спакусі́цца, ‑кушуся, ‑кусішся, ‑кусіцца; зак.

1. на што, чым і без дап. Быць прывабленым чым‑н. спакуслівым. — Фёдар Арцёмавіч, нам трэба мяняць замок у склепе, а то нехта спакусіўся на мае агуркі і капусту, — сказаў Грушка пры сустрэчы. Пестрак. [Віцюк:] — Ды от жа, каб яму спрахнуць, спакусіўся ўчора бочкавым півам. Васілёнак.

2. з інф. і без дап. Схіліцца на якое‑н. дзеянне, справу, не ўстаяць перад якім‑н. жаданнем, спакусай. Цяпер на дварэ стаяў кастрычнік, але было цёпла, і заўзятыя старыя мясцовыя рыбакі маглі спакусіцца і выйсці на рыбалку. Шашкоў. А ў гэтай справе [красці] так: спакусіўся раз, не ўтрымаешся другі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрацава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў непрыгодны ў працэсе працяглай работы; зношаны. Спрацаваны матор. □ Ля зямлянкі, дзе цяпер жыў Язэп, стаялі тры плугі з абгарэлымі ручкамі і кароткімі спрацаванымі лемяшамі. Асіпенка.

2. Які страціў сілы, здароўе ад непамернай працы; змучаны, змарнелы. А на палях збіраў для пана збожжа Счарнелы, спрацаваны селянін. Гаўрук. Пятрусь і Максім — гэта былі дробныя хлопцы, .. спрацаваныя. Пестрак. // Які моцна стаміўся ад працы. [Гарасім] ішоў цяжкаю хадою зморанага і спрацаванага чалавека. Якімовіч. Спрацаваныя касцы спалі пад капяшкамі духмянага сена моцна і доўга. Машара. // Натруджаны (пра рукі). Старэйшая дачка гладзіць .. худую, спрацаваную руку [мамы] і ціхенька шэпча. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрацава́цца 1, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). У працэсе працяглай работы дайсці да непрыгоднага стану, знасіцца (пра інструмент, механізм). Матор спрацаваўся.

2. Стаміцца, страціць сілы, здароўе ад непамернай працы. [Марыля:] — Не ў тых гадах я, Амеля, не да гэтага мне цяпер. Якая была, то няма ўжо тае, спрацавалася. Лобан. [Маці] заўсёды так. Усё шкадуе, .. каб не спрацаваўся, каб у пару пад’еў. Дамашэвіч.

спрацава́цца 2, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Дасягнуць поўнай зладжанасці, узгодненасці ў працы з кім‑н. [Зелянюк:] — Ну, што, згода? Едзем? .. Будзем разам працаваць на заводзе... Тут не спрацаваліся, дык, можа, там лепш патрапіш. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́ха,

1. Прысл. да сухі (у 10, 11 і 12 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць вільгаці ў паветры. Устронцы каламі забілі Сімху і падпалілі яго хату. Было ўжо суха і горача. Ад гэтай хаты занялася другая, трэцяя — і пажар выкаціў амаль увесь гарадок. Лобан. // Пра адсутнасць вады, вільгаці дзе‑н. Пад густымі абамшэлымі лапамі елкі было суха, утульна. Лынькоў. Цяпер затое суха ў боце, Бо пад нагой зімовы лёд. Астрэйка.

3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне сухасці (у роце, горле). [Завішнюк] пачуў, што голас у яго стаў сіпаты, пачуў яшчэ, што горка ў роце і суха — не павярнуць языком. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяўба́, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сеяць (у 1 знач.); пасеў збожжавых культур. Веснавая сяўба. Радковая сяўба. □ Недзе за пушчай, у полі, пачаліся ворыва і сяўба. Брыль. Дзень выдаўся цёплы, ціхі і ясны, і сяўбу .. [Зосі з бацькам] удалося скончыць да абеду. Гартны.

2. Пара, калі сеюць. Цяпер гарачая пара ў калгасе. Сяўба. Кухараў. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч.

•••

Квадратна-гнездавая сяўба — спосаб сяўбы прапашных культур, калі насенне ці клубні размяшчаюць на пэўнай адлегласці адно ад другога ў падоўжаным і папярочным напрамку.

