быць, цяпер. няма, акрамя 3 ас. адз. л. ёсць; пр. быў, была, было; былі; буд. буду, будзеш, будзе; заг. будзь; незак.

I. У самастойнай функцыі:

1. Жыць, існаваць, быць у наяўнасці. Вось так жыў-быў ды сплыў чалавек. «ЛіМ». [Ліда] заплакала — ціха, наўзрыд... — Ой, Андрэй мой, .. каб ты сёння быў, каб ты бачыў!.. Брыль. Дзе тут [у тайзе] будуць тыгры ці мядзведзі! Зайца — і таго, брат, пашукай. А. Вольскі. // Мець месца; бытаваць. [Зося:] — Я яму [бацьку] сказала, што не трэба думаць шмат пра тое, што было і што больш не вернецца ніколі. Чорны.

2. Утрымлівацца на працягу нейкага часу. Сёння свеціць сонца. І гэта вельмі добра! А то вось хутка зноў будзе восень — холад, дажджы... Брыль.

3. Прысутнічаць, знаходзіцца. Здавалася б, у гэтай хаце, Збуцвелай, згорбленай, старой, Павінен дзед быць на палацях, Мудрэц з сялянскаю душой. Колас. [Баляслаў:] — Чаму вы [Нахлябіч] думалі, што я дзе далёка? Дзе ж я магу быць? Чорны.

4. Рабіцца, здарацца. Маруся любіла шмат і весела смяяцца. Так было дома і ў школе, так было пасля і на працы. Брыль. Было гэта з Ладымерам Стальмаховічам зімою. Чорны. // Узнікаць, з’яўляцца на свет.

5. Прыходзіць, прыязджаць, прыбываць куды‑н.; наведваць каго‑н. [Зося:] — Бывай здарова, Галенка. Будзь у нас улетку... Чорны. [Жлукта:] Калі Антон Макаравіч без мяне прыйдзе, скажы, што я праз паўгадзіны буду. Крапіва.

6. 3 ас. адз. будзе. Ужываецца ў значэнні цяперашняга часу: ёсць, маецца (пры ўмоўным азначэнні колькасці). Яму ўжо будзе гадоў сорак. Да лесу будзе метраў трыста.

II. У функцыі дапаможнага дзеяслова ўжываецца:

1. У значэнні звязкі паміж дзейнікам і іменным выказнікам (у цяперашнім часе апускаецца, але часам ужываецца ў кніжнай мове ў 3 ас. адз.). [Кабета] была яшчэ зусім маладая, але на твары яе ляжаў адбітак перажытага. Чорны. Дык служыце ж людзям, Родныя бары: Мы былі і будзем Тут гаспадары. Колас. // З формай творнага склону назоўнікаў. [Рыта:] — Я яго [Буйскага] тры гады ведаю, яшчэ калі ён студэнтам быў. Шамякін.

2. Для ўтварэння складаных форм залежнага стану. Станкі былі шчыльна адгароджаны адзін ад аднаго габляванымі дошкамі. Паслядовіч.

3. Для ўтварэння формы будучага часу абвеснага ладу з неазначальнай формай дзеяслова незакончанага трывання. [Крушынскі:] — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце. Бядуля.

4. Для ўтварэння формы будучага складанага часу. Піянер, ты будзь гатоў Падтрымаць сваіх сяброў! Колас.

5. У форме будучага часу ў значэнні звязкі цяперашняга часу. — Хто вы будзеце? — спыталіся яе [кабету]. Чорны.

6. У саставе складанага прошлага часу. [Мікуць] некалькі гадзін прасядзеў у канторы, куды пайшоў быў Костусь ад сталярскай работы. Чорны.

•••

Будзь (бывай) здароў — развітальнае пажаданне аставацца здаровым.

Будзь ласкавы — калі ласка.

Было ды сплыло — пра тое, што было, ды не вернецца.

Было ні было — гаворыцца перад тым, як адважыцца на які‑н. рызыкоўны крок.

Быць на варце — ахоўваць, абараняць што‑н.

Быць на віду — звяртаць на сябе ўвагу сваім удзелам, прысутнасцю.

Быць на вышыні — быць на ўзроўні патрабаванняў.

Быць на кароткай назе з кім — быць у добрых, сяброўскіх адносінах з кім‑н.

