстала — пазбавіць каго‑н. улады.

Звесці канцы з канцамі — а) з цяжкасцю задаволіць жыццёвыя патрэбы, ледзь укласціся ў суму заработку, даходу і пад.; б) справіцца з цяжкасцямі ў рабоце, узгадняючы розныя часткі, злучаючы іх у адно.

Звесці на нішто (да нуля) — пазбавіць усякага сэнсу, значэння.

Звесці рахункі (разлікі) з кім — а) узаемна разлічыцца грашамі; б) адпомсціць каму‑н. за абразу, знявагу.

Звесці са свету каго — загубіць, знішчыць.

Звесці ў магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) — тое, што і загнаць у магілу (гл. загнаць).

Звесці ў рожкі — пасварыць каго‑н. з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)