завастры́цца, ‑вострыцца; зак.
1. Зрабіцца вострым. Аловак добра завастрыўся. // Звузіцца, зрабіцца танейшым, вуглаватым (пра рысы твару). Пасля таго як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Твар юнака крыху асунуўся, ад чаго завастрыўся яго роўны даўгаваты нос. Пестрак.
2. перан. Зрабіцца больш рэзкім, ярка выражаным. Пытанне завастрылася яшчэ больш. // Стаць больш вострым, напружаным; абвастрыцца. На здарэнні з Баешкам завастрылася класавая пільнасць. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
затума́нены, ‑эя, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад затуманіць.
2. у знач. прым. Зацягнуты смугой; туманны. Сінь.. [неба] была не яскравая, а затуманеная, малочная. Мележ. // Мутны, з павалокай слёз (пра вочы). [Пятра] з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Шамякін. // перан. Цьмяны, замарочаны (пра свядомасць). Крык Маслянкі пранікаў у затуманеную свядомасць Максіма, але не выклікаў страху. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здра́длівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які заключае ў сабе здраду, з’яўляецца здрадай. Здрадлівы ўчынак. // перан. Які выдае тое, што хацелася б утаіць. Здрадлівая ўсмешка. □ Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ.
2. Які можа здрадзіць; прадажны, вераломны. [Ворагам] удаецца мець уплыў толькі на здрадлівых і нікчэмных людзей. Хведаровіч. // Такі, на які нельга спадзявацца; падманлівы, ненадзейны. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знасі́цца, знашуся, зносішся, зносіцца; зак.
1. Стаць непрыгодным ад доўгай носкі (пра абутак, адзенне). Сукенкі святочныя Ад дажджоў парадзелі, У дарогах знасіліся, Палінялі ад сонца. Панчанка.
2. Спец. Сапсавацца, стаць непрыгодным ад доўгай работы (пра машыны, механізмы і пад.). — Знасіліся поршні, укладышы падшыпнікаў, прыйшлося ўсё гэта замяніць. Краўчанка.
3. перан. Разм. Дачасна састарыцца, аслабець. Змітрок падняў вочы. — Няўжо праўда, доктар, што я ўжо знасіўся? Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́купіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.
1. Заплаціўшы грошы, атрымаць што‑н. аддадзенае ў заклад, купленае ў растэрміноўку. Выкупіць рэчы з ламбарда. // Вызваліць каго‑н. за выкуп. Выкупіць палонных. □ Пасядзець Віктару ў турме бацька не даў, выкупіў. Лобан.
2. перан. Загладзіць чым‑н. свой учынак. [Саўка:] — Мне сорамна пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю, чым толькі змагу. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
Перастаць займацца кім‑, чым‑н., пакінуць каго‑, што‑н. без увагі, догляду; закінуць, кінуць. [Яначка:] Скрыўдзіў нас бог: здароўе ў мяне адабраў, ёй вочы засланіў. І людзі нас акінулі. Крапіва.
•••
Акінуць вокам (вачыма) — агледзець каго‑, што‑н., глянуць на каго‑, што‑н.
Як вокам акінуць, не акінуць вокам — пра мноства каго‑, чаго‑н., пра вялікую прастору і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абдзёрты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абдзерці.
2. у знач. прым. Разм. Тое, што і абадраны (у 2 знач.). [Іван Тадорык] зняў са сцяны скрыпку, прысеў на цвёрдую канапку з абдзёртаю абіўкаю і выігрываў нейкія мелодыі. Колас.
3. у знач. прым. Бедны, знядолены. Чым ты была, Беларусь мая родная, — Хіба ж не бачылі нашыя вочы? Вечна абдзёртая, вечна галодная, Сонца не ведала, а толькі ночы. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Абмеркаваць, асэнсаваць, сабрацца з думкамі. Віктар не хадзіў самотна па вуліцы пасля таго, як балюча пакрыўдзіў бацьку і жонку, не шукаў такога прытулку, дзе можна было б спакойна абдумацца, заглянуць самому сабе ў душу. Кулакоўскі.
2. Перадумаць, прыйсці да іншага рашэння. Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абразі́на, ‑ы, ж.
Разм. лаянк. Агідны, брыдкі чалавек. Жыве ж такая абразіна з такою пыхаю на лбе! Колас. // Агідны, брыдкі твар. Прыйдзецца зноў [Сцёпку] сустракацца з пападдзёй, зноў слухаць яе хрыпаты голас, бачыць яе твар, падобны на гарбуз, з якога глядзяць вузкія шчылінкі-вочы, невялікі з бародаўкай нос, тоўстыя вусны, вузкі лоб, на які спадаюць вогненна-рыжыя пасмы, — адна брыдота. Трэба ж нарадзіцца такой абразіне. П. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памеркнуў, ‑нула і памерк, ‑ла; зак.
1. Страціць паступова яснасць, яркасць; пацямнець. Памерк дзень, пагас. Колас. Марознаю стынню паветра дрыжыць, Памеркла ад сцюжы гара... Кляшторны.
2. перан. Страціць жыццярадаснасць, весялосць. Рагатуха, якая так кідалася ў вочы здалёк сярод іншых дзяўчат, раптам памеркла, зрабілася сціплай і ціхай школьніцай. Карпюк.
3. перан. Страціць сэнс, значэнне. Жыццё неяк памеркла адразу, стала шэрым, панурым. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)