пратрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Патрымаць каго‑, што‑н. (на руках, у зубах, у роце і пад.) некаторы час. Пратрымаць дзіця на руках цэлы вечар.

2. каго-што. Не адпускаць, прымусіць быць, знаходзіцца дзе‑н. некаторы час. А Дануту доўга пратрымалі на Лукішках у турме, думаючы што-небудзь выпытаць. Карпюк. // што. Патрымаць што‑н. у сябе, не аддаваць некаторы час. Летась хлопцы пазычылі ў суседняй вёсцы, у сваяка, тоўсты том Гогаля, пратрымалі яго аж дагэтуль, дый то не хочацца аддаваць. Брыль. // што. Захаваць што‑н. у пэўным становішчы некаторы час. Пратрымаць акно адчыненым увесь дзень.

3. каго-што. Прымусіць прабыць каго‑н. у якім‑н. стане, становішчы некаторы час. Пратрымаць хворага ў пасцелі цэлы тыдзень.

4. без дап. Прабыць, захавацца, не змяняючыся некаторы час. Мароз пратрымаў два тыдні.

5. перан.; каго-што. Забяспечыць каго‑н. кормам; пракарміць. Цяпер Агаце не да парсюкоў, каб хоць як карову пратрымаць. Сабаленка. У .. [каваля] быў дробны кавалак зямлі, на якім льга было пратрымаць каня і карову. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перазімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

1. Пражыць, перабыць зіму, застацца дзе‑н. на зіму. [Галя] канчаткова вырашыла: прабыць яшчэ якое лета, перазімаваць зіму, а на вясну, калі цёпла стане, падацца адсюль. Сабаленка. — Я вы[к]лапатаў на зіму месца ў бараку. На цябе і на сябе .. Народу хоць многа там, але перазімаваць там можна будзе. Чорны.

2. Перанесці зімнюю сцюжу (аб жывёлах, раслінах). Перазімавала ж .. [збажына] пад тоўстай снежнай коўдрай добра — ніводнай вымаклай лапінкі не відаць. Шымук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убы́ць, убуду, убудзеш, убудзе; пр. убыў, убыла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшаць, убавіцца ў колькасці, аб’ёме, сіле і пад. Убыла вада ў сажалцы. Убыў дзень. // Знікнуць, аслабець. Убыла рашучасць.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Пражыць, прабыць пэўны час дзе‑н. Парабак не ўбыў доўга на адным месцы. Чорны. // Ужыцца з кім‑н. [Старая:] — Ты вось ляжы, як пан, а я табе ўсюды спраўлюся .. З табою ж не ўбудзе ніхто. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праляжа́ць, ‑жу, ‑шыш, ‑жыць і прале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. Прабыць у ляжачым становішчы некаторы час. Цэлы дзень праляжалі разведчыкі ў канаве. Васілеўская. Пастушок праляжаў на зямлі хвілін дзесяць і папоўз. Чорны. [Ціток] пралежаў на клеці тры ночы і нічога не прысачыў. Лобан. // Ляжаць хворым некаторы час. Паранены, .. [Бінке] вымушан быў легчы ў шпіталь і праляжаў там ажно пяць месяцаў. Шамякін. Назаўтра ў Рыты падскочыла тэмпература. Да самага Новага года, болей месяца, яна праляжала хворая. Навуменка. [Маці:] — Давай, сын, вядзі маладую гаспадыню ў хату. А то не маю сіл во, і адзін бог ведае, колькі пралежу пластом. Чыгрынаў.

2. Прабыць які‑н. час без ужывання, без увагі. [Аляксей] нядаўна атрымаў пісьмо з дому. Яно недзе пралежала два тыдні, але ўсё роўна было навіною з дому. Машара. А сцэнарый, скручаны ў трубачку, так і праляжыць да заўтрашняга дня, бо няма чаго над ім і думаць. Гаўрылкін. Падводную лодку з дна паднялі. Доўга праляжала, з сорак трэцяга. Б. Стральцоў.

3. перан.; што. Атрымаць пролежні ад доўгага ляжання. Праляжаць сабе бок. // Пратаптаць, сапсаваць што‑н. ляжаннем. Праляжаць канапу. □ — От хай ляжаць [грошы старых выпускаў], есці ж не просяць, месца не пралежаць. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.

2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Зрабіць цёплым ці гарачым. Сонца яшчэ не паспела нагрэць паветра, і дыхалася лёгка, вольна, на поўныя грудзі. Васілёнак. [Люба] падпаліла ў печы і пагрэла ў гаршку вады. Чорны.