Быць на розных берагах — тое, што і апынуцца на розных берагах (гл. апынуцца).

Быць на роўнай назе з кім — як роўны з роўным.

Быць на сваім беразе — цвёрда прытрымлівацца сваіх перакананняў.

Быць на сёмым (дзесятым) небе — перажываць, адчуваць вялікую радасць.

Быць над абцасам у каго — знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад каго‑н.

Быць пад мухаю — быць п’янаватым.

Быць парушынай у воку — перашкаджаць каму‑н. сваёй прысутнасцю, наяўнасцю.

Быць (стаяць) у баку ад чаго — не мець ніякага дачынення да чаго‑н., не ўдзельнічаць у чым‑н.

Быць у выйгрышы — а) выйграць у якой‑н. азартнай гульні; б) мець карысць, выгадаць для сябе што‑н.

Быць у долі — аб удзеле ў якой‑н. справе, прадпрыемстве.

Быць у дружбе з кім — дружыць з кім‑н.

Быць у крыўдзе на каго — крыўдзіцца на каго‑н.

Быць у ласцы ў каго — мець чыю‑н. спагаду, падтрымку.

Каб і духу твайго (яго, яе, вашага, іх) не было дзе — патрабаванне неадкладна выйсці каму‑н. адкуль‑н.

Каб нагі тваёй (яго, яе, вашай, іх) не было дзе — пра катэгарычнае нежаданне бачыць каго‑н. дзе‑н.

Каб непанадна было каму — каб не ўзнікла жадання і далей так рабіць.

Каб табе (яму, ёй, вам, ім) пуста было — ужываецца для выказу лёгкай незадаволенасці чыімі‑н. дзеяннямі.

Мае быць гл. мець.

Макавага зярнятка (макавай расінкі) у роце не было — нічога не еў, не піў.

Нагі маёй не будзе дзе — ужываецца для выказу крыўды на каго‑н., нежадання бываць дзе‑н.

Нагі тваёй (яго, яе, вашай, іх) не будзе дзе — аб нежаданні бачыць каго‑н. дзе‑н.

Не было клопату (бяды) — пра нечаканую і непрыемную справу, вестку і пад.

Не можа быць! гл. магчы.

Не можа быць (і) гаворкі гл. магчы.

Не ў гнеў (крыўду) хай будзе сказана — не трэба злавацца за сказанае.

Так і быць — згода, няхай будзе так.

Што будзе, тое будзе — аддацца на волю лёсу.

Як бы там (што б там) ні было — нягледзячы ні на што, пры любых умовах.

Як мае быць гл. мець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадзі́ць, хаджу́, хо́дзіш, хо́дзіць; незак.

1. Мець здольнасць, магчы рухацца, ступаючы нагамі (пра чалавека і жывёл). — Шкадуе бацька вельмі, што не можа хадзіць, — паведаміла шэптам Вера. Шамякін.

2. Тое, што і ісці (у 1 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які паўтараецца, адбываецца ў розны час і ў розных напрамках.

а) Перамяшчацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу). Па-над рэчкай у лузе квяцістым Мы хадзілі, бывала, не раз. Колас. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарамі. Бялевіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху. Збляднелая, змізарнелая Гертруда Паўлаўна ходзіць на дыбачках. Навуменка. Цяпер [свякроў] хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. Брыль. // Карміцца на пашы, пасвіцца (пра жывёлу). За фермай на пасецы ля лесу хадзіла скаціна. Пташнікаў. Людзі ўбачылі нават Архіпа, статак якога хадзіў недалёка ў кустах. Пестрак.

б) Перамяшчацца пэўным маршрутам; ездзіць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Паміж горадам, дзе вучылася Ганна Прыбыткоўская, і Якубавічамі хадзіў аўтобус штодзень. Чорны. — Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я.. На моры зірнуць хоць раз вокам, Як ходзяць па іх караблі. Купала. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар такога перамяшчэння. Хадзіць на вёслах. □ [Чмаруцька:] — У мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Лынькоў. // Плаваць, ездзіць у якасці члена экіпажа, вадзіцеля. Хадзіць у міжгароднія рэйсы. □ [Павел Пятровіч:] — У час другой сусветнай вайны хадзіў матросам на гандлёвых параходах. Кухараў.

