до́каз, ‑у, м.

1. Довад або факт, які з’яўляецца падставай для сцверджання чаго‑н.; сведчанне чаго‑н. Людзі кінуцца ў лес, а гэта і будзе доказам іх партызанскай прыналежнасць. Шчарбатаў. Даўно ўжо так не абедаў Пракоп, і лепшым доказам гэтага багатага абеду служылі засеўшыя ў зубах кавалачкі гавядзіны. Колас. Шмат каго будуць судзіць за зносіны з паўстанцамі, хаця ніякага доказу на гэта.. не маецца. Чарот.

2. Сістэма вывадаў, якая служыць для устанаўлення новага палажэння на падставе іншых, раней вядомых. Складанасць.. [тэарэмы] была ў тым, што, каб даказаць яе, трэба было ведаць заадно доказ і яшчэ адной тэарэмы. Краўчанка.

•••

Рэчавы доказ — прадмет, які мае дачыненне да злачынства і спрыяе яго раскрыццю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кары́сць, ‑і, ж.

Добры рэзультат, спрыяльныя вынікі для каго‑, чаго‑н. Усе пагаджаліся на думцы, што Шаройку трэба змяніць, і чым хутчэй — тым больш карысці будзе для калгаса. Шамякін. Фабрыкант Альбіні, які далучыўся да нас, сваім прыкладам, зрабіў значную карысць усёй справе. Маўр. // Матэрыяльная выгада для каго‑, чаго‑н.; прыбытак. Мець карысць з уласнай працы.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго гл. гаварыць.

На карысць каго-чаго — а) са станоўчымі вынікамі для каго‑, чаго‑н. Сялянка падала на кулака скаргу, і гэтая справа вырашылася на карысць сялянкі. Сіпакоў; б) дзеля чыёй‑н. выгады, карысці. У жыцці камсамольца Віктара адбылася значная змена, якая ў сутнасці рэчы пайшла яму на карысць. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наадваро́т, прысл.

1. У адваротным напрамку. Прачытаць слова наадварот.

2. Зусім інакш, не так, як трэба. Зрабіць усё наадварот. □ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. Лена адчыніла акно. Ад гэтага ў пакоі не стала халадней. Хутчэй наадварот: ноч была цёплая. Ваданосаў.

3. у знач. пабочн. У процілегласць таму, што сказана. Старыя злаваліся, а мы, наадварот, радаваліся. Якімовіч. Аксану больш за ўсё на свеце цікавіла свая сям’я, гаспадарка.. Люба, наадварот, цікавілася больш тым, што рабілася вакол. Васілевіч.

4. у знач. супраціўнай часціцы (у пачатку рэплікі). Зусім не. — Гэты ваш.. [знаёмы] не вельмі дасціпны чалавек, — сказаў Канстанцін Пятровіч. [Аляксандра Сцяпанаўна:] — Наадварот, ён меў рацыю. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзе́я, ‑і, ж.

1. Чаканне чаго‑н. добрага, якое спалучаецца з упэўненасцю ў тым, што яно збудзецца. Светлая надзея. Цвёрдая надзея. Страціць надзею. □ Столькі болю і столькі надзеі ў яе [дзяўчынкі] не па ўзросту сталых вачах. Брыль. Надзея выжыць тут, у лагеры смерці, амаль што канчаткова пакінула.. [палонных]. Быкаў.

2. Той або тое, на каго, на што можна спадзявацца, апірацца. Мір — вялікая надзея простых людзей усёй планеты. «Звязда». Бацька і маці выхоўвалі сына. Сын быў уцехай, надзеяй адзінай. Дубоўка. Вось і лес, і стажок сена каля лесу. Гэта іх стажок, іх гордасць і надзея. Колас.

•••

Падаваць надзеі гл. падаваць.

У надзеі — спадзеючыся.

Ускладаць надзеі гл. ускладаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. аб кім-чым, пра каго-што і без дап. Прымусіць успомніць, прывесці на памяць, звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Напомніць аб сваім існаванні. Напомніць пра свае заслугі. □ [Сцёпка] напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай. Колас. [Шугаеў:] Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр. Крапіва.

