мета́л, ‑у, м.
Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці. Лёгкія металы. □ Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. // Пра гукі, голас, якія нагадваюць металічны звон. Смелы, магутны, з металу скованы голас аэраплана залятае ў дзедаву хату. Колас.
•••
Высакародныя металы — золата, серабро, плаціна.
Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.
Невысакародныя металы — металы, якія акісляюцца, ржавеюць.
Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.
Чорныя металы — чыгун, жалеза, сталь.
[Грэч. metallon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
круцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія круцяцца. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасця. Колас. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. [Шыковіч] дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак. Шамякін.
2. Легкадумны, ветраны чалавек (пераважна пра жанчыну). Збіраўся нават раскрычацца [Арцём Ісакавіч] на гэтую бессаромную круцёлку, якая — на табе — знайшла час распытваць аб розных глупствах, ды ў каго распытваць! Лынькоў. [У Веры Андрэеўны] ўжо складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куб 1, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.
1. Геаметрычнае цела — правільны шасціграннік, усе грані якога квадраты. Начарціць куб. // Пра што‑н. з формай, выглядам такога шматгранніка. Бетонны куб.
2. Здабытак ад множання якога‑н. ліку самога на сябе два разы; трэцяя ступень ліку.
3. Разм. Кубічны метр. Куб дроў.
[Грэч. kybos.]
куб 2, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.
Пасудзіна цыліндрычнай формы для перагонкі або кіпячэння вадкасці; тытан 3. То яе бачым са шчоткаю ля падлогі, то з мокраю анучаю ля акон, то ля вялізнага куба, дзе гатавалася вада для студэнтаў. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.
2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каламу́ць, ‑і, ж.
1. Дробныя часцінкі, якія не раствараюцца ў вадкасці і робяць яе непразрыстай і мутнай; муць, каламута. У балоце ці возеры злучэнні жалеза асядаюць бурай каламуццю на дно, утвараючы руду. Штыхаў.
2. перан.; чаго або якая. Непраглядная заслона; імгла. Пукі святла на некалькі метраў прабіваюць туманную каламуць. Кавалёў. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. // Пра ўсё незразумелае, заблытанае, беспарадачнае. — Усе пастулаты, ураўненні, формулы зліваюцца ў кашмарную каламуць. Шамякін.
3. перан. Зацямненне свядомасці, памяці. Далей у Мікіты Мінавіча пачыналіся нейкія правалы, туманам і прыкрай каламуццю засцілаліся ўсе падзеі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капту́р 1, ‑а, м.
1. Дзіцячы або жаночы галаўны ўбор, які завязваецца пад падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар; капар 2. Усе ў святочных світках. Бабы ў новых каптурах з белымі карункамі. Бядуля.
2. Невялікі дах, заслона, навес конусападобнай формы над чым‑н. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім, бляшаным каптуром. Колас.
3. Абл. Верх печы ў выглядзе дзвюх сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай. Кастрыца ляжаў на цёплых цаглінах, смактаў цыгарку за цыгаркай і часам з-за каптура пазіраў у акно. Стаховіч.
капту́р 2,
гл. коптур.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панаклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Накласці на што‑н. або куды‑н. вялікую колькасць чаго‑н. Панакладаць дроў на машыны. □ Панакладалі вазы [сена] — ладныя, шырокія — і пакуль паўціскалі ды абхарошвалі, і ноч надышла. Скрыган.
2. Аблажыць каго‑н. вялікай колькасцю якіх‑н. падаткаў або аблажыць якімі‑н. падаткамі ўсіх, многіх. [Ганна Кухарава:] Усе багатыры злуюць .. Нібыта гэта праз вас і развёрсткі панакладалі больш на іх. Крапіва.
3. Накласці, раскласці што‑н. у многіх месцах. Боганчык засіпеў, гледзячы на дарогу ў туман: — На-шы... І агнёў панакладалі, чакаючы... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрасці́ся, ‑стуся, ‑сцешся, ‑сцецца; пр. зросся, зраслася, ‑лося; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца, утвараючы адно цэлае ў працэсе росту. Бровы зрасліся. Арэхі зрасліся. Агуркі зрасліся. // Набыць ранейшы стан у працэсе зажывання (пра зламаную косць, краі раны і пад.). Косці зрасліся. □ Усе пасечаныя часткі [цела Тром-сына] зрасліся! Якімовіч.
2. перан. Непарыўна злучыцца; зблізіцца, зжыцца з кім‑, чым‑н. [Змітрок] увесь нібы зросся са станком, стаў нейкай галоўнай яго часткай. Ваданосаў. Лабановіч.. моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэтае жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
1. Натачыць, навастрыць. А каса пад мянташкаю просіцца: «Патачы ты мяне, паганы. Заблішчу я навостранай просінню. І цябе не змару да начы». Свірка.
2. Натачыць, навастрыць усё, многае. Патачыць усе нажы.
3. і без дап. Тачыць некаторы час. Патачыць мінут дзесяць.
патачы́ць 2, ‑точыць; зак., што.
1. Пагрызці, падзіравіць усё, многае (пра моль, чарвякоў і пад.). Дзверы ў шафе патачыў шашаль... Баранавых. Дрэва патачыў чарвяк, на хаты яно лонаўцам не згадзілася. Пташнікаў.
2. Тачыць некаторы час (пра моль, чарвякоў і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
1. Асаблівасць, якая выгадна адрознівае каго‑, што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Пачуццё ўласнай перавагі. Маральная перавага. Колькасная перавага. □ У нас была перавага над ворагам — мы зноў сталі на лыжы. Шамякін. Ёсць адна дзіўная перавага ў старых гаспадынь. Яны вельмі хутка накрываюць стол. Броўка. // Выгада, карысць. Лішні раз .. [людзі] пераканаліся, якую перавагу дае дружны агульны наступ. Маўр.
2. Выключнае права на што‑н., прывілея. Царскі ўрад, праводзячы дыктатуру памешчыкаў-прыгоннікаў, .. [даў] памешчыкам усе правы і перавагі, а ўсе абавязкі ўсклаў на сялян. Лушчыцкі.
•••
Аддаць перавагу каму-чаму гл. аддаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)