сапра́ўднасць, ‑і, ж.
1. Тое, што існуе на самай справе, у жыцці; рэальнае існаванне чаго‑н., рэальнасць. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. Усе нядаўнія падзеі ўсталі перад .. [Саўкам] у сваёй страшнай сапраўднасці. Колас. У апавяданнях Янкі Брыля ўпершыню знайшла шырэйшае эпічнае адлюстраванне заходнебеларуская сапраўднасць. Таўлай.
2. Уласцівасць сапраўднага (у 1 знач.). У старога пачалі ўжо з’яўляцца сумненні ў сапраўднасці запрашэння і вырастаць трывога за Таццяну і Любу. Шамякін. // Аўтэнтычнасць, праўдзівасць. [Лейтэнант] павёў ліхтарыкам, нібы лішні раз хацеў пераканацца ў сапраўднасці дакумента, змешчанай у ім фотакарткі. Лынькоў.
3. Сучаснасць. І гэта было ўсё, што нагадвала пра колішні Грабскі хутар, усё, што звязвала сапраўднасць з мінулым. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́ла 1, ‑ы, ж.
1. Адна з парных касцей чэрапа, размешчаная ніжэй вочніцы над верхняй сківіцай твару, а таксама адпаведная частка твару. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Увесь гэты чалавек, выраз яго твару, вострыя скулы, гарачы тон прамовы нечым прываблівалі. «Маладосць». Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Брыль.
2. Спец. Выгіб корпуса судна ў тым месцы, дзе борт, закругляючыся, пераходзіць у днішча.
ску́ла 2, ‑ы, ж.
Гнойны нарыў, фурункул. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось і села яму скула ў горле. Якімовіч. [Вацік:] — Дык нельга ж цярпець такі боль: скулу трэба выціснуць, а рану загаіць. Баранавых.
•••
Гадзіць як благой (ліхой) скуле гл. гадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справядлі́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць справядлівага; правільнасць. Справядлівасць прыгавору. □ Дабрата і справядлівасць калгаснага брыгадзіра Лявона Архіпавіча былі ўсім добра вядомы. Якімовіч.
2. Пра аб’ектыўныя, справядлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам: паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Маўр. А іншыя даказвалі, што лепей разам .. і пажаць, і памалаціць, і па справядлівасці раздаць людзям. Марціновіч.
3. Адпаведнасць чалавечых адносін, дзеянняў патрабаванням маралі і права; чалавечыя адносіны, законы, звычаі, якія адпавядаюць маральным і прававым нормам. Разам з Янкам, Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам Змітрок Бядуля праўдзіва адлюстраваў жыццё народа, яго імкненне да справядлівасці. Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старо́ства, ‑а, н.
Гіст.
1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.
2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто, ста, ліч. кольк.
1. Лік і лічба 100. Сто дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 100. Сто працэнтаў. Павялічыць у сто разоў. □ Узяў мужык сто рублёў, сеў у панскую карэту і паехаў. Якімовіч.
2. Разм. Ужываецца для вырашэння вялікай колькасці ў значэнні: шмат, вельмі многа. Пытае Цімох разоў сто І марна адказу чакае. Колас.
3. У спалучэнні слоў «шмат», «некалькі» і пад. з старой склонавай формай «сот» ужываецца як назоўнік са значэннем: сотня. Грошай было шмат сот тысяч. Чорны.
•••
На ўсе сто — поўнасцю, цалкам. [Лініч:] — А ты, Змітрок, хлопец на ўсе сто. Нават з прысыпачкаю. І на працу звер. Я таксама такі, але мяне распаліць трэба. Савіцкі.
У сто крат гл. крат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струме́ніцца, ‑ніцца; незак.
Ліцца, цячы струменямі. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ў пачатку, струменяцца .. [ручаі], як слёзы, па твары зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі. Колас. Нават рэчка каля моста, дзе берагі яе густа зараслі арэшнікам, разамлела ад сонца і, стомленая, ледзь-ледзь струменілася. Сіўцоў. Салдат адскочыў убок; ён падняў уверх левую руку, па кісці якой струменілася свежая кроў. Якімовіч. // перан. Пашырацца, разыходзіцца струменямі (пра паветра, святло, пах і пад.). Не ад цяпла, якое шчодра струменілася з расчыненых дзверцаў грубкі, а ад тых добрых слоў, што казаў дзед Сопат, цяплела, грэлася, як пры невідочным агні, Галіна душа. Сабаленка. І Ружу песціў асцярожна вецярок, І ад яе струменіўся духмяны тонкі водар. Валасевіч. / у паэт. ужыв. Струменіўся бляск вялікіх чорных вачэй. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фа́кел, ‑а, м.