в) Перамяшчацца ў пэўным кірунку (пра свяцілы, хмары і пад.). Дзякуй сонцу, што ў небе хадзіла высока і сцяблам аддавала бацькоўскую сілу. А. Вольскі. Ходзяць зоры над краінай, Дрэвы стомленыя спяць. Глебка. Яшчэ раніцаю на захадзе хадзілі чорныя хмары, цяпер яны аблажылі кругом неба. Гурскі.

г) Перамяшчацца, рухацца масай, патокам, чарадой. Вецер то ходзіць пругка, шырока, нібы пнецца паваліць нешта, то скуголіць прарэзліва і дзіка. М. Стральцоў. Важка ходзіць ужо, не ляжыць акіян. Русецкі. На Случчыне, дажджамі ўмытай, што і казаць, гаспадары: высокай хваляй ходзіць жыта і побач высяцца капры. Вялюгін. / Пра рыб, дробных звяроў. Чародамі ў рэках хадзілі самы. Броўка. Увесь Дняпро ў кругах: ходзіць рыба шалёна. Караткевіч. // Разносіцца, быць чутным (пра гукі, пахі). Смех адказны, смех шчаслівы Ходзіць на пагорках. Колас. / у вобразным ужыв. Ходзіць па нівах бязмежных Вясна маладая. Танк. На снежных шырокіх прасторах Хадзіла зіма і мароз. Глебка.

3. у што, на каго або з інф. Тое, што і ісці (у 2 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які адбываецца ў розны час, у розных напрамках. Хадзіць у госці. Хадзіць у школу. □ Корпацца дзень у дзень на гаспадарцы і хадзіць дзень у дзень на работу ніхто не мог бы патрапіць. Чорны. Такіх асілкаў я калісьці сустракаў у Сібіры і на Далёкім Усходзе. З імі не страшна хадзіць на мядзведзя. Паслядовіч. З шчасцем і ў грыбы добра хадзіць. Прымаўка. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. Некалькі гадоў жонка хадзіла па дактарах, ездзіла на курорты. Навуменка. // Выступаць у паход супроць каго‑н., нападаць. Хадзіць вайною. □ На ворага [народ] хадзіў у бітвы, хоць вораг быў аж вельмі люты. Дубоўка. Партызаны біліся не на жыццё, а на смерць. Дванаццаць дзён трымалі абарону і самі не раз хадзілі ў атакі. «Маладосць».

4. Пераходзіць, перадавацца ад аднаго да другога. Гэты ліст [жонкі Шышкіна] хадзіў па ўсёй батарэі. Няхай. А гуцулы п’юць, гуляюць, Ходзіць чарка па руках. Зарыцкі. // Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым многім (пра чуткі, весткі і пад.). Пра горку хадзіла легенда, нібы пахаваны на ёй у далёкія-далёкія часы казачны волат-асілак. Лынькоў. — Пра Гарбачэўскага ходзяць легенды, — пачаў Шыманскі. — Ён сотні людзей выратаваў ад смерці... Гурскі. // Праяўляцца то ў адным, то ў другім месцы. Эпідэмія ходзіць. □ Словы аб тым, што ёсць на свеце шчаслівыя землі, па якіх не ходзіць жоўтая хвароба, засталіся марай аб лепшым, што рыхтавала.. [Арцёму] будучыня. Самуйлёнак.

5. Быць у руху; рухацца ўзад і ўперад або ўверх і ўніз, з аднаго боку ў другі. А там, за доўгімі сталамі, У стол уткнуўшыся насамі, Сядзяць пісцы, як гною кучкі, Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі. Колас. Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. // Зыбацца, ківацца (з-за няшчыльнага прылягання, злучэння). Маснічына ходзіць пад нагамі. // Калыхацца, дрыжаць. Дзірван пад намі ходзіць (Кол забіваем мы), Каб мог і ён адводзіць Калючыя грамы. Свірка.

6. Падымацца і апускацца пры глыбокім дыханні, пры напружанні і пад. [Колас:] — Я ў Грына моцна надыхваюся марскога ветру, грудзі ходзяць, як у дваццаць гадоў. Лужанін. У.. [Паўліка] нават сапраўдных мускулаў на руках няма, а ў Міколкі яны вунь якімі тугімі гузакамі пад скурай ходзяць. Бяганская.

