мозг, -а і -у, мн. мазгі́, -о́ў, м.

1. -а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы чалавека і жывёл: нервовая тканка, якая запаўняе чэрап і канал пазваночніка.

Галаўны м.

Спінны м.

Работа мозга.

2. -у. Мяккая тканка, якая запаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл.

Касцявы м.

3. -у. перан. Розум, разумовыя здольнасці.

4. толькі мн. Ежа, прыгатаваная з мазгоў свойскіх жывёл.

Цялячыя мазгі.

Варушыць мазгамі (разм.) — думаць, разважаць.

Круціць мазгі — выклікаць у каго-н. пачуццё кахання, прывабліваць.

Сушыць мазгі (разм.) — заўзята займацца разумовай працай на шкоду здароўю.

Уцечка мазгоў — эміграцыя людзей разумовай працы.

|| прым. мазгавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сучы́ць ’сукаць, скручваць у дзве столкі’ (Бяльк., Др.-Падб., Сл. ПЗБ; докш., Янк. Мат.; мёрск., Ск. нар. мовы; ГЧ, Сцяшк. Сл.), ’навіваць ніткі на цэўку пры дапамозе сукала’ (Сл. ПЗБ, ТС; докш., Янк. Мат.), ’круціць (калаўрот)’ (Сл. ПЗБ), сюды ж су́чыцца ’бурліць (пра ваду)’ (віц., бялын., ЛА, 2). Параўн. укр. дыял. сучи́ти ’сукаць’, рус. сучи́ть ’тс’, польск. дыял. suczyć, sucyć ’падыходзіць, прылягаць’, в.-луж. sučić ’сукаць, звязваць, круціць’, балг. су́ча ’сукаць, намотваць’, дыял. су́чем ’раскатваць цеста’, ’сукаць ніткі’, макед. суче ’сукаць, скручваць, закручваць’, ’раскатваць цеста’. Прасл. *sučiti, звязана з чаргаваннем асновы з *sъkati, *sukati, гл. сукаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матарэйка ’прылада ў самапрадцы, якая круціць нітку і намотвае на шпульку’ (Бяльк.). Утворана ад матор (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ěja. Гэта частка калаўрота з’яўляецца «асноўнай»: тут прадзецца нітка, намотваецца на шпульку, таму і выкарыстай суфікс nomen agentis (Слаўскі, SP, 1, 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пашыбні́ ’галушкі’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да па‑шыбаць ’біць, збіваць’. Утворана аналагічна (па семантыцы), як літ. kukulis ’галушка’ ад kukti ’гнуцца, згінацца’, gražulis ’тс’ ад grąžyti ’выкручваць, выціскаць’, ’круціць’. Аб суфіксе ‑ень (са значэннем ’вынік дзеяння’) гл. Сцяцко, Афікс. наз., 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скруціцца ‘скурчыцца, згарнуцца’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘пакалечыцца’ (Сцяшк. Сл.), ‘звіцца, скруціцца’ (ТС), ‘упасці мёртвым, згінуць’ (Скарбы, Варл., ТС), ‘ашалець’ (Пятк. 2, Ян., Сцяшк. Сл.), ‘кінуцца ў гулі; звязацца з дрэннай кампаніяй’ (Мат. Гом., Ян.). Да круціць (гл.) у розных значэннях.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турнэ́ ‘падарожжа па кругавым маршруце, паход, паездка’ (ТСБМ). Праз рускую мову (турне́) з франц. tournée ‘аб’езд, падарожжа па кругавым маршруце’, якое з tourner ‘абарачаць, вярцець, круціць’ < лац. tornāre ‘тачыць на варштаце’ (Голуб-Ліер, 494; Даза, 716–717; ЕСУМ, 5, 683).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што і без дап.

1. Рабіць брыдкім, непрыгожым. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста. Караткевіч.

2. Тое, што і брудзіць (у 1 знач.). — Дык што гэта вы, таварыш старшыня, — ледзь не пакрыўдзіўся Валодзька. — Будзем мы рукі брыдзіць такім дабром. Брыль.

•••

Брыдзіць светам — хітраваць, круціць, баламуціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адры́вісты, ‑ая, ‑ае.

Які раптоўна абрываецца; перарывісты (пра гукі). Зусім недалёчка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Брэх вясковых сабак пераклікаўся з глухім адрывістым брэхам нямецкіх аўчарак. Васілевіч. // Пра гаворку, якая перапыняецца частымі паўзамі, складаецца з асобных слоў, кароткіх, рэзкіх выказванняў. Злосна і падоўгу круціць дзяжурны ручку апарата, а пасля гэтак жа злосна і падоўгу крычыць у трубку адрывістыя, неразборлівыя словы. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяце́ліца, ‑ы, ж.

1. Снежная бура, завея. Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст віхраў спакойна заснуць не дае. Купала. Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя в[я]тры. Шчарбатаў.

2. Народны танец, які выконваецца ў хуткім тэмпе з частымі зменамі фігур і паваротамі. Услед жа за бацюшкам Габрусь і Гіляры таксама хапілі па кабеце і пачалі шпарка круціць мяцеліцу. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавя́сла, ‑а, н.

1. Саламяны жгут для звязвання снапоў, кулёў і пад. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. Бабы не паспявалі круціць перавяслы і вязаць следам за .. [жняяркаю] снапы. Васілевіч.

2. Звязка, вясло. [Званар] бразгаў цэлым перавяслам ключоў у руцэ, а следам ішлі Іван і ягоны швагер. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)