1. Свяцільня, звычайна ў выглядзе палкі з наматаным на канцы прасмоленым пакуллем. Мама ўжо хацела бегчы да рыбакоў, каб шукаць [Рыму] з факеламі на рэчцы, але тут адчыніліся дзверы і на парозе паказалася Палагея Аляксандраўна. Васілеўская. Чалавек дзесяць немцаў мітусіліся каля хат, з бутэлькамі і палаючымі факеламі ў руках. Якімовіч.
2. перан. Пра таго, хто (або тое, што) нясе веды, свабоду, ісціну і пад. Нязгасным полымем гарыць у руках чалавека-творцы факел ведаў, запалены Праметэем. «Маладосць».
3. Спец. Конусападобнае полымя, а таксама струмень газу або вадкасці, якія маюць выгляд конуса. Са знешніх самых эфектыўных прыкмет промысла — факел над зялёным жытам: спальваецца газ, які аддзяліўся ад нафты. Шамякін.
4. У астраноміі — светлыя, няправільнай формы плямы на паверхні Сонца.
[Ням. Fackel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фланг, ‑а, м.
1. Правы ці левы край рада, строю, фронту ў распалажэнні і пастраенні войск. Сцёпа, як самы вышэйшы.. ростам, заняў першае месца на правым флангу. Якімовіч. Шчарбацюк расказаў, што найбольш моцныя тут флангі, размешчаныя на вышынях. Мележ. 18‑ая стралковая дывізія наступала ўпрытык да левага фланга 3‑га конкорпуса. Машара.
2. Правы ці левы бок чаго‑н. (у час бою, палявання і пад.). Далёка на левым флангу заставы.. пачуўся выбух гранаты. Брыль. Раптам з фланга варожы дзот адкрыў кулямётны агонь па савецкіх воінах. «Помнікі». // У шахматнай гульні — правая або левая старана дошкі.
•••
Каралеўскі фланг — правая палавіна дошкі, якая ўтвараецца вертыкалямі e, f, g, h.
Ферзевы фланг — левая старана дошкі, якая ўтвараецца вертыкалямі a, b, c, d.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ха́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Памянш.-ласк. да хата; невялікая хата. Глядзіць [Янка] — стаіць пры моры маленькая рыбацкая хатка. Якімовіч. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. Свая хатка — як родная матка. Прыказка.
2. Жыллё бабра і некаторых іншых вадзяных жывёл з галінак, сцёблаў трыснягу і пад. Мінуўшы стройныя бары, Прайшлі б па мокрых кладках І паглядзелі б, як бабры Майструюць дружна хаткі. Свірка. // Гняздо птушкі. А побач з ім, на галінцы клёну, цвіркае верабей, яшчэ ўсё не пакідаючы надзеі выпрасіць у шпака яго новую хатку. Брыль.
•••
Астаткі з хаткі — усё, што ёсць, што засталося.
Хатка на курыных ножках (лапках) — невялікая, старая хата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Насычаны, напоўнены чадам. Аднойчы, седзячы ў бруднай і чаднай карчомцы, якую наведвалі толькі «свае», цэдзячы праз зубы густое і горкае пітво, Юткевіч угледзеў новага наведвальніка. Мікуліч. І хоць заходзіў Дзіма да маткі на якую часіну, але заўсёды выходзіў адтуль [з тытунёвай фабрыкі] з перасохлым горлам і цяжкімі грудзьмі, нібы з чаднай лазні. Якімовіч.
2. Які чадзіць, куродыміць. Хутка чадныя языкі полымя ўзвіліся па вуглах хаты, перакінуліся на страху. Лынькоў. // Уласцівы чаду. І далятае пах смаляны І чадны гар да нас сюды. Звонак. Халадала. Але ад перагрэтага асфальту ўсё несла чадным духам. Вышынскі.
3. перан. Які дурманіць, затуманьвае свядомасць. Праз густы чадны палын з гаркатою ў сэрцы.. [Павел] выйшаў за вёску. Грахоўскі.
•••
Чадны газ гл. газ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)