7. Укісаючы, брадзіць. Цеста ходзіць. // перан. Быць узбуджаным, усхваляваным, узрушаным. Ходзіць лагер, нібы ў віры, Бо загад аддан. А тым часам камандзіры Вывучаюць план. Колас.

8. за чым. Разм. У спалучэнні з назоўнікамі азначае выкананне пэўнай работы, дзеяння пры дапамозе прылады, названай назоўнікам. Юрка патузваў лейцы, гукаў на каня і ўслед за ім, вельмі паволі, хадзіў за бараною. Чорны. [Марыя] хадзіла і за плугам, і за бараной, брала ў рукі і касу. «Звязда».

9. каля (ля) каго-чаго. Клапаціцца аб кім‑, чым‑н., даглядаць каго‑, што‑н. Змалку прывучыў.. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. [Доктар:] Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва.

10. за кім. Заляцацца да каго‑н. За.. [Валяю] хадзілі хлопцы, але ніводзін не быў падобен да.. [Кавальчука]. Чорны. — Вы, цётка, думаеце, Сак за мной ходзіць? Не. Ён хоча браць Раю. Сягоння б ажаніўся, каб пайшла. Ермаловіч.

11. Насіць што‑н., апранацца як‑н., у што‑н. Цяпер Антон хадзіў чыста, галіўся, нават паправіўся. Ракітны. Адзін жыў — у лапцях хадзіў, у калгас прыйшоў — каптан знайшоў. Прымаўка.

12. Разм. Быць у якім‑н. званні, на якой‑н. пасадзе, на якой‑н. рабоце. [Баба Параска:] — А ты стаў культурны. Усё дзякуй ды дзякуй. На кожным, лічы, слове. Нябось вывучыўся недзе, можа ў начальніках ходзіш? Чыгрынаў. Не сорамна цяпер Марыі Пятроўне за дачку. У перадавіках ходзіць. «Работніца і сялянка».

13. Быць, знаходзіцца ў якім‑н. стане, настроі. Панурыя, злыя хадзілі мужчыны, аб чымсьці перашэптваліся, спрачаліся, дамаўляліся. Лынькоў. Слава, якому Тоня дазволіла неяк раз мазнуць пэндзлем, хадзіў сярод братоў і сясцёр ледзь не героем: лічыў сябе амаль запраўскім маляром. Даніленка. Вясёлы, гаманкі быў [Сцяпан Лісоўчык], калі ў хлопцах хадзіў. Ракітны. // Разм. Быць цяжарнай, чакаць дзіця. — Дык гэта ж у іх, пэўна, радзіны! — пляснула цётка рукамі. — Саша ж ходзіць апошнія дні. Васілевіч.

14. Выкарыстоўвацца тым або іншым чынам, у той або іншай запрэжцы (пра коней і пад.). [Сомік] адмаўляўся, што ў яго конь малады, у цяжкім возе ніколі не хадзіў, а каню было ўжо чатыры гады. Крапіва.

15. Рабіць ход якой‑н. фігурай, картай. Хадзіць канём. Хадзіць козырам.

16. Разм. Адпраўляць натуральную патрэбу. Хадзіць на двор.

17. заг. хадзі́(це). Разм. Запрашэнне ісці куды‑н., прыступаць да чаго‑н. — Ну, хадзі за стол, нябога; Сядзь і ты, стары, сюды, Пасілкуйцеся з дарогі... Колас. Хадзіце, хадзіце к марозу! Хадзіце ў госці хутчэй! Купала.

•••

Вецер ходзіць дзе гл. вецер.

Вецер ходзіць у галаве — тое, што і вецер гуляе ў галаве (гл. вецер).

Галава ходзіць кругам — тое, што і галава ідзе кругам (гл. галава).

Далёка хадзіць не трэба гл. трэба.

З торбай хадзіць — жабраваць, прасіць міласціну.

Каб ты па гары хадзіў ды сонца не бачыў! — ужываецца як праклён.

Каб ты па свеце не хадзіў! — ужываецца як праклён.

Па адной дошчачцы (маснічыне) хадзіць — дагаджаць каму‑н., падпарадкоўвацца ва ўсім.

Пад стол пяшком хадзіць — быць яшчэ зусім малым.

Пад сядлом хадзіць — выкарыстоўвацца для верхавой язды (пра коней).