Падзімняя сяўба — сяўба яравых культур позняй восенню для атрымання ўсходаў вясной.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушпілі́ць, ушпілю, ушпіліш, ушпіліць; зак., што.

1. Уваткнуўшы ў што‑н. (шпільку, прыколку і пад.), зашпіліць.

2. Разм. Сцебануць каго‑н. Ушпіліць разок пугай.

3. перан. Разм. Прабраць, пакрытыкаваць. І тут Антона не паслухалі. А каб ушпілілі як след, дык цяпер не лайдачыў бы той Галасок. Савіцкі. [Алесь] зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярх[ом] у блізкі свет. Караткевіч. // Даць спагнанне, пакараць. Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго [Марціна]; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флегматы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца марудлівасцю, спакоем, ураўнаважанасцю, слабым праяўленнем эмоцый (пра тэмперамент, нервовую арганізацыю). Флегматычны тэмперамент.

2. Уласцівы флегматыку. Маючы спакойны, нават крыху флегматычны характар, .. [Таня] ніколі не давала поўнай волі дзявочаму сэрцу. Машара. // Блізкі да абыякавасці. Спакойны, нават нейкі флегматычны на працы, малады майстар выглядаў цяпер зусім іншым чалавекам. Паслядовіч. / у перан. ужыв. Можа і надзею страціла.. [Прыпяць] вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Колас. // Які выказвае непарушны спакой, раўнадушнасць; апатычны. [Кірыла] загрукаў у дзверы лабараторыі. Адгукнуўся флегматычны голас: — Хто там? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фунда́мент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.

1. ‑а. Падмурак, аснова (з бетону, каменю і пад.), што служаць апорай якіх‑н. збудаванняў, машын і пад. Цяпер дзяўчаты бяруць з гары пясок для фундаментаў тых дамоў, у якіх яны будуць жыць. Кулакоўскі. Праўда, год з дваццаць назад, пасля вайны, перасыпаў яе Арцём, даў пад вокны пару новых вянкоў, падклаў фундамент, і стаіць сабе хата, як новая. Дзятлаў.

2. ‑у; перан. Галоўнае, істотнае; тое, што ляжыць у аснове чаго‑н.; база. Фундамент эканомікі складаюць асноўныя вытворчыя фонды народнай гаспадаркі. «Звязда». Дыялектыка-матэрыялістычнае разуменне гісторыі з’яўляецца філасофскім фундаментам навуковага камунізма. Лушчыцкі.

•••

Закласці фундамент гл. закласці.

[Лац. fundamentum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ні, ‑яў; адз. чуня, ‑і, ж.

Абл.

1. Пяньковыя, вяровачныя і пад. лапці. Каля варот стаяла паласатая будка, і там хадзіў немец у доўгім белым кажусе, у плеценых саламяных чунях на ботах. Адамчык. Да Іванова зноў падышоў Арсен, цяпер ужо разам з пажылыя селянінам у шэрай даматканай світцы, у чунях. Кавалёў.

2. Гумавы ці скураны абутак у выглядзе галёшаў, які надзяваецца пры рабоце ў шахтах, рудніках і пад. // Самаробныя галеты; бахілы. Самаробныя чуні былі злеплены са старых аўтамабільных пакрышак. «Маладосць». Ступаючы ў стылых чунях, збіваючы з траў расу, аднымі губамі, ледзь чутна матуля прасіла касу. Макарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Чухаць, скрэбці сваё цела ці якую‑н. частку яго. Седзячы на ложку, [Маня] доўга сапла, пазяхала ўголас, чухалася, — ніяк не магла прачнуцца. Мележ. Дзядзька Мікалай зноў пачынае драмаць, але хутка ўсхопліваецца — не даюць спакою паразіты, чухаецца, і зноў нікне галавою. Ставер. // перан. Разм. Быць вымушаным ліквідоўваць вынікі якой‑н. дзейнасці. [Аляксандр Дзям’янавіч:] — Работкі лётчыкам хапіла. Фашысты і цяпер яшчэ чухаюцца, мост усё ладзяць. Лынькоў.

2. перан. Разм. Марудна, няўмела, без жадання што‑н. рабіць. [Бог:] — Ды нячыстай рознай твары Па адной вазьмі ты пары, А ўсіх чыстых па сем пар. Ну, не чухайся, а жар! Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)