2. Зрабіць цёплым памяшканне. [Сёстры:] — А дроў, дроў колькі трэба, каб нагрэць такую стадолу!.. Ракітны. // Разм. Сагрэць. Чужы кажух не нагрэе. Прымаўка.

3. перан. Разм., іран. Падмануўшы, прымусіць панесці страты; узяць больш, чым трэба. Нагрэць на дзесяць рублёў.

•••

Нагрэць месца — доўга прабыць дзе‑н.

Нагрэць (пагрэць) рукі — нажыцца за чый‑н. кошт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабы́ць 1, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

Прабыць дзе‑н. да пэўнага тэрміну ці да канца. Не дабыць да канца свайго адпачынку. // Правесці астатак часу дзе‑н. Страшны смутак па тым, што ён [Вялічка] не дабыў тут спакойна свой астатні тыдзень.., прайшоў праз усю яго істоту. Чорны.

дабы́ць 2, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што і чаго.

Разм. Дастаць, раздабыць у выніку пошукаў, намаганняў. — Нам вядома, — сказаў Алёшка, — што спісы ў Опермана, іх трэба, канешне, дабыць. Мікуліч. Як не будзе, то маці Забудзе, як не стане, то бацька дастане. З нар. // Набыць паляваннем, рыбнай лоўляй і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запазні́цца, ‑пазнюся, ‑познішся, ‑позніцца; зак.

1. З’явіцца, прыбыць пазней, чым трэба; спазніцца. Поезд запазніўся. Пісьмо запазнілася. // Наступіць, пачацца са спазненнем. Вясна запазнілася.

2. Затрымаўшыся, прабыць дзе‑н. да позняй пары. Канец, мусіць, быў бы невясёлы, каб на шчасце дзяўчынкі не напаткаў яе паляўнічы, які запазніўся ў лесе. Васілевіч.

3. з чым, з інф. і без дап. Зацягнуць выкананне чаго‑н., зрабіць што‑н. пазней, чым трэба. Запазніцца з сяўбой. □ У жончыным голасе.. прыкметная трывога — яна запазнілася будзіць мужа. Гартны. — Запрашай гасцей за стол, — падышла да [Андрэя] Марына. — Мы і так запазніліся. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памёрз, ‑мерзла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загінуць ад марозу — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Кветкі памерзлі ад марозу.

2. Прабыць некаторы час на марозе, на холадзе. Той, хто столькі, як я, памёрз На скрыжаваннях дарог і вёрст, Не здолее ўседзець у цішыні Пры цёплым хатнім агні. Панчанка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна азябнуць, змерзнуць — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі ўжо. Пестрак. Віктар і Ларыса стаялі ў той вечар.., пакуль ногі ў іх не памерзлі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Дабы́ць ’здабыць’, дабыва́ць ’здабываць’. Агульнаславянскі дзеяслоў праславянскага характару. Параўн. укр. добу́ти ’здабыць, набыць, дастаць’, рус. добы́ть дастаць, набыць і г. д.’, ст.-рус. добыти ’набыць, здабыць; дажыць’, чэш. dobyti ’здабыць, набыць, зарабіць; завалодаць, авалодаць; дастаць, выцягнуць’, славац. dobyť ’захапіць, авалодаць; дабыць, дабіцца’, в.-луж. dobyć ’астацца; здабыць, зарабіць; авалодаць, захапіць, перамагчы’, н.-луж. dobyś ’астацца, выцерпець да канца’, польск. dobyć ’астацца, прабыць; выцягнуць, дастаць; захапіць, авалодаць’, балг. доби́я ’здабыць; раджаць’, серб.-харв. до̀бити ’здабыць, атрымаць’, славен. dobíti ’атрымаць і да т. п.’ Прасл. *dobyti (прэфікс *do + дзеяслоў *byti). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 47–48. Не вельмі ясным застаецца пытанне аб першапачатковым значэнні слова. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што зыходзіць трэба з ’раджаць’ (агляд гл. Махэк₂, 122). Паводле Трубачова (там жа, 48), лепш думаць, што гэта апошняе з’яўляецца мясцовым сінонімам. Махэк услед за Матлам (гл. Махэк₂, 122) лічыць, што развіццё семантыкі ішло так, як у лац. слова pecu ’жывёла’ > ’маёмасць, грошы’. Зыходным, паводле Махэка, для *dobyti з’яўляецца ’нарадзіць’. Гэта значэнне было агульным, але сёння захавалася ў балг. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)