сабра́цца, збяру́ся, збярэ́шся, збярэ́цца; збяро́мся, збераце́ся, збяру́цца; збяры́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. звычайна не ўжыв.). Сысціся, з’ехацца, згрупавацца ў адно месца.

Сабраліся ўсе ўдзельнікі паходу.

Вечарам уся сям’я сабралася дома.

2. (1 і 2 ас. адз. звычайна не ўжыв.). Паступова накапіцца, назбірацца ў адным месцы.

Сабралася нямала ягад.

Над балотам збіраюцца хмары.

3. Падрыхтаваць, нагатаваць усё неабходнае для паездкі, паходу куды-н.

С. ў горад.

С. на паляванне.

4. з інф. Наважыцца зрабіць што-н.

С. вячэраць.

С. садзіць агарод.

Сабрацца з думкамі — унутрана арганізаваць сябе.

Сабрацца з духам — набрацца смеласці.

Сабрацца ў прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сваю сям’ю з-за неладоў.

Сабрацца ў свіныя галасы (разм.) — у позні час, са спазненнем.

|| незак. збіра́цца, -а́юся, -а́ешся. -а́ецца.

|| наз. збор, -у, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падпіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.

1. Паставіць подпіс для пацвярджэння, пасведчання чаго‑н. Шафёр працягнуў Веньяміну дарожны ліст. — Падпішыце. Мне на базу трэба. Навуменка. // Прыняць якія‑н. абавязацельствы, умовы і пад., змацоўваючы іх подпісам (подпісамі). Падпісаць дагавор. □ Вярнуўшыся з Прыстанькі з усімі асцярогамі, настаўнікі разышліся хто куды, з тым, аднак, каб вечарам сабрацца ў школе для абмеркавання пастановы і падпісаць яе. Колас.

2. Зрабіць які‑н. надпіс, паметку на чым‑н. Падпісаць сшытак.

3. Уключыць у лік падпісчыкаў. Падпісаць на газеты і часопісы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм.

1. Падняць моцны крык. А калі вечарам прыйдуць з работы сын з нявесткай, дык дзеці часамі і раскрычацца, то да маткі, то да бацькі прыстаюць. Колас. — Дзядуля, а чаго .. так раскрычаліся? — спытаў Андрэйка. Ляўданскі.

2. на каго. Пачаць гаварыць павышаным тонам; накінуцца на каго‑н. з крыкам. — Ну, ты, таго, не крыўдуй, што я раскрычаўся так. Галавач. Бацькі нашага тады яшчэ дома не было, ён быў у палоне .., і маці наша раскрычалася на Радчукоў, абзывала іх усякімі брыдкімі словамі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хто́сьці, кагосьці, камусьці, кагосьці, кімсьці, аб кімсьці, займ. неазначальны.

1. Невядома які чалавек; нехта. Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Мележ. На дарозе глухой Палявой Ён [хлопчык] убачыў з сястрой Кімсьці кінуты воз. Куляшоў. // Адзін з прысутных (не ўказваючы хто). — Вады! — крыкнуў хтосьці з гурту дзяцей. Якімовіч. Хтосьці з хлопцаў ступіў крок наперад і гучна спытаў: — А што тут будзе? Шыловіч.

2. Які‑н. чалавек, усё роўна хто. Толькі часамі ім апаноўвала ажыўленне, у .. [Міхала] з’яўлялася патрэба штосьці камусьці расказваць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ны і ло́маны, ‑ая, ‑ае.

1. Паламаны, сапсаваны, няспраўны. [Ярмоленка:] — Учора мы з Сяргеем цэлы дзень хадзілі па брыгадах — амаль нічога няма. Калёсы і тыя ламаныя. Сіўцоў.

2. Няправільны, скажоны (пра мову, гаворку, словы). Вечарам непадалёку ад крэпасці скаваў бранявік з рэпрадуктарам, і дыктар на ламанай рускай мове прапаноўваў здацца, абяцаючы жыццё. Лупсякоў.

3. Няроўны, загнуты пад вуглом. [Старшы лейтэнант] узяў з цвічка фуражку, насунуў па прывычцы глыбока на ламаныя густыя бровы. Мележ. Лінія .. палёту [самалёта] была ломаная, часам пакручастая. Алешка.

•••

Ламаная (ломаная) лінія гл. лінія.

Ламаны (ломаны) радок гл. радок.

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што, чым.

1. Прышыць (галун, футру і пад.) па краях чаго‑н., аблямаваць. Абшыць паліто футрам. // Абкідаць швы ў чым‑н.

2. Абабіць усю паверхню дошкамі, лістамі бляхі і пад. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». Сяк-так звязаць жэрдкі.. [Манг] паспеў праз тры дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. Маўр. // Нашыўшы (матэрыю, скуру і пад.), абцягнуць. Абшыць пасылку.

3. Пашыць усё неабходнае для каго‑н. Трэба абмыць і абшыць сям’ю, а вечарам аж да поўначы — прасніца, пад вясну — кросны. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́чар, ‑а; мн. вечары, ‑оў; м.

1. Час сутак ад канца дня да надыходу ночы. Зімовы вечар. Цёплы вечар. Дзень схіліўся к вечару. □ Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр.

2. Грамадскі вячэрні сход, прысвечаны якой‑н. лаце, падзеі і пад. Урачысты вечар. Выпускны вечар. // Вячэрняе прадстаўленне, паказ, які складаецца з асобных нумароў. Вечар балета. Літаратурны вечар. Вечар мастацкай самадзейнасці. // Вечарынка. Вечар танцаў. Вечар адпачынку.

•••

Абы дзень да вечара гл. дзень.

Добры вечар! — прывітальныя словы пры сустрэчы з кім‑н. або пры ўваходзе ў дом да каго‑н. вечарам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюды́, прысл.

У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.

•••

(І) туды і сюды гл. туды.

Ні туды ні сюды гл. туды.

То туды, то сюды гл. туды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́бры, -ая, -ае.

1. Чулы да людзей, спагадлівы, сардэчны.

Д. па натуры чалавек.

Добрая душа.

2. Цалкам станоўчы па сваіх якасцях, з дадатнымі ўласцівасцямі, такі, як патрэбна.

Д. характар.

Добрая кніга.

Д. густ.

Д. настрой.

Добрыя ўмовы.

3. Заснаваны на жаданні дабра.

Д. водзыў.

Добрая парада.

4. Які карыстаецца славай, слаўны, чысты.

Добрае імя.

Пакінуць аб сабе добрую памяць.

5. Умелы, старанны ў рабоце, здольны.

Д. гаспадар.

Д. майстар.

Д. работнік.

6. Даволі вялікі па колькасці, памеры (разм.).

Д. кавалак.

Д. заробак.

7. Дабратворны, спрыяльны.

Д. ўплыў.

Д. клімат.

8. Удачны, паспяховы.

Д. вынік.

Добрыя паказчыкі.

9. Прыдатны для ўжывання, карыстання.

Д. грыб.

10. Блізкі пасяброўску, звязаны ўзаемнай сімпатыяй.

Д. знаёмы.

11. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць.

Добрая прымета.

Добрая навіна.

Добры вечар! — прывітальны зварот пры сустрэчы з кім-н. вечарам.

Добрай ночы! — пажаданне спакойна спаць.

Добры інтэрас! (разм., іран.) — выказванне нязгоды, неадабрэння, абурэння з якой-н. прычыны.

Усяго добрага — развітальнае пажаданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)