звары́ць, звару, зварыш, зварыць; зак., што.

1. Прыгатаваць або атрымаць пры дапамозе варкі. Зварыць варэнне. Зварыць суп. Зварыць абед. // Вырабіць, выплавіць (метал). Зварыць сталь.

2. Зрабіць зварку чаго‑н.; злучыць шляхам зваркі. Зварыць рэйкі.

•••

Галава зварыла гл. галава.

Кашы (піва) не зварыш з кім — не дагаворышся з кім‑н.

Як варам зварыла — пра раптоўнае адчуванне млосці, знямогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыпра́віць ’пакласці прыправу; дадаць што-небудзь; прыладзіць, прымацаваць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’прыгатаваць’ (шальч., Сл. ПЗБ), прыпра́ўка ’прыробка; прыладжванне, прымацоўванне’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ст.-бел. прыправити ’падрыхтаваць, зрабіць’. Рус. приправля́ть, припра́вить ’дадаваць (у ежу)’; ’выконваць разнастайныя работы па гаспадарцы’; ’майстраваць, прыладжваць’, укр. припра́вити ’прымацаваць, прыладзіць’; ’прыправіць’, польск. przyprawić ’прыладзіць, прымацаваць; прыправіць ежу’, чэш. připraviti ’падрыхтаваць; уладкаваць’, славац. pripraviť ’тс’, серб.-харв. припра́вити, славен. pripraviti ’тс’, балг. припра́вям ’дадаваць (у ежу)’. Прыставачны дэрыват ад *praviti, гл. пра́віць1, г. зн. ’падрыхтоўваць як належыць’. Усходнеславянскія і польскія значэнні агульнаславянскага дзеяслова семантычна проціпастаўлены паўднёваславянскім і славацкаму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

згатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Зварыць, прыгатаваць (пра ежу). [Бабка Наста] шчыльна пазавешвала вокны, разлажыла на прыпечку агонь, каб згатаваць вячэру неспадзяваным гасцям. Колас. Кухары хацелі згатаваць суп, а атрымалася каша. Але ўсё роўна елі са смакам. Жычка. // Закіпяціць (пра ваду). — Кінь, галубок. Мы табе лугавых смолак назбіраем, чаборыку. Вось бабка Вікця нам к вечару на тым чаборыку чаю згатуе. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паленава́цца, ‑лянуюся, ‑лянуешся, ‑лянуецца; зак.

1. Не зрабіць чаго‑н. з-за ляноты. Нартыш хацеў закурыць, але перадумаў, паленаваўся выходзіць у халодную кухню. Няхай. — Я сёння нібы прадчувала, што вы зойдзеце, і таму не паленавалася прыгатаваць наш агульны ласунак. Вось ваша талерка. Паслядовіч.

2. Ленавацца некаторы час. [Лёня] грозна зірнуў на Валодзю і Алеся, якія любілі паленавацца і пры зручным выпадку стараліся пазбавіцца ад любой работы. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарыхтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

1. чаго. Назапасіць у нейкай колькасці. Нарыхтаваць корму на зіму. □ З суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць стар[эй]шая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, .. то нарыхтаваць дроў. Шамякін.

2. што. Падрыхтаваць; прывесці ў гатоўнасць. Калі ўсе разбегліся, Чыжык шпарка заваліў уваход цэглаю, запоўз у яміну і нарыхтаваў гранаты. Лупсякоў.

3. каго-што. Разм. Прыгатаваць усё патрэбнае, сабраць. Нарыхтаваць гаспадара ў дарогу. Нарыхтаваць экспедыцыю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыстара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., чаго.

Раздабыць, прыгатаваць што‑н., звычайна з цяжкасцямі, намаганнямі. Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі, то грашамі, то дроў прыстараюцца. Лынькоў. — Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей называць па-беларуску: чай ці гарбата? Колас. Да сустрэчы Раіса рыхтавалася, як ніколі. Ёлку ўпрыгожыла, гарэлкі накупляла, добрай закускі прыстаралася. Гроднеў. Вяселле адгрымела ўраз, І жыць у цешчы Зяць застаўся, Бо ўласнага жылля Яшчэ не прыстараўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Качаючы, зрабіць, прыгатаваць нейкую колькасць. Накачаць галушак. □ [Тхорык:] — Пайду, мне трэба яшчэ шроту накачаць. Кулакоўскі.

2. Выгладзіць пры дапамозе качалак у нейкай колькасці (пра бялізну і інш.).

3. перан. Разм. Напаіць зусім п’яным. От я аднаго разу набраў гарэлкі.., накачаў свайго механіка да таго, што не разбярэш, што ён мармыча і чаго галавой матляе. Шынклер.

4. Тое, што і напампаваць. — Хлопцы, — прашу я іх, — памажыце гору, накачайце вады са студні. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Запіхваючы ўнутр чаго‑н., напоўніць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. Я хуценька адзеўся, пабег на гумнішча, напхаў поўны кошык смецця папалам з сенам. Ляўданскі. // чаго. Разм. Палажыць, пакласці ўнутр чаго‑н. нейкую колькасць чаго‑н. [Гаспадыня] дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак. Шамякін. // перан.; каго. Разм. Сабраць у адным месцы, запоўніўшы яго да адказу. [Немцы] напхалі ў вагон сто пятнаццаць чалавек [вязняў]. Кухараў.

2. перан.; што. Груб. З’есці многа чаго‑н. Напхаць жывот бульбай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. папёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. папячы; зак., што.

1. і без дап. Пячы некаторы час. Лёнька .. паставіў на голую чарэнь халодныя пяткі — хай трохі папячэ ў іх. Капыловіч.

2. Прыгатаваць шляхам награвання на жары; спячы ўсё, многае. Бульбу мы папяклі на вогнішчы, хлеб падзялілі пароўну і смакавалі ўнакладку з яешняй, запіваючы .. вадой. Чыгрынаў.

3. Пашкодзіць чым‑н. гарачым, едкім, пякучым усё, многае. Я расту вось тут пад плотам І не так даўно ўзышла, А ўжо многім абармотам Рукі-ногі папякла. Крапіва. Не гуляй з вуглямі — рукі папячэш. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ‑ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)