2. каго-што. Здацца падобным на каго‑, што‑н., выклікаць успамін пра каго‑, што‑н.; нагадаць. Прахожы напомніў сябра. Возера напомніла мора. □ Твар чалавека напомніў штосьці даўно знаёмае, крануў балючую струнку не то з дзяцінства, не то з юнацтва, і я пачаў пільна сачыць за гэтым чалавекам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нараві́ць, ‑раўлю, ‑ровіш, ‑ровіць; незак.

1. каму і без дап. Старацца дагаджаць. [Ульяна:] А я ж, панічок, і сама ведаю, што госцю трэба наравіць. Крапіва. Бедната наадрэз адмовілася наравіць пану, а тым больш аддаваць яму сваё сена. Бажко.

2. з інф. і злучн. «каб». Імкнуцца, старацца. Ласяня тупала каля дубка, нарабіла сарвацца з прывязі, трывожна пазірала па баках, шукаючы сваю маці. С. Александровіч. Нервова гарцаваў пад [камандзірам] конь, кусаў цуглі. Нарабіў сарвацца з месца, каб нагнаць калону. Паўлаў. На беразе раззыкаліся авадні і розная іншая драбяза. Яны так і наровяць, каб утнуць. Якімовіч.

3. з інф. Прыладжвацца, прыстасоўвацца. Шэмет наравіў ехаць па абочыне, дзе была не такая глыбокая гразь. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ненажэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. [Валя:] — А дзе Пятро Аляксеевіч? [Марына:] — П’юць, чэрці ненажэрныя, трэці дзень без просыпу. Шамякін. Недзе ляпеча асіна, густа шамаціць чарот на возеры. Адтуль нясуцца цяжкія ўсплёскі — не даюць падрамаць рыбам ненажэрныя шчупакі. Місько. // перан. Здольны паглынуць, перапрацаваць, знішчыць і г. д. у вялікай колькасці. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак. Сухія смалістыя сцены ўвачавідкі злізваліся ненажэрным агнём. Пальчэўскі.

2. перан. Які не можа здаволіцца тым, што мае; прагны. Што ні зробяць.. [працавітыя] людзі — багатыя ўсё сабе заграбуць і яшчэ паглядаюць, ці не засталося што. Да таго ненажэрныя — страх адзін. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нэ́ндза, ‑ы.

Разм.

1. ж. Незабяспечанасць сродкамі існавання; галеча, беднасць. [Крочак:] — Ці плакаў я? Скажу адкрыта — Не надта борзды я да слёз. Я сіратою ў нэндзе рос. Колас. Ляснік жыве ў нэндзы і раптам выкладае сыну цэлы рубель. Лужанін.

2. м. і ж. Той (тая), хто ўвесь час ные, скардзіцца; нуда (у 2 знач.). Вочы ў Віці павільгатнелі, ён гатоў быў заплакаць.. — Ой і нэндза, — папракнуў Юрка сябра тым словам, якім папракала часам маці яго самога, калі ён крыўдзіўся за што-небудзь і плакаў. Хадкевіч.

3. ж. Тое, што і нуда (у 1 знач.). — Яшчэ два дні і з нэндзы памёр бы, — кажа Позняк на вуліцы. Мурашка.

[Польск. nędza.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парашы́ць, ‑рашу, ‑рашыш, ‑рашыць; зак., што, на чым і з інф.

Разм.

1. Прыняць якое‑н. рашэнне, рашыць, вырашыць. Гадзіны праз дзве маці парашыла паглядзець, што робіць яе сын, бо ніякіх гукаў з пакоя не чулася. Арабей. [Домна:] — От, сынок, што мы тут парашылі. Трэба табе падалей адсюль схавацца. Асіпенка. Усё астатняе Стасіка ўжо не цікавіла. Ён не чуў, пра што гаварылі хлопцы далей, на чым яны парашылі. Няхай.

2. Падумаўшы, разважыўшы, прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. — Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — парашылі хлопцы. Маўр. Але па тым, як страляніна гусцела і набліжалася, .. Пракоп цвёрда парашыў, што немцы адыходзяць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.

2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.

3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)