падкало́ць 1, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Прыкалоць, загінаючы або падгінаючы знізу. Падкалоць падол.

2. Прымацаваць шпількамі, сашчэпкамі, дадаючы да таго, што ўжо маецца. Падкалоць дакументы.

3. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, непрыемнае. — А вы, дзядзька, мусіць, некалі хвацкім кавалерам былі? — непрыкметна падколе Ваньку які-небудзь жартаўнік. Васілевіч. Васіль не адразу зразумеў жарт — ведаў, што бацька можа моцна і падкалоць часам, гэтак знянацку. Шамякін.

падкало́ць 2, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., чаго.

Накалоць дадаткова. Падкалоць дроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасме́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Час ад часу, злёгку смяяцца. Збяруцца мужчыны — хто розныя смешныя штукі расказвае, на смех другога падымае, а Міходзя сядзіць сабе збоку, як чужы, слухае ды пасмейваецца. Ракітны. // з каго-чаго. Пакепліваць, насміхацца з каго‑, чаго‑н. Пан Вальвацкі лагодна пасмейваўся з Швэнцаравай ламанай гаворкі і з яго энтузіязму. Крапіва. У атрадзе .. было некалькі «храпуноў», з якіх заўсёды пасмейваліся і з якімі ніхто не хацеў разам жыць. Бураўкін.

•••

Пасмейвацца ў вусы — смяяцца ціха, непрыкметна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уры́вак, урыўка, м.

Тое, што з’яўляецца часткай чаго‑н. цэлага. Добра памятае.. [Васілёк] толькі дым, агонь, крыкі, плач, страляніну, грукат і ўрыўкі некаторых падзей. Маўр. Непрыкметна для самога сябе Аляксей пачаў у думках то спрачацца, то згаджацца з кім-небудзь з калгаснікаў. Паплылі разрозненыя ўрыўкі сённяшняга сходу. Пальчэўскі. // Невялікая частка якога‑н. тэксту, твора і пад. Зборы ператварылася ў нешта накшталт літаратурных вечароў: чыталі вершы, урыўкі з кніг. Шамякін. У Пятай сімфоніі [Р. Пукста] ўрыўкі з розных тэм аб’яднаны. Дубкова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паці́ху, прысл.

1. Нягучна, ціха. [Вучні] баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: — А што, бабка, ён [настаўнік] сярдзіты? Колас. Мікола паціху загадаў: — Кладзіся! — і сам адпоўз за куст. Шчарбатаў. // Ледзь-ледзь, злёгку. Над галавой паціху шумелі сосны, мігацела зоркамі чорнае неба. Асіпенка. // Асцярожна, стараючыся не рабіць шуму. Паціху, каб не пабудзіць старых, .. [Паходня] пасунуўся быў у свой пакой, але на печы пачуўся шорах і потым голас гаспадыні. Хадкевіч. // Асцярожна, злёгку. Таццяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча. Шамякін.

2. Павольна, не спяшаючыся. Спачатку ішлі паціху, затым камандзір загадаў падцягнуцца. Жычка. Іван паціху наламаў ядлоўцу і густа падаслаў пад бок. Новікаў. Дый чарвячка не грэх было ўжо замарыць. Паціху Касцёр расклалі пад старой Сасной. Корбан. // Мала-памалу, непрыкметна. Праз мост пантонны полк ішоў да рання, Не бачачы, што ён паціху тоне. Гаўрусёў. Лагер лесарубаў паціху засыпаў. Машара. // Спакойна, без хваляванняў. [Стараста:] На ліха я ў старасты пайшоў, паціху сядзеў бы, свой кавалак хлеба маючы. Самуйлёнак.

3. Употай, непрыкметна для каго‑н. Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і ўголас гаворыць: — Нічога, прывыкнеш, Настачка! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць спакойнага. Свежасць твару, кругласць шчок, спакойнасць вачэй, зграбнасць стану, сілу — усё тое, што яна з гадамі непрыкметна, паволі траціла на сваёй дарозе жыцця, усё гэта да крупінкі, да крошачкі знаходзіла ў сваіх дзецях. Дамашэвіч.

2. Адсутнасць шуму, спакой, цішыня. Гарадскі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасць бяспечнага прытулку. Гартны.

3. Спакойны стан чалавека, адсутнасць хвалявання, трывогі. У маці знікла ранейшая спакойнасць, самавітасць. Асіпенка. Збліжала яго з Быстровым спакойнасць і вытрымка ў баі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туш 1, ‑а, м.