Справа ходзіць пра што (аб чым) — тое, што і справа ідзе пра што (аб чым) (гл. справа ​1). Дзед Талаш — чалавек пераважна замкнуты. Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна, асабліва калі справа ходзіць аб важных рэчах. Колас.

У золаце хадзіць — быць багатым.

Улегцы хадзіць — не быць нагружаным працай.

У чубы хадзіць — тое, што і брацца за чубы (гл. брацца).

Хадзіць арлом (гогалем) — хадзіць важна, ганарыста.

Хадзіць бабылём — доўга не жаніцца, жыць адзінока, без сям’і.

Хадзіць гужам (роем) за кім — выказваць сваё захапленне кім‑н.; пра поспех у многіх.

Хадзіць козырам (кандзібоберам) — паводзіць сябе ганарліва, незалежна; задавацца.

Хадзіць кругом ды навокала — гаварыць намёкамі, абыходзячы сутнасць справы.

Хадзіць на галаве — дурэць, сваволіць, нікога не слухацца.

Хадзіць (стаяць) на задніх лапках перад кім — прыслужвацца, выдыгаць перад кім‑н.

Хадзіць на мяккіх лапах — а) хадзіць крадучыся, цішком, каб не чулі; б) перад кім услужваць каму‑н., выслужвацца перад кім‑н.

Хадзіць на пальчыках — далікатна абыходзіцца з кім‑н., выказваючы павагу, шкадуючы каго‑н.

Хадзіць на пары́ — пра цяжарную перад блізкімі родамі.

Хадзіць на часах — тое, што і хадзіць на пары́.

Хадзіць пад пенай — цяжка, заўзята працаваць.

Хадзіць па зямлі — жыць.

Хадзіць па людзях — набірацца, жабраваць.

Хадзіць па лязе — рызыкаваць, быць у небяспецы.

Хадзіць па руках — а) пераходзіць ад аднаго да другога, быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога; б) уступаць у любоўныя зносіны то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну). — Хто ведае, .. што было б з тою шляхцянкаю, што адзін час нават па руках хадзіла? Бажко.

Хадзіць па струнцы — быць вельмі дысцыплінаваным, паслухмяным; бясспрэчна падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Сыны, дочкі, унукі і праўнукі хадзілі па струнцы, разам садзіліся за стол і, пад’еўшы, дзякавалі бабцы, хоць яна даўно не кухарыла. Лужанін.

Хадзіць у воўчай скуры (шкуры) — маскіравацца з пэўнай мэтай. [Багуцкі:] — Мне нельга, аднак, адкрыта гаварыць з імі [рабочымі] і мне абрыдла.. хадзіць у гэтай воўчай скуры і адчуваць, як кожны позірк нашых людзей нібы распаленым жалезам працінае маё сэрца. Лынькоў.

Хадзіць у запрэжцы — а) быць запражным, выкарыстоўвацца ў якасці запражнога (пра каня, вала і пад.); б) рабіць адну справу.

Хадзіць улукаткі — хадзіць зігзагамі, крыва, віляючы з боку ў бок.

Хадзіць (прасіцца) у наначкі — хадзіць да каханай дзяўчыны (жанчыны) і заставацца там нанач. За гарадской прапіскаю Вы ідзяце ў нянечкі. Вас у пад’ездах ціскаюць, Салдаты просяцца ў наначкі. Барадулін.

Хадзіць у пазычкі — пазычаць.

Хадзіць фертам — мець бравы, самаздаволены выгляд.

Хадзіць ходырам (хадуном) — а) моцна хістацца, калыхацца. Кузаў рыпеў, патрэскваў, хадзіў ходырам; пасажыраў вадзіла ва ўсе бакі. Ракітны. Ірка спынілася — сталі і.. [алені]. Дыхалі часта-часта, бакі ў іх хадзілі хадуном. Пташнікаў; б) быць у руху, кіпець, хвалявацца. Ды і ад дзеда Хвядоса, і ад даўгінаўскіх дзядзькоў я чуў, што некаторыя фальваркі ўжо хадуном ходзяць, а паны грызуцца паміж сабою, як сабакі. Бажко.

Хадзіць як пад зямлёй — мець прыгнечаны стан, дрэнны настрой.

Чыста хадзіць каля посуду — есці ўсё да канца, усё, што даюць, з апетытам.

Язык гладка ходзіць гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)