Кароткае музычнае прывітанне ў гонар каго‑н. у час віншавання, узнагароджвання, а таксама невялікая музычная п’еса фанфарнага складу. А потым пад урачысты туш уручалі ветэранам і перадавікам вытворчасці грашовыя прэміі і ганаровыя граматы. Місько.

[Ням. Tusch.]

туш 2, ‑ы, ж.

Чорная ці каляровая фарба для чарчэння або малявання. Лязо непрыкметна, мікрон за мікронам, здымала з паперы напісаныя тушшу літары. Новікаў. На фоне неба вяршыні старых елак здаваліся намаляванымі чорнай тушшу. «Беларусь».

[Ням. Tusche.]

туш 3, ‑у, м.

Выпадковы дотык да шэра, які лічыцца за ўдар у гульні на більярдзе.

[Фр. touche — дотык, датыканне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шнурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што. Сцягваць, злучаючы, змацоўваючы што‑н. шнурам, шнурком. У мяне быў спецыяльны бандаж, які цяпер, ідучы на работу, я шнуравала моцна, да змогі. Савіцкі.

2. што. Працягваючы шнур, счэпліваць, злучаць што‑н.; нанізваць на шнур. Шнураваць кнігу.

3. Разм. Часта хадзіць, ездзіць і пад. узад і ўперад. Зранку да самага вечара шнураваў Ёсель па мястэчку, непрыкметна заходзіў то да аднаго, то да другога, так што і заўважыць яго было трудна. Колас. Кандрат Сенька, які ў час гутаркі паволі шнураваў ад парога да шафы, раптам крута спыніўся каля стала. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прашуме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

1. Шумець некаторы час. Прашумеў вецярок Па кустах лазняку — І іскрыцца-гарыць залатая рака. Журба. Прашумелі пад лёгкім парывам ветру вершаліны дрэў. Курто.

2. перан. Разм. Зрабіцца вядомым, звярнуць на сябе ўвагу. Кніга прашумела далёка га межамі рэспублікі.

3. Прайсці, праехаць, праляцець з шумам. Далёкім гулам прашуміць экспрэс, І рэха ў лёгкіх хвалях аддаецца. Гаўрусёў. Ачысцілася ад снегу зямля, прашумелі ручаі і рэкі ды ізноў увайшлі ў свае берагі. Колас. // перан. Бурна, непрыкметна прайсці, праляцець, мінуць. Прайшла маладосць вадаспадам гарачым, Гады прашумелі нястрымным абвалам. Панчанка. Стала дзіўна, што гады так шпарка Прашумелі, бы ўвосень лісты. Жылка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Датыкацца, мацаць што‑н. з мэтай агляду, даследавання. Грыша нейкім дроцікам пачаў шчупаць верх скрыначкі... Якімовіч. А то, чаго добрага, скажуць: во, Красанок адправіў жонку на пагулянкі, а сам і карову доіць і курэй шчупае. Гроднеў. // перан. Разм. Уважліва разглядваць што‑н. Гудзілка быстра ўскідае неспакойныя вочкі, як бы шчупае Свірыдавы мыслі і стан яго душы. Колас.

2. перан. Разм. Асцярожна, незаўважна, непрыкметна старацца даведацца пра каго‑н., выведаць у каго‑н. што‑н. Доўга гаманіў Базыль ды аб усім патроху; гэтым ён шчупаў цвёрды, моцны грунт самасвядомасці. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Махнуўшы чым‑н., зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. Змахнуць пыл. Змахнуць крошкі са стала. □ Стася .. непрыкметна змахнула рукавом буйную слязу. Пальчэўскі. // Скінуць, збіць узмахам рукі. На слупах такія прыгожыя пухнатыя шапкі з снегу, як жа не змахнуць іх рукою. Лынькоў. // Лёгкім махам ачысціць што‑н. ад пылу, бруду і пад. Душэўна прывітаўшы госця ўсмешкай, жанчына змахнула фартухом услон каля стала і запрасіла Курловіча прысаджвацца. Дуброўскі.

2. Разм. Рэзкім рухам зняць, скінуць з сябе (адзенне, абутак). Хлопец усміхнуўся.. шырока і радасна, на хаду змахнуў са сваіх плеч паддзёўку. Кулакоўскі.

3. Разм. Зжаць, скасіць, прыбраць і пад. хутка, без затрымкі. [Жанчыны] адным духам змахнулі ячмень. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)